Да нашай краёвай інтэлігэнцыі

Да нашай краёвай інтэлігэнцыі
Адкрытае пісьмо
Аўтар: Казімір Шафнагель
1917
Крыніца: Šafnagiel, Kazimir (2002). “Da našaj krajowaj intelihencii”. Спадчына, № 4: 57–64. Упершыню надрукавана ў: Гоман, 28.10.1917; 30.10.1917; 09.11.1917; 13.11.1917

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прыйшоў момант ядыны, момант асаблівы, момант, каторы мо ўжо ў гісторыі не паўторыцца больш для нешчаслівага, пазбаўленага сваёй дзяржаўнасці, пакінутага сваімі натуральнымі кіраўнікамі – сваім духавенствам і сваёй свецкай інтэлігэнцыяй беларускага народу. Гэты народ беларускі прызваны цяпер пастанавіць аб сабе, аб сваёй будучыне, прызваны паказаць, што ён ёсць, і падаць голас, што ён жыве, выказаць свае палітычныя і нацыянальныя жаданні.

Але які ж страшэнны трагізм! Гэты народ беларускі, каторы, як і кожын іншы народ, павінен складацца з некалькіх грамадзянскіх слаёў: народнай масы – сялянства і работнікаў, ды з класу менш чысленых, але эканамічна і культурна сільных і нацыянальна свядомых, – значыць: зямян, мяшчанства і прадстаўнікоў вольных прафесій, – гэты народ беларускі складаецца цяпер толькі з чысленай, але цёмнай, няграматнай, нацыянальна несвядомай сялянскай і работніцкай масы, баламучанай па сягонняшні дзень пануючымі над ёй палітычна, эканамічна і культурна нацыянальнасцямі. Бо гэты народ беларускі – то сірата, бедны, цёмны, беззашчытны, сірата, пакінуты сваімі натуральнымі айцамі і апекунамі – сваёй інтэлігенцыяй. І вось, калі наляцела страшэнная гістарычная навальніца, калі прагавітасць суседзяў шчэрыць зубы, каб праглынуць і сцерці дазвання з аблічча зямлі народ беларускі, калі разам з тым – дзякуючы шчасліваму ходу здарэнняў – гэтаму народу засвяціўся, праўда, слабы яшчэ прамень надзеі на нацыянальнае і палітычнае адраджэнне, – у гэткі станоўчы зваротны момант той народ-сірата стаіць вось беззашчытны, быццам смачная пажыва для кожнага, хто захоча працягнуць па яго руку, каб яго знішчыць, дэнацыяналізаваць, праглынуць!

Гдзе ж запрапала тая натуральная апякунка і кіраўнічка кожнага народу – яго інтэлігенцыя? Якім дзіўным, трагічным здарэннем асталося ад народу гэтага толькі тулава, – гдзе падзелася галава яго?

Ах, бо інтэлігенцыя гэтага народу некалі за сорак сярэбранікаў (шляхецкія прывілеі – падданства сялян) адраклася яго, здрадзіла свой уласны народ, прысвоіўшы чужую для яго мову, культуру і палітычны ідэал. Беларускі народ і стаўся гэтак сіратой, бо яго інтэлігенцыя, яго вышэйшыя, абяспечаныя класы дэнацыяналізаваліся, спольшчыліся, сталіся чужымі тэй масе народнай, з каторай вышлі, чужымі тэй зямлі, з якой ад вякоў цягнулі жыццёвыя сокі.

Распачаўшыся раздзел вызываў усё вялікшыя рэзультаты, паглыбляўшыя ўсё болей пропасць між народам беларускім і яго апалячанай інтэлігенцыяй, бо беларуская маса, пазбаўленая сваіх уласных нацыянальных, культурных слаёў, асталася на пачатковай ступені развіцця са сваім “простым” – як у пакорнасці сваёй называе – языком, са сваёй нацыянальнай несвядомасцю, каторая выяўляецца, напрыклад, у тым, што беларус не ведае, хто ён папраўдзе ёсць, і на пытанне аб гэта, калі каталік, кажа: “польскі”, а калі праваслаўны – “рускі”, не маючы магчымасці распазнаць гэтых двух аснаўных паняццяў – вера і нацыянальнасць, бо ўтраціў нават жаданне мець сваю ўласную гасударственасць і нацыянальную самабытнасць.

Інтэлігенцыя беларускага народу – яго “абывацелі”, духавенства і мяшчанства, прысвоіўшы сабе чужую, але багатую польскую культуру з яе пышнымі здабыткамі, традыцыямі, літаратурай і ідэаламі, каторыя зіхацяць тысячамі колераў, вабячы вочы, душу і сэрца, і ўлажыўшы ў скарбніцу гэтай чужой культуры багатыя ўласныя здабыткі, паклаўшы на жэртвенны алтар польшчыны найвышэйшыя праявы свайго нацыянальнага генія (Міцкевіч, Кандратовіч, Касцюшка, Ажэшка, Манюшка, Сянкевіч і да т.п.), даўшы польскаму народу папраўдзе львіную часць таго, чым палякі пышаюцца, як сваім найвялікшым і найдаражэйшым багаццем, – гэтая апалячаная беларуская інтэлігэнцыя цяпер з пагардай паглядае на народ, з каторага сама выйшла, зусім, як той мужык, каторы дайшоў багацця, пабудаваў на месцы бацькавай хацінкі палац, апрануўся ў багатыя шаты, набраўся “панскіх” манер – і сароміцца свайго сялянскага роду, з пагардай глядзіць на тых бедных братоў сваіх, каторыя ў мужыцкай хаце асталіся, ды яшчэ горш і страшней: ужо іх за братоў не лічыць, выракаецца іх і супольнага з імі паходжання...

