Да пытання аб паўднёвай мяжы БССР
Да пытання аб паўднёвай мяжы БССР Дакумент Аўтар: Уладзімір Пічэта 18.XI-1939 Арыгінальная назва: К вопросу о южной границе БССР Пераклад: Nejrust Крыніца: НАРБ, ф. 4, воп. 21, спр. 1525, л. 2—12 |
Асваенне тэрыторыі, занятай паўночна-заходняй групай усходне-славянскіх плямёнаў, дрыгавічамі і крывічамі, якія складалі этнічную аснову беларускага народа, было вынікам працяглай і ўпартай дзейнасці славянскага племя. Асноўная яе тэрыторыя цягнулася ад вярхоўяў Заходняй Дзвіны і далей на поўдзень да басейна р. Прыпяці — з поўначы на поўдзень, і рэк З. Буга і Нёмана да Дняпра — з захаду на ўсход.
Археалагічныя раскопкі далі багаты рэчавы матэрыял, які дазваляе казаць аб адзінстве гэтай тэрыторыі не толькі на аснове летапісных дадзеных, яны толькі пацвярджаюць дадзеныя археалогіі.
З утварэннем феадальных рускіх паўднёва-заходніх княстваў басейн р. Прыпяці быў заўсёды мяжой паміж Валынню і Піншчынай. Гарады Тураў, Пінск, Берасце, Мазыр — былі гарадамі дрыгавічоў. З вярхоўяў Прыпяці і дрыгавіцкая славянская каланізацыя трапіла ў басейн З. Буга, дзе яна сустрэлася з валынскай каланізацыяй. Вобласць з Берасцем, Кобрынам, Драгічынам, Мельнікам была засвоеная дрыгавічамі. У ХІІІ ст. яна была падпарадкавана валынскім князям, але і ў гэты час яна жыла адасоблена ад жыцця Валынскага княства, застаючыся "палітычна адзінай і замкнёнай у сабе", па выразе аднаго буйнога даследчыка. У ХІІІ-ХV стст ўсе паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія рускія княствы былі захопленыя Літвой. У 1569 г. украінскія княствы і беларускае Падляшша былі захоплены Польшчай, тады як астатняя частка Беларусі засталася за Літвой. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай уся Беларусь адышла да Расійскай імперыі, прычым адміністрацыйныя межы яе на поўдні былі праведзены па басейне Прыпяці, бо гэтая мяжа была гістарычнай і цалкам супадала з мяжой 1569 г., якая адасобіла ўкраінскія ваяводствы ад беларускіх. У эканамічных, палітычных і этнаграфічных адносінах уся гэтая тэрыторыя ўяўляла сабою цэласнае адзінства, якое ніколькі не змянялася ад таго, што на ёй акрамя беларусаў жылі і ўкраінцы.
Памежныя беларускія раёны ніколі не могуць быць цэласнымі ў этнаграфічным дачыненні: у гэтым выпадку пранікненне ў іх украінскага народнага элемента было непазбежным, што ніколькі не змяняла эканамічнага профілю і эканоміка-палітычнага адзінства вышэйназванай тэрыторыі.
Пры вызначэнні паўднёвай мяжы тэрыторыі, занятай беларускім народам, трэба зыходзіць з ўяўлення аб тым, што "нацыя — гэта гістарычна ўстойлівая агульнасць мовы, тэрыторыі, эканамічнага жыцця і псіхічнага ўкладу, які выяўляецца ў агульнасці культуры" (Сталін). Ігнараванне гэтых умоў магло б павесці да разарвання эканамічна, палітычна, культурна і моўна адзінай тэрыторыі.
Ускраінныя раёны таго ці іншага дзяржаўнага комплексу непазбежна будуць заселеныя суседзямі іншай этнаграфічнай прыналежнасці, што па розных прычынах і ў розны час траплялі на тэрыторыю вялікага княства Літоўскага і разам з тым якія ўваходзілі ў арбіту яго эканамічнага і палітычнага жыцця. Ад гэтага гістарычнага, эканамічнага і палітычнага адзінства трэба зыходзіць пры вызначэнні паўднёвай мяжы БССР. Ніякім чынам нельга кіравацца адным этнаграфічным матэрыялам, ды яшчэ на аснове такой хісткай крыніцы, якой з'яўляецца "дыялекталогія", хоць многія з буржуазных лінгвістаў звычайна пры складанні этнаграфічнай карты Беларусі кіраваліся дыялекталагічнымі прыкметамі, не заўсёды дастаткова дакладнымі. Дапусцім, што дыялекталагічны матэрыял і слушны, але ён не можа быць крытэрам пры вызначэнні дзяржаўнай тэрыторыі без прыняцця пад увагу ўсёй сукупнасці умоў, якія вызначаюць эканамічнае і культурна-палітычнае жыццё той ці іншай тэрыторыі. Наколькі хісткі і ўмоўны дыялекталагічны матэрыял і як трэба асцярожна з ім звяртацца, аб гэтым можна судзіць на падставе той стракатасці высноў, да якіх прыходзілі лінгвісты-дыялектолагі, у залежнасці ад тых мэтаў, якія яны сабе ставілі. Часта гэтыя памкненні былі выключна палітычнага характару і не мелі нічога агульнага з аб'ектыўнай лінгвістычнай навукай.
