Крылан
Паэма
Аўтар: Міхайла Грамыка
1927 год
Лясьнічанка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Крылан.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КРЫЛАН


НАД ХМАРАМІ

1

Па-над стужкай рачок,
Дзе рунее лажок,
Па-над вёскай, над цэглай гудоў-гарадоў —
Так падобны зусім
Да баечных багоў
Хтось ляціць ў паднябесьсі ў няведамы бок…

2

Ён стралою ляціць,
Неяк дзіўна гудзіць,
Ён пануе над логам, над морам — ўладар,
Ў вышыні, як арол,
Як мітычны Ікар, —
Яго шлях — бездарожжа, бязьмежжа блакіць.

3

А пад ім Бабілёны ляжаць — гарады,
Як стажары гараць
Ліхтарнямі ўначы;
Там ніколі ня скажуць людзём: адпачынь,
Там зьяўляюцца ўсіх
Ашуканстваў сьляды.

4

Праз дымарні плыве, азіраючысь, дым,
Засьціць сонца гмырак,
Засьціць неба імглой:
Ён ахвяраў зямных бяз крыві аналой,
А той смутак, той дым —
Як чарнец-пілігрым…

5

А пад ім распрануліся ніўкі, лясы,
Ды паўзуць цягнікі,
Як вужакі паўзуць;
І ральлі, і пакосаў ляжаць паясы,
Людцы справы свае
Павучынай снуюць.

6

Хто ён там? і куды? і адкуль? і зачым?
Дзе разьбег лятуна
Ён свайго супыніць?
Ці захоча сябе ён зьнізіць, прытуліць,
Гэны новы чарнец,
Воблак-хмар пілігрым?

7

Ўсё пад ім. А над ім толькі дзеці нябёс,
Толькі сонцы між зор,
Толькі месяца твар,
Толькі волатаў гэных нязьменчывы лёс
Прызнае над сабой
Той лятун-уладар.

8

І дрыжаць, і гудуць скрыдлы птаха-арла…
Той арол няжывы,
Але быццам жыве;
Хвалі ветру сячэ, то па хвалях плыве,
Яго думка ўгару
Ад зямлі узьняла…

9

Парадзіла яго думка вольных людзей,
Каму поўзаць даўно
Паабрыдла ў пылу;
Яго скрыдлы ствараў не адзін чарадзей,
Дамагаўся, каб даць
Сэрца, жыцьце арлу.

10

І арлы узьняліся над парай ральлі,
І арлы на арлах
Угару узьвілісь;
Перад рыцарствам хмар — што нізін каралі?
Уздымі галаву,
Каралёк, ды дзівісь!


11

Так той рыцар лунаў, песьні песьняй пяяў.
Песьні тыя, што чуў
На зямлі ён калісь;
Сьпевы жальбы палёў, сьпевы ўсіх кавалёў
Ў песьню зорных абшар
Там цудоўна ўплялісь.

12

Хто там слухаў яго ў адзіноце сьвятой —
Толькі вецер-падвей,
Толькі хмарка шпарчэй
Пранасілася там са сваёю слатой,
Ды паліў сонца твар,
Слаў праменьні з вачэй…

13

І сьпяваў Ізяслаў,
І арлом кіраваў,
Углядаючысь пільна у стэпы, лясы;
Ён ня голасам пеў, —
Ён душою хмялеў,
І ня раз яго вочы дазналісь расы…

ГОРНІЯ СЬПЕВЫ

14

Ясна ў небе. Вольна ў небе!
Там душы ня трэба слоў;
Там на хмарах, па патрэбе,
Піша сонца псальм вякоў.

Зоркі плачуць, ці сьмяюцца,
Не адкажа сын зямлі,
Як адвечныя нясуцца
Па бязьберажнай ральлі.

Хто туды падняцца зможа?
Думкай сьмелы і глыбок…
Зорка сыну дапаможа
Заплясьці сабе вянок…

Ўспомніць сьпевы роднай маці,
Як люляла ля грудзёў,
Як наўчала пазнаваці
Гоман лесу і палёў.