А ты, пане, каторы ад дзядоў-прадзедаў жывеш тут, у Беларусі, маеш беларускае імя, або хоць і польскае, ці спольшчанае, дык усё роўна чысленымі вузламі звязан з тутэйшым народам і з гэтай зямліцы роднай, з гэтага краю – такога блізкага, з яго палёў, пожней і лясоў і паветра свае сокі жыццёвыя цягнеш, – ты, пане, каторы ад дзядоў-прадзедаў жывеш у найбліжэйшым суседстве з гэтым народам і з працы яго здабываеш сваё багацце, – ты, да каторага люд гэты гэтак шчыра, гэтак міла, па сыноўску пешчатліва прамаўляе: панок, паночак, быццам мімаволі шукаючы ў “пану” апекуна, айца, – ты, пане, на пытанне, хто ты такі? – адказваеш: “Я? Я – паляк!” Так, горда, пышна, свядома: паляк! Крый Божа, не беларус: “Фэ, гэта выходзіць так пахамску, так кампраметуе, так нязгодліва з маімі традыцыямі, ідэаламі і мінуўшчынай!”

Вось у чым трагізм палажэння: беларускі народ, праўда, мае сваю інтэлігенцыю, ды яна – польская!

Два асобныя светы, дзве мовы, дзве традыцыі, два светапогляды, – дзве арыентацыі!

А трагізм палажэння ўзвялічваецца яшчэ тым, што і мясцовае духавенства, радзіўшаеся ў гэтым краю, часта выйшаўшае беспасрэдна з беларускай масы або са спольшчанай шляхты беларускай, частка з чыста беларускім іменем, чураецца гэтага народу. На пытанне: хто ты? – ксёндз адказвае: “Я чую сябе палякам”...

І вось бедны селянін беларускі ані ў сваім “панку”, ані ў ксяндзу не бачыць ужо брата. Пан і ксёндз прамаўляюць да яго не яго роднай “простай” мовай, а языком “панскім”, культурным, языком польскім. Пан і ксёндз лічаць, што іх найсвяцейшая нацыянальная павіннасць – апалячыць беларуса-мужыка праз касцёл, праз школу, а калі б удалося – дык праз суд, праз урадавыя ўставы, а ў канцы, як найвышэйшы ідэал, праз дзяржаўнасць... польскую!

Чым жа вы, апалячаныя беларусы, лепшыя за пагарджаных вамі гакатыстаў і абрусіцеляў? Адумайцеся! Чы не ў сто разоў горшы вы ад іх, чы не заслугоўваеце на імя адступнікаў свайго народа?! Бо калі гакатысты і абрусіцелі прыходзяць, маючы ўласць, з чужой зямлі дзеля дэнацыяналізацыі таго або іншага народу, дык яны за гэта прыносяць яму доступ да велізарных карысцяў, каторыя дэнацыяналізаваным дае прыналежнасць да палітычна ці культурна магутных дзяржаўных арганізмаў. А вы, апалячаныя беларусы, вы, адступнікі ў родным краю, дзе вы ўзгадаваліся, дзе жывіцё, – адступнікі, бо хочаце пазбавіць народ свой яго нацыянальнасці, хочаце навязаць яму чужую гасударственасць – замест памагчы яму стварыць сваю ўласную, накінуць яму чужую мову, каторая сталася для вас радзімай...

Ядыная ў цяперашні момант задача адраджаючайся Літвы і Беларусі – гэта выкарыстаць уклад палітычных варункаў ды ўзяцца за адбудову свайго дому, сваёй гасударственасці. Літвіны ўжо пачалі гэту работу, знаходзячыся ў тым шчаслівым палажэнні, што ўжо раней, нягледзячы на апалячанне сваёй інтэлігенцыі і нават супроць яе, стварылі хоць нячысленны гурток сваёй нацыянальнай інтэлігенцыі, ды пры гэтым важную з нацыянальнага пагляду, хоць і лішне захватную ролю адыграла літоўскае духавенства. Беларусы знаходзяцца ў горшым палажэнні, – як я сказаў на пачатку, у палажэнні трагічным. Народ беларускі ў асобе сваёй нацыянальнай інтэлігенцыі прадстаўлен горача мілуючай сваю справу, але нячысленай групай людзей, а большасць яго радзімай інтэлігенцыі – спольшчаныя “паны” і духавенства – выступае як заядлы вораг яго, цікуючы на кожную праяву беларускай свядомасці, скуль бы яна ні выявілася – зверху ці знізу, каб зніштожыць яе ў самым зачатку.

Сапраўды, трагічнае палажэнне гэтага народу-сіраты ў момант, калі доля ўсміхнулася яму, у момант, калі мае магчымасць вярнуць утрачаныя прад вякамі прырожаныя правы: маліцца Богу ў матчынай мове, вучыцца ў тэй жа роднай мове ў школе, – калі перад ім ад крываецца перспектыва адбудовы загубленай некалісь нацыянальнай гасударственасці. Каб здабыць усё гэта, яму трэба інтэлігентных сіл, каторых мае гэтак мала: нявыкарыстаны момант можа ўжо ніколі не вярнуцца. Народу беларускаму трэба, каб яго асвядомілі, каб адкрылі яму вочы на вялікую праўду, каторая стаіць побач яго, ды ён яе не бачыць, – на тую праўду, што народ гэты – то народ беларускі, а не польскі ці маскоўскі, што, як і кожын іншы народ, ён мае свой радзімы язык, каторы быў прад вякамі языком гасударственным, мае права на самаазначэнне, на стварэнне ўласнай самабытнай дзяржаўнасці, – што на гэта прыйшоў час, каторы трэба выкарыстаць, бо іначай ён можа мінуцца беспаваротна.

