Да пытаньня аб паходжаньні гэрбу Пагоня

Да пытаньня аб паходжаньні гэрбу Пагоня
Артыкул
Аўтар: Тамаш Грыб
1935
Крыніца: Запісы БІНІМ, Нью-Ёрк - Менск. - №35. - 2012. - с. 170 (першакрыніца: Іскры Скарыны. 1935. №5. С. 69—77)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Многа стагодзьдзяў мінае ўжо з таго часу, як на Беларусі пачаў ужывацца дзяржаўны гэрб Пагоня: на белым кані сядзіць удалы ваяка, у правай руцэ ён трымае высока падняты меч, а ў левай мае шчыт, на якім ёсьць знак шасьціканцовага крыжа, апрануты ён з галавы і аж да ног у жалезны панцыр-броню, на галаве жалезны шлем, які закрывае ўсё аблічча, украшаны даўгім квяцістым пяром, моцна і ўпэўнена трымаецца ён у сядле, вострымі астругамі паўзбуджае каня да борскага скоку. Куды ён сьпяшыць, ваяка ўдалы; на каго ён нападае, ці мо бароніцца ён ад каго?

Ваяка на белым кані, пачынаючы з XIII ст., а можа нават і раней, і аж да канца XVIII ст., — гэта быў сымбаль дзяржаўнай самастойнасьці і незалежнасьці беларускага народу; узнаўленьне беларускае народнае дзяржаўнасьці ў 1917 г. — Першы Ўсебеларускі Кангрэс, на якім абвешчана было, што на ўсім абшары беларускае зямлі ўстанаўліваецца беларуская народна-рэспубліканская ўлада, — адбылося пад знакам старадаўняга сымбалю: на бел-чырвонабелым сьцягу ў залатых праменьнях сонца ваяка на белым кані; гэта ёсьць сымбаль дзяржаўнай незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Што азначае гэты сымбаль — ваяка на белым кані; хто ведае цяпер, які зьмест укладаўся ў гэты старадаўні сымбаль нашымі продкамі на ўсьвеце гісторыі?

Спрабуемо адказаць на гэтыя пытаньні. На Беларусі, асабліва ў асяродзьдзі беларускага сялянства, існуюць аж па сяньняшні дзень такія звычаі і ўрачыстыя абраднасьці, якія сваім паходжаньнем сягаюць у глыбіню старадаўнасьці, або, як гэта кажуць, у даўно мінулыя часы паганства. Адным з такіх звычаяў зьяўляецца, напрыклад урачыстае спатканьне вясны: юр’еўскае сьвята, юр’я, калі вітаюць вясну. У старыя часы юр’я спраўлялася вельмі гучна і слаўна; прыпадала на другую палавіну красавіка месяца або на пачатак траўня па новаму стылю, калі распачыналіся першыя працы ў полі пад ярыну. Гэта было сьвята вітаньня бога сонца Ярыла.

Яшчэ ў канцы XIX ст., як сьцьвярджае А. Фамінцын, у сьвядомасьці беларусаў, якія наагул захавалі ў абраднасьці і вераваньнях сваіх многа вельмі старадаўніх рысаў і матываў, — не пераставаў жыць Ярыла ў сэньсе бога вясеньняга сонца.

Успаміны аб Ярыле захаваліся на Беларусі, як сьцьвярджае А. Афанасьеў, вельмі жыва: „Беларусы ўяўляюць яго маладым прыгожым хлапцом на белым кані і ў белай вопратцы, на галаве ў яго вянок зь вясеньніх палявых кветак, а ў руцэ трымае жмені жытных каласоў, ногі ў яго босыя. Там, дзе ступаў старынны бог Ярыла сваімі босымі нагамі, то зараз-жа вырастала густое жыта, а куды абяртаўся ягоны пагляд — там расьцьвіталі і каласы: „А дзе-ж ён нагою — там жыта капою, а дзе-ж ён зірне — там колас зацьвіце“.

