Дзелавое жыццё (Аверчанка)
Дзелавое жыццё апавяданне са зборніку "Нататкі Няхітрага" (Записки Простодушного) Аўтар: Аркадзь Аверчанка Пераклад: GiviZur |
Пераклад з арыгіналу (расейскі). Зроблены ўдзельнікамі Вікікрыніцы |
Азнаёміўшыся з горадам, я вырашыў заняцца сур'ёзнымі справамі. Дазнаўшыся, што ўсе сур'езныя людзі збіраюцца ў адмысловым кафэ на Перы, я пайшоў туды, запатрабаваў кубак кавы і пасеў, чакаючы, за столік — ці не натрапіцца якая справа?
На лаўца, як гавораць, і звер бяжыць. Да мяне падсеў невядомы спадар, пакалашмаціў мяне па плячы і сказаў:
— Дабрыдзень, спадар пісьменнік. Ці пазнаеце мяне?
— Як жа не пазнаў, — з млявай ветлівасцю запярэчыў я. — Вельмі нават добра пазнаў. Як маецеся?
— Вось, справы розныя ламаю. А вы?
— Я таксама думаю якім-небудзь "дзелам" заняцца.
— Ліры ёсць?
— Трохі ёсць, — пляснуў я сябе па кішэні.
Твар майго суразмоўцы выявіў напружаную ўвагу.
— Гм!.. Што б мне для вас прыдумаць?.. Гм!.. Ёсць у мяне адна справа, так… Зрэшты, падзялюся з вамі. Скажыце! Вы ведаеце, колькі каштуе баран?
— Які баран? — здзівіўся я.
— Звычайны. Ведаеце, колькі ён важыць?
— А чорт яго ведае. Я дагэтуль пісаў апавяданні, а не бараноў важыў.
— Што ж гэта вы не ведаеце вагі барана? — з папрокам сказаў незнаёмец.
— Не прыходзілася. Зрэшты, калі трэба, я як-небудзь на днях… калі будзе вольны час…
— Ну, дык во! Ведайце жа, што сярэдні баран важыць тры пуды!!!
Я выявіў на сваім твары напружанае задавальненне.
— Глядзіце! Хто б мог падазраваць.
— Так, так… Тры пуды. А ці ведаеце вы, колькі каштуе фунт бараніны? Пяцьдзясят піястраў.
— Так… наогул, цяпер жыццё вельмі заблыталася… — цьмяна заўважыў я.
— Ну, для разумнага чалавека жыццё выглядае проста, як палец. Такім чынам, працягваю. Ці ведаеце вы, колькі каштуе цэлы баран у Кады-Кіое?! Дзесяць лір! Такім чынам — вось вам дзела: вы даеце дваццаць лір і я дваццаць лір — я купляю двух авечак, рэжу іх…
— Не трэба іх рэзаць, — сентыментальна папытаў я. — Яны такія добранькія.
— А як жа інакш мы іх на мяса прадамо? Я іх сам зарэжу, не бойцеся. Такім чынам, на вашы дваццаць лір вы будзеце мець шэсць пудоў авечага мяса, па раздробным кошце — шэсцьдзесят лір!!! Ды яшчэ скура ў вашу карысць, ды рогі.
Хоць я дагэтуль рагатых авечак не сустракаў, але гэта была, відаць, незвычайная мясцовая парода.
Я кіўнуў галавой з выглядам знаўцы:
— Вельмі добрая справа. А калі загадаеце ўнесці грошы?
— Ды хоць цяпер! Чым хутчэй, тым лепш. Колькі тут у вас? Роўна дваццаць? Ну, вось і дзякуй. Заўтра раніцай бараны ўжо будуць у нас. Хочаце, я прывяду іх вам паказаць?
Я затаптаўся.
— Не ведаю, ці зручна гэта… Раптам ні з таго ні з гэтага бараны заходзяць на кватэру… Ды яшчэ мая гаспадыня супраць гэтых старонніх візітаў… Не, лепш іх проста зарэжце. Толькі не мучайце, добра?
Мой новы кампаньён запэўніў, што смерць гэтых нявінных стварэнняў будзе цалкам бязбольная і лёгкая, як сон, — і, паціснуўшы мне руку, памчаўся з відам, поўным турботы…
З тых часоў мінула 8 дзён. Пакуль што я не бачу ні майго кампаньёна, ні бараноў, ні прыбытку.
Відавочна, з кампаньёнам што-небудзь здарылася…
Часам па начах мяне мучыць сумленне: ці правільна я зрабіў, даручыўшы гэтаму нядужаму чалавеку небяспечную працэдуру забойства бараноў? А што, калі яны па дарозе збеглі ад яго? А што, калі яны перад смерцю ўступілі з ім у дужанне і, раз'юшаныя маючай быць доляй, разадралі майго беднага кампаньёна?..
* * *
правіцьУчора са мной адбыўся дзіўны выпадак: іду па вуліцы — раптам бачу — мой кампаньён насустрач. Я радасна кінуўся да яго.
— Здароў, дабрадзею! Ну, што чуваць з баранамі?
Ён здзіўлена зірнуў на мяне:
— Якія бараны? Прабачыце, я вас зусім не ведаю!
— Як жа? Мы ж разам жадалі зарабіць на баранах?
— Прабачыце, я вас упершыню бачу. Я часам да часу зарабляю на баранах, але зарабляю сам.
І, адхіліўшы мяне, ён пайшоў далей.
«Якое, аднак, дзіўнае падабенства, — мармытаў я сабе пад нос, гледзячы ўслед яму. — Той жа від, той жа голас, і нават на баранах зарабляе, як і той!»
Шмат таямніц хавае ў сабе чароўны, загадкавы Усход.