Дзед і смерць
Верш
Аўтар: Міхась Васілёк
1925
Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 23

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прэ дзядок старэнькі з лесу
Дроў бярэмя, як падняць,
Прытаміўся і на дровах
Сеў стары адпачываць.
Сеў ды кажа: «Эх, пакута!
Вось прыждаў пад старасць лет...
Каб хутчэй як смерць забрала
Мяне згэтуль на той свет».
Азірнуўся — смерць пад бокам,
Аж затросся мой стары.
«Тут я, — кажа, — дабрадзею,
Чаго клікаў без пары?..»
«Дык я вось... кажу пра тое... -
Стаў старэнькі лепятаць, -
Бачыш вось... каб дроў бярэмя
Мне падсобіла падняць».

1925