Пры разглядзе пытання аб правядзенні паўднёвай дзяржаўнай мяжы БССР было б вельмі памылкова і метадалагічна няправільна зыходзіць з прыкмет дыялекталагічнага характару, якімі кіраваліся шэраг расійскіх буржуазных лінгвістаў, як: Шахматаў, Карскі, Фларынский, Сабалеўскі, а ўслед за імі Грушэўскі і інш.
Калі трымацца пры вызначэнні дзяржаўнай мяжы дадзеных этнаграфічнага характару, якія вызначаюцца ў асноўным дыялекталагічным матэрыялам, то цалкам магчыма дапусціць шэраг найбуйнейшых метадалагічных памылак.
Так, варта адзначыць, што заходне-рускія гаворкі (Смаленск) вельмі блізкія да ўсходне-беларускіх гаворак. Тым не менш ніхто не скажа, што заходняя частка Смаленскай вобласці да г. Дарагабужа ўключна — тэрыторыя беларускага племя. Роўным чынам, пскоўскія паўднёвыя гаворкі Ленінградскай вобласці блізкія да паўночным гаворак Віцебскай вобласці. Кіруючыся прыкметай дыялекталагічнай, варта было б паўднёвую частку Ленінградскай вобласці разглядаць як тэрыторыю, населеную беларусамі ці паўночную частку Віцебшчыны, наадварот, — вялікаросамі. Між тым, нават крайнія шавіністы вялікарасейскага або беларускага паходжання не рашаліся выказаць падобнага навукова недарэчнага пункту гледжання.
Роўным чынам, паўднёвыя і паўднёва-заходнія беларускія гаворкі блізкія да паўночнавалынскіх ўкраінскіх гаворак. Таму можна было б па прынцыпе дыялекталогіі беларусаў Пінска, Кобрына, Бельска, Пружанаў прылічыць да ўкраінцаў ці наадварот — украінцаў лічыць беларусамі. Дыялекталягічная асаблівасць гаворак — няправільная і недакладная прыкмета вызначэння нацыянальнай прыналежнасці. Бо і польскія лінгвісты прылічвалі ўсходне-беларускія гаворкі да усходне-польскіх, а беларусаў — да палякаў.
Такім чынам, дыялекталогія, як метад вызначэння нацыянальнасці, вельмі недакладны і вельмі суб'ектыўны, бо дыялект вызначаецца на слых, паводле вымаўлення асобных літар — цвёрда або мякка, галоўным чынам "е", "і".
Пры карыстанні дыялекталагічным метадам можна прыйсці да якіх заўгодна высноў у залежнасці ад мэтавых установак збіральніка дыялекталагічнага матэрыялу.
Так, буйны буржуазны лінгвіст, член Саюза рускага народа А. І. Сабалеўскі, зыходзячы з сваіх тэарэтычных перадумоў, наогул адмаўляў наяўнасць "беларускай" і "ўкраінскай" моў, прылічаючы іх да гаворак адзінай рускай мовы з разнастайнымі размоўнымі адценнямі, апраўдваючы тым самым вялікадзяржаўную палітыку царызму ў дачыненні да ўкраінскага і беларускага народаў.
