Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня (1935)/III

II. Беларускі народ жыў, жыве і жыць будзе III. Палітычна-вызвольныя ідэі ў Эўропе XIX ст. і Беларусь
Гістарычная праца
Аўтар: Адам Станкевіч
1935 год
IV. К. Каліноўскі — пачынальнік беларускага палітычнага вызваленьня

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІІ. Палітычна-вызвольныя ідэі ў Эўропе ХІХ ст. і Беларусь.

К. Каліноўскі з сваей часопіся "Mużyckaja Prauda", як сказана вышэй, І. Грыневіцкі і тыя беларускія народнікі, што выдавалі часопісь „Гоман", былі першымі ў ХІХ ст. пачынальнікамі палітычнага вызваленьня Беларусі пасьля яе доўгага занепаду. Аднак ані гэныя людзі, ані чыны іх не зваліліся з неба, не паявіліся ні з сяго, ні з таго на беларускіх гонях, але памог зрадзіць іх дух часу, патрэбы і ідэалы, якія тады панавалі ў заходняй Эўропе.

У ХѴІІІ ст. ў літаратуры панаваў там яшчэ, асабліва ў Францыі, пераважна так званы клясыцызм. Гэта знача, што пісьменьнікі рознага роду краснага пісьменства сьлепа трымаліся ў сваім літаратурным творстве формаў і спосабаў старадаўных грэкаў і рымлянаў, а ня ўнікалі ў дух і глыбіню думак іх. Гэтыя новыя клясыкі, ці як часта звалі іх псэўдо (фальшывыя), або францускія клясыкі, ня бралі з культуры старадаўных грэкаў і рымлянаў веды, а бралі толькі форму, насьледавалі толькі вонкавы бок іх творства. Гэта у выніку давяло да ўпадку літаратуры, да сьмешнасьці нават і змусіла пісьменьнікаў шукаць новых дарог.

На зьмену - і як проціўвага клясыцызму - прышоў узноў романтызм. Романтызмам завецца такі кірунак людзкой думкі, які кладзе націск пераважна на асабістасьць чалавека, на пачуцьцё і выабражэньне яго. Кірунак гэты зварачваецца да мінуўшчыны народаў, да сярэднявечча і да хрысьціянства. Романтызм быў кірункам, які абыймаў усе галіны духовага творства чалавека, а знача і навуку, асабліва гісторыю, філёзофію і мастацтва.

Пачатак романтызму адносіцца да таго часу, калі ў Эўропе, пасьля ўпадку Зах. Рымскай Імпэрыі, паўставалі новыя хрысьціянскія дзяржавы, аснаваныя раманскімі народамі. Тады паявілася романтычная літаратура, або романтызм, які фактычна азначаў сярэдневяковую літаратуру, прасякнутую містыцызмам.

У час гуманізму, або адраджэньня (ст. XIV-XVІ) романтызм паволі быў выціснуты клясыцызмам, пасьля выраджэньня якога ў канцы ХVІІІ ст. прышоў узноў романтызм абноўлены і адроджаны, прыносячы ўжо ў літаратуру новыя формы і пераважна новы зьмест. Цяпер на літаратуру пачалі глядзець як на самастойную галіну жыцьця паэтаў і пісьменьнікаў і як на дзейнік вышэйшых, ідэальных імкненьняў чалавека. Зьмест свой романтычная літаратура пачала чэрпаць з крыніц народнага жыцьця, а праз гэта новы романтызм зблізіў літературу з народнасьцяй.

Вясна романтызму засьвяціла так жа і над галавой Беларусі, а з ім прыходзіла да беларускага народу і ягонае нацыянальнае адраджэньне.

Романтызм у літаратуры з Эўропы даходзіў і да нас. Зярняты нацыянальных ідэяў, зроджаных романтызмам, дзякуючы стычнасьці з Эўропай асьвечаных клясаў нашага краю, дакаціліся і да Беларусаў. Дасканальным правадніком гэных ідэяў у нас быў да свайго закрыцьця (1832) Віленскі ўнівэрсытэт.

З муроў гэтага ўнівэрсытэту, або пад яго ўплывам, паявіліся беларускія романтыкі, паэты-пісьменьнікі: Ян Баршчэўскі, Ал. Рыпінскі, Ян Чэчат, а так-жа і бацька беларускага краснага пісьменства Вінцук Дунін-Марцінкевіч.