Хто ж скажа яму гэтыя вялікія праўды, хто разбудзіць гэты народ і прызаве да дзела?

Апалячаная беларуская інтэлігенцыя! Паны “тутэйшыя палякі” – ксяндзы і зямяне! Няўжо ж ваша грамадзянскае сумленне нічога вам не гаворыць? Няўжо ж не задрыжыць у спольшчаных сэрцах вашых праўдзівы патрыятызм – не прыбраны ў пазычаныя пёры, але спакон вякоў краёвы, нацыянальны і народны беларускі? Чы гэта зямелька родная са сваімі сумнымі абразамі, сваімі вазёрамі, лясамі і гарыстымі палямі да вас не прамовіць, – чы голасу гэтага збожнага народу, што вас “панкамі даражэнькімі” называе, вуха ваша не пачуе, – чы яго праўдзівых патрэб, каторых ён сам яшчэ не разумее, ваша душа не адчуе, а калі адчуе, дык чы не загаворыць у вас грамадзянскае сумленне і чы не дасць яго вам цвёрдага наказу ўзяць той-час на свае плечы работу дзеля адраджэння гэтага люду – нацыі, да каторага так чы сяк самі вы прыналежыце?

Або мо, трываючы ў старым засляпленні, і далей будзеце ў адносінах да руху беларускага занімаць варожае становішча, а калі і не яўна варожае, дык раўнадушнае, пасіўнае, дарэмна спадзеючыся, што самай толькі гэтай раўнадушнасцю, самай пасіўнасцю засудзіце гэты рух на зніштажэнне – прынамсі дачаснае?

Не ашуквайце сябе: гэты рух, развіццё беларускай свядомасці прыйдзе само сабой, абніме шырокія масы, станецца магутнай сілай, каторая грозна і гнеўна спытаецца вас: “Што вы, нашы старшыя браты, нашы духовыя айцы, нашы натуральныя апекуны і кіраўнікі, учынілі для нас у той час, у той момант асаблівы? Чаму не станулі з намі поплеч, чаму – не прызнаўшыся шчыра і адкрыта, што вы – сыны Беларускай зямлі, або беларусы, ужываючыя польскай мовы, і гэтак фальшуючы запраўднае палажэнне, – аб’явілі сябе за палякаў, не памаглі нам адбудаваць наш уласны дом, нашу родную дзяржаўнасць?” Так, дэмас той прыйдзе да вас і спытаецца вас гэтак і скажа свой справядлівы прыгавор вам!

Дык, пакуль час, апамятайцеся! Няхай споўніцца ў вас унутраная перамена! Змяніце сваю, так сказаць, зверхную арыентацыю на ўнутраную, краёвую! Няхай замест белага арла на вашым штандары заззяе пагоня, як некалісь на штандарах вашых дзядоў! Падайце руку народу, каторы вымагае і мае права вымагаць ад вас гэтай ахвяры, і памажыце яму збудаваць яго і вашу будучыню!

Гэтак вы толькі споўніце сваю павіннасць перад краем, каторы дае вам усё.

Кажаце: “Мы тут не каланісты і не хочама быць каланістамі; мы, палякі, тут – дома, мы – гаспадары ў гэтым краі і маема права аб долі яго і аб сабе, як такіх, судзіць”.

Адкажам вам: маеце права гэтулькі, паскольку прызнаеце нашу літоўска-беларускую гасударственасць. Але я ведаю, да чаго вы кіруецеся: вы хочаце тут, у гэтым нешчаслівым нашым краі, раздзіраным нялічанымі праціўнасцямі, зрабіць яшчэ адну крывавую рану – утварыць польскі Ольстэр, супроць беларускага характару гэтага краю выстаўляючы ваш “уласны” нацыянальны характар; мэта ваша – стварыць гасударства ў гасударстве з усімі яго прыналежнасцямі, з сеццю шчупальцаў, раскінутай па ўсім краі дзеля высасывання яго нацыянальных асобнасцей, дзеля дэнацыяналізацыі. Раз стануўшы на фальшывым – процікраёвым становішчы, вы топчацеся ў зачарваным коле, шукаючы выхаду, каторы вось перад вамі шырока адчынен; а гэта ёсць: прызнанне сябе за грамадзян Беларускага краю і прыняцце ўсіх выплываючых з гэтага далейшых кансэквэнцый і абавязкаў, каторыя ўскладае на вас такое прызнанне.

З прычыны таго, што будучая беларуска-літоўская гасударственасць, само сабой разумеецца, будзе апірацца на дэмакратычных і ліберальных асновах, нацыянальныя і культурныя правы ўсіх іншых нацыянальнасцяў гэтага краю, як трэба, забяспечаны – аднак, з тэй умовай, што яны прызнаюць ядыную гасударственасць – літоўскабеларускую. Бо няма даўнасці для правоў народу, і гасударственасць, трываўшая цэлыя сталецці пад іменем Беларуска-Літоўскай дзяржавы і загубленая сто лет таму назад, мусіць быць вернена паўстаўшым да новага жыцця беларусам і літвінам, адвечным гаспадарам гэтага краю, яго жывым масам народным. Гэтыя масы маюць права самі пастанавіць аб сабе, быць панамі на сваёй зямлі, і ўсё іншае павінна падчыніцца гэтай магутнай волі мас – большасці.