На гэтым жа прынцыповым пункту гледжання стаяў чарнасоценны акадэмік Карскі, які лічыў магчымым яшчэ сяк-так пагадзіцца на прызнанне "маларускай" мовы як гаворкі агульнарускай мовы. Што ж тычыцца беларускай мовы, то падобна паляку Вішнеўскаму, які лічыў беларускую мову адным з дыялектаў польскай мовы, Карскі адмаўляў наяўнасць беларускай мовы і прызнаваў яе толькі адной з гаворак агульнарускай мовы з падраздзяленнем на гаворкі з рознымі адценнямі. Для Карскага Беларусь — гэта толькі Заходняя Расія "ад Прыпяці да Заходняй Дзвіны з поўдня на поўнач і ад З. Буга і Нёмана да Сярэдняга Дняпра з захаду на ўсход". На гэтай жа кропцы гледжання стаяў мурававед Гаворскі, рэдактар "Весніка Заходняй Расеі" з 1863 г. — Каяловіч, сябра Пабеданосцава, П. Жуковіч і шэраг іншых асоб, якія звалі сябе заходне-русамі і якія з'яўляліся прыхільнікамі русіфікацыі краю.
Карскі ў 1918 г. выпусціў сваю мапу "Этнаграфічнай Беларусі", г. зн. пасля Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, калі пытанне аб этнаграфічнай мяжы беларускага і ўкраінскага народаў было вельмі палітычна актуальным. Мапа Карскага безумоўна адыграла вялікую ролю для ўкраінскіх нацыяналістаў усіх масцей. Гэтыя спадары забіралі сабе значную частку тэрыторыі Беларусі, так што нават праф. Д. Анучын палічыў патрэбным адзначыць, што ўкраінскія нацыяналісты не ў меру зарваліся і іхная тэндэнцыя не мае пад сабой ніякай этнаграфічнай і гісторыка-палітычнай глебы. Ды і Карскі часткова змяніў свае погляды. Нязручна было пасля ўтварэння БССР адмаўляць існаванне беларускага народа. Гэта было б занадта адкрытым антысавецкім выступам. Таму ён быў гатовы прызнаць "беларускую гаворку" — беларускай мовай. Але межы пашырэння беларускай мовы Карскі да крайнасці звузіў, прычым у іх вызначэнні ён зыходзіў нібыта з дадзеных дыялекталогіі, у пазітыўнасці якіх гісторыку даводзіцца сумнявацца, бо нельга адрываць "дыялекталогіі" ад гістарычнага жыцця народа. Нельга не лічыцца пры гэтым і з палітычнай фізіяноміяй Карскага, бо яна аказала вялікі ўплыў на складанне ім карты "Этнаграфічнай Беларусі", з захапленнем успрынятай Грушэўскім і Ко.
У 1921 г. Карскі выпусціў працу, у якой ён беларускі культурны гарадскі рух ХVІ ст. тлумачыў выключна ўплывам Польшчы. Роўным чынам, нават фарміраванне "заходне-рускай кніжнай мовы" (беларускай) ставіў таксама ў сувязь з уплывам Польшчы. У 1925 г. Карскі апублікаваў справаздачу аб сваёй паездцы за мяжу, насычаную захапленнем у адносінах да палякаў і да іх культурнай дзейнасці ў Беларусі. Добра вядома, якое абурэнне выклікаў у савецкай грамадскасці апублікаваная ім справаздача аб замежнай камандзіроўцы. Карскі, скарачаючы раёны пасялення беларусаў быццам бы на аснове навуковых дадзеных, у рэчаіснасці ліў ваду на млын польскіх нацыяналістаў, якіх, у сваю чаргу, падтрымлівалі украінскія нацыяналісты. Нездарма Грушэўскі лічыў усю Берасцейскую зямлю (б. Палескае ваяводства) — украінскай. Украінскія нацыяналісты даходзілі да таго, што былі гатовыя прызнаць мову Літоўскага Статута 1566 г. не беларускай, а ўкраінскай.
У мапе Карскага знайшоў яскравае адлюстраванне ягоны паланафільскі і ўкраінафільскі твар. Ён спачуваў украінскім нацыяналістам з меркаванняў пэўнага палітычнага характару. Таму я дазволю сабе лічыць мапу Карскага дакументам сумнеўнай навуковай каштоўнасці, тым больш, што ў яго аснову пакладзены матэрыял дыялекталагічны, нават не ім сабраны, а ўзяты з іншых рук.
Адрозненні ў адценнях мясцовых гаворак непазбежныя ў выніку эканамічных і культурных зносін, знаёмстваў і шлюбных саюзаў, проста суседства. Адмаўляць гэтыя адрозненні было б, вядома, недарэчна і гістарычна было б навукова непісьменна. Але было б глыбока навукова памылковым паверыць на слова ак. Карскаму і пайсці ўслед за ім, не высветліўшы, чый сацыяльны заказ выконваў Карскі. Адзначу, што Карскі ў свой час імкнуўся выкладаць ў зноў адкрытым Савецкім Беларускім універсітэце, але яшчэ да яго паездкі ў Польшчу яго кандыдатура, па прапанове рэктара, не была прынятая праўленнем універсітэта, хоць у 1921 г. апошні быў вельмі бедны навуковымі сіламі. Вялікадзяржаўнік, які не прызнаваў савецкай улады, ператвараўся ў паланафіла і ўкраінафіла, прыхільніка нацыяналістычных памкненняў ўкраінскіх контррэвалюцыянераў.