Назва Ярыла захавалася на Беларусі аж да апошняга часу; сягае сваім паходжаньнем аж у глыбядзь старадаўнасьці.

Слова Ярыла складаецца з кораня „яр“ і канцоўкі „ыла“.

Корань „яр“ адпавядае санскрыцкаму ar, якому, у свой чарод, адпавядае грэцкае Εp.

Аr у санскрыце азначае дзейнасьць узвышаную, рух наверх; канцоўка „ыла“, як, скажамо, „іла“, „ала“, маючы ў сабе суфікс мінулага часу прычасьця дзейнага залогу, азначае бязупынную дзейнасьць, як пэўную ўласьцівасьць таго, што дзейнічае. Напрыклад: Купала, Вазіла, ня йначай і Ярыла.

Канцоўцы „іла“ адпавядае ў санскрыце van, якое, у свой чарод прыраўніваецца да грэцкага ως, ωτς. У цэлым славянскае слова Ярыла адпавядае санскрыцкаму Arvan і грэцкаму Εpως.

Arvan у пазьнейшым санскрыце азначае „кон“, але ў Ведах яно больш захавала сваё першапачатковае значаньне — хуткі, бягучы, прыткі, імклівы. Гэта назва ў Ведах адносіцца да сонца і ўжываецца нават заместа сонца; інагды ўжываецца ў сэньсе каня і верхніка (усадніка, коньніка). Гэны верхнік — узыходзячае сонца. Ёсьць нават гімны ў Ведах аб сонцы, як і аб кані.

Падобна санскрыцкаму ar, славянскае „яр“ таксама захавала значаньне хуткасьці, бягучасьці, прыткасьці, імклівасьці, а таксама палкасьці, сілы, сьвятла; вясеньняга або ўзыходзячага сонца. Як і санскрыцкае ara азначае хуткі і прыткі, так і наша беларускае „ярам“ — хутка, прытка.

Галоўная свомасьць сьвятла ёсьць хуткасьць яго распаўсюджаньня; у корні „яр“ сумешчаецца значаньне хуткасьці і сьвятла.

Вясеньні сьвет узбуджае ў прыродзе сілу адраджэньня і аплоджаньня; дзеля гэтага „яр“ ужываецца ў значаньні пладатворнай сілы вясеньняга сонечнага сьвятла.

Тое, што корнем „яр“ трэба разумець сьвет вясеньняга сонца, можамо бачыць, напрыклад, з назвы вясны: „яро“, як гэта ўжываецца аж да апошняга часу ў чэскай мове; адсюль назва вяснавых пасеваў: „ярына“, „яравое поле“; у нямецкай мове, напрыклад, захавалася нават і назва году: Jahr. Вясна — гэта ёсьць час, калі ўзбуджаецца імкненьне да аплоджаньня: ярун, ярыцца, ярыць. Апрача таго вясеньні сьвет узбуджае сілу, мужнасьць. Корань „яр“, дзеля гэтага, у сучаснасьці, як і ў санскрыце, азначае сілу, мужнасьць, здатнасьць; „яры“ — гэта ўсё роўна што сільны, мужны, здатны. Jarost па-чэску — сьвежасьць, юнацкая сіла. Згэтуль паходзіць і яшчэ адно значаньне корня „яр“ — гнеўны, заўзяты, ярасны; адпаведная латынскаму ira, a грэцкаму ατγς, што таксама азначае гнеўнасьць, заўзятасьць. У беларускай мове слова ярасьць ужываецца ў сэньсе буйнасьці, палкасьці, жарыстасьці, гарачнасьці.