Дык вось для вас, паны “палякі”, ёсць толькі два выхады: або прызнаць сябе за грамадзян гэтага краю, за сыноў гэтай зямлі і стануць у адзін рад з народам, між каторым жывяцё – або прызнаць сябе за асобную нацыянальнасць, чужую для гэтых мас – нават варожую для іх, бо з захватнымі апетытамі, нязгодную ўступіць захопленых становішч, зайздросна пільнуючую свайго “стану ўладання”.

Перад вамі, паны “палякі”, дзве дарогі. У гэты асаблівы момант вы апынуліся на ростані і маеце на выбар адно ці другое. Найбліжэйшая будучына пакажа, што ў вас прамовіць ямчэй: грамадзянскае сумленне, пачуццё абавязку перад народам, з каторага вы выйшлі і сярод каторага жывёце, народам, каторы ёсць, жыве і кліча вам: “Памажыце!” – чы мо ваша дэзарыентацыя нацыянальная і палітычная, фальшывае нацыянальнае становішча, жаданне захватаў. І або вы пойдзеце поплеч з людам нашым, як яго старшыя браты, прыяцелі і бацькі і, падаўшы яму руку, паможаце яму выйсці на дзённае святло – да таго сонца самабытнасці, на каторае мае права кожын народ, хоць бы цэлыя сталецці прабываў у цемры, забыцці і занядбанні, – або ў змучаных радох выступіце, як ворагі яго права на самазначэнне, на будову ўласнай гасударственасці, усюды і заўсёды нішчучы работу яго.

Прабіла гістарычная гадзіна, каторая выявіць вашу палітычную мудрасць і даспеласць, ці ваша засляпленне і палітычнае банкруцтва. І або нашы дарогі пойдуць адным шляхам, да далёкай яснай будучыны, або разойдуцца і будуць усё болей расхадзіцца – навекі.

Вы, панове “польскія” інтэлігенты на зямлі Беларускай, палітычна, культурна і нацыянальна абязсілелі, і ўся ваша работа выяўляецца ў нэгацыі (адкіданні), або ў тым, што слепа дзержыцеся застарэлых і ўтраціўшых цану клічоў і формул, – зусім быццам тыя зубры, каторыя сілай канечнасці засуджаны на павольнае выміранне, бо вы ўтрацілі звязь з вечна маладой крыніцай свежых сіл народных. На павароце да гэтай крыніцы, на чэрпанні з яе свежых жыццёвых сокаў і дачы з іх падмогай адпору ўсялякаму замяжоваму націску, усё роўна з якога боку, аснована будучына, аснованы бясцэнныя кругазоры і магчымасці! І калі віленская маладзёж, уздзеўшы на галаву “рогатывкі” ды начапіўшы арла, думае, быццам, яна спаўняе патрыятычны ўчынак, – дык якую ж страшэнную абмылку яна робіць, як кепска асвядомлена! Не Польшчу трэба тут цяпер будаваць, а нашу ўласную дзяржаву; не арла, а пагоню насіць; не “рогатывкі”, а простые мужыцкія шапкі, якіх ужывае тутэйшы народ; не шматфарбны кракаўскі ўбор, пекны, але чужы, а сівая сярмяга нашага хлебароба – вось нацыянальная вопратка! Сюдой дарога – з народам і праз народ! Не вы цягніце яго за сабой у чужыя для яго, нязнаныя стораны, але самі ідзіце за ім – туды, куды ён жадае! У гэтым – праўда, рэальная, пазітыўная праўда, будаўніцтва ад асноў; у гэтым – кліч на сягонняшні дзень; у гэтым – будучыня!

Вы, паны тутэйшыя інтэлігенты, утраціўшыя жывую звязь з тутэйшым народам, калі б замест шукаць для сябе ідэалаў у Варшаве або Кракаве, замест паддавацца патрыятычным настраенням ад кракаўскіх танцаў і ўбораў, былі ў бліжэйшай еднасці з нашым народам, калі б вы ўважліва, з пашанай і тклівасцю, а мо і з пачуццём унутранага сораму прыглядаліся лепей да шэрай долі тутэйшага селяніна, каторы з пакалення ў пакаленне, ціха і без наракання, ад калыскі да магілы ў поце чэла гарэ бацькаўскі палетак, ажно пакуль, аслабеўшы і змораны, з пакорнасцю волі Божай не паложыць сваю змучаную, пасівеўшую галаву ў дамавіну, калі б вы – з другога боку – прыглядаліся бліжэй да таго маладога беларускага руху да адраджэння, каторы, быццам кволая яшчэ, скромная красачка ў цяню развівае свае каляровыя пялюсткі, да таго руху, поўнага гарачага патрыятызму і жадання вырвацца к сонцу, к праўдзе, к жыццю, – дык, можа, у сэрцы сваім вы бы выкрылі вялікую праўду, што тут вашы браты, тут ваш люд, тут ваша Бацькаўшчына, – што ў гэтым ваша будучына і згэтуль павінны вычэрпаць свае палітычныя аспірацыі, ідэалы, вашы патрыятычныя абавязкі.

А тым нямногім, хто здолее вызваліцца з цесных і ўтраціўшых цану формул, абняць вокам шырокія кругазоры і думкай далёка сягнуць у будучыну, я дабаўлю: паводлуг нашага глыбокага пераканання, новая палітычная мысль, каторую мы сабой прадстаўляем, – гэта ядыная правільная, ядыная абаснованая – ядыная творчая мысль.

