Далі, бязмежныя далі…
Далі, бязмежныя далі... Аўтар: Алесь Мілюць 1942 Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 332 |
Далі, бязмежныя далі
Родных палёў і лугоў,
Вы ў маім сэрцы паклалі
Новыя сілы — любоў!
Вы паказалі, як трэба
Вас шанаваць і цаніць,
Чорнаю лустаю хлеба
Як у жыцці даражыць...
Вы навучылі з адданнем
Краю ў патрэбе служыць,
Ў жорсткім няроўным змаганні
Правы свае бараніць...
Далі, радзімыя далі
Вольных палёў і лугоў,
Вы маю душу скавалі
Чарам мацней ланцугоў!
13 жніўня 1942 г.
Скорычы