Да 15-годдзя літаратурнай творчасці Алеся Гурло

Да 15-годдзя літаратурнай творчасці Алеся Гурло
Артыкул
Аўтар: Змітрок Бядуля
Крыніца: https://knihi.com/Zmitrok_Biadula/K_15-hadovamu_jubileju_litaraturnaj_pracy_Ciski_Hartnaha_1908-1923.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Капыль даў цэлы шэраг беларускіх пісьменнікаў-рэвалюцыянераў 1905—1906 гг.

Самыя яркія з іх — Цішка Гартны, Станілевіч, Чарнушэвіч З., Лагіновіч, Шантыр Ф. і г. д.

Алесь Гурло, будучы тады яшчэ школьнікам, таксама далучыўся да гэтай сям’і.

Будучы старэйшым у сям’і, А. Гурло, як сын беднага селяніна, дапамагаў у гаспадарцы. Але тая іскра, кінутая ў яго сэрца беларускімі рэвалюцыянерамі, не давала маладому хлопцу супакою, і, маючы 17 гадоў, паэт-юнак пасылае свае першыя творы ў «Нашу ніву» (1910).

Цікава адзначыць, што першыя творы А. Гурло вызначаліся жартаўлівым, вясёлым характарам («Лясун», «Капыльскі кірмаш»). Ужо пасля — пад уплывам адраджэнцкіх матываў беларускіх пісьменнікаў — А. Гурло пераходзіць на мінорны тон:


Краю мой, краю,

Горам павіты,

Усё ў табе, знаю,

Потам абліта.

Поту і слёз

Многа без ліку, і г. д.


А. Гурло, па характару бадзёры і вясёлы, пераходзіць на сумныя матывы.

У гэтым кірунку на яго ішлі ўплывы з двух бакоў: 1) яго ўласнае жыццё, поўнае змагання за кавалак хлеба і 2) творчасць старэйшых песняроў-адраджэнцаў.

Але бурлівая натура маладога песняра не можа згадзіцца з гэтай нудою.

Паэт кудысьці рвецца-імкнецца. Яму робіцца цесна ў малым Капылі, яго не здавальняюць матывы беспатольнага гора нашаніўскіх песняроў. І вось на 19-м годзе свайго жыцця А. Гурло едзе ў Ленінград, дзе паступае на механічна-ліцейны завод «Вулкан». Але «званы працы» — музыка машын, спевы фабрычных гудкоў, соткі заняволеных буржуазіяй рабочых зрабілі на ўспрыімучую душу маладога песняра цяжкае ўражанне. Каб успакоіць сваё сэрца, ён пачынае піць хмельны мёд успамінаў аб родным краі:


Там прыгожа так сонца сіяе

Над радзімай маёю хацінай.

Усякі думку маю там згадае,

Руку помачы даць не праміне.


Так, паэт кінуў вока зноў у бок свайго краю, скуль вырваўся, каб вызваліцца з свайго суму.

Успаміны маюць вялікую сілу і ўладу над душою песняра. У аддаленасці ад Беларусі над беларускім полем у марах песняра весялей сонца свеціць, званчэй птушкі спяваюць, болей ярка жытняе поле каласіцца...

І сапраўды, вершы А. Гурло пра бацькаўшчыну ў той перыяд робяцца болей яркімі і бадзёрымі.

А далей завіруха-вайна кідае песняра зусім у іншы бок. Яго забіраюць у войска, дзе ён служыць матросам у флоце.

Тут неспакойная душа песняра знайшла свой водгук, свайго сабрата — буру сярод бязмежных хваль марскіх.

«Гоман мора» зачароўвае песняра. Гэты цыкл яго песняў — адзін з найлепшых.

Ды наогул, у нашай паэзіі толькі адзін Гурло апісаў хараство мора:


Плешча мора вечнай воляй...

Чайка вольнай узрасла;

Як пакружыцца даволі,

Адпачыць прыме скала.

І там вечна неразлучны —

Мора, чайка і скала...

А крылом сваім магутным

Воля трох іх абняла.


Гэта паэт пісаў яшчэ ў 1914 г. Настрой зусім не нашаніўскі.

А вось яшчэ ў тым жа годзе:


Я люблю бурлівасць мора,

Роўны іскрам хваль крышталь,

Шыр бязмежную прастору,

Сонца бляск на версе скал.


Улюбёнасць у марскую стыхію чуецца ва ўсіх яго вершах таго перыяду.

Праз увесь час імперыялістычнай вайны А. Гурло быў на Балтыйскім моры. У часы Кастрычніцкай рэвалюцыі А. Гурло прымаў чынны ўдзел у барацьбе супраць кераншчыны, разам з харобрай сям’ёй матросаў. Ліру паэт пакінуў на болей спакойныя часы, а сам змагаўся на барыкадах за лепшы лёс працоўных.

У часы грамадзянскай вайны А. Гурло апынуўся на Волзе, дзе быў ранены і праляжаў у шпіталі ў Ніжнім 11 месяцаў. Пасля выхаду са шпіталя А. Гурло служыў там жа ў Ніжнім — у парту да 1921 года, калі Нар[одны] кам[ітэт] асветы Савецкай Беларусі вытрабаваў песняра на бацькаўшчыну.

Праз увесь працяг вайны і рэвалюцыі Гурло мала прыходзілася займацца паэтычнай творчасцю. Гэта творчасць аднавілася толькі пасля прыезду песняра ў Мінск. Тады толькі пачалі з’яўляцца яго «званы працы» і наогул рэвалюцыйныя матывы.

У 1924 г. выйшаў першы зборнік вершаў А. Гурло пад назваю «Барвёнак», дзе змешчаны яго выбраныя творы за ўсе гады. Большасцю ў зборнік увайшлі творы за перыяд 21—23 гг.

Ужо другі год, як А. Гурло з’яўляецца сябрам аб’яднання «Маладняк». Вершы Гурло апошняга часу вызначаюцца шліфованасцю формы, музычнасцю і добрымі вобразамі. Пясняр як бы перарадзіўся — памаладзеў. Сумныя настроі яго ранейшых твораў цяпер не паўтараюцца. Пясняр з кожным месяцам усё болей развіваецца. 15-ты год яго паэтычнай творчасці з’яўляецца найвышэйшай ступенню ў развіцці яго таленту.

Гэта паказвае, што для песняра-рэвалюцыянера і рабочага найлепшай глебай для мастацкай творчасці з’яўляецца той дзяржаўны лад у роднай краіне, які створан Камуністычнай партыяй.