З прычыны гэтых меркаванняў этнаграфічная мапа Карскага з'яўляецца, на мой погляд, дакументам сумніўнай навуковай якасці, і яе варта адкінуць. Прыналежнасць да той ці іншай тэрыторыі, да таго ці іншага дзяржаўнага ядра вызначаецца не паводле прыкметащ дыялекталогіі, а, як было адзначана вышэй, прынцыпу "гістарычна устойлівай агульнасці мовы, тэрыторыі, эканамічнага жыцця і псіхічнага ўкладу, які выяўляецца ў агульнасці культуры" (Сталін).
Зыходзячы з гэтага адзіна правільнага меркавання, дазволю сабе выказаць шэраг палажэнняў.
Раён верхняга Нёмана і яго прытокаў Шчары, Вусы, Лешні, Сервеча і Зах. Буга з Мухаўцом, Наравам і інш верхняй Прыпяці — складае адзіны геаграфічны і эканамічны раён, які ў далейшым ўвайшоў у склад вялікага княства Літоўскага, з якім ён быў звязаны да падзелаў Рэчы Паспалітай, а затым ён цалкам увайшоў у склад Расійскай імперыі.
Прынёманскі і Прыбужскі раёны былі заўсёды эканамічна звязаныя з іншымі часткамі тэрыторыі Беларусі. Брэст (Берасце) быў звязаны эканамічна з басейнам Прыпяці. Да яго яшчэ ў XVI ст. ішлі дарогі з Вільні, Гродна, Навагрудка, Пінска, Слуцка, Мазыра, Мінска, Магілёва, з якімі берасцейскія купцы падчас эканамічнага росквіту Берасця (Брэста) падтрымлівалі самыя ажыўленыя сувязі.
Першыя больш ці менш дакладныя дадзеныя аб насельніцтве Берасцейскай зямлі і Піншчыны даюць "Пісцовыя кнігі ХVI ст.", у якіх трымальнікі валок звычайна пералічваліся па імені і прозьвішчы.
Да гэтага часу ніхто з даследчыкаў не звяртаўся да гэтага матэрыялу для вывучэння яго з этнаграфічнага пункту гледжання. Між тым "Рэвізія Кобрынскага староства", "Апісанне Гродзенскай эканоміі", Пісцовая кніга Пінскага староства даюць найбагацейшы ў гэтым дачыненні матэрыял.
Геаграфічная наменклатура ў большасці вёсак Берасцейскай і Кобрынскай старостваў — беларуская. У вёсках сярод гаспадароў, у сваёй масе беларускіх, сустракаюцца імёны і мянушкі ўкраінскага паходжання. Што гэта: беларусы ці ўкраінцы — адказаць цяжка, — можа быць, украінцы, але якія знаходзіліся ў беларускім асяроддзі.
Абмяжуюся прывядзеннем некалькіх прыкладаў з апісання Берасцейскага староства 1566 г.
Вось узятыя наўздагад вёскі ў раёне Брэста. У раёне Брэста былі раскінутыя вёскі — Малашэвічы, Кабыляне, Лабедзева, Паляцічы, Вераб'і, Яцковічы, Навасёлкі, Рэчыца, Бародзічы, Гершановічы, Старое Сяло, Азяты, Чарняны і інш. Пералічваю мянушкі гаспадароў: Шушук, Яўхім Кузьміч, Амяльян Кузьміч, Марцін Віхбат, Хацевіч, Міхновіч, Гунала, Холева, Ківен, Каліховіч, Веліцэвіч, Дуперыгі, Калодка, Мацэвіч, Потатпята, Малец, Белавусавіч Ян, Супран Горычка, Кармановіч.
Аналагічныя дадзеныя можна прывесці і па Кобрынскай эканоміі. Абмяжуюся толькі прывядзеннем для прыкладу некаторых з іх. У раёне Кобрына можна адзначыць наступную тапанімічную наменклатуру. Бухавічы, Гарэздзічы, Вострамеч, Залессе, Укалоды, Красноўскае, Хабівічы, Ліцвінка, Прыквічы, Шыповічы, Батчы, Станкі, Церабешава і інш.
