Да Чаадаева (Пушкін/Глебка)
Да Чаадаева верш Аўтар: Аляксандр Пушкін Пераклад: Пятро Глебка Крыніца: http://knihi.com/Alaksandar_Puskin/Da_Caadajeva.html |
Надзей, кахання, ціхай славы
Нядоўга песціў нас падман,
Расталі юныя забавы,
Як сон, як ранішні туман;
Але кіпяць яшчэ жаданні,
І пад ярмом улады злой
Мы нецярпліваю душой
Айчыны чуем закліканні.
Чакаем з мукай спадзявання
Хвіліны вольнасці святой,
Як малады каханак той
Чакае вернага спаткання.
Пакуль свабодаю гарым,
Пакуль у сэрцах ёсць сумленне,
Мой друг, айчыне аддадзім
Душы прыгожыя імкненні!
Таварыш, вер: настане ён,
Шчаслівы дзень вясны і брацтва,
Расія скіне цяжкі сон,
І на абломках самаўладства
Напішуць нашых рад імён!
1818?