Датрымаў характар

Датрымаў характар
Абразок
Аўтар: Алесь Гарун
Зюк — імя Юзюк, Юзаф.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АЛЕСЬ ГАРУН

ДАТРЫМАЎ ХАРАКТАР

Абразок у адной дзеі

АСОБЫ

Зюк — хлопчык 11 гадоў. Вінцусь — яго брат 10 гадоў.

Даволі абшырны, але пусты пакой. Проста ад публікі дзверы з шыбкамі ўгары. У левай сцяне даволі высока ад падлогі вакно на 4 шыбы. Апрача стала і 2 крэслаў — ніякіх мэбляў. Сцены голыя. На стале кнігі, сшыткі.

Зюк і Вінцусь сядзяць каля стала.

Вінцусь (голасна ўздыхаючы). Гэта ўсё роўна, але каб мы вучыліся, цётка напэўна б ніколі нас тут не замкнула... У гэтым ты вінен. Ужо трэці дзень, як мы не хочам вучыцца.

Зюк (устаючы). А я табе кажу: будзе па-мойму. Трэба толькі не траціць натуры[1].

Вінцусь. Не ведаю, што гэта мае значыць «не траціць натуры», але ведаю, што ў сто разоў ляпей было б цяпер гуляць, чымся тут сядзець. Бо гэта агромне нудна - сядзець пад замком за ка́ру.

Зюк. Цётка, трэба сказаць, залішне строга з намі абыходзіцца, асабліва са мной. Мяне, у маім вяку, пазваляе сабе замыкаць у гэты абрыдлівы пакой. Табе ад гэтага нічога не станецца, ты яшчэ дзіця, але я. Я маю ўжо адзінаццаць гадоў.

Вінцусь (абражаны). А я дзесяць...

Зюк. Дзевяць і пяць месяцаў.

Вінцусь. Ну, сем месяцаў што ж... дурніца...

Зюк. Ого! гэта розніца. Па дзесяцёх гадох кожны мужчына ўжо дарослы. (Трагічна.) Але я не папушчу ёй! 186 Вінцусь. Цікавасць. Што ты зробіш?

Зюк. Першае: як толькі тата прыедзе, зараз яму ўсё раскажу, як тут без яго з намі абыходзіліся, як не шанавалі мяне, яго старшага сына… і хто: нейкая кабета, нейкая цётка, якая, можа, меней правоў мае тут распараджацца, чым я…

Вінцусь. А другое?

Зюк. Другое? (Збіты запытаннем з тору.) Потым пабачым.

Вінцусь. Так… Але, бачыш, калі цётка тут усім у нас парадкуе, то, значыцца, ёй можна… Яна ж у нас ужо даўно, ад самай мамінай смерці, і тата ёй ува ўсім даець волю і цяпер. Тата ведаў жа, калі мы маемся прыехаць на вакацыі, і, калі выязджаў, пэўна ж прыказываў цётцы, як нас трымаць. А потым — старшыя заўсёды барзджэй[2] з сабой згаворацца, чым з намі, і нам яшчэ так можа дастацца, што хто яго згадае як!

Зюк (неспакойна). Ты так думаеш?

Вінцусь. Але, так…

Зюк. Э… хто там ведае…

Вінцусь. Павер мне! Старэйшыя заўсёды разам.

Зюк. Гэта праўда. Але як быць, калі штодня тое самае? Цётка прымушае нас працаваць па дзве гадзіны кожную раніцу. Ці табе здаецца, што гэта мяне можа забаўляць?

Вінцусь. Наагул мне нічога не здаецца.

Зюк. Блазнюк! То ж вялізнае надужыццё[3] цяпер нас змушаць да навукі. Вакацыі[4] — саўсім не пара для навукі!

