Да гісторыі «Нашае Долі» і «Нашае Нівы»
Да гісторыі «Нашае Долі» і «Нашае Нівы» Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1927 Крыніца: Полымя. 1927. № 3 |
Паведамленьні А. Шлюбскаму
№1
Тукеркес Ян, сын віленскага фэльчара (жыда-выхрыста), прыяцель Ф. Умястоўскага, быў зарэкамендаваны апошнім майму брату Івану як чалавек, каторы мог бы фінансаваць, як даходнае прадпрыемства, праектаваную намі беларускую часопісь ды ўзяць канцэсію на сваё імя як выдавец і рэдактар. Чалавек гэта быў малады — тыповы «хлышч» і «прожигатель жизни», як кажуць па-расейску, але па натуры не благі, даволі адзыўчывы. Першы нумар «Нашае Долі» выйшаў за яго грошы, якія ўраз жа і вярнуліся з прычыны вялізарнага попыту на газэту: у Вільні было прададзена да 3 000 экз. за адзін дзень. Праца наша была, вядома, бясплатная; памяшканьне пад рэдакцыю — таксама. Але ўжо на другі дзень «Н. Д.» была сканфіскавана, што выклікала ў Тукеркеса прыкрую рэакцыю. Да таго ж у яго ўласныя фінансавыя справы ў сувязі зь ведзеным ім спосабам жыцьця пачалі блытацца, дык ён ужо ня толькі не ўкладаў нічога ў газэту (якая далей выходзіла за грошы майго брата, прадаўшага з гэтай мэтай калекцыю сваіх ордэнаў), але, наадварот, рабіў спробы сёе-тое цягнуць з газэты на сваю карысьць. На гэтым грунце (асабліва пасьля неспадзяванага выезду зь Вільні Умястоўскага, захапіўшага з сабой... усю налічнасьць касы!) між намі і Тукеркесам адносіны так папсаваліся, што далейшае вядзеньне газэты пад ягонай фірмай аказалася немагчымым, тым болей, што павыкрываліся і былі раздзьмуханы палякамі нейкія даволі цёмныя справы зь ягонага прошлага. Гэта прымусіла нас зьліквідаваць газэту пасьля чацьвертага нумару[1].
Вось тут і выплывае асоба Гедвілы. Але трэба перш адзначыць, што брат мой, я і Цётка — увесь склад рэдакцыі «Н[ашай] Д[олі]» пасьля выезду Умяст[оўскага] — былі на нелегальным палажэньні і асабліва мусілі ўкрывацца ў сувязі з сталымі канфіскацыямі газэты і пільным надзорам за ёй паліцыі[2].
Адам Гедвіла — дужа сьветлая фігура, ідэйны рэвалюцыянэр (віленец), сябра ППС. З намі ён быў у блізкіх адносінах. Вось жа зь ім у нас пазнаёміўся Тукеркес, і, калі мы зьліквідавалі рэдакцыю«Н[ашай] Д[олі]», Тукеркес, манячыся далей вясьці выдавецтва як рэч магчыма даходную, зьвярнуўся да Гедвілы аб супрацоўніцтва, кажучы, што абодва Луцкевічы і Цётка прымушаны ўцякаць, [дык] няма каму вяcьці працы.
Гэтак выйшлі нумары 5 і 6 «Н[ашай] Д[олі]», зробленыя Гедвілай[3]. Абодва нумары (як і тры з 4-х папярэдніх) былі скафіскаваны[4], газэта зачынена. Тукеркеса засудзілі на год крэпасьці, дык ён уцёк у Парыж, і з таго часу ніякіх вестак аб ім не было. Гедвіла, сустрэўшыся пазьней з намі, вытлумачыў усю справу. Сам ён хутка памёр ад сухотаў.
№2
Магу заверыць, што створаная легенда аб №№ 7 і 8 «Нашае Долі» пабудована на... канцылярскай апісцы віленскае цэнзуры! Справа ў тым, што дакумэнт, на які Вы пазываецеся, нам ведамы і адносіцца не да «Н[ашай] Д[олі]», а да № 8 «Нашай Нівы», які быў надрукаваны 23 лютага 1907 году з датай 24-ІІ[5]. За гэты нумар Уласаў быў засуджаны на два месяцы крэпасьці. Цэнзурная апіска была заўважана ў момант канфіскацыі «Н[ашай] Н[івы]» і тады ж выясьнена. Бачыце, як асьцярожна прыходзіцца адносіцца да гістарычных матэрыялаў — нават афіцыяльных актаў!
«Н[аша] Д[оля]», зусім слушна, не магла выйсьці пасьля яе зачыненьня судом. Дый Тукеркес тады знаходзіўся ўжо, здаецца, за граніцай — у Парыжы, як апавядалі.
Адносна да ўдзелу Гедвілы ў 5 і 6 нумарох «Н[ашай] Д[олі]» выясьняю, што ўдзел гэты выявіўся толькі ў працы, і Гедвіла, наколькі памятаю, быў тады ў вельмі незавідным матэрыяльным становішчы.