З муроў гэтага ж унівэрсытэту паявіліся так-жа беларускія романтыкі і ў навуцы, якія дасьледжвалі беларускую гісторыю, права, мову. Да гэткіх належаць: уніяцкія сьвяшчэньнікі: праф. М. Баброўскі і Платон Сасноўскі, а так-жа праф. Ігнат Даніловіч, Яз. Ярашэвіч і іншыя.

У тым жа больш-менш часе, гэта знача ў канцы ХVІІІ і ў пач. ХІХ ст., апрача романтызму ў літаратуры, у мастацтве і навуцы паявіўся ў тэй-жа Зах. Эўропе і романтызм народнапалітычны. І гэта цалком зразумелая рэч. Калі романтыкі ў літаратуры і навуцы апявалі і апісвалі красу жыцьця народаў і іх слаўную мінуўшчыну, дык не маглі яны ня ўбачыць і ад'ёмных бакоў гэтага жыцьця, як няволі палітычнай і соцыяльнай народаў. І сапраўды, романтызм літаратурны і навуковы лёгічна вёў да романтызму палітычна-народнага. Ад песьняў аб красе і нядолі жыцьця народаў, ад навуковых досьледаў над гісторыяй і мовай народаў, - беспасрэдны пераход да барацьбы за лепшае палітычнае і соцыяльнае жыцьцё іх.

XVII і XVIII ст. ў жыцьці палітычным — гэта час абсолютызму, сутнасьць якога ў тым, што манарх, пад панаваньне якога ў працягу гісторыі розным спосабам, ня вылучаючы атрыманьня іх у спадку па жонцы, падпадалі розныя народы, быў іх неагранічаным валадаром і панам. У ягоных руках была найвышэйшая ўлада ўставадаўчая, выканаўчая, а нават і судовая.

У канцы-ж ХVІІІ ст. у міжнародным праве ў Зах. Эўропе пачынае угрунтоўвацца аснова сувэрэннасьці (поўнай незалежнасьці ад пастароннай палітычнай улады) народу, якая ёсьць адной з падставаў нацыянальнасьці. Паводле гэтай думкі кожны народ ёсьць адзіным гаспадаром усяго таго, што ён мае[1].

Магутным дзейнікам і сяўцом гэтых ідэяў была ў Эўропе Вялікая Француская Рэвалюцыя (1789), якая для гісторыі многіх народаў і іх палітычна-нацыянальнага вызваленьня была сапраўды зваротным пунктам. Ідэолёгія гэтай рэвалюцыі апіралася на ідэях вольнасьці асабістай адзінак і народаў. Развою ідэяў Вял. Францускай рэвалюцыі, хутка па ёй паўстаўшыя наполеонаўскія войны, ня толькі ня ўстрымалі, але яшчэ й дапамаглі ім, хоць уся дзейнасьць Напалеона была супярэчная з прынцыпам народнасьці. Наполеонаўскае войска па усей Эўропе разносіла ідэі Вял. Рэвалюцыі і адначасна заваёўвала іх. Вось-жа гэта шырэньне нацыянальных ідэяў і адначасна гвалтаваньне іх у народах паглыбляла нацыянальную сьведамасьць і выклікала абурэньне проціў чужацкіх акупантаў.

Урэшце, калі прышла ў тэй-жа Францыі рэвалюцыя ліпнёвая (1830) і рэвалюцыя лютаўская (1848), якія гулкім рэхам пракаціліся па ўсей Эўропе, выклікаючы ў свой чарод рэвалюцыі сярод многіх народаў за свой самастойны народнапалітычны быт, прынцып палітычнага романтызму, прынцып нацыянальны ў палітычным і соцыяльным жыцьці многіх народаў Эўропы яшчэ яшчэ больш умацаваўся і ўгрунтаваўся.

Слушна гэты час, асабліва год 1848, завецца ў гісторыі вясной народаў. У гэтым часе паднялі сьцяг барацьбы за сваю палітычную самастойнасьць і за сваё нацыянальнае аб'яднаньне, як народы, што самастойнасьць гэту мелі і яе утрацілі, так і тыя, што першы раз жадалі яе здабыць. У гэтым часе спатыкаемся з вызвольным нацыянальным рухам бэльгаў, вуграў, немцаў, палякоў, чэхаў, італьянцаў, фляманцаў, каталёнцаў, грэкаў, славакаў, румынаў, харватаў, сэрбаў, баўгараў і многіх іншых.