Вінцусь. Але, праўда. Толькі як мы добра папрацуем гэтых дзве гадзінкі, дык потым цётка даець нам волю гуляць праз цэлы дзень, а як мы не вучымся, дык замыкае… Калі так далей пойдзе…

Зюк. Слухай, Вінцусь, ці ты думаеш, што цётка… Куды цётка… Што яе муж, нябожчык дзядзька, вучыўся, калі быў такім маладым мужчынаю, як я?

Вінцусь. Скуль жа мне ведаць. Але пані Прыборская, гэта з вялікім ружанцам, што так з цёткаю цалуецца, калі ні прыедзе, дык тая, я чуў сам колькі ўжо разоў, усё гаворыць цётцы: «Ах, пані муж быў вялікім чалавекам!»

Зюк. Ну, Прыборская… дужа яна знаецца ў гэтым… А мне здаецца, што дзядзька калі нават і вучыўся, дык ненашмат што яму навука прыдалася. Ён быў усяго толькі паслом.

Вінцусь. А дзеля чаго гэта паслы?

Зюк. Не шмат дзеля чаго, ва ўсякім выпадку. Некалі я быў з таткам тамака, дзе яны працуюць. Мяне дык не адразу пусцілі — нібыта малады яшчэ тагды быў. Называецца гэта «ізба». не вельмі важна і называецца. У ізбе гэтай вялізная саля[5], а ў ёй парасстаўляны сталы і лавы акурат як у школе. Усе паслы сядзяць у гэтай школе і адзін па аднаму ўстаюць адказваць свае заданні нейкаму лысаму пану ў акулярах.

Вінцусь. Гэта, мусіць, іх прафесар?

Зюк. А ўжо ж. Ён даглядае за імі са свайго падвышэння і нават, калі занадтавялікі гармідар[6] паднімуць, звоніць у такі званочак, каб сціхлі.

Вінцусь. А… а замыкаюць іх за кару, калі палічаць залішне даказваць?

Зюк. Гэтага не ведаю… Але мусілі б, бо часамі ліха ведае якія штукі выпраўляюць. А потым… разумееш, п’юць толькі ваду, цукраваную ваду.

Вінцусь. Як маленькія дзеці…

Зюк. Як дзеці… Ну хіба ж гэта не глупства — гэтыя паслы…

Вінцусь. А ты чым будзеш, як будзеш вялікім? Зюк (з абурэннем). Я буду вялікім... але я ўжо вялікі - як на мой век. Хочаш хіба сказаць, як буду яшчэ старшым?..

Вінцусь. Але...

Зюк (важна). Напэўна яшчэ не ведаю. Змоладу я хацеў быць уласнікам цукерні... або ўласнікам крам з цацкамі, але цяпер адумаў. Барзджэй што зраблюся міністрам...

Вінцусь. Гэта? У Мінску?

Зюк. Сказаў! Скуль жа ў Мінску будуць міністры, калі ім няма тут чаго рабіць! Міністры жывуць толькі па вялікіх мястох. Ах, браце, што за пекная[7] штука быць міністрам! Убранне, вышыванае золатам, капялюш такі... таксама з золатам...

Вінцусь (са здзіўленнем). Дык ты будзеш выглядаць бязмала як прыдзвер[8] у Гранд-гатэлю?

Зюк. Ого — шмат ляпей! А потым буду мець шмат медалёў. Паначапляю ўсе іх на грудзі — паглядзіш, гэта будзе хораша выглядаць. І будуць да мяне зварочвацца: «Ваша Вяльможнасць, Ваша Эксцэленцыя». (Паказуючы.) «Ваша Вяльможнасць зволіць прыняць?» — «Хто гэта асмеліваецца мяне турбаваць?» — «Гэта турэцкі паўнамоцнік і японскі імператар просяць іх выслухаць. Ваша Вяльможнасць». — «А, добра, гэта што іншае... хай пачакаюць, яго Вяльможнасць вельмі заняты, паліць цыгару». (Сядае на крэсле бокам да гледачоў і ўдае, як бы паліць.)

