Да ўсяго народу беларускага

Да ўсяго народу беларускага
дакумэнт

1917
Крыніца: Турук, Ф. Ф. Белорусское движение: очерк истории национального и революционного движения белоруссов: с приложением образцов белорусской нелегальной литературы, важнейших документов белорусских политических партий и национальных организаций и этнографической карты белорусского племени, составленной акад. Е. Ф. Карским / Федор Федорович Турук. — Репринтное издание. — {Минск}: Минская картографическая фабрика Белгеодезии, 1994. — Выходные данные оригинала: М.: Гос. изд-во, 1921. — С. 97—100.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Расея перажывае страшныя дні. Анархія зьнішчае незьлічонае багацьце краіны. Народныя масы, якімі не кіруе агульнапрызнаная ўлада, самі намагаюцца разьвязаць паўсталыя пытаньні. Усё гэта вядзе народы Расеі на пагібельны шлях страты свабодаў, атрыманых у лютаўскія дні крывёю найлепшых сыноў краіны. Народ змарыўся ад працяглай вайны. Армія вычарпала ці ня ўсе рэсурсы Расеі. Поўны застой у вытворчасьці, адсутнасьць прадуктаў на рынку вядуць краіну да голаду. Армія ўжо стаіць перад жахам голаду, з усімі ягонымі наступствамі.

Для Беларусі, як краіны, разарванай фронтам, найбольш зачэпленай вайной, неадкладнае заключэньне міру ёсьць нарожным камянем усёй палітыкі. Беларусь амаль на палову спаленая і спустошаная. Гібель гарадоў і вёсак, гібель народу і ўсіх ягоных матэрыяльных выгодаў на шматлікія гады выракаюць краіну на голад, холад і нястачу. Беларускі народ ня можа дапусьціць канчатковай згубы роднага краю і не дапусьціць нічыйго замаху на правы народу і на ягоную зямлю.

Беларусь, якая ўключае ў свае межы Віленскую, Віцебскую, Гарадзенскую, Менскую і Магілёўскую губ., заходнія паветы Смаленскай губ. і паўночныя паветы Чарнігаўскай губэрні, зьяўляецца адзінай і непадзельнай краінай, спаянай братэрскімі повязямі з усёй астатняй Фэдэратыўнай Расейскай Рэспублікай. У дадзеных умовах толькі сваімі ўласнымі сіламі здолее яна адстаяць сваю волю і забясьпечыць свае нацыянальныя лёсы надалей.

Усьведамляючы крытычнае становішча роднага краю, праведзеныя ў Менску з 15—24 кастрычніка 1917 году зьезды беларускіх арганізацыяў і беларусаў-воінаў Заходняга фронту з удзелам прадстаўнікоў Паўночнага фронту і Балтыйскага флёту, аб’яднаныя ў Вялікай Беларускай Радзе, пастанавілі прыняць найрашучыя меры да арганізацыі ўсяго беларускага народу дзеля абароны здабытых правоў і вольнасьцей. Абраныя імі Выканаўчыя Камітэты зьвяртаюцца да ўсяго беларускага народу з гарачым заклікам — узяць ва ўласныя рукі кіраўніцтва сваім краем, каб выканаць свае неадкладныя гістарычныя задачы.

Адзіны і непадзельны народ беларускі. Рэлігія ня мусіць служыць прычынаю няладаў між праваслаўнымі і каталікамі беларусамі, таму што яны — адзін народ з агульнай мовай і гісторыяй.

Беларусь мусіць быць дэмакратычнай рэспублікай, спаянай зь Вялікаросіяй ды іншымі суседнімі Рэспублікамі Расеі на аснове фэдэрацыі.

У межах аўтаномнай Беларусі ўсе іншыя народы краю мусяць карыстацца нацыянальна-пэрсанальнай аўтаноміяй.

Уся ўлада ў Беларусі павінна належаць Краёвай Радзе, абіранай на асновах усеагульнага, роўнага, таемнага і прапарцыйнага галасаваньня.

Пытаньні агульнадзяржаўнага будаўніцтва, пытаньні міжнароднай палітыкі і гандлёвыя дамовы з замежнымі дзяржавамі павінны ўваходзіць у кампэтэнцыю найвышэйшага заканадаўчага органу Расейскай дэмакратычнай фэдэратыўнай рэспублікі.

Ніякіх мытных граніц між Беларусяй ды астатнімі рэспублікамі Расейскай фэдэрацыі ня мусіць быць.

Краёвай Радзе павінна належаць права стварэньня мясцовых законаў, разьвіцьця, распрацоўкі і ўжываньня да мясцовых умоваў законаў, выдаваных найвышэйшым заканадаўчым органам Расейскай дэмакратычнай рэспублікі.

