Да восьмай гадавіны сьмерці А. Гаруна

Да восьмай гадавіны сьмерці А. Гаруна
Артыкул
Аўтар: Мікалай Каспяровіч
1928
Крыніца: Маладняк, 1928, №7

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Што напісаць Вам—мусіць быць—
Найлепшы лёс народ любіць,
Яго характар і звычай,
Яго багаты, пекны край“.
А. Гарун. У запісную кніжку М. К.

Летась адбылося 40 год з дня нараджэньня Алеся Гаруна, і наш друк нават маленькай газэтнай заметкай не адзначыў гэтага факту. Паміж тым, А. Гарун—адзін з найцікавейшых пісьменьнікаў нашых. Сёлета адбываецца восьмая гадавіна яго сьмерці на чужыне.

Жыцьцё А. Гаруна—няпісаная трагэдыя. Радзіўшыся з вялікім талентам і нязьмерным замілаваньнем да работніцка-сялянскае Беларусі, ён ня толькі не спаткаў спрыяючых умоваў для разьвіцьця сваіх здольнасьцяй і працы на карысьць працоўных, а наадварот— увесь свой кароткі век (27. 2. 87—28. 7. 20.) цярпеў прыгон. Соцыяльнае прыгнечаньне, з якім ён быў закліканы змагацца, ,перамагло яго і зрабіла яго жыцьцёвы шлях агульным гараваньнем. Ужываны ім псэўдонім „Алесь Гарун“ заміж сапраўднай фаміліі— Аляксандра Прушынскі—вельмі трапна сьведчыць аб гэтым.

Бацька Аляксандры—менскі чорнаработнік. Церпячы беднасьць, Алесь у 1902 г. скончыў менскую рамесьніцкую школу. Зразу-ж па сканчэньні школы ён наняўся сталяром у адну з менскіх майстэрняў, у якіх і прапрацаваў пакуль не папаў у турму, бо з 1904 да 1907 г. лічыўся актыўным працаўніком партыі сацыялістых-рэволюцыянэраў. Пасьля рэволюцыі 1905 г. А. Гарун ня здаўся і не пашоў у легалізм. Ён вёў сваю рэволюцыйную чыннасьць далей, і ў 1907 г. быў арыштаваны за друкаваньнем проклямацый у менскай падпольнай друкарні. Год з чымсь сядзеў у турме, а ў 1908 годзе быў засуджаны на катаргу, якая была заменена ссылкай. У ссылцы, у глухім кутку Сібіры, Гарун прабыў каля 10 год, і толькі рэволюцыя дала яму магчымасьць вярнуцца на Беларусь, дзе ён ужо не застаў ні бацькі, ні бязьмерна каханай ім маткі.

З беларускім друкаваным словам А. Гарун пазнаёміўся па „Гапону" Марнінкевіча; пэўны ўплыў на яго зрабілі вершы Цёткі, і з 1905 г. А. Гарун пачаў пісаць беларускія вершы і пашыраць іх сярод менскіх працоўных мас у рукапісным відзе.

У ссылцы А. Гарун надмерна і цяжка працаваў. Апрача таго, ён, як ніхто іншы з нашаніўцаў, адчуваў замілаваньне бацькаўшчынай і адарванасьць ад яе. Хворы вярнуўся ён у Менск у 1917 г. і зараз-жа ўзяўся за працу. Памянёная адарванасьць ад Беларусі перашкодзіла яму правільна орыентавацца ў новай фазе беларускага адраджэньня і выбраць сабе для працы ня менскі, а пецярбурскі беларускі цэнтр, які прывёў да ўтварэньня Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Яго хвароба прычынілася таму, што яго імя скарысталі правыя беларусы ў сваёй працы ў часе польскай акупацыі. Ён-жа ў той час, лежачы ўжо ў ложку, пісаў свае творы. І калі, увайшоўшы да яго, пыталі, што ён робіць, ён адказваў, што піша лісты мілай. Пісаньне вершаў мілай—беларуская літаратурная творчасьць—складала сэнс яго жыцьця. Гэту сваю багатую творчасьць А. Гарун выявіў у лірыцы вершамі, у прозе—пад псэўдонімам Жывіца і ў дзіцячых п'есах.

Пераважная большасьць лірыкі А. Гаруна зьмешчана у зборніку „Матчын дар“ (Менск 1918, 128 ст.); апрача таго лірычныя творы Гаруна зьмяшчаліся у розных часопісах: „Вольная Беларусь“ (Менск), „Беларусь“ (Менск), „Рунь“ (Менск) і інш. Дзякуючы немагчымасьці карыстацца апошнімі, будзем мець на ўвазе толькі зборнік „Матчын дар“.