  • * *

Заметка Рэдакцыі ў пачатку майго першага пісьма да краёвай інтэлігенцыі, у каторай гаворыцца, што я праз усё жыццё сваё стаяў на краёвым становішчы, а цяпер, калі для беларускага народу прыйшоў момант дзеля чыннага выступлення, адкрыта прызнаў сябе за сына зямлі Беларускай, прызнаў сябе за беларуса, – як я даведаўся і спазнаў сваёй асобай, вызвала многа закідаў, крытык і разнародных уваг. З гэтай прычыны лічу за сваю павіннасць публічна вытлумачыць сваё становішча ў гэтай справе – не гэтулькі дзеля асабістай патрэбы, сколькі дзеля карысці самой справы, спадзяючыся, што гэтае выясненне шмат каму паможа ў арыентацыі ў сваім уласным становішчы адносна да гэткіх важных у гэты час спраў.

Аднак выясненне ў маей асабістай справе я павінен папярэдзіць, даючы гістарычны погляд на нацыянальнае пытанне у нашым краю.

У Літве і Беларусі пануюць незвычайна заблытаныя нацыянальныя адносіны. Не кажучы аб тым, што на нашай зямлі жыве некалькі нацый, каторыя часцю занімаюць асобныя абшары (літвіны і беларусы), часцю ў адзіночку або групамі раскінуты між тымі густымі масамі (палякі і жыды), – адносіны гэтыя блытаюцца яшчэ болей, калі кінем вокам назад – у гістарычную мінуўшчыну.

У часах незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага (справядлівей: Літоўска-Рускага), яшчэ не злучанага палітычнай уніяй з Польшчай, у гэтай дзяржаве жылі бадай выключна толькі два народы: літвіны і русіны. Русіны складаліся з некалькіх плямён: крывічоў, драўлян і іншых, вядомых пад агульным імем беларусаў і “маларусаў” (Чырвоная Русь – гэта ўкраінскі народ), – бо ў тыя часы Вялікае Княства Літоўскае ўладала ўсёй “Белай” і “Малай” Руссю. Усе гэтыя плямёны былі тады вядомы як “адзін” рускі народ, аддзяляючыся гэтым імем ад “маскалёў”, або вяліка-русаў. У тагачасных старых гасударственых дакументах гістарычных мы пастаянна спатыкаем гэткае выдзяленне: “Мы, баяры літоўскія і рускія, сабраўшыся ўхвалілі і г.д.” – Дый пасля уніі з Польшчай нейкі час трывае гэткае выдзяленне ў гасударственых актах і хроніках; аднак з ходам часу названне “рускія баяры”, “руская шляхта” заціраецца, знікае, а толькі прыбірае новае імя, супольнае з народам літоўскім і ўзятае ад літоўскай гасударственасці, – імя “літвінаў”. Усё гасударства, зложанае з некалькіх нацый, атрымлівае агульнае названне “Літвы”; жыхары яго – як сапраўдныя літвіны, так і русіны – без ніякай розніцы называюць сябе “літвінамі”, адрозніваючыся гэтак ад палякаў, жыхароў “Кароны”.

Вось, маема тут першы прыклад, як у нашым краю, асабліва пасля аддзялення ад Літвы Украінскіх зямель, пераважываючая маса жыхароў яго (народу “рускі”, русіны) у сваім цэлым і ў паадзінокіх асобах змяняе, на пагляд, сваю нацыянальнасць, а папраўдзе толькі імя сваё. Замест “рускімі” або беларусамі, нашы дзяды пачалі называцца “літвінамі”. “Літоўскае войска”, “літоўская шляхта”, “літоўскі народ” – усё гэта абнімае як сапраўдных літвінаў, так і русінаў (беларусаў).

Хаця акурат у тых жа часах “літоўская” шляхта і паны апалячыліся, пакінулі мовы бацькоў сваіх, пачалі гаварыць па-польску і прынялі польскую культуру, – хаця зверхне сталіся яны “палякамі”, аднак ажно да самага канца існавання “Рэчыпаспалітай” гэта шляхта і паны заўсёды называлі сябе “літвінамі”, каб адрозніць сябе ад палякаў-“короняжы”, жыхароў Польскага Каралеўства. На сеймах у Варшаве наша спольшчаная ўжо шляхта выступала заўсёды як шляхта “літоўская”, як “літвіны”, што відаць з усіх тагачасных гістарычных дакументаў. Тагачасныя “палякі” ў Літве і Беларусі не толькі не ўстыдаліся называць сябе “літвінамі”: наадварот, лічылі гэта за чэсць і патрыятычную дыстынкцыю.

Упадак “Рэчыпаспалітай” вызваў у гэтых адносінах вялікія перамены: Русь Літоўская, або Беларусь, атрымала ўжо афіцыяльна сваё сягонняшняе імя, а народ наш усюды пачалі афіцыяльна называць беларускім (у часах “Рэчыпаспалітай” толькі ў хроніках ды ў паадзінокіх прыпадках спатыкаем гэтае імя: “беларуская дывізія” каля 1730 года і г. д.). А разам з тым “літоўская” шляхта пачынае называцца “польскай”. Даўнейшы беларускі шляхціц – “русін”, пасля – “літвін”, – называе сябе “палякам”. І толькі як гэткі “паляк” апынуўся ў Варшаве, дык, каб выдзяліцца з паміж “караняжы”, па-старому называў сябе свядома “літвінам”.

Аднак, на нашай ужо памяці, адбылася новая перамена: збудзіўшаяся нацыянальная свядомасць сапраўднага літоўскага народу, ужываючага літоўскую мову, і варожыя да сваёй апалячанай інтэлігенцыі выступленні яго зрабілі тое, што літвіны-“палякі” зусім перасталі называцца літвінамі, хаця яны роду літоўскага, хоць ад дзядоў-прадзедаў тутака жывуць, хоць яны – сыны Літоўскай зямлі. І цяпер імя “Літвін” ужываюць толькі этнаграфічныя літвіны, каторыя гавораць па-літоўску. І даўнейшы “літоўскі” шляхціц, цяпер – “паляк з Літвы”, лічыць за абразу для сябе, калі хто назаве яго “літвінам”: ён – толькі... “паляк”.

