Да 20-лецьця беларускае прэсы: Жменя цыфр

Да 20-лецьця беларускае прэсы: Жменя цыфр
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1926
Крыніца: Народная Справа, 1926. 21 верас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У сувязі з 20-летнім юбілеем беларускае прэсы гожа падаць жменю даных аб тым, сколькі ж і дзе выходзіла за гэты час часопісяў рознага тыпу ў беларускай мове.

Агульная, лічба часопісяў (газэт, журналаў), ня лічачы некаторых у Радавай Беларусі, якіх нам атрымаць не давялося, — дасягае 119; лічба аднаднёвак — каля 35.

Па тыпу найбольш аказваецца тыднёвікаў; далей ідуць часопісі, выдаваныя двойчы і тройчы ў тыдзень; пасьля — месячнікі; урэшце — штодзенныя. Лічба штодзенных — 6: у Менску — «Белар. Шлях» (1918), «Сав. Беларусь»; «Раб.-Сял. Беларусь», «Звезда» (у расейскай і беларускай мове); у Вільні — «Белар. Думка» (1919 г.); у Горадні — «Беларускае Слова» (1920 г.). Цяпер выходзяць толькі 3 у Менску.

Найбольшай лічбай часопісяў можа пахваліцца Вільня: тут было ажно 56 часопісяў ды 31 аднаднёўка. Чароднае месца займае Менск з 25 часопісямі (у тым 4 перанесены з другіх мест). Далей ідуць: Горадня — 7 часопісяў; Пецярбург, Прага, Коўна — па 6 часопісяў; Радашкавічы, Дзьвінск, Рыга — па 2 часопісі (Радашкавічы і Дзьвінск — вучнёўскія); Слуцк, Капыль, Люцын, Варшава, Кіеў, Масква, Лодзь (аднадн.), Бэрлін — па 1, ды 1 часопісь выдавалася пры балахоўскай арміі.

Да вайны лічба часопісяў была вельмі малая: у Вільні — 6, у Менску — 2, у Пецярбурзе — 2, у Капылі — 1; усяго разам 11. Шыбкі разрост часопісяў у беларускай мове прыпадае на пэрыяд ад Марцовае рэвалюцыі ў Расеі 1917 году.

Але голыя цыфры не заўсёды могуць даць правільны абраз стану нашае прэсы. Справа выясьніцца, калі прааналізуем гэтыя цыфры, прыкладам, для Вільні.

З усяе лічбы 56 часопісяў, якія выходзілі ў Вільні, у гэты момант бачым тутака толькі 7: «Народная Справа», «Бюлетэнь Бел. Сял.-Раб. Грамады», «Маланка», «Сялянская Ніва», «Віеіаruskaja Кrуnіса», «Студэнцкая Думка», урэшце — дэфэнзіўнае «Беларускае Слова». Ня лічачы студэнцкага органу і гумарыстычнае «Маланкі», пяць астаўшыяся часопісі выяўляюць зусім розныя ідэалёгіі: «Народная Справа» і «Бюлетэнь» — ідэалёгію Бел. Сял.-Раб. Грамады, «Сялянская Ніва» — так званага Сялянскага Саюзу, «Віеі. Кrуnіса» — хадэкаў (клерыкалаў) і «Белар. Слова» — «палянафілаў» дэфэнзіўнага гатунку. Вось жа кірунак «Народнае Справы», які скрысталізаваўся ў апошнія часы ў партыю «Бел. Сял.-Раб. Грамада», быў прадстаўлены дагэтуль 22 органамі, зачынянымі адзін па адным уладай, ды блізу трыццацьма аднаднёўкамі. Толькі ад канца 1922 году былі сканфіскаваны каля 60 нумароў часопісяў гэтага кірунку, не лічучы аднаднёвак, зь якіх блізу палова таксама папала пад канфіскацыю.

У Горадні няма ніводнае беларускае часопісі; дзьве [зь] іх былі зачынены польскай уладай («Родны Край» і «Беларускае Слова»), рэшта зьліквідавалася ці то пры зьменах улады, ці дзеля другіх прычын.

Па зьместу пераважаюць палітычныя часопісі: іх — 84 (70 прац.), дый усе аднаднёўкі належаць сюды. Літаратурна-мастацка-грамадскіх — 12 часопісяў; моладзі і для моладзі — 11, студэнцкіх —5. Гумарыстычныя — 4. Сельскагаспадарскія — 3. Сярод палітычных часопісяў пераважае кірунак сялянска-работніцкі — радыкальны сацыяльна і палітычна. Клерыкальных часопісяў бачым чатыры (цяпер выходзе адна). З палітычных часопісяў, выдаваных польскімі партыямі, былі 2 («Зорка» ў Менску — «Стражы Крэсовай» і «Вызваленьне» ў Вільні — партыі таго ж назову). З так званых палянафільскіх у дэфэнзіўным духу (2 у Горадні, 2 Вільні) асталася толькі адна ў Вільні («Белар. Слова»).

У канцы цікаўна адзначыць існаваньне цэлага раду нелегальных беларускіх часопісяў: да вайны — у Капылі («Вольная Думка»), у апошнія гады — у Заходняй Беларусі («Вясковы Пралетары», «Чырвоны Сьцяг», «Бальшавік» — у 2-х выданьнях).

Вучнёўскія часопісі выходзілі пераважна гэктаграфаваныя; сярод гумарыстычных даваеннага часу бачым і рукапісныя («Самасейка» і інш.); пісалася рукой і капыльская «Вольная Думка», рэдагаваная Цішкай Гартным, як самастойны літаратурны дадатак да падпольнага расейскага «Голоса Низа».