Прозвішчы: Дашковіч, Паўлавіч, Казловіч, уладзімір Мацкевіч, Шаўковіч, Шоўкавіч, Некрашэвічы, Пястэнчыкі, Калоднічы, Селівановіч і інш. Грыгаровіч, Бяльцевич, Кузьміч, Сімкавічы, Салтановічы.
Писцовая кніга Пінскага староства другой паловы ХVI ст. па сваёй тапанімічнай наменклатуры таксама сведчыць аб беларускім характары гэтага староства. Не буду галаслоўным і прывяду некалькі прыкладаў. Назвы вёсак: Высокая, Кушчычы, Гроздзічы, Шушнішка, Шосна, Вілазоў, Паршэвічы, Дамашычы, Матылі, Гнеўчычы, Тупчычы і г. д. Дадам, што вёскі Пінскага староства былі раскіданыя па абодвух берагах р. Прыпяці.
Наогул, увесь паўднёва-бужскі і прынёманскі раёны (будучыя Гродзенская і Мінская губерні) складалі з ХVI ст. адно эканамічнае цэлае. Нельга адарваць Брэст ад Гродна, Кобрына, Пружанаў, Драгічына, Мельніка; нельга адарваць іх ад іншых частак Беларусі. У сувязі з ростам таварна-грашовых адносін і ростам эканамічных сувязяў паміж заходняй і ўсходняй часткамі вялікага княства Літоўскага развіваецца працэс фарміравання беларускага народа і беларускай мовы на аснове мясцовых гаворак. З гэтага моманту ўваходзіць ва ўжытак тэрмін "Беларусь" ва ўсёй гэтай тэрыторыі. Ніколі тэрмін Украіна не распаўсюджваўся на гэтыя беларускія вобласці. Зразумела, не прыходзіцца адмаўляць на тэрыторыі Беларусі наяўнасці ў асобных месцах ўкраінскага элемента, які складаў часам кампактную групу насельніцтва, але ўкраінскі, усё ж народны элемент, раствараўся ў моры беларускага народа і ўваходзіў у арбіту яго гісторыка-палітычнага і эканамічнага жыцця, утвараючы з ім адно адзінае цэлае. Кожны іншы метадалагічны прыём быў бы глыбока памылковы.
У 1569 г. упершыню была ўсталяваная мяжа паміж беларускімі і ўкраінскімі ваяводствамі. Памежнае з Украінай Берасцейскае ваяводства было раскінута па абодвух берагах Прыпяці ад Заходняга Буга на захадзе да Прыпяці, на ўсходзе, у тым ліку Брэст, Драгічын, Кобрын, Пінск, Тураў, Мазыр — цэлы комплекс беларускай тэрыторыі, які ўяўляе сабою адзіны эканамічны профіль, звязаны з усім басейнам Прыпяці. Гэтая мяжа ў асобных месцах — на паўднёва-захадзе выходзіла за межы этнаграфічнай Беларусі, у іншых выпадках на поўдні і ўсходзе яна адводзіла частку этнаграфічнай Беларусі да Валыні. Што тычыцца Бельска і яго раёна, то ён заўсёды адносіўся да Падляшскага ваяводства і складаў з Беластокам і іншымі гарадамі адно эканамічнае цэлае.
У ХVІІІ ст. уся гэтая тэрыторыя становіцца раёнам суконнай прамысловасці і авечкагадоўлі. Пасля другога падзелу Польшчы цэнтральная і ўсходняя частка Брэсцкага ваяводства з Пінскім на захадзе адышла да Расіі. Разам з іншымі беларускімі землямі, якія ад яе адышлі, яна ўвайшла ў адміністрацыйным дачыненні ў склад тэрыторыі Мінскай губерні. Астатняя частка Брэсцкага ваяводства пасля ўтварыла Гродзенскую губерню, якая этнаграфічна і эканамічна цягнула да Мінскай губерні. Таму захаванне старой адміністрацыйнай мяжы паміж УССР і БССР будзе, на наш погляд, найбольш правільным.
Аб тым, што раён Пінска, Брэста, Кобрына, Пружанаў быў беларускім — да гэтага часу не выклікала ні ў каго сумневаў. Мы прывыклі адзначаць гераічную барацьбу Пінска і беларускага сялянства аж да Брэста на паўднёва-захадзе супраць літоўскіх паноў падчас вызваленчай барацьбы ўкраінскага народа супраць панскай Польшчы. Гэта ж адна з самых гераічных старонак у гісторыі беларускага народа. Успомнім расправу літоўскага гетмана Радзівіла з жыхарамі Пінска і мясцовым сельскім насельніцтвам, якая прымусіла яго часова выйсці з лагера паўстання супраць Польшчы.