Тое ж самае робіцца і з “палякамі” – даўнейшымі “русінамі”: і яны, некалі шляхта “руская”, пасля “літоўская”, урэшце “польская”, крыўдуюцца, калі іх назваць шляхтай беларускай, беларусамі. Бо ўзрост нацыянальнай свядомасці беларускага народу, каторы, як і народ літоўскі, недаверчыва глядзіць на сваю спольшчаную інтэлігэнцыю, вызывае той самы рэзультат: “паляк з Беларусі” лічыць за ганьбу для сябе называцца “беларусам”.

А ўсё ж такі і тут на нашых вачах адбываецца і павінна сама сабой адбыцца новая перамена.

Здарэнні апошніх дзён, каторыя становяць добры грунт дзеля ўзросту свядомасці ўцісканых дагэтуль на іх зямлі этнаграфічна літоўскай і беларускай народных мас, грунт дзеля іх самаазначэння, дзеля жадання сваёй гасударственай самабытнасці, – здарэнні гэтыя павінны вызваць пераварот і ў самаазначэнні нашай спольшчанай краёвай інтэлігенцыі – “палякаў” з нашага краю. Гэтая краёвая інтэлігенцыя, гэтыя “палякі” павінны раздзяліцца і ў меру развіцця літоўскай і беларускай гасударственасці, калі не хочуць астацца за скобкамі, як чужая нацыя на роднай зямлі, – павінны будуць назвацца “літвінамі” або беларусамі, залежне ад таго, у якой часці краю жывуць – назвацца так у значэнні гасударственай прыналежнасці. Захоўваючы мо яшчэ на доўгі час польскую мову і культуру, яны павінны прызнаць сябе за “літвінаў” і “беларусаў” у гасударственым, а часам і нацыянальным значэнні.

Дэмакратычны рух знізу, узрост нацыянальнай свядомасці мас, здабываючых сваё права на нацыянальны гасударствены быт, будуць шыбка набліжаць эвалюцыю нацыянальнага самаазначэння тутэйшай інтэлігенцыі. Гэта інтэлігенцыя павінна ісці з тым рухам знізу і – калі не хоча счэзнуць у няўстанай барацьбе – павінна вярнуцца да крыніцы, з якой выйшла, да народу, з якога паўстала, з якім звязана крывёй і паходжаннем. Так, значыцца, адбудзецца нанова старая эвалюцыя, толькі наадварот, – эвалюцыя не самай рэчы, але, можна сказаць, зверхнай “наклейкі” – імя, названня. Рэч астанецца сама сабой: беларуска-літоўскі край і беларуска-літоўскія грамадзяне, незалежна ад таго, якім языком гавораць. Змяняецца толькі “імя” ў залежнасці ад настраенняў і патрэб гістарычнага моманту. А справа ідзе аб тое, каб рэч сама ў сабе – гэты край, гэтае будучае гасударства – мела цвёрда і выразна выяўленую фізіяномію, – каб у душах грамадзян гэтага краю, ва ўсіх слаёх, ад верху да нізу, ва ўсіх нацыянальнасцях – збудзілася ясная свядомасць сваёй асобнай гасударственасці, сваіх гістарычных традыцый, сваіх асобных мэт, – каб гэтак усе жывыя сілы Краю, замест змагацца між сабой, з’ядналіся дзеля адной супольнай справы: дзеля будавання сваёй дзяржавы, сваёй бацькаўшчыны.

Пасля гэткага гістарычнага выяснення мне астаецца цяпер дадаць усяго некалькі слоў. Паходзячы з валынскай шляхты, асеўшай на Русі ад некалькіх пакаленняў, звязаны чысленымі вузламі крыві з “польскай” шляхтай у Беларусі, тут выхаваны і прыпісаны да віленскай шляхты, працуючы 50 гадоў на зямлі ў гэтым краі, каторы лічу за радзіму і каторы люблю, каторага мову і нацыянальныя асобнасці заўсёды шанаваў і люд каторага лічу за свой і да каторага чую сябе вельмі блізкім, – я цяпер у той момант, калі гэты люд-народ будзіцца да жыцця, да самабытнасці і патрабуе сваёй інтэлегенцыі, каб яму ў гэты момант памагла, лічу сваёй павіннасцю стануць у яго радох, як грамадзянін і патрыёт гэтага краю Беларускага, яго будучай гасударственасці, – значыць: як беларускі грамадзянін, як беларус. А як шмат лягчэй адвечным сыном гэтага краю, каторыя маюць беларускае імя, у жылах каторых цячэ беларуская кроў, адбыць гэты самы ўнутраны працэс самаазначэння, хоць яны сябе лічаць за “палякаў”!

Пачуццё грамадзянскай павіннасці перад сваім уласным краем і народам павінна кожнаму аблягчыць гэты працэс. Унутраная перашкода, каторыя выяўляецца ў словах “але я чую сябе палякам”, – павінна шчэзнуць, а замест гэтага цвёрды палітычны і патрыятычны наказ мусіць, як не раз у нашым краі ў гісторыі здаралася, давяршыць унутраную перамену.

Проці такіх вывадаў між нашай інтэлігенцыяй мы спатыкаем многа закідаў, каторыя тутака і абсудзім.

