Два франты (Маракоў)

Два франты
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1929
Крыніца: Савец. Беларусь. — 1929. — 2 снеж. — С. 1.; Лірыка, 1959

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мінскай канферэнцыі ўдарнікаў прысвячаю

I

…Помню ў агні рэвалюцыі
Вестку:
„Ўзялі Перакоп“.
Песні цвілі неўміручыя,
Марылі —
Ворага ў лоб.

Там, у палях, непаўторную
Склалі рамантыку
Куль…
Горда ішлі
Непакорнымі
На векапомным шляху.

Там здабывалі
У муках
Сонца жаданых вышынь,
Там загрубелыя
Рукі
Неслі з агнём карабін.

II

Праляцелі за днямі дні,
Адпалалі агні па акопах,
І заместа агнёў
Перакопа
Асінбудаў палаюць агні.

Горда моладзь
Да працы ідзе,
У вачах нестухаючы промень —
Вось рамантыка
Новых людзей.
Вось рамантыка новага дому!
Гэта — дзіўная музыка
Дзей,
Гэта — фронт неўміручай працы.
Гэта — права
Працоўных людзей
Будаваць, і спяваць, і змагацца.