У зборніку зьмешчана 72 творы па разьдзелах: а) роднаму краю, б) на чужыне, в) праявы роднага і г) уступны верш „Людзям". Апошні верш зборніку „Шчасьце Мацея“ сваім канцом як-бы паўтарае жаданьне ўступнага, а ўласна выклікаць водгук сваёй творчасьці. Наогул, апошні верш кожнага аддзелу ў пэўнай меры сугучны кожнаму першаму, замыкаючы сабой даволі шырокае тэматычнае кола.

Асноваю творчасьці А. Гаруна зьяўляецца, да яго яшчэ ні ў каго ня чутая ў такім памеры ў беларускай літаратуры, вялізная, нястрымная любоў да бацькаўшчыны. Гэта бязьмернае прыроднае пачуцьцё было яшчэ павялічана няволяй і выгнаньнем у далёкую Сібір. Ужо на аснове гэтага пачуцьця ў яго вытканы соцыяльныя адраджэнчыя, любоўныя, бытавыя і інш. мотывы, пры чым усе яны аўтобіографічны ў большай меры, чым у другіх пісьменьнікаў. У першую чаргу неабходна адзначыць, што ўся творчасьць А. Гаруна—гэта творчасьць працоўных мас і на абарону працоўных мас. Беларускі народ, які ён так надмерна кахаў, Гарун разумеў як працоўны народ. Песьня Гаруна была накіравана супраць паноў, да іх ліліся благія словы:

„Да вас, паны, што голасна крычыце
Аб прыязьні сваёй да беднага народу,
Што раіце па лісьсему: „маўчыце,
Нядоўга вам дамо багацтва, волю, згоду",—
Да вас мой гэты верш і словы ўсе благія".
(„Юдам“, ст. 18).

Гарун за рэволюцыю, супраць згоды, бо паны з бяздольнага „зьдзіраюць апратку“, бо ўсе іх словы аб згодзе—мана. Таму ён і называе іх юдамі з асаблівай нянавісьцю, тым больш, што ён меў ад паноў непамерна большую за іншых крыўду. Але, ня гледзячы на беднасьць, няволю, хваробу, на ўсё сваё гараваньне, А. Гарун у сваёй творчасьці застаўся вялікім оптымістым. Ня маючы вольнага, чалавечага жыцьця, ён любіў яго:

Люблю і я скляпеньне зор,
Люблю зямлі абшар
І роўны луг, і ўзгібы гор,
I шум лясны, і гвар.
Люблю жыцьцё, а ў ім людзей
І кшталты іхніх дум...“
(„Людзям", ст. 5).

Ён, запрыгонены у вечную ссылку, любіць спадзявацца на лепшае для сваё радзімы, любіць:

„... вянкі плясьці з надзей"...
(„Людзям“, ст. 5).

Ён з цярплівасьцю, але без пакоры, пераносіць сваё няшчасьце, сваю няволю і верыць, што яшчэ прыдзе бура, яшчэ прыдзецца пайсьці да шчасьця і ўжо не аднаму, а з грамадой:

„Цяжка, страшна жыці, праўда,
Дык цярпець-ж нам ня наўда,
Так на моры-акіяне
Часам хваля перастане...
Можа-ж прыйдзе навальніца,—
Толькі-б ветрыку зьявіцца.
Будзем ў неба цікавацца,
Будзем зорак прыглядацца,
Без пакоры у пакоры
Перабудзем сваё гора.
Мо‘ і нам аднекуль з неба
Скажуць: „Чуйце, ўстаньне, трэба".
І ўзмацняць. Парвуцца путы.

Будзе вольны, хто закуты,
Не адны, а з грамадою,
Разам з людзьмі, чарадою,
Пойдзем поплеч зноў у даль“...
(„З песьняў няволі“, ст. 40).

Тое, што паэта чакае закліку з неба, зьяўляецца бясспрэчнай алегорыяй, абумоўленай цэнзураю. У вершы „На сьмерць" бацькі ён пісаў:

„Казаў: „маліся“ ты. За што-ж каму маліцца?
Ці-ж можна праўду нам знайсьці, калі маніцца,
У неба чорнае уляпіўшысь вачмі?“.
(„На сьмерць“, ст. 46).