Слова „Ярыла“, такім чынам, азначае хуткую распаўсюджанасьць вясеньняга сьвятла, якое ўзбуджае сілу ўзросту ў травах, дрэвах, плоцкую сілу ў зьвяроў і ў людзей; а таксама — юнацкую сьвежасьць, здатнасьць, адвагу і храбрасьць у чалавеку. Згэтуль вынікае, што Ярыла як увасабленьне вясеньняга сонца зьяўляецца богам аплоджаньня, богам каханьня, радасьці, красы, сілы і дасканаласьці. Уява сонца ў вобразе каня ёсьць супольна многім народам: у Персаў, напрыклад, — белы конь, у скандзінаўскіх народаў — сьветлагрывы конь, ня іначай і ў славян, асабліва ў нашых продкаў, — белы конь.

Узьнікла гэта ўява ў пастушаскія часы, калі ў вобразе розных зьвяроў увасабляліся сілы прыроды; гэта была эпоха зооморфізму. Напачатку земляробскае эпохі, калі пачаў узьнікаць антропоморфізм — увасабленьне сілаў прыроды ў вобразе чалавека — народная фантазія злучыла папярэдні зооморфічны вобраз з новым антропорфічным: на белага каня быў пасаджаны малады чалавек; гэтак зьявілася ўява маладога прыгожага ўдалага хлапца, які сядзіць на белым кані — уява вясеньняга сонца.

Уява сонца ў вобразе прыгожага юнака, які разьяжджае па сьвеце на белым кані, існуе таксама і ў іншых народаў: у індусаў — Вішна, у рымлян — Апалон, у персаў — Мітра.

Наш беларускі Ярыла як бог сонца яўляецца ня іначай, як у вобразе прыгожага юнака на белым кані.

„Аж да апошняга часу, — кажа П. Ефіменко, — беларусы ўяўляюць сабе Ярылу маладым, прыгожым чалавекам, які разьяжджае на белым кані“.

Вобраз Ярылы ўяўляўся беларусам таксама і ў постаці дзяўчыны. Беларусы, кажа Ефіменко, у сьвята Ярылы прадстаўніком яго выбіраюць ня хлопца, але маладую прыгожую дзяўчыну, якую апранаюць так, як уяўляюць сабе Ярылу, і саджаюць яе на каня. Аб гэтым сьведчыць таксама і Дрэўлянскі ў сваёй працы „Белорусския предания“.

Уява бога сонца ў вобразе жанчыны паходзіць, мабыць, з часоў матрыярхату, калі жанчына-матка ўважалася за прадстаўніка роду; не мужчына-бацька, але жанчына-матка стаяла на чале радавога суспольства.

Нельга не адзначыць пры гэтым, што ў старадаўнія часы была вельмі пашырана ўява прыраўнаньня сонца з чалавекам: узыходзячае сонца прыраўнівалася з прыгожым дзіцянём, паўдзённае сонца — з мужам поўналетнім, вячэрняе сонца — з старым дзедам. У выніку гэтага сонца ўвасаблялася ў розных вобразах: дзіцяці, юнака і старога дзеда. Узыходзячае сонца заўсёды ўяўлялася ў вобразе прыгожага дзіцяці на руках маткі-зямлі. Гэтак: у індусаў дзіця-сонца сядзіць на руках маткі-зямлі Лакшмы, у эгіпцян сонца сядзіць на руках маткі-зямлі Ізыды, у фрыгійцаў і ў рымлян яно ўяўляецца з маткаю Цыбелаю; у славян сонца-дзіця сядзіць на галаве Жывы або Сівы, у фінаў — на руках Залатой Бабы. Аб гэтым сьведчыць, між іншым, і М. Кастамараў у сваей працы „Словянская мифология“. На Беларусі, аднак, гэта ўява ў яе першапачатковай форме не захавалася; поўнасьцю, можна сказаць, была выцесьнена ў народнай сьвядомасьці хрысьціянскім вобразам Маткі Боскай Вострабрамскай, што пэўна-ж па свайму паходжаньню і першапачатковым значаньню ёсьць адное і тое-ж самае — дзіця-сонца сядзіць на руках маткі-зямлі.