Ўспомніць першага каханьня
Веснавы зялёны сьпеў,
Жаль халодны разьвітаньня,
Сьнегавых віхроў павеў…

УСПОМІН

15

Як вярбіны сырой адарваны лісток,
Вецер гоне з галін
Ад радзімых гнязьдзін, —
Так стыхія вайны ад лясістых заток
Аж пагнала у сьвет
Палядына вяршын.

16

Яшчэ вус не прашыб каляровы пакроў,
Яшчэ твар чырванеў,
Калі дзеўчыну стрэў,
Як прышлося пакінуць заховы бароў,
Вулкі родных сяліб,
Пах зварочаных скіб…

17

Бацька дужы яго дзесь ў акопах, як крот,
Пільнаваў, бараніў
Межы царстваў чужых;
Сьцюжу, слоту знасіў, слухаў выбух грымот, —
Ды ад бойкі аднэй
Век-а-век супачыў…

18

— Дзе-ж ты косткі злажыў? Мо‘ на глебе Прусоў?
Можа Нёман, як дзед,
Да сябе прыгарнуў?
Можа Прут ці Дунай Беларусі сыноў,
Як і родных румын,
Ў сваё ўлоньне глынуў?

19

Вобраз родны, стары прад вачыма стаяў,
Вобраз бацькі, што век
Жыў для сына ды з ім,
Што ў апошнюю хвілю яго ўспамінаў,
Бо бяз ласкі грудзей
Жыць прышлось абаім.

20

Бацька рана матулю яго пахаваў
Каля вёскі глухой,
Над Дняпром, над ракой;
Яе сон і спакой белы крыж вартаваў…
Ці струхлеў, ці падгніў —
Сын яго не пазбыў…

21

Ці-ж вартуюць крыжы сон ваякаў-бядот?
Тут касьцяк галавы,
Там рукі, там нагі.
Колькі сьнегу, дажджу, сухавеяў, сьпякот
Знаюць косткі палёў,
Знаюць лёс свой благі!

23

Так пра бацькавы скон разважаў Ізяслаў —
І хлапчук-сірата, —
Як малітву тварыў,
Бо малітвай яшчэ стогны сэрца сьцішаў,
Бо ён верыў тады
І малітву любіў.

23

У чужой старане адзінота-хлапчук
Сам сябе выхаваў,
Над сабой працаваў;
Ён ня ведаў радні настаўленьняў-прынук,
З рук гатовых чужых
Ён навукі ня браў.

24

Нагляданьне жыцьця школай стала яму,
Сябрам кніга была,
Думцы сілу дала;
Ўдзячным толькі і быў духу волі свайму,
Што бурліў у крыві,
Прызываў: ты жыві!

25

І ён жыў, працаваў, дзе і як давялось:
То звыкаў кіраваць
Гаспадарчым канём,
То любіў з кавалём правіць кола і вось,
Разьмякчаў, гартаваў
На кавадле агнём.

26

Неяк выпала раз Ізяславу лятаць:
Яго ўзяў за сябра
Сталы лётчык з сабой.
З тых часоў палюбілась абшары хапаць,
Хоць у думках ужо
Ён лунаў над зямлёй.

27

З тых часоў палюбіў адзінокую высь;
Здолеў петлі рабіць,
То матор затрымаць,
То кружыць каршуном, ля зямлі берагчысь
Ды сяброў-лятуноў
То дзівіць, то пужаць.

28

Шмат пабачыў згары кругавідаў зямных,
Рэчак моцны разьбег,
Вілавацін-вужак.
Гарбавін ланцугі, плямы гушчаў лясных,
Плямы жоўтых стапоў,
Дзе палюе кайсак…[1]

29

З высі карты пісаў, за навукай сачыў,
Ды памылкі яе
Выпраўляць давялось,
Але бомбы кідаць, хоць вайсковым і быў —
Хвала зоркам сьвятым! —
Ня прыдарылась штось!

30

І брыдота зямлі, ашуканства, спадман
Неяк вонках прайшлі
Загартнелай душы,
Хоць часамі сустрэчныя вочы і стан
Так прынадны былі,
Так шапталі: грашы!

