Да характарыстыкі Каганца

Да характарыстыкі Каганца
Успаміны
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1928
Крыніца: Газэта «Савецкая Беларусь», № 115 (2303), 20 траўня 1928 г., б. 3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Да характарыстыкі Каганца.

(Успамін).

Здараюцца ў бацькоў няўдалыя дзеці, маўляў-бы зязюляю падкінутыя ў чужое гняздо птушаняты. Яны не даюць весьці сябе за ручонку, вядомымі бацьком, сьцяжынкамі, ірвуцца ў кплі і гашчы, пруць як агалцелыя цераз крокаці і заломы. Адны з такіх ўтрапенцаў стравяць жыцьцё на шуканьні і нічога ня знойдуць, а другія натрапяць на сваю сьцежку і тораць новыя дарогі прыйдучым пакаленьням.

Да ліку такіх утрапенцаў належыў Каганец. Роджаны ў памешчыцкай, калісь багатай і знатнай у краі, сям‘і (Кастравіцкіх), ён, як слабавіты, рахітычны дзяцёнак, ня меў асаблівай у сям‘і любові, здаецца стыдаліся дзіцяці гарбаціка ў пакоях пры гасьцёх, бо большасьць свайго маленства правёў ён у пякарні паміж дворнай службы. Калекія дзеці зазвычай рана разьвіваюцца і пачынаюць самастойна думаць. Раньняму самастойнаму думаньню паспрыяла яшчэ і тое, што за навуку яго пасадзілі даволі позна, Балі ня мыляюся, памятаецца са слоў Каганца, каля 10 году жыцьця яго.

Успамінаючы свае дзіцячыя годы, Каганец апавядаў, што ён да 10-ці гадоў заўважыў ужо антаганізм, які існаваў паміж пакоямі і пякарняй. У 15-цілетнім узросьце яго дражніла тое, спэцыфічнае да польскага памешчыцтва на Беларусі, дзяленьне на «мы» і «яны». «Мы» (памешчыкі), шляхта—гэта выбранцы прызначаныя да панаваньня, «яны» (сяляне) створаны да напоўзьверачага мадзеньня. «Мы» маем смак, «яны» ня маюць смаку, не патрабуюць выгоды,—для іх адпачынак—гэта дэмаралізацыя…

«Калі мяне сталі вучыць, злосьць брала, чаму мяне вучаць не па-нашаму»,—апавядаў Каганец аб пачатках сваіх навук. І гэты сказ сьведчыць, што для Каганца, дзесяцігадовага хлапца, мова пакояў, мова яго бацькоў, братоў і сясьцёр была ўжо «ня нашай»!

У сваёй моладасьці Каганец захапіўся ідэяй расійскага народавольства, гэта паслужыла прычынай, што суседзі надалі яму мянюшку «хлопоман», г. зв. маньяк, які памяшаўся на мужыцтве. Яго дружба з сялянскай моладзьзю і „простая“ (г. зн. ня панская) мова, бывалі частымі прычынамі сямейных драм. Але аканчальны разрыў з сям‘ёй наступіў пасьля таго, калі Каганец, пад уплывам народавольскіх ідэй, уцёк з дому і наняўся ў суседнім павеце пасьвіць статак ў вёсцы. На жаль, Каганец гэты разрыў з сям‘ёй у сваіх апавяданьнях збываў фразай «уканец зазлавалі», не распашыраючыся.

Пасучы статак, Каганец вучыў сваіх падпаскаў грамаце, рысаваньню і разьбе па дрэву, а галоўна пры дапамозе імправізаваных ім самім казак вёў прапаганду нацыянальную і сацыяльную, расшыраючы свае ўплывы праз дзяцей і на бацькоў. Разам з гэтым Каганец запісываў і вывучаў беларускі фольклёр і быт. І трэба прызнаць, што ў апошнім кірунку ён дасьціг найбольшага: другога такога знаўца псыхікі і быту беларусаў, яв Кагавец, беларусы дагэтуль ня маюць паміж сваёй інтэлігенцыі. Гэта асабліва кідаецца ў вочы, пры азнаёіленьні з яго мастацкай творчасьцю:—З паміж усіх новачасных беларускіх мастакоў, толькі адзін Каганец умеў нарысаваць запраўдны тып беларуса.

У часе рэвалюцыі 1905 году Каганец прыймаў чынны ўдзел у рэвалюцыйным руху, як член Беларускай Сацыялістычнай Грамады, аўтар рэвалюцыйных вершаў і пракламацый і як пропагатар рэвалюц. ідэй на вёсках.

У 1913 годзе Каганец быў вучыцелем рысаваньня ў рамесьленнай школе пры касьцёле Сьцяпана у Вільні. Школа гэта была арганізавана Эдэцыяй (Польская Нацыянал-Дэмакратычная партыя) з палёнізатарскімі мэтамі. Дзяцей беларускай беднаты набіралі ў закрыты інтэрнат з тым, каб з іх узгадаваць нацыянал-палякаў і ультра-каталікоў. Пасьля 1905 г. польскія паны на Беларусі зразумелі, што без паслкшных ім папіхачоў у гушчы працоўных мас іхняе панаваньне ў краі ня будзе мець ані апоры, ані апраўданьня, і дзеля гэтага клалі значныя сродкі на фабрыкацыю палякаў с беларусаў-каталікоў, пры дапамозе школ і прытулкаў. Гэта ксяндзоўска-панская спэкуляцыя была разьлічана на народную цемнату, дзякуючы якой ім запраўды ўдавалася падмяняць азнаку рэлігійную нацыянальнай: Калі каталік—знача паляк! Каганец пайшоў у гэту школу з мэтай павясьці там беларускую прапаганду. У першую палову году ён зрабіў шмат. З‘арганізаваў сакрэтны гурток з лепшых хлапцоў, вадзіў іх на гутаркі аб сацыялізьме, якія ўстраіваліся ў памяшканьнях, даставаў літаратуру і г. д. Але ў красавіку, як павеяла вясной, Каганец засумаваў, замаркоціўся, у гугарках кружыць пачаў каля поля, лесу, прыроды, а ў першых датах мая ўцёк з Вільні на вёску.


Вось тая горстачка ўспамінаў аб Каганцу, „няўдалым“ панскім дзіцяці, які ўсё сваё жыцьцё палажыў на працу дзеля вызваленьня беларускага народу з вядолі і сацыяльнай несправядлівасьці—горстачка ўспамінаў, якія захаваліся ў маёй памяці з непасрэдных гутарак з гэтым арыгінальным, дужа асьвечаным, надзвычайна чуткім, запраўдным піянэрам беларускага адраджэньня.

ВЛАСТ.