Ярыла як бог вясеньняга сонца ўяўляецца на Беларусі выключна ў вобразе прыгожага юнака, які сядзіць на белым кані: адзеты ў белую вопратку, на галаве ў яго вянок зь вясеньніх кветак, у правай руцэ трымае людзкі чэрап — сымбаль перамогі над сьмерцю, у левай руцэ трымае жменю жытных каласоў — сымбаль жыцьця і ўроду; ногі ў яго босыя.

Гэта ёсьць уява ўдалага і здатнага героя, які перамагае зло — зіму, як кажа І. Ружычка, і нясе людзям дабро — сьвет вясеньняга сонца.

У вобразе Ярылы, як яго ўяўляюць беларусы, злучаецца, на думку І. Шыгірова, ідэя мужнасьці, здатнасьці і пажадлівасьці, якая праяўляецца ў цёплы і пладатворны час году — вясной, калі ўсё жывое, казаў той, бывае ў яры.

Час панаваньня бога сонца Ярылы быў абмежаваны — прадаўжаўся да Купальля, калі сонца дасягала найбольшага ўзвышша; з гэтага часу пачыналася ўжо панаваньне бога Купалы.

Урачыстае сьвяткаваньне Ярылы пачыналася звычайна ў той дзень, калі цяпер прыпадае Юр’я. Вясковая моладзь — хлопцы і дзяўчаты ў лепшай сьвяточнай вопратцы зьбіраліся рана пры ўзыходзе сонца на вызначанае мейсца, прыбіралі Ярылу, пяялі пры гэтым песьні, у якіх праслаўлялі бога сонца і вясну, пасьля яны ўсёй грамадой у стройнай працэсыі на чале зь Ярылам адыходзілі на луг, дзе ладзілі гульні і розныя забавы.

Сьвяткаваньне бога сонца Ярылы адбывалася ў старадаўнія часы і ў іншых славянскіх народаў, але ў значна пазьмененай форме.

Украінскае вясеньняе сьвята Каструбы, як і рускае сьвята Кастрамы — гэта ёсьць толькі водгук старадаўняга, мабыць, яшчэ праславянскага ўрачыстага сьвята вясны, сьвята адраджэньня прыроды і ўваскрашэньня да новага жыцьця. Гэта сьвята ў чыстай форме захавалася толькі на Беларусі, дзе, паводле праф. др. Lubora Niderle, яшчэ ў перадгістарычныя часы была калыска славянства і скуль у наступным часе пад уплывам розных чыньнікаў разыйшліся на захад, на ўсход і на паўдзённы захад усе славянскія народы; Беларусы, застаўшыся на адным і тым самым месцы, спрадвечныя тубыльцы краіны ў вадазборніку рэкаў Дняпра, Сожа, Прыпяці, Бярэзіны і Дзьвіны — ад Ловаці і аж да Буга! — захавалі ў чыстай форме ня толькі свой антрапалягічны славянскі тып, але і ўсе найбольш характэрныя асаблівасьці славянскае культуры.

Уява бога сонца Ярыла ў вобразе прыгожага юнака на белым кані захавалася толькі на Беларусі — гэта быў беларускі народны бог!

„У іншых славян, — кажа Афанасьеў, — Ярыла ведамы быў пад назваю Яравіта, якога старынныя кронікі прыраўніваюць да Марса; Марс-жа першапачаткова — грамавік, спараджаючы дэманаў, а затым — бог вайны. Як нябесны ваяка (бог ярасны, гнеўны) Яравіт уяўляўся з баёным шчытом, але разам з тым ён быў і тварцом усялякае пладароднасьці“.

Уяўленьне Ярылы ў вобразе ваякі з баёўным шчытом у руцэ ня ёсьць чужое для беларусаў: удалы ваяка на белым кані — гэта ёсьць вобраз бога сонца Ярылы!

