Да беларускае інтэлігенцыі і вясковых вучыцялёў
Да беларускае інтэлігенцыі і вясковых вучыцялёў Артыкул Аўтар: Сымон Рак-Міхайлоўскі 1917 год Крыніца: [1] |
30 верасня будзе скліканы Устаноўчы Сойм (Учредит.
Собр.). Туды пойдуць людзі, якіх выберам усе мы 17 верасня.
Выбранымі павінны быць такія людзі, каторыя найшчырэй і
найразумней будуць стаяць за інтарэсы нашага беларускага
народа, найбольш, здаецца, скрыўджанага з усіх нацый Расіі за
часы царскага панавання. Мы павінны цяпер жа добра абрадзіць
усе пытанні нашага жыцця, нарыхтаваць варункі жаданага нам
на месцы ладу і свядома выбіраць толькі тых, хто патрапіць
бараніць для нас усё, што мы лічым патрэбным і карысным.
А патрэб у нас, беларусаў, не меней, чым у іншых нацый Расіі, і мы, лічачыся ўжо на парозе да Устаноўчага Сойма, не згаварыліся яшчэ, каб моцна стаяць усім за адно.
Перш-наперш нам патрэбна свая беларуская нацыянальная школа. Ведаю, што некаторыя з маіх таварышаў-вучыцялёў з гэтым не згаджаюцца, але я мыслю і маю крэпкую надзею на тое, што не далей, як праз якіх-небудзь 5–10 гадоў жыцця іх на вольнай ужо Беларусі яны, адкінуўшы той русіфіцыйны тлум, якім шпігавалі нас у семінарыях, выкінуць яго з сваёй галавы і, заняўшыся шчыра гістарычнай мінуласцю нашай перамыванай войнамі і перакіданай з боку на бок старонкі, пераканаюцца, што мы маем права на сваю нацыянальную школу і на культурна-нацыянальную аўтаномію ды нават тэрытарыяльную ў Расійскай, вядома, дэмакратычнай рэспубліцы на грунце федэратыўным.
Мне здаецца, што некаторыя яшчэ з нас, вучыцеляў-беларусаў, толькі таму не далучаюцца да пашырэння беларускага нацыянальнага руху, што не пэўны яшчэ, не маюць веры ў тое, што гэта спраўдзіцца ды ўвойдзе ў жыццё нашай старонкі. Звыкшы лічыцца з апекунамі школы — інспектарамі і з цыркулярамі начальства, мы страцілі частку сваёй волі, мы не пэўны ў саміх сабе, не верым у свае сілы і, маючы дабыты ўжо хлеб, застылі і не рыпаемся з месца, не рупімся падтрымаць здаровую ініцыятыву. Але гэта пяройдзе, гэта мінецца. Я маю веру, што, як даўней чэшскі педагагічны стан, так і нашы, у першую чаргу вясковыя, вучыцелі прымуцца за будову школы ў нацыянальным кірунку. Ад нас у будучыні будзе вымагаць гэтага само жыццё.
Памятаю я тыя споркі, што ішлі паміж намі, вучыцелямібеларусамі, на з’ездзе ў Мінску ваенных-вучыцеляў заходняга фронту, які прызнаў патрэбным навучанне дзяцей у роднай мове. Мы, беларусы, збіраючыся часам асобна, гаварылі пра справу нацыяналізацыі ў нас школы. I як добра праціўнікаў думкі аб беларускай школе зрэзаў адзін шчыры беларус-вучыцель: «Браткі мае разумненькія! Не тое б вы спявалі цяпер, каб 55 год таму назад у нас былі заведзены беларускія вучыцельскія семінарыі. Але расійскае самадзяржаўе гэтага не рабіла, бо не пад густ яму гэта было, а цяпер вы вот і не можаце адхіліцца ад таго кірунку, якога трымалася казённая школа ў нашай старонцы. Але папомніце маё слова, што новае пакаленне вучыцеляў-беларусаў пойдзе з намі, не цураючыся свайго народа, гонару і мовы, а не з вамі — русіфікатарамі-цэнтралістамі!»
I мне дзіўным здавалася, як гэта тыя русіфікатары забываюць элементарныя правілы педагогікі: ад бліжэйшага к далёкаму, ад знаёмага да незнаёмага, ад лёгкага к цяжкаму, ад простага да складанага і г. д. З якой жа мовы пачынаюць навучанне, калі не з матчынай, у якой мове дзіця лягчэй здолее ўразумець механізм чытання, калі не ў той, на якой яно пачало гаварыць дома? Няўжо ў расійскай (для праваслаўн. беларусаў) ці ў польскай (для каталік. беларусаў) мове лягчэй усё гэта ўцяміць, як у роднай? А калі ў нас у вышэйшых і пачатковых школах і гімназіях няможна адразу завесці навучанне па-беларуску, то гэта ж не бяда! Пакуль не будзе там падручнікаў, дык нельга, ведама, выкладаць усе навукі на нашай мове, але трэба старацца, каб там перш-наперш дасканальна навучалі гісторыі, геаграфіі Беларусі, каб падрастаючае пакаленне ўперад як найлепей пазнавала сваю бацькаўшчыну, каб у сэрцы моладзі запанавала любасць да роднае старонкі, а тады ўжо вучыць іх і пра «Волгу-матушку реку», і пра «красавицу Москву белокаменную», і пра Егіпет, Амерыку і інш. А ў найвышэйшай школе на Беларусі (універсітэце) завесці на першы пачатак кафедру беларускае мовы, гісторыі, геаграфіі, культуры краю і інш.