Найвышэйшае распараджэньне зямельнымі, воднымі і ляснымі ўгодзьдзямі Беларусі павінна быць у руках усяго народу ў асобе ягонай прадстаўніцы — Краёвай Рады.

Увасабленьне ў жыцьцё абавязковай бясплатнай адукацыі, падняцьце і разьвіцьцё беларускай культуры, вывучэньне мінуўшчыны краю і роднай мовы зьяўляюцца жыцьцёвым інтарэсам беларускага народу. Закладаньне ў Беларусі найвышэйшых навучальных установаў: унівэрсытэтаў, сельскагаспадарчых і палітэхнічных інстытутаў ды інш. ёсьць надзвычай неабходным дзеля ўзьняцьця культурных сілаў краіны.

Поўнае аднаўленьне зьнішчаных гаспадарак і ўсіх багацьцяў у зруйнаванай частцы Беларусі мусіць быць пастаўленае на вырашэньне міжнароднай мірнай канфэрэнцыі і праведзенае коштам ваюючых дзяржаваў.

Поўнае вяртаньне эвакуяваных у глыб Расеі гістарычных помнікаў культуры, мастацтва, вяртаньне на месцы навучальных установаў, фабрык, заводаў ды іншых установаў мусіць быць праведзенае неадкладна па сканчэньні вайны.

Уладкаваньне мільёнаў нашых бяздольных, расьсеяных на чужыне братоў беларусаў-уцекачоў, апекаваньне над зьнявечанымі героямі, ахвярамі вайны, і апекаваньне над працоўнымі, што страцілі працаздольнасьць, павінна быць прынятая на конт дзяржавы.

У цяперашні час мусяць быць зьдзейсьненыя наступныя задачы:

  1. Бяскоштная перадача абшарніцкай, царкоўнай, касьцёльнай, манастырскай, кабінэтнай, удзельнай ды інш. земляў працоўнаму народу будзе найзначнейшай заваёвай сялянскага народу беларускага, закладам ягонага захаваньня і нацыянальнага эканамічнага росквіту. Перадача гэтая мусіць быць неадкладна зьдзейсьненая шляхам пераходу названых земляў пад ахову Зямельных Камітэтаў, усенародна абраных.
  2. Мясцовая ўлада ў Беларусі абавязаная ўсе намаганьні прыкласьці дзеля захаваньня ўсіх астатніх багацьцяў краю.
  3. У межах Беларусі, як у зруйнаваным прыфрантавым пасе, ужо цяпер павінна быць цалкам забароненая ўсялякая рэквізыцыя прадуктаў, фуражу і скаціны.
  4. Беларускі народ ня можа дапусьціць, каб край ягоны быў разарваны на часткі і падзелены між дзяржаўнымі суседзямі пры падпісаньні мірнай дамовы. Дзеля абароны свайго права на непадзельнае існаваньне беларускі народ мусіць мець на мірным кангрэсе сваіх правамоцных прадстаўнікоў.
  5. Дзеля забесьпячэньня непадзельнасьці Беларусі і дзеля ўратаваньня краю ад жахаў дэмабілізацыі, дзеля абароны кроўных інтарэсаў беларускага народу ўже прыступіліся паводле пастановы зьезду вояў-беларусаў Заходняга фронту, прадстаўнікоў Паўночнага і Румынскага франтоў і Балтыйскага флёту да фармаваньня нацыянальных беларускіх войскаў. Да гэтай істотнай нацыянальнай работы неабходна прыцягнуць усе беларускія сілы, што знаходзяцца ў арміі.
  6. Выканаць усе стаўленыя гісторыяй цяпер задачы можа толькі ўлада, абраная самім народам беларускім. Толькі яна арганізуе народ беларускі ў вялікую сілу, здольную абараніць ягоныя нацыянальныя правы.

Каб стварыць такую ўладу ў цэнтры і на месцах, каб заваяваць народу беларускаму належнае яму месца ў сям’і народаў — склікаецца на 5-е сьнежня 1917 году зьезд прадстаўнікоў ўсяго беларускага народу ў г. Менску.

Браты-беларусы! Найлепшых людзей краю нашага павінныя вы прыслаць на гэты зьезд, калі хочаце, каб доўгацярплівы народ беларускі выйшаў з-пад нацыянальнага й эканамічнага прыгнёту і няволі, каб назаўсёды зьніклі цені нашай змрочнай гістарычнай мінуўшчыны, каб жыла вольная Беларусь!

  • Выканаўчы Камітэт Вялікай Беларускай Рады.
  • Выканаўчы Камітэт Цэнтральнай Вайсковай Беларускай Рады.
  • Беларускі Выканаўчы Камітэт Заходняга фронту.