31

Тым хутчэй падымаўся ўгару Ізяслаў, —
Стуль прынады зямлі
Няпрыметны былі.
Вецер, братка яго, кроў студзіць памагаў,
Чыстасьць сэрца мацніць,
Чыстасьць думкі крыліць.

32

Шлі за годам гады, Ізяслаў перарос
Хваляваньня пару,
Захапленьня той чад:
Як над морам Паўночы, ляціць альбатрос,
Над жыцьцём-нябыцьцём
Ён лунаў наўдагад.

33

Пасьля ночы аднэй баляваньня сяброў,
Дзе свой келіх віна
І Крылан асушыў, —
Разам з сонцам узьняўся над смуткам палёў.
Там сын скутай зямлі
Сонцу модлы стварыў…

34

Замест псальмаў старых, ён узяў пасьпяваць
Песьні песьняй жывых,
Кніжку новых часоў.
Мовай роднай яму хтось хацеў перадаць
Долю ціхіх людзей,
Долю шумных лясоў…

35

То ня словы былі, а праменьні ад зор;
То ня вершы былі,
А гудзелі званы,
І гукалі кудысь, і нясьлі прыгавор,
То, як хвалі крыніц,
Выбівалісь яны!

36

І на скрыдлах арла ён пяяў і чытаў,
Псальмы пеў Ізяслаў,
Іх скрозь сьлёзы пяяў,
Ці лады ён складаў, ці то сьлёзы глытаў…
Так высока дасюль
Над зямлёй ня лунаў!

37

Мова-маці яго загучэла ўгары,
Калыханка яе
Залюляла яго.
Паваскросьлі ў душы дні дзяцінай пары,
Ўсё жыцьцё праняслось
Ад маленства свайго

38

І да роднай зямлі прыцягнуўся Крылан,
Каб убачыць хутчэй
Яе ніўкі, бары.
Ледзьве-ледзь аб чужы няпрыветны дзірван
Не разьбіў ён арла
І сябе без пары…

ЗВАРОЧАНЬНЕ

39

Ўсё бліжэй і бліжэй яго родны загон,
Во, ўжо Окаўскі бор,
Во, ўжо стужка Дзясны!
Напружыся, арол, на адзін перагон,
Каб ля дзеда-Дняпра
Слухаць гоман лясны!

Во, пад ім на крутых гарбавінах Мсьціслаў,
І царква і касьцёл,
Іх счарнелы купол.
— Добры дзень, старына! — прывітаў Ізяслаў,
Ў захапленьні душы
Кінуў вокам вакол.

41

Як зірнуць, зелянелі узвышшы, лясы,
Пляма хатак малых,
Стужка рэчкі, масток…
Столькі тут захавалася ціхай красы,
Сам ня ведаў аб ёй
Гэны дзед-гарадок!

42

Павучыну сталецьцяў Крылан разгарнуў
І убачыў унізе
Барацьбу за мяжы,
У крывавыя плямы згары ён зірнууў,
Што лілі з двух бакоў,
Як садзілі крыжы.

43

Столькі гэных крыжоў насаджалі цары
Разам з сілай сваёй
Павалоскіх татар —
Крычаў, Быхаў, Мсьціслаў, ды навокал бары —
Ўсё палала пяплом,
Каб угрэўся тут цар.

44

Мала вёскам памог і Сангушка Раман,
Што пад Оршу ішоў
Ад Масквы бараніць:
Для гістор‘і гэрой, быў для вёсак ўсё-ж пан,
Бо гэрояў яго
Мусіў сейбіт карміць!

44

Беларусін хаваўся ад вояў ў лясы,
Адпакутаваў там,
Як і продкі даўней.
Уначы выхадзіў пільнаваць паласы,
Каб сьлязіны сваёй
Смак зрабіць саланей.