Не варта забывацца, што цэлы шэраг найважнейшых гістарычных фактаў і ўспамінаў у гісторыі Беларусі і ў барацьбе беларускага народа за захаванне сваёй народнасці, мовы і культуры быў цесна звязаны з Брэстам. У этнаграфічным дачыненні да насельніцтва б. Палескага ваяводства з беларускім Палессем складае ў дачыненні да мовы, культуры і побыту — адно цэлае, з той толькі розніцай, што беларускае насельніцтва ў б. польскім Палессі ў культурным дачыненні, зразумела, значна адстала ад савецкага беларускага Палесся. Пінчукі ў б. Польшчы захавалі многія рысы архаічнага побыту, даўно зніклыя ў Савецка-беларускім Палессі.
Буржуазная этнаграфія і лінгвістыка безнадзейна заблыталіся ў пытанні аб пінчуках. Яна стаяла на глебе толькі чыстага канкрэтызма, ігнаруючы гістарычную абстаноўку, у якой жылі пінчукі, і займалася выхопліваннем вымаўлення імі асобных гукаў. Яна сабрала шэраг фактаў, але абагульніць іх не змагла. У асобе Доўнара-Запольскага, самога пінчука, яна дамовілася да таго, што пінчукі былі абвешчаныя асобным народам. У рэчаіснасці пінчукі заўсёды па мове, культуры, побыце належалі да беларускага народу, толькі захоўвалі працяглы час асобныя архаічныя перажыткі.
Падвядзем вынікі сказанага.
1. Этнаграфічная мапа Беларусі, складзеная Карскім у 1918 г., зусім не можа быць пакладзена ў аснову правядзення мяжы паміж УССР і БССР.
2. Дыялекталагічныя адрозненні ў беларускай мове могуць прывесці да нечаканых высноваў, калі вывучэнне этнаграфічнага складу насельніцтва будзе адарванае ад гістарычнай тэрыторыі, агульнасці культуры і г. д. Такі прыём ідэялістычны і механістычны і знаходзіцца ў поўнай супярэчнасці з матэрыялістычным вучэннем аб мове.
3. У эканамічных і гістарычных адносінах уся тэрыторыя Беларусі з Брэстам, Кобрынам, Пінскім з'яўлялася адным цэлым.
4. У гісторыі Беларусі з вышэйпаказаным раёнам было звязана нямала гераічных старонак беларускага народа.
5. У аснову размежавання УССР і БССР павінны быць пакладзены старыя адміністрацыйныя межы, якія хоць не ахоплівалі ўсяго беларускага насельніцтва, але ўвогуле правільна ўстанаўліваюць этнаграфічную беларуска-ўкраінскую мяжу.
6. Не варта забываць аб векавой "гістарычна ўстойлівай агульнасці мовы, тэрыторыі, эканамічнага жыцця і псіхічнага ўкладу, які выяўляецца ў агульнасці культуры", але перарванай часова на 20 гадоў у сувязі з захопам палякамі часткі тэрыторыі Беларусі.
7. Грушэўскі цалкам прымаў высновы Карскага, паколькі гэта адпавядала ягоным нацыянальна-шавіністычным уяўленням.
8. Ва ўмовах капіталістычнага ладу Беласток, Бельск складалі адно цэлае, будучы раёнам і суконнай прамысловасці і авечкагадоўлі. Роўным чынам, Брэст, Пінск, Тураў, Мазыр і па водных і сухапутных шляхах ўяўлялі сабою адно эканамічнае цэлае.
9. Беларусь у старых адміністрацыйных межах, пасля ўз'яднання ўсіх братоў-беларусаў, ахоплівае гістарычна і этнаграфічна ўсю Беларусь.
Член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР У. Пічэта
18.XI-1939 г.
Арыгінал: | Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор пашыраецца на умовах ліцэнзіі Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 Unported, якая дазваляе вольнае карыстаньне, пашырэньне й стварэньне вытворных з гэтага твораў згодна з умовамі прытрымліваньня і пазнакі ліцэнзіі ды аўтара арыгінальнага твора. Усе вытворныя творы будуць абараняцца той жа самай ліцэнзіяй, што й гэты. |