Спатыкаем, напрыклад, гэткі закід: беларуская мова – гэта ўсё роўна як мова расейская, – значыць, завядзенне яе вядзе да “абрусення”. Аднак тыя ж людзі пад той самы час даводзяць: беларуская мова – гэта не асобны язык, а толькі адна з гутарак польскай мовы, – а іншыя кажуць: гутарка расейскай мовы.

Ужо стаўляючы побач гэткія зусім нязгодлівыя адзін з адным пагляды, лёгка давесці неабаснованасці іх, – бо калі паводлуг адных беларуская мова ёсць гутарка расейская, паводлуг другіх – польская, дык само гэта ясна паказвае, што яна не ёсць ні адной, ні другой, што гэта – свая асобная, выявіўшаяся ад вякоў, мо дзе-нідзе зацёртая чужымі ўплывамі, але, наагул, мова самабытная, якой ужывае больш за 8 мільёнаў народу на вялізным абшары і якая мае роўнае з іншымі права на жыццё і развіццё.

Другі доказ проці нашых паглядаў – тое, што народ не цэніць свае мовы, называе яе “простай”, ужывае толькі ў хаце, а ў касцёле і ў “лепшым таварыстве” гукае па-польску, ці – у іншых старонках – па-расейску. На гэта адказ кароткі: бо народ гэты, мову каторага праследаваў быўшы расейскі ўрад ды пагардай абкідала польская інтэлігенцыя і духавенства, не ўсюды яшчэ дайшоў свядомасці, – але, як і кожны іншы народ у нашых часах, хутка ўжо збудзіцца і пачне свайго права на жыццё дапамінацца. Памагчы яму ў гэтым – то павіннасць тутэйшай інтэлігенцыі, не гледзячы на тое, што сама яна гаворыць іншым языком. Павіннасць і – скажу – рэальная, мудрая палітыка.

Іншы закід: на што ў гэтых цяжкіх часах, якія цяпер мы перажываем, калі зусюль гразіць нам гэтулькі небяспек, пачынаць нацыянальную барацьбу, – на што дражніць і ўводзіць новы раздзел, каторы можа быць карысны толькі “трэцім”?

Гэты, на пагляд, моцны доказ сам сабой губляе моц сваю, калі напомнім аб нашым становішчы ў гэтай справе: бо мы якраз хочам гадзіць, а не дражніць, на што паказвае хоць бы мэта нашага прызыву да інтэлігенцыі, – мы хочам будаваць будучыну на аснове праўды і справядлівасці, а не на фальшу; бо будучына, аснованая на этнаграфічнай і гістарычнай няпраўдзе, якая выяўляецца ў словах “тут была Польшча, тут быў польскі народ, і такім ён ёсць і павінен астацца ў будучыні”, – не ўдзержыцца: яна разваліцца, збанкроціцца, як ужо не раз здаралася...

Толькі збудаваная на крэпкіх народна-нацыянальных асновах гасударственая будучына дасць адпор усім унутраным і замяжовым навальніцам і будзе трываць сталецці. Для гэткай будучыны не жаль палажыць некаторыя ахвяры, адрачыся розных вузкіх формул і мар. Бо марай ёсць думка, быццам вы здалееце апалячыць гэты многамільённы беларускі народ, быццам здалееце даць яму шчасце, адмаўляючы права на жыццё, на стварэнне сваёй асобнай нацыянальнай дзяржаўнасці. Гэтага вам не ўдалося дайсці праз сталецці, гэтага не здалеў зрабіць расейскі ўрад і ніхто зрабіць не здалее, бо кожын народ не толькі хоча, але ў перажываных намі часах можа і мусіць стацца сам сабой. Плыці проці гэтага цячэння можа пажадаць толькі нецвярозы палітык, ці заслеплены “эндэк” (нацыяналіст).

Памянёная вышэй заява: “Тут – Польшча і г.д.”, – аснована вось на чым: што Вялікае Княства Літоўскае (Літоўска-Беларускае) злучылася з Польскім Каралеўствам у адну “Рэчпаспалітую” – Рэчпаспалітую Польскую.

Гэтае слова “Польскую” і ўносіць непаразуменне ў думкі шмат людзей: адны тлумачаць яго так, быццам яно азначае, што Літва “паддалася” Польшчы; другія, хоць добра разумеюць, у чым тут справа, ды свядома баламуцяць людзей паўінтэлігентных і народныя масы дзеля вядомай мэты.

Вось і трэба гэтую справу акуратна разабраць.

Вялікае Княства Літоўскае злучылася некалі з Польскім Каралеўствам, маючы спярша толькі супольнага манарха – Вялікага Князя Літоўскага, каторы стаўся такжа Каралём Польскім, але пры гэтым абедзве дзяржавы захоўвалі блізка поўную незалежнасць адна ад адной. Толькі праз 200 гадоў дзяржавы гэтыя (Літва і Карона) на моцы Люблінскай Уніі (умовы) сваёй ахвотай злучыліся “як вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі” ў адну “Рэчпаспалітую” (такі ўрадавы тытул быў прыняты на Уніі для супольнай дзяржавы) – коратка: “у Рэчпаспалітую”, а не ў Рэспаспалітую Польскую, – на ясна ўстаноўленых варунках, – пры ўзаемным забеспячэнні поўнай аўтаноміі для кожнай палавіны супольнай манархіі (асобнае войска, асобны скарб, асобная ўрадавая герархія, асобныя суды, а супольны толькі сойм і супольна выбіраны манарх, каторы меў тытул Караля Польскага і Вялікага Князя Літоўскага).

