Дасьледчыкі беларускага мастацтва
Дасьледчыкі беларускага мастацтва Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1924 Крыніца: Сын Беларуса. 1924. 12 верасня |
«Сав. Бел.» друкуе цікавую стацьцю М. Касьпяровіча аб тым, хто і калі займаўся досьледамі беларускага мастацтва, якое, хаця ў сучасны пэрыяд толькі пачало адраджацца, аднак мела сваю слаўную мінуўшчыну і выявіла сваё арыгінальнае аблічча.
Досьледам гэтым доўга час перашкаджала палітыка расейскага царскага ўраду, якая імкнулася да поўнага зьнішчэньня і ў сучаснасьці, і ў мінуўшчыне ўсіх індывідуальных адзнак беларускага народу, канкуруючы ў гэтым з палітыкай польскага грамадзянства.
Але — піша аўтар стацьці — знаходзіліся такія людзі, якія, стараючыся аб’ектыўна зьбіраць матар’ялы і даваць ім навуковае асьвятленьне, разыходзіліся зь імкнекьнямі ўрадовае палітыкі. Як адна з такіх працаў, захаваўся альбом мастака Струкава як вынік экспэдыцыі на Беларусь у 1864 годзе. Мастак Струкаў зьвярнуў вялікую ўвагу на арыгінальныя, самабытныя беларускія помнікі мастацтва з заходнім уплывам. Зразумела, што «пры ўсім жаданьні тутака нельга было знайсьці ніякіх «истиннорусских» элемэнтаў»[1]. Альбом Струкава не атрымаў ніякае апрацоўкі і быў закінуты і ўжо пазьней знойдзены вядомым дасьледчыкам Раманавым у Віленскай публічнай бібліятэцы. Аб ім Раманаў і зьмясьціў у трэцяй кніжцы за 1912 г. «Записок Северо-Западного отдела Императорского русского географического общества» адну з сваіх працаў[2]. Аб найдаўнейшых помніках мастацтва Раманаў кажа ў другой сваёй працы[3].
А далей было шмат працаў да нашых дзён. Часамі, як, напрыклад, праф. Паўлуцкі ў вядомым выданьні Грабара[4], беларускія помнікі мастацтва адносіліся да ўкраінскіх.
Цікавасьць да беларускіх помнікаў мастацтва нарастае к пачатку 20 сталецьця і аб іх гавораць Палтноў у «Древних храмах Витебска и Полоцка» і «Истории русской архитектуры»; Іядкоўскі ў «Древностях», зьмяшчаючы там працы: «Церкви, приспособленные к обороне, в Литве и Литовской Руси» і «Замок в Мире», а таксама Кандакоў і Талстой у «Русских древностях» і інш. Гэтыя аўтары ўжо патроху разглядаюць нашы помнікі з спэцыяльна гістарычна-мастацкага, а ня толькі архэалягічнага боку.
Вельмі цікавая выстаўка сучаснага беларускага народнага мастацтва, аб якой аўтар стацьці, відаць, ня ведае, адбылася ў Вільні ў 1913 годзе, дзе цікавасьць да беларускай мастацкай творчасьці прабуджае Іван Луцкевіч, які сабраў бясцэнныя зборы памятак нашае старасьвеччыны, што таксама невядома аўтару стацьці.