Вінцусь. А я зраблюся Генрыкам Сянкевічам, куплю сабе шмат паперы і напішу «Патоп», «Крыжакоў»...

Зюк (смеючыся). Разумненькі. Даўно гэта ўжо і без цябе напісана.

Вінцусь. Гэта нічога не шкодзіць, што напісана. Напісана, ды па-польску, а я напішу па-нашаму і потым усё іначай. Кміціца я так доўга мучыць не буду. Данусі не дам памерці, як гэта зрабіў Сянкевіч, але выдам яе за Збышку, а на Ягенцы сам ажанюся…

Зюк. Глупотка. Гэтай жа Ягны няма, і не было яе ніколі.

Вінцусь. Няўжо і не было? А ці ты думаеш, што гэта цяжка пісаць?

Зюк. Бадай што, і не цяжка. Іншыя пісьменнікі, глядзі, як памногу пішуць. Мусіць, каб было цяжка, то не здужылі б. Дый Сянкевіч, ён, кажуць, у школе найгоршыя знакі атрымоўваў.

Вінцусь (радасна). Акурат як я! І мне здаецца, што гэта не цяжка: трэба толькі паперы, пер’яў і атраманту[9]… нават і выдаткі не вялікія.

Зюк. А мыслі?

Вінцусь. Што там мыслі… Мыслі прыходзяць самі…

Зюк (пераконаны). Праўда. Ну, дык едзьма! (Устае з крэсла.)

Вінцусь (Як бы просячы). Але ведаеш што, Зюк… Хто ведае… Можа, твой міністр і не атрымліваў самых кепскіх знакаў… (Зюк сядае.) Можа б, мы павучыліся, бо калі так далей пойдзе, як за гэтыя тры дні… Ты ведаеш жа, што цётка дакляравала[10] нас адсюль не выпусціць, аж пакуль мы не скончым свае заданні — давай павучымся і скончым!

Зюк. Не. Я мушу ўсё падужаць і ўсё вытрымаць. А, апрача таго, цётка павінна была параіцца са мной перад тым, як мяне сюды садзіць… Не — я страшэнна сярдзіты!

Вінцусь (падсоўваецца з крэслам да Зюка). А калі не зробім заданняў? Дык будзем жа гэта сядзець аж давеку?

Зюк. Ты заўсёды аб адным. Тым для цябе горш. (Кладзе праз стол руку на плячо Вінцуся.) Эх, Вінця, трэба быць смелымі, маладымі героямі, мучанікамі, а не баяцца таго, што будзем сядзець. Будзем, ну й будзем. Помніш, як ў тэй кніжцы, каторую я браў з гімназіі, гэны малады мужчына? Вось дзе герой быў: прасядзеў у бакшце[11] трыццаць пяць гадоў, але не паддаўся.

Вінцусь (жаласліва, напалохаўшыся). Ой, не, Зючак, — я столькі тут не вытрываю, я барзджэй памру… (Вымае з кішэні хустачку і падносіць яе да вачэй.)

Зюк (прысуваецца з крэслам да Вінцуся і абнімае яго за шыю). Вінцуська, братачка, не плач… Прашу цябе, не плач!

Вінцусь (хаваючы хустачку ў кішэню, глытаючы слёзы). Я не плачу…

Зюк (трошкі адхіляецца ад Вінцуся і рукой, каторай яго абнімаў, лёгка стукае па стале далонню). Бачыш, трэба датрымаць сваё. Трымайся так, як я!

Вінцусь. Бо ты саўсім не ведаеш, Зюк, аб чым я думаю… Найгорш… найгорш было б прасядзець тут, у гэтым пакоі пустым, усю ноч…

Зюк (уражаны гэтымі слоўмі). Гм… Ліха! Я аб гэтым не думаў! (Жыва) Але не можа быць, пад вечар нас выпусцяць, — бо што ж гэта было б? А ў канцы заспакойся, братачка, нас жа двое. Калі хто і нападзе, дык будзем бараніцца. От, каб мне сюды маю шаблю!

