Да моладзі (Васілёк)

Да моладзі
Верш
Аўтар: Міхась Васілёк
1925
Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 19

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дружна, хлопцы маладыя,
Наша слава, наша ўцеха,
Маладыя, удалыя, —
Смела ўдаль са звонкім смехам
На спатканне лепшай долі!
Калі сэрца прагне волі,
Прагне песень і свабоды, —
Што нам буры і нягоды?!

Шлях шырокі перад намі —
Не скаваць нас кайданамі,
Не зглуміць у сутарэннях!
Для наступных пакаленняў
Пад сяўбу раллю падымем…

Гэй вы, хлопцы маладыя!
Ці ж не можам быць мы з вамі
Свайго шчасця кавалямі?
— Можам! Будзем!
Сонца ззянне
Ярка стрэне напрадвесні
Наша першае спяванне.
І пальецца рэха песні,
Перамогшай сум і гора,
Вольнай хваляй па прасторах!

1925