Калі і як адбылася ваенізацыя ўявы бога сонца Ярыла, які спачатку быў мірным богам пастухоў, а затым — земляробаў, аб гэтым нельга сказаць нічога пэўнага: настала, мабыць, у эпоху вялікіх войнаў, калі мірная праца земляроба заменяна была на востры меч і баёўны шчыт ваякі.

Эпоха, калі мірны бог Ярыла адзеў вайсковае ўбраньне, гэта ёсьць адна з найцікавейшых эпохаў у гісторыі беларускага народу; з усёй праўдападобнасьцю можна сьцьвердзіць, што гэта эпоха прыпадае на XII і XIII стст. Беларусы ў той час вялі гераічнае змаганьне на два фронты: супраць нападаў нямецкіх крыжакоў — з захаду, і супраць татарскіх наездаў — з усходу. Гэта была вайна, як кажа М. Доўнар-Запольскі, у якой прыймала ўдзел усё вольнае насельніцтва — сьмерды і баяры; увесь беларускі народ ішоў у паспалітае рушэньне дзеля абароны свае бацькаўшчыны.

Спосаб вядзеньня вайны спачатку быў чыста партызанскі. Беларусы вылаўлівалі чужацкіх наездаў, заганялі іх у лясы і балоты і там іх разьбівалі. Але вораг быў напорысты: наезды нямецкіх крыжакоў і татарскіх багдыханаў адбываліся звычайна на конях; яны лёгка маглі пераяжджаць зь мейсца на мейсца і ўхіляцца ад боя там і тагды, калі ім гэта было ня зручна; адыходзілі назад з тэрыторыі Беларусі, каб пасьля ізноў, выбраўшы адпаведны час, зьнянацку напасьці на мірнае земляробскае насельніцтва. Беларускае паспалітае рушэньне — пераважна пяхотнае сялянскае войска — павінна было рэарганізавацца ў адпаведнасьці з вымогамі часу і спосабам вядзеньня абароннае вайны: проці коньніцы чужацкіх наездаў трэ’ было паставіць сваю коньніцу і праганяць ворага аж у глыбядзь іх краінаў. Гэтак паложаны быў пачатак утварэньня сталага беларускага войска. Беларускія коньнікі ў неўзабаве воўкам лёталі ад берагоў Балтыйскага аж да Чорнага мора: разьбілі магутную сілу татараў і нанесьлі руйнуючы ўдар нямецкім крыжакам пад Грунвальдам у 1410 г. Беларусь была вольная і ні ад каго незалежная дзяржава!

Утварэньне сталага коннага войска мела ў той час далёкасягальныя вынікі. Узьнікла значная лікам група людзей, якія займаліся выключна толькі вайсковымі справамі; гэта былі ваякі-фахаўцы. У наступным часе, паскольку справа абароны краіны і бязупыннае вядзеньне вайны прадаўжала быць першай і галоўнай справай у жыцьці і дзейнасьці супольства, ваякі-фахаўцы паступенна набывалі ўсё большае і большае моцы, занялі, нарэшце, вызначанае становішча ў суспольстве і выдзяліліся ў асобны ўпрывілеяваны стан; у летапісах таго часу знаходзімо аб іх такія азначаньні, як seniors, majores, boni viri. Сярод гэтых „лепшых людзей“ не мала было, пэўна-ж, і патомных тых радавых старэйшын і тых радавых князькоў, аб якіх з вялікай любасьцю апавядаюць нашы летапісы; большасьць, аднак, складалася з удалых ваякаў паспалітага рушэньня. З ваякаў-коньнікаў, такім чынам, узьнікла новая радавітая шляхта; цікава, між тым, што слова шляхта паходзіць ад нямецкага слова schlagen — біць, а нямецкае слова Schlact азначае бітву; даслоўны пераклад на беларускую мову слова шляхта азначае: баёўныя людзі, ваякі.