Гэта вера А. Гаруна ў лепшую будучыню грунтавалася на тым, што ён бачыў, што ідуць да праўды людзі, хоць на дарозе тэй і за- стаецца безьліч афяр:

„А бачу і добра сам: ідуць да праўды людзі,
Расьцець яе жаўнер і шырыцца загон“...

Калі-ж паэта пры сваім оптымістычным сьветапоглядзе і апісваў часамі жудасьці жыцьця, яго цяжкасьці і да г. п., дык са сьвядома пастаўленай сабе мэтай. Завострываньнем увагі на жудасьцях царскага ладу, на гэтым цяжкім жыцьці, Гарун хацеў выклікаць протэст прыгнечаных, буру іх, каб зьнішчыць ня жыцьцё, якое ён любіў, а тое, што душыць гэта жыцьцё.

„Прашу цябе, мой брат, сьпявай аб нашым горы,
Аб тым, што ёсьць цяпер і што даўней было,
I што на ўсякі твар кладзець, як плуг, разоры,
I што ў мільёнах душ разоры правяло.
Прашу цябе, сьпявай аб горы песьню адну ты,
І наш гаротны лёс рабі яшчэ цяжэй,
Тады, убачыш сам, парвуцца духа путы
I будзе ясны дзень да нас тады бліжэй“...
(„Поэту", ст. 69).

Як змаганьнік, А. Гарун ня раіць пець аб праўдзе, якая калісь будзе, ня раіць пець аб праўдзе тэй, што ў небе:

„Пакінь, пакінь сьпяваць аб праўдзе тэй, што ў небе,
Яна чужая нам, таемных праўда сіл,
Яна ня сходзіць к нам ў канечнае патрэбе,
Калі пакуты дзень так довяг і няміл“...
(„Поэту“, ст. 69).

А. Гарун бачыць сапраўднасьць, ён не зачыняе вачэй перад ёю і ў думках ня можа адарвацца ад яе. Ён ведае аб сваіх ланцугох, аб тым, што ён навек сасланы. Бачачы, як „ідуць да праўды“, верачы ў магчымасьць павароту да жыцьця, А. Гарун ведаў, што трудна дачакацца волі:

„Можа-ж быць раней загінем"...
(„З песьні няволі", ст. 41).

Але Гарун упэўнены ў карысным значэньні сваёй дзейнасьці:

„Дык усё-ж мы сьлед пакінем,
Бо, браток, хоць промень сьвету
Прынясьлі мы ў пушчу гэту“.
(„З песьні няволі“ ст. 41).

Оптымістычны сьветапогляд поэты і такое грамадзка-практычнае разуменьне сваіх задач азначаюць усю яго творчасьць. Пераважваюць у ёй, бясспрэчна, мотывы, адраджэньня і замілаваньня бацькаўшчынай. Яны так цесна спалучаюцца паміж сабой, што трудна-б было разлучыць іх. Няволя, як мы казалі вышэй, яшчэ пасіляе гэтыя мотывы. Поэта з яшчэ большаю палкасьцю рвецца да першай сваёй мілай—да сваёй бацькаўшчыны:

„Як надарыцца мінута,
Што ад працы адарвуся,
І жыцьцёвая атрута
Не пячэць, і прахаплюся,
Дык цябе, мой родны край,
Шчырай думкай аблятаю".
(***, ст. 11).

На чужой староначцы, у тузе па бацькаўшчыне, поэта занепадае душой, але малюе сваю радзіму не такой убогай, як другія поэты. Радзіма, родны край Гаруна здаецца яму раем:

„Ты квяцісты, залацісты,
I прыгожы, і аздобны,
Ты лясісты, каласісты,—
Можа рай табе падобны,—
Колькі-ж моцы маеш скрытай,
Колькі сілы неспажытай".
(***, ст. 11).

Праўда, поэта бачыў, што ў той час яго родны край быў абдзёрты, задушаны:

„Ты няшчасны і убогі.
Ты бяздольны і забіты,
Ты бяз шляху, без дарогі,
Ты абдзёрлы і прапіты,
Подлай здрадаю праданы
Ты ня свой,—даўно забраны".
(***. ст. 11).

Але ён верыў у тое, што надыйдуць вольныя шчасьлівыя часы для бацькаўшчыны, калі не для яго, дык для яго дзяцей:

„Ты паўстанеш, працавіты,
Гаратнічы, нявымоўны,
Шчасьця, долі прагавіты,
Мой сланэчны, мой чароўны.
Будзе час, пабачуць сьведкі,
Хоць ня мы, дык нашы дзеткі“.
(***, ст. 11).