Вінцусь (занепакоены). Ты думаеш, на нас нехта мог бы напасці?

Зюк. Гм-м… бачыш, ноччу ўсяго можна спадзявацца. Заўсёды лепш мець зброю.

Вінцусь. Божухна! Астацца тутака на ўсю ноч?! Я ўжо не баюся аб трыццаць пяць год, бо татка ж раней прыедзе і нас выпусціць, ну… але і адну ноч… (уздрагвае) помніш тых бедных дзетак ангельскага караля, аб каторых мы чыталі?..

Зюк. Помню, помню. Гэта страшна… Папраўдзе, гэта кепская гісторыя — за кару сядзець пад замком. Можа, і праўда лепш было б вучыцца… (Кароткая паўза. Вінцусь зноў выцірае слёзы. Зюк у задуме апусціў галаву, аж раптам, ускочыўшы, кажа.) Слухай, Вінцусь. Пышны плян… Ведаеш, да чаго я дадумаўся?'.

Вінцусь (сумна паднімаючы галаву). Што ж?

Зюк. А вось: дай адразу сабе паможам і цётцы адудзячым за яе дабрату…

Вінцусь. Якім спосабам?

Зюк. Уцякаючы адгэтуль. Хай тады цётка нас пашукае. Што яна скажа, як татка, прыехаўшы, запытаецца: «Дзе хлопцы?» — «Няма…» — «Як няма, чаму няма?» Што яна адкажа, га? Добра?

Вінцусь. Добра. А куды ўцячом?

Зюк. Пытанне! У Амерыку, вось куды. Будзем ездзіць тамака сабе на мустангах і лавіць баволаў, хадзіць па сцежцы вайны, паліць люльку згоды, спаць пры агні, закрыўшыся самбрэрас…'.

Вінцусь. Аднак гэта не так проста туды ўцячы.

Зюк. Фю-ю! Нічога лягчэйшага: на першай станцыі сесці на чыгунку і — проста да мора, а там схавацца ў бочку або ў вугаль на параходзе, і праз дзесяць дзён будзем у Амерыцы.

Вінцусь. А да станцыі як?

Зюк. Як-як?

Вінцусь. Ну, як да станцыі дастанемся? Трэба будзе ісці праз лес, а ў лесе нас ваўкі папераймаюць.

Зюк (разачаравана сядае на крэсла). Але, ваўкі, — праўду кажаш: гэта не саўсім бяспечна. Але… Мы і не будзем уцякаць у Амерыку, схаваемся толькі дзе-нібудзь.

Вінцусь. Дзе?

Зюк. Дзе? У адрыне пад сенам. Прынамсі, будзем чуць, як нас будуць шукаць і як цётка плакаць будзе.

Вінцусь. Але ж у адрыне пацукі.

Зюк. Што ты кажаш?

Вінцусь. Праўда. Анадай Палінар накладаў рэзгіны, - аж тут як ні выскачыць з-пад сена пацук, як ні пісне, як ні паляціць ды мне пад ногі скок! Аж я напалохаўся. Вось такі (паказуе, расставіўшы рукі) пацук!

Зюк. А... Гэта горш: з пацукамі не жарты... (Задум.) Бай! Не ўсё згублена. Ведаеш, дзе схаваемся - на вёсцы, у нашай старой нянькі Алены. Помніш, як яна нас шкадавала?

Вінцусь.. А Алена нікому не скажа?

Зюк (з пагардай). Алена - скажа! Ого - Алена скажа, выдумаў! Яна нас яшчэ мёдам частаваціме кожны дзень, бо ў яе сына калоды...

Вінцусь.. Во, гэта мне лепш падабаецца, чым Амерыка і пацукі ў адрыне, прынамсі, мёду наядзімося. Аднак... Цётка нас замкнула і ключ забрала, - як жа мы ўцячом?