З узьнікам шляхты на Беларусі ўзьнікла новая зямельная арыстакратыя; за сваю службу ў войску ваякі-коньнікі атрымлівалі землі, на якіх працавалі ўжо з таго часу запрыгоняныя сяляне-земляробы.

Вярхі шляхты — магнаты — займалі вышэйшыя пасады ў дзяржаве і зьяўляліся раднікамі князя — ваходзілі ў склад дзяржаўнае рады; нізы былі звычайнымі sabienulites — ім дано было права самаўрадаваньня, што наяўна выяўлялася ў павятовых і земскіх соймах. У наступным часе ўсе правы і вольнасьці шляхты былі кодыфікаваны ў зборніку законаў, які мае назву „Літоўскі Статут“. Чаму так сталася і скуль паходзіць гэта назва „Літоўскі“, „Літва“, існуюць розныя дамнеўкі; дакладна пагаворымо аб гэтым пры разборы „Літоўскага Статуту“. Адно тут скажамо: хай нас ня блытаюць розныя назвы, справа ня ў назьве, а ў нечым іншым; шукайма канкрэтна-рэчаісты зьмест гістарычных падзеяў. У абставінах вайны зь нямецкімі крыжакамі і татарскімі багдыханамі, упартае й заўзятае вайны, якая вымагала напружаньня ўсіх сілаў і вялікай самаахвярнасьці, злучаліся і аб’ядноўваліся дзеля абароны свайго жыцьця і маёмасьці ўсе спародняныя славянскія пляменьні на вагромністым абшары ад Ловаці і аж да Буга; гэтак, на рубяжы XII і XIII стст. узьнікла беларуская дзяржава з цэнтрам у Наваградку. У наступным часе, пасьля адстырчаньня нямецкіх крыжакоў на захад, сталіца незалежнай беларускай дзяржавы перанесена была ў Вільню. Прыгожае места Вільня, пабудаванае ў далёкай мінуўшчыне на шляху гандлёвай пераправы праз раку Вяльлю, прадаўжала быць галоўным цэнтрам Беларусі аж да часу заняпаду беларускае дзяржаўнасьці ў канцы XVIII ст.

Беларуская шляхта як упрывілеяваная суспольная група ваякаўконьнікаў, маючы сваё паходжаньне ў мінуўшчыне з паспалітага рушэньня ўсяго земляробскага насельніцтва, сацыяльна-палітычна адасобнілася ад працоўнага народу, уважала сябе за „шляхецкі народ“, але культурна і псыхалягічна захоўвала ўсе старадаўнія звыкі і вераваньні; успрынятае ў той час хрысьціянства ня мела спачатку значнага ўплыву на культурную сьвядомасьць беларускага народу.

Гэтак: калі для беларускага селяніна-земляроба ідэалам здатнасьці, красы і сілы прадаўжаў быць прыгожы хлапец на белым кані, адзеты ў белую сялянскую вопратку, зь вянком палявых кветак на галаве і жменяй жытных каласоў у руцэ, то для ваякі-шляхціца ідэалам здатнасьці і сілы ёсьць ваяка на белым кані, адзеты ў жалезны панцыр, з высока паднятым мячом у правай руцэ, з баёўным шчытом у левай руцэ, жалезным шлемам на галаве, які аздобляны квяцістым пяром, з жалезнымі астругамі на ботах.

Як бачымо, гэта ёсьць нішто іншае, як звычайны соцыямарфізм: старадаўні бог сонца Ярыла адзеваецца ў розныя вопраткі!

У вобразе ваякі на белым кані мы бачымо бога сонца Ярылу і ў дзяржаўным гербе Беларусі. Уява ваякі на белым кані ў дзяржаўным гербе Беларусі — гэта ёсьць наяўнае сьведчаньне аб тым, што ваякі-коньнікі стаялі на чале дзяржаўнага будаўніцтва беларускага народу. І ў гэтым няма нічога дзіўнага: так узьнікалі на ўсьвеце гісторыі ўсе эўрапейскія дзяржавы.

