Два камені
Казка
Аўтар: народ
Крыніца: http://www.dzietki.org/article/cms_view_article.php?aid=330&sid=5b7c3bcdc43ae55dc06bbfae5757aba2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ляжаў пры дарозе вялікі камень. Хто ні ідзе, спыніцца каля яго, пасядзіць, адпачне, а то і падсілкуецца трохі. Людзі з усяе акругі ведалі той камень і шанавалі яго.

Пабудаваў у тых мясцінах адзін чалавек новы млын. Але не было ў яго камянёў для жорнаў. Паехаў ён у горад, купіў там верхні жарнавы камень і вязе яго на валах дахаты. Убачыў жарнавік свайго таварыша пры дарозе і заганарыўся.

— Вось бачыш, які я пан! Мяне на валах возяць, а ты нікому не патрэбен. Валяешся тут, як ламачына. Прэч з дарогі, бо расцісну, як порхаўку!

Тут на валоў напалі авадні ды сляпні. Закруцілі валы хвастамі ды як скокнулі ўбок… Зачапіўся воз за камень, што ляжаў пры дарозе, вось зламалася, і ганарысты жарнавік паляцеў далоў. Ды так рэзнуўся аб прыдарожны камень, што аж усярэдзіне ў яго нешта трэснула.

Ляжыць жарнавік і траха са злосці не лопаецца, што давялося апынуцца побач з такім брыдкім каменем.

Тым часам млынар пачаў прыглядацца да прыдарожнага каменя. «Ці не зрабіць мне з яго споднік для жорнаў?» — думае.

Паклікаў ён майстра. Агледзеў майстар камень ды выкаваў з яго споднік для млынавых жорнаў.

Прывёз млынар абодва камені і зрабіў з іх жорны: камень, што валяўся пры дарозе, палажыў пад спод, а куплены — наверх.

Меле сподні камень муку ды толькі радуецца, што цяпер ён яшчэ лепш служыць людзям. А верхні камень аж скрыгоча ад злосці, фанабэрыцца перад таварышам:

— Куды табе да мяне! Я калі захачу, дык задушу цябе! Не ты, а я мялю муку!

Пры гэтым ён так закруціўся, так зашумеў, што аж распаўся на кавалкі.

Пабедаваў млынар ды выкінуў тыя кавалкі ў гразь як непатрэбныя.

Купіў млынар новы жарнавік, доўга малоў ім, але і той зламаўся.

А сподні камень трапіўся такі моцны ды ўдалы, што і да гэтага часу меле.