Зюк (паказуючы на вакно). А во: прыставім стол і фю-ю на другі бок!

Вінцусь.. Не высака тут?

Зюк.. Э, глупства. Я адзін выскачу, а табе прыстаўлю драбіну, і будзеш на волі.

Вінцусь (радасна). Слаўна прыдумана. Дай жа я табе памагу. (Разам з Зюкам прымаюць усё са стала і падстаўляюць яго пад вакно.) Ну, лезь! (Зюк праз стол узлазіць на падаконніцу і праз шыбу глядзіць уніз.) Што, як?

Зюк.. Не, не выскачыш, - высака занадта, небяспечна.

Вінцусь (узлезшы на стол, глядзіць праз вакно). Высака.

Зюк (злезшы на стол з вакна, хмарна). Высака... (Паўза.) Вінцусь. А можа, і лепш, што высака… Бо нават, пакуль мы і ў Алены знайшліся б, татка мог бы набрацца страху, а за што ж яго палохаць. Пойдзем лепш, Зюк, паставім усё на месца і будзем вучыцца.

Зюк. Пачакай, там нехта ідзе па сцежцы. Цётка і… за кутом не відна… Ага, і нейкі мужчына.

Вінцусь (стаўшы на пальчыкі). Дзе? дзе? Зюк, дык гэта ж татка, татачка.

Зюк (радасна). Праўда! праўда! Божа мой, колькі часу мы ўжо не бачыліся? Якая гэта будзе радасць зараз пры спатканні!

Вінцусь. А ведаеш, Зюк, аб чым тата цяпер з цёткай гаворыць?

Зюк. Аб чым?

Вінцусь. Аб нас. І цётка, напэўна, ужо данесла тату, што мы ўжо трэці дзень не вучымся. І хто яго ведае, што тата яшчэ аб гэтым падумаў…

Зюк (неспакойна). Так думаеш?

Вінцусь. А пэўна. Слухай, няхай нас тата застане за працай: паставім усё на месца і пачнём вучыцца.

Зюк. Слушна гаворыш. (Абодва саскакаюць са стала і даводзяць да пачатковага парадку. Ставяць на месца крэслы.) Ну, я ўжо не зачну так другі раз…

Вінцусь. Як і я. Гэта брыдка, што татусь нас тут застане, сорам! (Сеўшы, бярэ граматыку і голасна цвічыцца[12] ў скланеннях). «Я буду пільны, ты будзеш пільны, ён будзе…»

Зюк (піша з кнігі). «Праца ёсць школай для моладі і аздобай для старасці». (Кінуўшы пісаць.) Ах, чаму ж яны не ідуць?

Вінцусь. Спяшайся з заданнямі, стары мармытун, — потым назюкаешся. «Я быў пільны, ён быў пільны… Я быў…» (За дзвярыма галасы, пакручваецца ключ у замку.) Не вытрымаю. (Бяжыць і выскакуе проста ў дзверы.) Татачка! Зюк (бяжыць за Вінцуком. Перад дзвярыма, абярнуўшыся да гледачоў, кажа). Але хто мне выткне[13], што я не датрымаў характару?

Канец.

  1. Не траціць натуры - настойваць на сваім, рабіць па-свойму.
  2. Барзджэй — хутчэй.
  3. Надужыццё — тут: прымуса, намаганне, высілкі.
  4. Вакацыі — канікулы.
  5. Саля — пакой, зала.
  6. Гармідар — гоман, шум.
  7. Пекны - прывабны, прыгожы.
  8. Прыдзвер - швейцар; чалавек, што стаіць ля ўвахода ў гатэль, рэстаран, тэатр і сочыць за парадкам.
  9. Атрамант — чарніла.
  10. Дакляраваць — абяцаць, паведамляць.
  11. Бакшт — астрог, вежа ў замку.
  12. Цвічыцца - практыкавацца.
  13. Выткнуць - зрабіць заўвагу, папрок.