Уява старадаўняга бога сонца Ярылы сустрачаецца і ў іншых гербах на Беларусі; у беларускай гэральдыцы гэта ёсьць звычайная зьява.

Паўзіраемся, напрыклад, на гэрб Скарыны: на паўкруглым шчыце чалавечае аблічча — лоб, вочы, нос і шчокі; вочы ўзіраюцца проста, адважна і мудра; на ўсе бакі ад аблічча веярам разыходзяцца вогняныя пасмы сьвятла; правы бок аблічча, частка шчакі зьнізу ўверх засланяецца іншым абліччам, якое абернута бокам і ўзіраецца кудысьці ўніз напружана і гнеўна.

Што гэта азначае — мо’ перад намі двулікі Янус?

Не, гэта ёсьць увасобленьне сьвятла і цемры, або, як гэта кажуць, сонца і месяца; гэта ёсьць вобраз узыходзячага сонца, якое праганяе начную цемрадзь.

Інакш кажучы: у гэрбе Скарыны зьяўляецца перад намі старадаўні бог сонца Ярыла ў адменным уяўленьні і ў іншай падобе; гэта ўжо ня вобраз прыгожага хлапца ў сялянскай вопратцы, ня вобраз ваякі на белым кані, але вобраз людзкога аблічча, вочы якога ўзіраюцца проста, адважна й мудра; гэта ёсьць увасобленая мудрасьць, сусьветны логос, спрадвечны творчы розум.

Гэткае ёсьць уяўленьне старадаўняга бога сонца Ярылы ў першага беларускага інтэлігента-народніка доктара Францішка Скарыны.

М. Шчакаціхін уважае, што гэрб Скарыны мае сваё паходжаньне ў зацьменьні сонца; гэту сваю дамнеўку ён абапірае на тым, што сонца ў гэрбе абкружана праменьнямі-пратубэранцамі; якія можамо спасьцерагаць толькі ў часе сонячных зацьменьняў. Устанаўлівае, паводле гэтага, і дзень нараджэньня Францішка Скарыны, сына Лукі, кушніра з Полацку. 6 сакавіка 1486 г., у той дзень, калі адбылося зацьменьне сонца, якое можна было спасьцерагаць у Полацку. Гэта, маўляў, ёсьць дзень нараджэньня Францішка Скарыны; згэтуль паходзіць і гэрб Скарыны: зацьменьне сонца.

Дамнеўка М. Шчакаціхіна не пазбаўлена дасьціпнасьці. І ўзапраўду: хіба можна пярэчыць таму, што 6 сакавіка 1486 г. адбылося зацьменьне сонца, якое можна было спасьцерагаць у Полацку і што ў той дзень мог нарадзіцца Францішак Скарына? Усё магчыма; магчыма нават і тое, што Францішак Скарына, ня маючы шляхецкага гэрбу, бо паходзіў з паспалітага люду, узяў сабе за гэрб матыў зацьменьня сонца; гэты матыў поўнасьцю мог адпавядаць уяўленьню старадаўняга бога сонца Ярылы, які змагаецца зь цемрадзяй.