Зь цягам часу Беларусь перажыла разам зь іншымі народамі панаваньне царскага самаўладзтва. Пайшла ў небыцьцё кераншчына. Зь Берасьцейскаю згодаю нямецкая акупацыя апанавала ня толькі Заходнюю, але і Ўсходнюю Беларусь. У процівагу панаваньню расейскага самаўладзтва ў мірных абставінах, немцы з штыхом у руках робяць вялікую культурную працу па дасьледаваньню прыроды, быту, эканомікі, шляхоў зносін і да таго падобнага. У гэтым кірунку вялікая Беларусь прадстаўляе амаль што непачаты край. Сыстэматычна і плянова над беларускім мастацтвам працуюць ( — дзякуючы ініцыятыве Ів. Луцкевіча!) д-ры Альбэрт Іпэль і Гайгалат і прафэсары: Швіндрацгэйм і Паўль Вэбэр з 10 арміі. У цяжкіх абставінах вайны і акупацыі яны зрабілі вялікую працу зьбіраньня і распрацоўкі матар’ялу ў галіне беларускага мастацтва. Д-р А. Іпэль ( — ізноў жа, дзякуючы ініцыятыве і дапамозе Ів. Луцкевіча[5]) арганізаваў дзьве вялікія выстаўкі беларускага мастацтва ў Менску і Вільні. Як вынік дасьледаваньняў нямецкіх вучоных у часе акупацыі, асталіся каштоўныя працы П. Вэбэра аб Вільні, Гайгалата і Швіндрацгэйма аб літоўскіх мастацкіх помніках і А. Іпэля аб беларускім мастацтве[6] ды два каталёгі да выставак у Менску і Вільні (уложаныя супольне зь Ів. Луцкевічам). Ня маючыя ніякіх вялікадзяржаўных традыцыяў, з патрэбнаю эрудыцыяю і падрыхтоўкаю, нямецкія вучоныя, асабліва Іпэль, ставяць проста і аб’ектыўна пытаньні беларускага мастацтва, яго сувязі з элінскім і г. д., упершыню ўжываючы тэрміны «беларускае мастацтва» і «беларуская школа малярства»[7]. Іх працы доўгі й доўгі час будуць падмогаю далейшым дасьледчыкам беларускага мастацтва, выстаўкі якога ў Менску й Вільні паказалі, што шляхам правільных адшуканьняў можна яшчэ знайсьці шмат выдатных прыкладаў старадаўнага мясцовага мастацтва, якія захаваліся, нягледзячы на безупынныя войны, што праз сотні гадоў адбываліся на Беларусі. Дзякуючы таму, што працы памянёных, а таксама іншых нямецкіх вучоных напісаны ў нямецкай мове, яны, на жаль, да гэтага часу шырокаму грамадзянству Беларусі невядомы.
Далей, у 1921 годзе працаю па вывучэньню беларускага мастацтва пробаваў займацца пададдзел «ИЗО» аддзелу мастацтваў Народнага Камітсарыяту Асьветы ў складзе К. Елісеева, М. Станюты і М. Касьпяровіча. Зразумела, што ў тагочасных абставінах галіты й безграшоўя шмат што праектаванае так і асталося ў праектах, а як вынік працы «ИЗО» засталіся толькі зарысоўкі й фатаграфіі беларускага арнамэнту й пэйзажу зь Ігуменшчыны і інш. месцаў.
Адзін час у Менску працаваў беларускі мастак Я. Драздовіч. Ня так даўно ён у Вільні чытаў вялікі даклад аб беларускім мастацтве.
Адначасна з працаю «ИЗО» заснавалася ў Менску «Экспэдыцыя па вывучэньню беларускае народнае творчасьці» на чале з Полазавым. Пэрсанальны склад «экспэдыцыі» спаткаў было апазыцыю сярод некаторай часткі менскіх беларусаў, але ўсё ж была наладжана адна паездка ў Случчыну, у якой прынялі ўдзел мастакі Малявіна, Елісееў, Полазаў і інш. Як вынік доўгатэрміновай паездкі ў Случчыну, засталося шмат зарысовак і малюнкаў, частка якіх знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным музэі, а таксама й манаграфіі[8]. Але хутка ўдала распачатую працу прыйшлося спыніць, бо сама экспэдыцыя была зачынена ў часе скарочаньня ўстаноў НКА.
У гэтым жа кірунку першапачатковага зьбіраньня матар’ялу Саковічам і Касьпяровічам было зроблена каля 200 зарысовак беларускага будаўнічага і тканага арнамэнту ў Случчыне для Ўсесаюзнае сельскагаспадарчае і кустарна-прамысловае выстаўкі 1923 г.
Але ўсё гэта станавіла сабою адно несыстэмнае першапачатковае зьбіраньне матар’ялу, без распрацоўкі яго.