46

І прапраўнук тых сьлёз угары разважаў:
„Павучына вякоў —
„Ураджайнасьць быльля!
„Каб іначай гісторык пра вас напісаў,
„Можа меней было-б
„І сягоньня гнільля?“

47

Каб ня тым на галовы вянкі заплятаць,
Хто складаў па сабе
Аж гару чарапоў,
Але тым, хто з паходняй ды з кнігай шукаць
Людзтву сьвету ішоў
Ад стыхіі ахоў.

48

Ці-ж Сувораў тады, Ганібал, Банапарт,
Ці ваякаў палкі,
Ці нары-каралі, —
Ці-ж хто з іх тэй падзякі вялікай быў варт
Ад спалёных сяліб,
Ад стаптанай ральлі? —

49

Не, ня ім, але тым, што наўчылі вучыць,
Як прыроду кахаць,
Як братоў шанаваць.
Не, ня ім, але тым, што наўчылі лячыць
Ды мікробаў крыві
Барацьбу назіраць.

50

А падзяка таму, хто скруціў Пяруна
Ды хто пару, агонь,
Як у колы, запрог,
Каб хадзіла шпарчэй па палёх барана,
Каб глыбей у зямлю
Зарываўся нарог!

51

А падзяка таму, хто на горы зышоў,
Пад уладу машын
Хто паветра аддаў;
Канцавосьсе зямлі хто адважна знайшоў,
Хто на выдмах пустынь
Для навукі блукаў!

НА РОДНАЙ ЗЯМЛІ

52

І спыніўся блакітных пустынь бядуін
За старым за Дняпром,
Над адхоным пяском,
Там, дзе хвоя вартуе падмуркі руін,
Дзе капліца як сьпіць,
Побач з ліпай радком.

53

Ён угледзіў з высі і прызнаў гэны кут,
Дзе у жыцьце прышоў,
Дзе дзяцінства правёў.
Тут і маці яго ўжо пазбылась пакут…
Ці стаіць яе крыж
Сярод простых крыжоў?

54

Дык хутчэй-жа, хутчэй прыгарні да грудзей,
Бераг роднай ракі,
Лятуна-Крылана!
Каб на гоні дзядоў стаў на ногі мацней,
Дзе за дзедам яго
Ішла ўсьлед барана!

55

О, пяскі, залатыя худыя пяскі!
Хай ліюцца дажджы,
Хай сачацца сьнягі,
Усё праходзіць скрозь вас да падземнай ракі
Ці даведаўся хто
Пра яе берагі?

56

У нетрах вашых пяшчын б‘е жывіца вады,
Яна выйдзе калісь
І крыніцай заб‘е.
Хтось прагоніць смагу, хтось нап‘ецца тады
І паставіць там крыж,
І сьвятой назаве!

57

О, пяскі, залатыя Дняпроўя пяскі!
Колькі поту ужо
Пралілося скрозь вас,
А ці выйдзе калі плынь магутнай ракі,
Каб жывіцай жыцьця
Адрадзіцца ураз?

58

Ўжо арол на пяску. На зямлі і Крылан
Сярод родных сялян,
Што ад вёскі бягуць.
Ізяслаў на зямлі. — Паздароў, акіян! —
Небасхіл-акіян!
„Добры дзень, цьвярдынь-пуць!“

59

Падбягаюць хлапцы і дзядзькоў чарада,
Сыплюць словы яму:
„Хто такі ды аткуль?
„Ці спыніўся саўсім, ці сьпяшае куды?“
Тых цікавіць мотор,
Тыя шчупаюць руль.

60

І адказы дае хмараў госьць — Ізяслаў:
Імя бацькі назваў,
Імя маці свае.
Сівы дзеда тады свайго ўнука прызнаў
І вітае яго
Ён старэчай сьлязой:

61

— Дачакаўся стары свайго ўнука такі!
Ты-ж — сыночак яе,
Мае роднай дачкі!
Вунь, на могілкі глянь, ў гэты бок ад рукі:
На падгорку ракі
Ўсё крыжы, ўсё мае!