Тое, што ў дзень нараджэньня Францішка Скарыны магло адбыцца зацьменьне сонца, або, наадварот, у дзень зацьменьня сонца мог нарадзіцца Францішак Скарына, далёка яшчэ не азначае таго, што гэрб Скарыны ёсьць толькі прыпадковае астранамічнае здарэньне — зацьменьне сонца; мае глыбейшы сэнс і сусьветна-касьмічнае значаньне. З усей яскравасьцю аб гэтым сьведчыць ужо нават хоць-бы і тое, што ў Бібліі, якую пераклаў Францішак Скарына на беларускую мову і выдаў друкам у Празе, сярод розных гравюр і аздобаў вельмі часта сустракаецца чалавечае аблічча, вочы якога ўзіраюцца проста, адважна й мудра; гэта аблічча мы бачымо і на гравюры, дзе зьмешчаны партрэт Скарыны; згэтуль узьнікла дамнеўка, што гэта, маўляў, ёсьць гэрб Скарыны. У рэчаістасьці — гэта ёсьць вобраз старадаўняга бога сонца Ярыла! Беларуская гэральдыка ёсьць вельмі багатая, мо найбагацейшы скарб народнае творчасьці; існуе вагромністае множаства гэрбаў, якія ўжываліся рознымі асобамі й станамі беларускага суспольства, як пэўныя сымбалі-знакі іх здатнасьці, красы і сілы. Але ў кожным беларускім гэрбе пры ўважлівым яго разглядзе знойдземо таемны знак бога сонца — гэта ёсьць старадаўны сымбаль бога сонца Ярыла.

Паводле гэрбаў, якія ўзьніклі на Беларусі, можамо вывучаць гісторыю разьвіцьця беларускае культуры з найдаўнейшых часоў і аж да нашых дзён; спасьцерагаемо ў іх вобразы-ўяўленьні самаістае творчасьці з эпохі старадаўняга паганства і напластаваньні пазьнейшых уплываў хрысьціянскае цывілізацыі. Наяўна гэта бачымо ў дзяржаўным гэрбе Пагоня; зьмілітарызаванае ўяўленьне бога сонца Ярыла дапоўнілася знакам хрысьціянскае цывілізацыі: на баёўным шчыце ў ваякі на белым кані з высока паднятым мячом у правай руцэ пастаўлены быў шасьціканцовы крыж.

Хрысьціянская цывілізацыя зь яе касьцёльна-царкоўнай сымболікай вядзе напорыстае змаганьне, у цягу стагодзьдзяў, з культурнай спадчынай паганства; пасьпела ўжо зьнішчыць шмат вялікіх каштоўнасьцяў самастойнае творчасьці беларускага народу.

Пад уплывам касьцёльна-царкоўнай сымболікі зьмянілася вобразатворнасьць беларускага народу; значна зьмянілася і першапачатковае ўяўленьне бога сонца Ярыла: вясеньняе сьвята Ярыла замянілася ўжо на Юр’я.

Але ў песьні народнай, якую сьпявае беларуская моладзь на Юр’я, вобраз Ярыла застаецца ў поўнай красе і сьвежасьці: „Разыграўся Юра конік — залаценькі конік“.

Нашы старадаўныя продкі, як сьведчыць П. Ефіменко, злучалі ўяўленьні сьвятла з барвамі залатымі, белымі і чырвонымі, а ўяўленьні цемры злучалі з барвамі цёмнымі і чорнымі. У залаценькім коніку, дзеля гэтага, нельга ня бачыць вясеньняга сонца — Ярылу — у яго першапачатковым зооморфічным вобразе.

Белы конь, або залаценькі конік, у народным уяўленьні, белы конь у дзяржаўным гэрбе Пагоня — хіба гэта ня ёсьць наяўны доказ узапраўднага паходжаньня гэрбу Пагоня?

Белы конь у залатых праменьнях сонца — гэта ёсьць вобраз сілы, красы і здатнасьці; гэта ёсьць сымбаль адраджэньня і ўваскрасеньня да новага жыцьця.

Ваяка на белым кані — гэта ёсьць сымбаль перамогі.

Белая барва як уяўленьне сьвятла вельмі пашырана ёсьць на Беларусі; згэтуль, мабыць, паходзіць і назва Беларусі — белая, чыстая, вольная, як сьвет сонца.

Ня менш пашырана ёсьць на Беларусі і чырвоная барва, як чырвоны ёсьць золак на небе перад усходам сонца; згэтуль наш бел-чырвона-белы сьцяг — сьцяг адраджэньня і вызваленьня беларускага народу.