Разам з развоем нацыянальнай ідэі самастойнасьці народаў, паўстала так-жа пытаньне аб узаемных гэтых вольных народаў адносінах. Вось-жа ў тым самым ХІХ ст. паўстала ідэя Фэдэралізму. Фэдэрацыя (foedus - дагавор) — саюзная дзяржава. Бывае яна тады, калі паасобныя вольныя народы дабравольна твораць адну дзяржаву, на падставе дагавору між сабой. Агулам гаворачы, фэдэрацыя — гэта больш менш тое самае, што самая крайняя дэцэнтралізацыя дзяржавы, самы шырокі самаурад. У фэдэрацыйнай дзяржаве існуюць для паасобных народаў і краін паасобныя соймы і ўрады, якія і вядуць усе ўнутраныя справы краю. Загранічную ж палітыку, фінансы і войска вядзе ўрад цэнтральны, агульна-фэдэрацыйны.

Пад уплывам гэтай агульнай фэдэрацыйнай ідэі паўстала тады так-жа ідэя фэдэрацыі агульня славянскай, ці ідэя т. зв. панславізму (усеславянства), ідэя саюзу славянскіх палітычна-вольных народаў. Тварцом гэтай ідэі быў славак Колярж[2].

Словам, у ХІХ ст. нацыянальна палітычная сьведамасьць народаў дайшла да вялікіх разьмераў, кіруючы гэтыя народы да самастойнага палітычнага жыцьця. Праўда, сьляды такой сьведамасьці і такой волі народнай спатыкаем ужо ў канцы сярэднявечча, аднак дзейнік народны аж да другой паловы ХVІІІ ст. большай ролі не адыграў. А ўжо ад канца ХVІІІ ст. зачаўся шыбкі ўзрост народнай сьведамасьці ўва усей Эўропе. Узрост гэты яшчэ больш, як убачым ніжэй, зазначыўся па сусьветнай вайне, сільна зазначаецца і дзеіць сяньня.

У тым часе, калі ў Эўропе так буйна разьвіваўся вызвольны рух народаў, Беларусь - разам з Польшчай, Літвой і Украінай - ужо належыла да царскай Расеі. Сюды так-жа даляталі гэтыя крылатыя народніцкія ідэі і спатыкалі тут гарачае спачуцьцё і захопленьне прадусім сярод студэнства. І так, у другой палове ХІХ ст., пад уплывам гэтых ідэалаў Эўропы, у Расеі паўстаў палітычна-вызвольны рух ведамы пад назовам "народничества". Пазьнейшыя арганізацыі гэтага кірунку зваліся: "Земля і Воля", і з яе паўстаўшыя:"Черный Передѣл" і "Народная Воля" (1879-1886). Клічам нанароднікаў было „хожденіе в народ", каб вучыць яго і будзіць да лепшага жыцьця, да зямлі і волі. Палітычнай праграмай, землевольцаў", замест царскага неагранічанага самадурства, было учрежденіе казачих кругов, т. е. вольных, автономных общин с выборными, ответственными и всегда сменяемыми исполнителями народной воли"[3].

Тымчасам самі тварцы расейскага народничества "і"хожденія в народ": Бакунин (1814—1876), Герцен (1812-1870) і інш. гэна права "вольных автономных общин" выразна прызнавалі і Беларусі. Асабліва ярка аб гэтым выражаўся Бакунін. Ён у сваей слаўнай, Адозве да Славян" паіменна вылічае ўсе народы царскай Расеі: беларусаў, палякоў, украінцаў, літоўцаў, фінаў, латышоў і інш. і прызнае ім права на самастойнасьць у фэдэрацыйнай лучнасьці між сабой, або і права на поўную незалежнасьць. Бакунін дамагаецца, каб кожнаму народу была дадзена свабода ўладзіць лёс свой палітычны, як ён толькі захоча. Гэткіх самых поглядаў трымаўся і Герцен, высказваючы іх аднак больш спакойна і асьцярожна. Фэдэрацыю яны разумелі, як вольны саюз вольных народаў[4].

Бакунін верыў, што, польскае паўстаньне сапраўды падыме народы быўшага Вялікага Княства Літоўскага да самаазначэньня ў кірунку поўнай незалежнасьці, або прынамсі да фэдэрацыі[5].