Няўжо ж вы, вучыцелі народа беларускага, яго дзеці і інтэлігенцыя, адвернецеся ад народа свайго, як колісь выраклася беларускага народа яго баярства? Няўжо ж вы кінеце народ свой на крыжавых дарогах? Няўжо зноў пакінеце сваіх бацькоў без павадыра, як кідалі яго пры царызме рэнегатыбеларусы, крычаўшыя ў прыемных ім варунках: «Мы тоже белорусы». Відаць, што ёсць у нас беларусы і «белорусы». І цяпер, на волі ўжо, а чуваць яшчэ гэта! Няўжо ж вы аддасце панам палякам і ксяндзам-паланізатарам апалячваць да канца нашых несвядомых 3 мільёны каталікоў-беларусаў? Няўжо ж дзеля спакою свайго асабістага нам і надалей лічыцца без свайго нацыянальнага твару? Дзе ж ваша хвалёная любасць да роднага народа, дзе ж ваша шчырасць, калі не хочаце бачыць, што каталікі-беларусы ў большасці сістэматычна апалячваюцца? Што, вы мысліце, што яны ў вольнай Беларусі пойдуць да вас у расійскую школу? Ніколі. У беларускую, калі яна пойдзе ў кірунку сцісла педагагічным і нацыянальным, яны пойдуць, а ў рускую [маскоўскую] тут, вольную, як і пры самадзяржаўі царскім у казённую, — не, не пойдуць. Няма чаго сказаць, добрая любасць да народа, калі дзеля сваіх русіфікатарскіх мэтаў вы кідаеце на ахвярны алтар гісторыі 3 мільёны беларусаўкаталікоў, якіх тутэйшыя перакінчыкі, папы-палякі спяшаюцца ўжо перапісваць з нейкай таемнаю думкай!
Кіньце споркі, кіньце сваркі! Хто з вас, браты-вучыцелі, шчыра любіць свой беларускі народ у яго цэльнасці і хто не звязаны, як мы тут у войску, службай, шынялём, — да працы! Арганізуйце гурткі, пішыце беларускія лемантары-буквары, падручнікі, кніжкі для чытання ў школах, складайце гурткамі ці паасобку арыфметычныя задачнікі, падручнікі па гісторыі, геаграфіі, натуразнаўству, хрэстаматыі! На каго ж народ наш можа мець надзею ў выкананні гэтай працы, калі не на вас?
Ведаю, што ў некаторых з вас можа з’явіцца думка, што гэтая праца — нацыяналізацыя школы, культурная і тэрытарыяльная аўтаномія, — вядзе да разлучэння, дзяліцьбы народаў, а не да братэрства; што гэта не мірыцца з сусветным лозунгам яднання працоўнай бядноты ўсіх краёў.
Папрабуем разгледзець усё гэта.
Мы кажам, што наш і расійскі селянін або рабочы разам павінны падаць руку такому ж самаму працаўніку армянскаму, французскаму, амерыканскаму ці іншаму, клічам працаўнікоў усіх краёў злучацца дзеля агульнае барацьбы за лепшую будучыню, каб усім лепш жылося, каб скасаваць уласнасць на зямлю, на фабрыкі, заводы, машыны і на ўсе прылады, каб не было панавання тых, хто, не працуючы сам, жыве на чужую нанятую працу. Таму мы і клічам да братэрства і яднання ўсіх працаўнікоў. Але гэта не значыць, што не павінна быць асобных нацый, што ўсе павінны гаварыць адной мовай. Гэта нельга, дый такой мовы няма на свеце. Кожны з нас пачувае сябе бліжэй к свайму народу, думае ў роднай мове, спачывае душою, калі прыязджае ў сваю старонку.
Царскі ўрад усімі дзяржаўнымі інстытуцыямі застаўляў усе народы Расіі рабіцца рускімі [маскоўцамі], і ад гэтага болей усяго цярпеў працавіты люд. Некаторыя аддзельныя людзі і рабіліся «рускімі», і часта былі людзьмі пачэснымі: рэвалюцыянерамі, барцамі за агульнае шчасце, — але ад свайго народа яны адрываліся, і яму не было дзе вучыцца, не было чаго чытаць, і ён гінуў у цемры.