Зразумела, такі змаганьнік, як Гарун, ведаў, што лепшыя часы прыдуць ня цудам, а ў выніку зьнішчэньня ланцугоў уціску:

„Толькі-ж уцешся, матуля каханая,
Слуп твой патроху пачаў падгніваць,
Прыдзе к нам воля, сьвятая чаканая,
Сець ланцугоў як пачнем разрываць“.
(***, ст. 13).

Блізкую да гэтай групы адраджэнчых мотываў складаюць соцыяльныя мотывы творчасьці А. Гаруна. Гарун бачыць, як паны апанавалі працоўны народ беларускі і высмоктваюць з яго апошнія сокі. У вобразе ваўкалакаў, юдаў і ім падобных паказвае поэта ў сваёй творчасьці гэтых соцыяльных ворагаў беларускіх работнікаў і сялян. У вершы „Муляру“ ён заклікае да пабудовы новага дому, дзе павінна панаваць братэрства і воля працоўных, дзе ня будзе месца паном-павуком. Але, разам з тым, Гарун вельмі добра ведае, што самохаць паны не адракуцца ад уціску працоўных, не дадуць ім будаваць гэты дом. Для гэтага трэба сьмяртэльнае змаганьне, у якім прыдзецца ўсё ўзяць альбо ўсё згубіць. Поэту хочацца прыняць удзел у гэтым змаганьні, зноў, як калісь у Менску, клікаць работнікаў на вайну з прыгнятацелямі. Яму хочацца паляцець з Сыбіру к родным вёскам і клікнуць:

„Гэй, хто ёсьць тут? Люд галодны!
Люд пакутны! Да мяне!
Станьма, брацьця, ў шаг паходны—
Наша гора праміне.

Досыць нам з нядолі віці
Ценкі жыцьця свайго пас,
Слухай, люд: прынёс я віці,
Хто за мною, брацьця? Час!

Ўстануць, рушаць: „Прэч з дарогі,
Хто нам хоча заступіць?
Мы пайшлі, мы, люд убогі,
Усё узяць, ці ўсё згубіць“...
(***, ст. 44).

А. Гарун заўсёды з тымі, хто абяцаў ісьці з простым народам да яго вызваленьня:

„Хто сказаў: „і я з народам",
Хто з ім поплеч стаў, як з братам,
Хто пайшоў з ім роўным ходам,—
К роўным зыскам, к роўным стратам,—
З тым і я. Няхай-жа ліча,
Будзе трэба—хай пакліча".
(***, ст. 54).

І заклятым сваім ворагам лічыць Гарун усіх тых, хто здрадзіў ідэі соцыяльнага вызваленьня працоўных:

„Хто-ж сказаў, а потым здрадзіў,
Хто пайшоў, а потым кінуў,
Хто ў душы сумленьне згладзіў,
У кім апошні сорам згінуў,—
Хай дрыжыць"...
(***, ст. 54).

Амаль роўныя групы вершаў выяўляюць асабістыя і філёзофскія мотывы творчасьці А. Гаруна. У першых поэта адлюстроўвае сваё надмерна-цяжкае жыцьцё, свой прыгон, сваю адзіноту, сваю слабасьць і свае надзеі. Як ніхто іншы, ён выяўляе моцныя пачуцьці свайго існаваньня. І на фоне ўсяго гэтага асабліва выразна вылучаюцца яго філёзофскія развагі. Зрабіўшыся шляхам самаадукацыі высока асьвечаным чалавекам, А. Гарун вялікую ўвагу аддаваў развагам аб сэнсе і мэце жыцьця. Гэта ў значнай меры адбілася ў яго творчасьці. Мэта жыцьця ў самым жыцьці, якое так любіў поэта:

„Люблю зямлю, вялікі жыцьця ток,
Як неба зорачкі, каханьнем моцным сына“...
(*** стар. 50).

Сэнс жыцьця—у паўнаце яго, якая разумеецца як творчасьць на карысьць калектыву:

„З аднэю я думкай у сьвеце жыву,
Настаўнікам ўзяўшы і лес, і траву,
Крыніцы і кветкі, і цемру, і сьвет,
І месяц, і зоры, і сонца прывет.
Прысуджаны шлях свой рабі дарагім,
Красуйся на радасьць сабе і другім".
(„Ідуць гады“, ст. 55).

