Данос
Данос Аўтар: Антон Луцкевіч 1913 Крыніца: Наша Ніва. 1913. 16 жнівеня. |
Беларускі народ збудзіўся, пачаў жыць сваім асобным жыцьцём, пачаў тварыць сваю нацыянальную культуру сваімі рукамі. Збудзілася вялікая жыцьцёвая сіла, захаваная ў грудзях дзевяцімільённай грамады. І гэтай сілы зьніштожыць нельга: яна ўзрастае з дня на дзень і будзе з кожным годам тварыць новае культурнае багацьце.
Ворагі нашага народу, не пакладаючы руку, “працуюць”, каб задзержаць беларускі рух. Яго закідвалі гразёю польскія чарнасоценцы з “Gaz. Codz.” і інш., аб ім пісалі ўсялякую сьмешную брахню Кавалюкі і Саланевічы, каб толькі тутэйшае грамадзянства адвярнулася ад беларушчыны. Але дарма: ніводзін сумленны чалавек, ніводзін шчыры сын народу ня слухаў гэтай брахні, не даваў веры нягодным напасьцям.
Цяпер ворагі беларусаў з хаўрузіі чарнасоценцаў пайшлі другой дарогай: яны змагаюцца з намі подлымі, фальшывымі даносамі, клічучы правіцельства, каб яно сілай заціснула адраджэньне беларускага народу.
У казённай газэце “Россия” ў № 2372 надрукаваны гэтакі фальшывы данос. Пад ім падпісаўся нейкі “Яков Нивич”; але пад гэтым іменем, напэўні, фальшывым, хаваецца, відаць, чалавек, каторы стаіць вельмі блізка да “ахраннага аддзяленьня”: лішне ўжо добра ведае ён, што знайшла паліцыя пры обысках у розных людзей — у вучняў Маладэчанскай сэмінарыі, у Мінскай публічнай бібліятэцы і т. д., — ведае, аб чым пісалася ў знайдзеных у іх пісьмах1. Нягледзячы на гэта, “агент–правакатар” даносіць, каму трэба, быццам выдавецтва “Наша Ніва” друкавала і шырыла між народам праклямацыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады, хаця ахраннаму аддзяленьню павінна быць вядома, што праклямацыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады друкаваліся ў 1903, 1904, 1905 і ў пачатку 1906 году — у часе ўсерасейскай завірухі, а “Наша Ніва” адкрылася толькі ў самым канцы 1906 году, калі ўсё ўжо супакоілася. Далей ён даносіць, быццам тая ж “Наша Ніва” надрукавала рэвалюцыйныя брашуры “Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць”, “Чы хваціць для ўсіх зямлі” і інш., хаця яны выйшлі ў сьвет перад выхадам “Нашае Нівы” і на іх паказана зусім іншая фірма. Адным словам, “агент–правакатар” стараецца абвінаваціць чыста культурную, спакойную работу “Нашай Нівы” ў “рэвалюцыю”, каб яе адміністрацыя зачыніла.
Мэта гэта “России” зусім ясная. Цёмныя сілы нічога так не баяцца, як сьвету. Той сьвет шырыць “Наша Ніва” і ўсе шчырыя беларусы, каторыя рупяцца аб долі свайго народу. На іх і стараецца “Россия” нацкаваць правіцельства. Фальшывы данос і ўся брахня агента–правакатара аб “рэвалюцыйнай” рабоце нашай газэты — гэта толькі пустыя страхі. Прасьвета народу, разьвіцьцё грамадзкай і нацыянальнай сьвядомасьці — вось праўдзівы страх для чорнай сотні, для ўсялякіх нацыяналістаў і іх правакатарскай хаўрузіі.
Як лжэць “Россия”, бачым вось з гэтых яе слоў. Расказаўшы аб арыштах і обысках у Мінску і Маладэчне, каторыя былі ў 1908 і 1909 гаду, “Россия” піша: “Пасьля гэтага “Наша Ніва” замоўкла. Цяпер яна ізноў зацьвітае новым цьветам, пад новай фірмай. Выдавецтва гэтай газэты бярэ на сябе новы “варяг”, нейкі “Ўласоў”, або “Власов”. — Тым часам кожнаму вядома, што “Наша Ніва” не “замаўкала” ні на адзін мамэнт ад самага пачатку яе — ад 11 лістапада 1906 году, што А. Уласаў не цяпер бярэ на сябе выдавецтва газэты, а ўзяў ужо бязмала сем гадоў таму назад — 8 дзекабра 1906 году.
З усяго гэтага відаць, якую цану мае ўвесь данос, надрукованы ў “России”.
У канцы адзначым, што данос “России” неяк сплятаецца з прыездам у нашу старонку міністэрскага чыноўніка зь Пецярбурга, нейкага Тэрмэна. Пасьля яго падарожы, як бачым, настаў у Пецярбурзе новы курс: ня веручы, каб Кавалюкі і Саланевічы здолелі задзержаць разьвіцьцё беларушчыны, ім ужо пакінулі даваць “цёмныя грошы” ды пачынаюць выдумляць новыя спосабы, каб забіць жывы беларускі народ.