Мы хочам дабра не для якой жмені такіх людзей, а для ўсяго народа; хочам, каб усе маглі жыць поўным, добрым жыццём, жыццём шчаслівым, каб ведалі, чаго ім трэба і за што яны змагаюцца, што любіць і што ненавідзець. Тут ужо лічыцца дарагім, цэнным кожны чалавек з народа, кожны індывідуум, і мы — вучыцелі з народа — павінны змагацца, каб кожнай асобе людской адчыніць шырокую браму, вывесці на роўны і шырокі шлях да ўсяго, чым можа быць аквечана шчаслівае жыццё чалавека і ўсяго народа. Дагэтуль цяжар працы несла на сабе ўся бедната, усе працаўнікі паднявольныя, а малая жменька шчасліўцаў вяла палітыку, чытала і пісала кнігі, займалася навукай, штукарствам, — адным словам, усім тым, што завецца культурай. А мы хочымо, каб культура была народная, даступная і аднакава дорага ўсім.
Вось чаму я і клічу вас усіх, таварышы-вучыцелі, што засталіся дома, шырыць паміж народа нашага думку нацыянальнага самаўсведамлення, уводзіць у жыццё навучанне ў роднай мове і весці на выбарах да Устаноўчага Сойма пытанне аб тэрытарыяльнай і культурна-нацыянальнай аўтаноміях ці хоць бы аб шырокім мясцовым самапарадкаванні.
Але і «аўтаноміі» баяцца няма чаго. Кажу да таго, што шмат каму гэта слова як «жупел» для старасвецкіх купчых. Вядома, пры нашай культурна-нацыянальнай аўтаноміі і аб ніякім аддзеле ад Расіі і гутаркі быць не можа, ніхто гэтага і дабівацца не будзе і ніколі народ гэтага не захоча, бо мы звязаны з усёй Расіяй і ў гандлю, і ў промыслах, і ва ўсім гаспадарскім жыцці гасударства, і мы будзем разам з усёй Расіяй крапчэй, мацней, чым аддзяліўшыся. Але ж да аддзелу нас ніхто і не кліча, і ніколі ніхто і не прыступіць. Мы толькі хочам, каб было тут, у нас, краёвае самапарадкаванне з сваіх выбарных мясцовых людзей, свае выбарныя чыноўнікі і вучыцелі, суд і школы ў роднай мове. У Краёвай Радзе будуць разбірацца тыя справы, каторыя датычуць нашага краю; а справы агульныя для ўсяго гасударства будуць разбірацца ў гасударственнай Думе ці ў Сойме, а як праводзіць гэтыя законы ў жыццё на месцы ў нас, гэтым будзе ведаць Краёвая Рада. Возьмем, напрыклад, справу зямельную. Устаноўчы Сойм пастанове, скажам, усю зямлю аддаць працоўнаму люду. А як распарадкавацца з ёй, як падзяліць, каб нікому з працоўнай беднаты не было крыўды – гэта належыць павінна да Краёвай Рады, якую мы павінны выбраць агульнай, роўнай, простай і таемнай падачай галасоў.
Нашы выбарныя да Устаноўчага Сойма павінны дамагацца для Беларусі аўтаноміі і тэрытарыяльнай, бо ў гэтым ёсць для нас вялікая выгода. Па статыстыцы 1887 г., патрабуючых зямлі, надзелаў і прырэзак на Маскоўшчыне лічыцца ад 40% да 60% народа, на Украіне — да 55–61%, а ў нас на Беларусі ўсяго 1%. Ёсць вядома, што тут, у абшары нашай зямлі, залічаны ўсе лясы, балоты і пяскі, але я мыслю, што з падняццем культуры мы будзем мець добры прыбытак і з такой зямлі, якая цяпер лічыцца нягоднай. Але вышэйпаказаны рахунак не ад таго выйшаў. Увесь сэнс тутака ў тым, што на абшарах Беларусі надта многа дворнай зямлі, якая павінна быць таго, хто сваёй уласнай, а не парабецкай працай будзе на ёй касіць, гараць, сеяць. Зямлі, прылучанай да нашых палеткаў, з нас, беларусаў, хваціць. А што без ніякага выкупу павінна яна дастацца нам, тут не можа быць і гутаркі. Яна спрадвеку аблівалася нашым вясковым, нашых дзядоў і прадзедаў, потам, і крапілася нашай, беларускай, крывёй. Мы, беларусы, ужо добра, занадта добра, заплацілі за яе, і яна не можа быць не наша, яна павінна належаць да таго народа, які на ёй здавён-даўна працаваў і працуе.
Узвесяліся ж, родная зямелька! Ты, абвяваная спрадвеку на ўсім сваім абшары смутнай, гаротнай песняй беларускай, — вясновай, купальскай, жніўнай, асенняй, якая ляцела з грудзёў прыгнечанага люду, люду пакутніка-найміта на сваёй уласнай зямельцы, якая папала ў рукі захватчыкаў і багачоў, — цяпер ты пачуеш тыя ж нашы адвечныя песні, але ўжо з вуснаў вольнага беларуса, яго жонкі і дачкі, пачуеш вольную песню ўладара гэтай зямліцы, твайго спрадвечнага гаспадара! Ён, радасны, да тых сумных, калісь-то, матываў дабавіць неўзабаве новыя ноты, зыкі радасці і шчасця! Цешся, зямелька, родная Маці-Беларусь!
Ты з многавяковага палону вяртаешся маладзіцай да свайго закаханага ў цябе гаспадара...