У імя гэткіх народніцкіх і фэдэрацыйных ідэалаў бароліся - за выняткам буйных паноў і палякі. Яны, гэныя палякі демократы, імкнуліся да незалежнай Польшчы, у складзе якой жадалі б, праўда, бачыць Літву, Беларусь і Украіну, але злучаныя між сабой вузлом фэдэрацыі[6].

Да вольнасьці палітычнай у кірунку фэдэрацыйным імкнуўся тады і народ украінскі. На чале гэтага руху стаялі Костомараў і Драгоманаў.

Украінскі гісторык Мікалай Костомараў (1817-1885) быў тварцом ідэолёгіі фэдэрацыі славянскіх народаў на асновах хрысьціянскай любові і справядлівасьці. Дзеля пашырэньня гэтых вялікіх ідэяў, ён — разам з іншымі — заснаваў ведамае ў гісторыі Кірыла-Мяфодаўскае Брацтва". Праграма гэтага палітычнага брацтва прадбачыла незалежнасьць кожнага славянскага народу, злучанага фэдэрацыйна з Расеяй. Між славянскімі народамі, што мелі ўвайсьці ў склад гэнай вялікай фэдэрацыі, паіменна быў браны пад увагу і народ беларускі. Усё правадаўства, уласнасьць і асьвета у гэнай славянскай фэдэрацыі павінны былі апірацца на навуцы Хрыстовай[7]. А затым, што падобныя фэдэрацыйныя ідэалы, як ведаем, мела і демокрацыя польская, прынамсі што да Беларусі, Літвы і Украіны, жадаючы, каб гэтыя краіны ўвайшлі ў Фэдэрацыю з Польшчай, Костомараў уважаў, што Беларусь, Літва і Украіна самі павінны выявіць сваю волю, да якой фэдэрацыйнай дзяржавы яны хочуць належаць: да Расейскай, ці Польскай[8].

Брацтва сьв. Кірыла і Мяфода, да якога належыў і Шэўчэнка, у 1857 г. царскай уладай было скасавана, а сябры яго арыштаваны і павысыланы ў Сібір. Ідэі аднак гэтага Брацтва асталіся жыць далей. Ідэі гэныя пашыраў далей і разьвіваў другі ўкраінскі вучоны гісторык і палітык Міхал Драгоманаў (1841-1895), фэдэралістычныя думкі якога мелі вялікі ўплыў і на інтэлігенцыю расейскую. Быў ён між іншым рашучым праціўнікам, каб Літва і Беларусь, замест быць вольнымі фэдэрацыйнымі дзяржавамі ды былі звычайнымі правінцыямі Польшчы, або Расеі[9].

Гэтымі ідэямі кармілася і беларуская моладзь на расейскіх унівэрсытэтах. Гэтыя ідэі радзілі сярод іх барацьбітоў за палітычную волю беларускага народу. Гэтыя ідэі зрадзілі беларускіх народавольцаў: Каліноўскага і яго "Mużyckuju Praudu", Грынявіцкага і тых барацьбітоў, што выдавалі "Гоман".


  1. «La nation etant seule maitresse des biens qu’elle possede, elle peut en disposer comme bon lui semble». «Vattel — Le droit des gens ou principes de la loi naturelle». Kn. I, b. 291. 774. (Паводле: St. Kodź. — Zasady Narodowуsci. 1932, бач. 44).
  2. Перанялі гэтую ідэю расейцы (славянафілы) і сапсулі яе. Яны не прызнавалі асобнасьці, асабліва палітычнай, іншых славянскіх народаў апрача расейцаў і лічылі, што ўсе гэтыя народы павінны зьліцца у вадзін народ расейскі і паддацца пад кіраўніцтва расейскага цара.
  3. С. Агурский - Очерки по истории революционнаго движения в Белоруссии (1863-1917). Минск 1928, бач. 26.
  4. L. Kulczycki Rewolucja Rosyjska. Lwów 1909. T. I. 398-9.
  5. Письма М. А. Бакунина къ А. И. Герцену і Н. П. Огареву съ біографическимъ введеніемъ и объяснительными примѣчаніями Драгоманова" бач. 82.
  6. L. Kulczycki, там-жа, І 393, 427,
  7. L. Kulczycki, там-жа, І 268-269. Ю. Охримович - Розвиток української нац.-пол. думки. 1922, бач. 40 і наст.
  8. L. Kulczycki, там-жа, І 396.
  9. L. Kulczycki, там-жа ІІ, 253-4. Ю. Охримович, там-жа, бач. 88 і наст.