Любоўная лірыка А. Гаруна дае замілаванае апісаньне любай („Мая люба“, ст. 53), зараджэньне каханьня („Дзяўчаці", ст. 82), жаданьне закаханых быць адным на ўлоньні прыроды („Асеньні сьпеў", ст. 83), пагрозу міламу („Мяцеліца", ст. 87), павярхоўнае і глыбокае каханьне („Два каханьні", ст. 88—89) і здраду („Хаўтуры", ст. 86). З боку стаіць асабістае пачуцьцё поэты, якое падпарадкавана агульнай ідэі соцыяльнага і нацыянальнага вызваленьня бацькаўшчыны, каханьню да маткі і сталаму пачуцьцю той, якая за краты паслала „люблю":

„Дзяўчыначка-сэрца, сябе ня трывож,
Ні песьці надзеі і жалю ня множ.
З табою пабрацца мне волі няма,—
Даўно заручыўся я ўжо са трыма:

Айчызна,—я ёй у няволі жыву,
Што ноч яе бачу, маўляў на яву,
За ёю журуся, сумую адно,
Бо шчырым каханьнем зьвязаўся даўно.

Другая: матуля. Радзіўся калі
I голас мой першы надаў на зямлі,
Замучаны твар усьміхнуўся яе:
„Сыночак мой любы“—вітала мяне.

Аб трэцяй, дзяўчынка, скажу, што яна,
Другой і ня знойдзеш—на сьвеце адна:
За краты няволі паслала „люблю“,
Дык хіба-ж з табою яе падзялю.

Пакінь-жа, галубка, з каханьнем сваім,
Шукай сабе шчасьця за кім за другім.
Пяшчоты, залёты ня траць задарма,
Даўно заручыўся я ўжо са трыма".
(***, ст. 52).

Апісаньні прыроды А. Гаруна вельмі трапныя, характэрныя, дакладна выяўляючыя і ўражаньне і настрой ад яго. Поэта даў апісаньне восені (29—30), завірухі (34—35), вясны (48—49, 75—76), ветру (77—78), прыпару (79) і інш. Ня менш удалае адлюстраваньне пакінуў у сваёй творчасьці А. Гарун і чужой сібірскай прыроды ў вершы „Навокал" (32).

Бытавая лірыка А. Гаруна паказвае розныя бакі беларускага жыцьця, але асаблівай дасканаласьці яна набывае ў перадачы поэтай народных паданьняў. З апошніх удалая аповесьць „Варожба“, дзе надзвычайна памастацку паказаны кавалак засьцянковага жыцьця.

Наогул-жа А. Гарун, прымаючы пад увагу сваю адукацыю і цяжкі прыгонны, як ён сам называў яго, стан, выявіў свой талент у надзвычайна высокай ступені. Ён і ня лічыў сябе такім поэтам, якім хацеў-бы быць:

„Бо мой прыгон глытае час,
Мне воля—рэдкі дар,
Такіх поэтаў шмат у нас,
Дзе сам народ—пясьняр“.
(„Людзям“, ст. 6).

Поэта меў вельмі вялікае жаданьне пачуць свае творы з дзявочых вуснаў, хацеў, каб яны пашлі ў шырокія масы народныя:

„Скажу яшчэ чаго-б хацеў:
З дзявочых вусн пачуць
Хаця-б адзін мой бедны сьпеў,
Хаця-б калі-нібудзь“.
(„Людзям“, ст. 6).

Жаданьне поэты споўнілася: да некаторых твораў яго напісана музыка, і яны пяюцца. Але належная ацэнка творчасьці А. Гаруна яшчэ не наступіла. Формальны бок творчасьці поэты ня менш каштоўны—чым зьмест яе. Гарун вельмі ўмела карыстаўся гукавой сымболікай, меў надзвычайна багатую рыфму і ўдалую, адпаведную зьместу мэтрыку. Яго багаты слоўнік ня чураўся спэцыфічных словаў, новатвораў і інш., але зразумелы самаму шырокаму колу чытачоў. Вобразныя сродкі яго мовы, яго сынтакс, як і яго строфіка, могуць служыць найлепшымі ўзорамі ў школьнай прапрацоўцы поэтыкі.

А. Гарун—вялікі пісьменьнік. Творчасьць яго соцыяльна вельмі каштоўная. Таму, у восьмую гадавіну трагічнага скону яго на чужыне, мы павінны асабліва горача вітаць працу Інбелкульту па падрыхтоўцы яго твораў да выданьня. Адначасна трэба пажадаць пасіленьня гэтай каштоўнай працы, каб к дзесятай гадавіне мы маглі мець поўны збор твораў пісьменьніка.