Да агульнага ведама

Да агульнага ведама
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Беларусь – 1919 - №25(52)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я, маршалак Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, абвяшчаю да агульнага ведама, што ўсе брыдкіе нагаворы па адрасу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ёсьць провакацыя цёмных і нясумленных газэтчыкаў. Сходы Рады адбываюцца публічна, і кожны грамадзянін можа сам прыйці і даведацца, што Рада бароніць дзяржаўные інтарэсы беларускага народу. Яна дамагаецца, каб змучаны вялікі Беларускі Народ стаў гаспадаром у сваім краю, каб ён адбудаваў сваё Беларускае Гаспадарство і перастаў быць парабкам у сваіх суседаў. Адгэтуль відаць, што ўсе тыя людзі, што ганьбяць Раду ўваччу насяленьня, зьяўляюцца ворагамі Беларускага Народу і ўсяго Беларускага краю. Паганючы Раду перад вачмі насяленьня, яны тым адбіраюць у народу нашага яго адзіны правамоцны орган, каторы можа бараніць наш народ перад усім сьветам. І робіцца гэта дзеле таго, каб трымаць цябе, Беларускі Народзе, у цемнаце, зьдзеку і няволі.

Ня вер ім, Беларускі Народ! Слухай тых, хто гаворыць да цябе ў тваёй роднай мове, хто шануе Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і хто хоча, каб ты, няшчасны Беларускі Народзе, адбудаваў сваю Беларускую Дзяржаву і запанаваў уладарным гаспадаром у сваёй спрадвечнай зямельцы-Беларусі. Рада Б.Н.Р. даўно абвесьціла, што яна парывае ўсякую політычную сувязь з Маскоўшчынай і будзе шукаць сабе політычных саюзьнікаў у іншым месцы, але не у Расіі.

Няхай жыве Беларуская Дзяржава!

Няхай жыве Рада Беларускай Народнай Рэспублікі!

Маршалак Рады Б.Н.Р.

Язэп Ліосік.

Менск. 16/ХІ 1919.