І толькі з адчыненьнем Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту гісторыя беларускага мастацтва, яго вывучэньне заняло пачэснае месца сярод дысцыплінаў, выкладаемых у БДУ. З гэтага часу гісторыя белар. мастацтва пачала належачым чынам распрацоўвацца асыстэнтам, выкладчыкам агульнае гісторыі мастацтва М. Шчакаціхіным.
Як вынік працы Шчакаціхіна ў БДУ, зьявіліся «Нарысы гісторыі беларускага мастацтва», якія Белтрэстдрук мае ў гэтым годзе выдаць у беларускай мове з патрэбнымі малюнкамі. Пакуль што мы маем цікавыя ўводзіны ў гісторыю беларускага мастацтва, разгляд курганных старажытнасьцяў і скарбаў, царкоўнай архітэктуры 12 веку і беларускай готыкі. Адзіна мажлівым параўнаўным мэтадам М. М. Шчакаціхін устанаўляе самабытнасьць, арыгінальнасьць помнікаў беларускага мастацтва, сувязі яго з заходнім, дальняўсходнім, візантыйскім і інш. мастацтвамі.
У другім нумары замежнага «Крывіча» Ластоўскі разглядае некаторыя пытаньні беларускага мастацтва.
Адначасна цяпер жа беларускі мастак М. Філіповіч даў шмат ...налыя зарысоўкі беларускіх народных касьцюмаў і ілюстрацыі да беларускіх казак, піша працу аб беларускім арнамэнце, карыстаючыся ня толькі ўласным фактычным матар’ялам, але і ранейшых зьбіральнікаў.
У Віцебску Брэжга4 працуе над беларускай разьбой і разьбярствам, карыстаючыся матар’ялам Віцебскага і Менскага дзяржаўных музэяў і матар’яламі прыватных асобаў.
Хочацца думаць, што і абедзьве апошнія працы будуць ня менш вартнымі, чым праца М. Шчакаціхіна, і таксама пажадана, каб яны хутчэй убачылі сьвет. Такім чынам, ня толькі праца Струкава і інш. прынята патомкамі зь вялікаю падзякаю, але й прадказаньне Іпэля, што «Беларусь хавае ў сабе яшчэ вельмі шмат скарбаў, якія маюць больш чым толькі гістарычную цікавасьць, і што з надыходам новай эпохі ў жыцьці самае Беларусі прыйдзе ўрэшце час, калі аб гэтых скарбах загавораць»[9], збываецца на нашых вачох. «У галіне беларускай культуры ўпершыню, быць можа, адчыняецца прастор для запраўды вольнага навуковага дасьледаваньня і няма, бязумоўна, ніякіх падставаў не падзяляць упэўненасьці таго ж Іпэля, што рана ці позна гісторыя беларускага мастацтва зможа быць створанаю і зможа заняць належачае ёй месца ў радзе іншых гістарычна-мастацкіх дысцыплінаў»[10], бо гэтае месца беларускае мастацтва ўжо заняло.
- ↑ Шчакаціхін. Нарысы гісторыі беларускага мастацтва ў рукапісу
- ↑ «Альбом маляра Д. М. Струкава».
- ↑ «Старина доисторическая Северо-Западного края» у «Виленском Календаре» за 1908 г.
- ↑ Грабарь. История русского искусства. Вып. 8. Шчакаціхін. Нарысы гісторыі беларускага мастацтва.
- ↑ Гл. артыкул Ів. Луцкевіча аб беларускім мастацтве ў «Ztg der 10. Armee».
- ↑ Гл.: Іпэль. Беларускае мастацтва. Пераклад зь нямецкага М. Байкова ў журнале «Вольны Сьцяг».
- ↑ A. Ippel. Zur weissruthenischen Kunst; Шчакаціхін. Нарысы...
- ↑ Полазаў. Слуцкие древности в памятниках искусства. Шеляев. Слуцкая старина. «Вестник Наркомпроса», № 2 за 1922.
- ↑ Zur weissrussischen Kunst, 96.
- ↑ М. Шчакаціхін. Нарысы гісторыі беларускага мастацтва.