Вось гэту то Рэчпаспалітую і пачалі пасля называць Рэчпаспалітай Польскай, бо трэба ж было даць нейкі больш гаворачы прыметнік названня гасударства. І зусім ясна, што з такім жа самым правам дзяржава гэта магла называцца Рэчпаспалітай Літоўскай. Называлі ж яе “Польскай” адно толькі затым, што каралеўскі тытул выдаваўся вышэйшым за тытул Вялікага Князя (хоць абедзве дзяржавы былі роўныя па сіле і значэнні), дык што Польшча, вышэйшая культурна і лежучы бліжэй да захаду, надавала ўсяму гасударству зверхны польскі характар. Аднак гэта зусім не азначала нейкай праўна-дзяржаўнай перавагі Польшчы над Літвой, тым болей не значыла, быццам Літва і Беларусь абярнуліся ў Польшчу. Абедзве злучаныя дзяржавы: Польшча і Вялікае Княства Літоўскае – аставаліся тым, чым былі ад пачатку, значыць: двума асобнымі дзяржаўнымі арганізмамі ў вядомай устаноўленай гасударственнай лучнасці. Калі ж у часы ўпадку Рэчпаспалітай шляхоцкія дэпутаты ад абедзвюх злучаных дзяржаў на дзельчых соймах12 зацвердзілі раздзел супольнага гасударства паміж суседзяў, адрываючы гэтак ад Кароны (Польшчы) Літву і Беларусь, дык і люблінская умова (унія) развалілася сама сабой, утраціла сваю праўна-дзяржаўную моц. Ад колішняй “Рэчыпаспалітай” асталіся толькі складаўшыя яе некалі землі – з аднаго боку Польшча, з другога – Літва і Беларусь (даўнейшае В.Кн.Літоўскае).

Цікаўна адзначыць, што ядыным на першым дзельчым сойме дэпутатам, каторы меў смеласць і сілу волі выступіць з цвёрдым пратэстам проці раздзірання яго роднай Беларускай зямлі (пры першым раздзеле Масква забрала толькі часць Беларусі), быў праўдзівы патрыёт і грамадзянін сваёй зямлі – Тадэвуш Рэйтан*.

У гэткім палажэнні справа датрывала да нашых дзён. І з усяго вышэй сказанага ясна, што цяперашняй Літвы і Беларусі, або даўнейшага Вялікага Княства Літоўскага нельга называць Польшчай, як і аб Польшчы нельга гаварыць, што тамака ёсць Літва, – хоць бы часці апалячанай літоўскай і беларускай інтэлігенцыі хацелася бачыць у нас Польшчу супроць гісторыі і супроць этнаграфіі мас.

Хто сягоння гэтак кажа, робіць абмылку фактычную і гістарычную: тут, у Літве і Беларусі, – Польшчы няма.

Мне давялося сустрэцца яшчэ з адным закідам і сумляваннем: “Калі я прызнаю сябе за беларуса і пачну як беларус працаваць на грамадскай ці палітычнай ніве, – дык буду прымушаны зрабіць шкоду польшчыне ў гэтым краю”.

Адкажу: шкоды тады, калі гэтая польшчына сягае на непрылежныя ёй правы, захоплівае чужое, мае захватныя жаданні. Каб жа даць цвёрды адпор усялякім захватным апетытам, незалежна ад таго, чы іх выяўляюць палякі, чы літвіны, чы беларусы, – на гэта не трэба быць ані выключна русінам, ані палякам, ані літвінам, а трэба быць проста сумленным чалавекам-грамадзянінам, каторы шануе як сваю, так і чужую нацыянальнасць і стаіць на грунце справядлівасці і этнаграфічнай праўды, – грамадзянінам-патрыётам, каторы злучае, а не раздзяляе, каторы кожнаму прызнае права да жыцця, а ўсялякую дэнацыяналізацыю, усялякі захват, усялякую чыннасць у гэтым кірунку, скуль бы яна ні выйшла, лічыць за недапусцімую, шкодную і благую, – за рэч, з якой трэба бароцца.

Стоячы на гэткім становішчы і падаўшы адны адным руку, усе грамадзяне нашага Краю – беларусы, літвіны, палякі і г.д. могуць мець поўную надзею, што, выкарыстаўшы памысную палітычную кан’юнктуру сучаснага моманту, яны здалеюць адбудаваць сваю ўласную, некалі незалежную, вялікую, шчаслівую бацькаўшчыну.

Вось жа вы, паны “тутэйшыя” палякі, інтэлігенцыя краю, ксяндзы і абывацелі, і ты, краёвая дэмакрацыя, каторая беспасрэдна выйшла з народу тутэйшага і не ўтраціла яшчэ еднасці з ім, – не саромцеся прыняць да свайго ведама ачывістую праўду, – праўду тэрытарыяльную, а хутка, пэўне, ужо і праўду палітычную: што вы – грамадзяне Літвы і Беларусі, яе сыны, – значыць: “літвіны” або “беларусы”.

Паварот да гэтага адвечнага самаазначэння, перакручанага або загубленага толькі з прычыны ненармальных адносін, у якіх мы пражылі больш за сто гадоў, – паварот, згодлівы з вашым паходжаннем і традыцыяй, не толькі не будзе вас ганьбіць, а, наадварот, прынясе вам чэсць, бо звяжа з народам, бо дасць вам аснову быту, бо вас узмацуе і падніме і падзяку і благаслаўленне патомных пакаленняў вам запэўніць.

Не саромцеся стануць пад штандарам Пагоні, каторы вы пакінулі, а народ сам у свае рукі бярэ і паднімае ўвыш, як свой сімвал нацыянальны, сімвал сваёй Бацькаўшчыны.

Стануць поплеч з людам-народам пад гэтым сімвалам – чэсць і слава для вас!