«Ідэйнасьць» Тукеркеса — міф! Магу гэта сьцьвердзіць з усёй станоўчасьцю. Характэрна: калі будзеце пераглядаць «Н[ашу] Д[олю]», дык, здаецца, у № 2 знойдзеце абвестку, каб грошы адрасаваць на імя Е. Сымановіча, гэта затым, каб іх ня мог узяць Тукеркес з пошты, бо яны былі не яго, а пакушэньні на іх былі роблены. Сымановіч жа служыў у Т[укеркеса] за лёкая і быў узяты за экспэдытара ў газэту. З увагі на тое, што лёкай выказваў да сябе больш давер’я, чым ягоны «пан», і была зроблена гэтая абвестка.
«Успаміны» Умястоўскага[6], у якіх ён выстаўляе сябе ініцыятарам справы выданьня «Н[ашае] Д[олі]», — далёкі ад праўды. Дый у Вашых артыкулах роля яго як галоўнага арганізатара — лішне раздутая. Ён даваў толькі перадавіцы ў нумары 1, 2 і 3, а такжа рабіў раскладку матэрыялу і карэктуру ў друкарні як адзіны сярод нас легальны чалавек. Увесь жа матэрыял рабілі мы зь Цёткай. Артыкул «Што будзе?» ў № 1 — гэта мой першы дэбют. На № 3 праца У[мястоўскага] спынілася, як я Вам ужо пісаў. Spiritus movens4 газэты быў, бясспрэчна, Іван Л[уцкевіч] як у сэнсе надаваньня кірунку, так і ў сэнсе арганізацыі.
Што датычыцца даных Ігнат[оўскага] аб складзе рэдакцыі «Н[ашае] Д[олі]»[7], дык справа ў тым, што ў ЦК Грамады ў 1905—[190]6 гг. уваходзілі: два Луцкевічы, Іваноўскі, Уласаў, Бурбіс. Вось Ігн[атоўскі] пэўна ж ведаў аб гэтым і таму іх імёны зьвязаў з газэтай. Іваноўскі жыў тады ў Пецярбурзе і пачаў супрацоўнічаць у «Н[ашай] Н[іве]» ў канцы 1906 г. (ст. «Як правіць сенажаць» — Вацюк Тройца). Уласаў прыехаў у Вільню толькі ў пачатку 1907 году ў «Н[ашу] Н[іву]». Колас і Купала жылі на вёсцы і ніякага ўдзелу ў кіраваньні «Н[ашай] Д[оляй]» прымаць не маглі. Чаму Ігн[атоўскі] прапусьціў імя Умястоўскага? Ізноў жа, мусіць, дзеля тэй жа прычыны, дзеля якой увёў Іваноўскага і Уласава: апошнія належалі да ЦК, а Умяст[оўскі] — не!..
- ↑ На першай старонцы чацьвертага нумару «Нашае Долі» было выдрукавана: «Аб’яўляем, што дзеля прычын, ад рэдакцыі незалежных, «Наша Доля» больш выходзіць ня будзе».
- ↑ Матэрыялы аб нелегальным становішчы братоў Луцкевічаў знаходзяцца ў кнізе: «Памяці Ів. Луцкевіча».
- ↑ Пяты і шосты нумары былі падпісаны Адамам Гедвілай як рэдактарам. Афіцыяльна рэдагаваць ён ня меў права, бо рэдактарам афіцыяльным быў Ів. Тукеркес. За «незаконнае» рэдагаваньне «Нашай Долі» Гедвіла быў прыцягнуты віленскай цэнзурай да адказнасьці, аб выніках гэтага вестак няма ніякіх.
- ↑ Адносна канфіскацыі шостага нумару афіцыяльных даных пакуль што няма ніякіх. У архіве Віленскага цэнзурнага камітэту, дзе захаваліся дакумэнты аб канфіскацыі папярэдніх нумароў, адносна гэтага нумару не захавалася нічога. Толькі Ал. Шлюбскім (у «Савецкай Беларусі» 1926 г. № 208 і «Звезде» 1926 № 210) была выказана думка, што шосты нумар абавязкова павінен быў быць канфіскаваны з прычыны яго ярка рэвалюцыйнага зьместу.
- ↑ На восьмым нумары «Нашай Нівы» адзначана дата 24 лютага. Канфіскацыя гэтага нумару сьцьвярджаецца данымі, якія агалошаны Ал. Шлюбскім ў артыкуле «Да гісторыі канфіскацыі «Нашай Нівы», «Полымя», 1925, № 4.
- ↑ Др. Пранук. Аб «Нашай Долі». Беларусь, 1919. № 47—48—214.
- ↑ Праф. У. Ігнатоўскі ў «Гісторыі Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ ст.» кіраўнікамі «Нашае Долі» называе братоў Луцкевічаў і Іваноўскага, а сярод дзейных удзельнікаў называе Уласава.