62

— І дзядзькі там твае: і Андрэй і Антось,
Там бабуня твая,
Там і маці ляжыць.
Каб-жа ёй на цябе хоць зірнуць давялось!
Але не, аніяк —
Дваццаць год ужо сьпіць! —

63

Дзеда простага слоў ня ўтрымаў Ізяслаў:
Крыга сэрца яго,
Як паводкай, пайшла.
На старых на плячох, як малы, ён рыдаў,
А наўкол ад яго
Вёска гоман вяла…

64

Маладзіцы сьлязу выціралі хутчэй;
Ад табакі дзядзькоў,
Як з асеці, дало.
Аганёк прабягаў ад дзявочых вачэй,
Але разам усё
Падалось на сяло…

65

Дзень мінуў, першы дзень сярод гоману слоў,
У паветры тых слоў,
Што хавалісь вякі,
Сярод мовы тае, што усіх, як братоў,
Абзывае яна,
Што куюць весьнякі.

66

Дык ты братка, ўвесь час аж пад хмары сігаў!
„А ці-ж лёгка там плысьць?
„Ці ня млее душа?“
Амаль кожны пытаў і адказу чакаў.
„Там, брат, шляхаў няма,
„Альбо ўсюдых саша“.

67

Хутка з гутаркай тэй звыкся братка Крылан,
Ён машыяу злажыў
У кагось пад павець, —
Да пары, пакуль зноў дух блуканьня — шатан —
Ад цьвярдыні зямлі
Знаў да хмар ня гукнець…

68

А пакуль, ён любіў гэту маці цьвярдынь,
Гэту вулку сяліб,
Гэту хатку, што грыб;
Але болей любіў рэчкі роднае плынь,
Плюскат срэбны яе,
Вольнаселішча рыб.

69

На прасторы лугоў ён любіў паглядзець
Што за рэчкай ляглі,
За сялібай крыжоў.
Тут на наспах старых ён любіў пасядзець,
Дзе матулі сваёй,
Крыж пахілы знайшоў.

70

Зьелі хварбу дажджы, зьелі наспу яны,
Толькі вобраз жывы,
Як сьвяты тут стаяў.
Ўспомніў вочкі яе, валасок альняны…
І рабіўся дзіцём,
Яе ласкі чакаў…

71

Ўсё бяжыць ды бяжыць сівавусы Дняпро,
Праз вякі ён бяжыць,
Праз лясы і лагі,
А бяжыць аж туды, за казацкі парог,
Аж пакуль ня міне
Ён свае берагі.

72

Там дзядуню-Дняпро ўлоньне мора глыне,
Там дзядуня-Крывіч
Распране свой паяс,
Горкіх хваляў глыне, ды на іх і засьне
Пад Палуднем сьпякот
На нязьлічаны час.

73

Ўжо дажджом на мяжы беларускай зямлі
Не пральлецца дзядок
Каля Клёцаўскі хат:
Адрадзіцца ізноў ад бальтыцкай ральлі,
Дзе сястрыцу Дзьвіну
З Рыгай сватае брат.

74

Наравіста сястра у затоку плыве
Праз Рубу, Капачы
Перакорыш-парог…
Давялося цяпер Рагвалода ўдаве
Зноў заставы трымаць
Чужаземных дарог!

75

І прад вокам таго, хто над рэчкай сядзеў,
Ўсёй мінуўшчыны твар,
Як у люстры, паўстаў.
Як-бы з люстра-Дняпра шлях варагаў глядзе
Нечы голас глухі
Ізяслава гукаў.

76

Ён гукаў заглянуць пад прысады вякоў,
Дзе зацішша, ды цень,
Дзе спачыла жыцьцё.
Скамянела даўно там змаганьне князёў:
Там і бойкі, і сойм —
Успамін, забыцьцё!

77

І цякуць у гісторыю год і вякі…
Нібы сетка-рачок
У затоку глыбінь;
Нібы жылы нутра, цеплаты касьнякі,
Што ў сэрца нясуць
Хваляваньні крывін.

78

Так раўняў Ізяслаў формы зьяваў зямных,
Плыні думак сваіх
Ён з прыродай раўняў.
Плыні думак цяклі, як з крыніц тых жывых,
У затоку душы,
Дзе нябыт іх чакаў…

МІЖ ВАСІЛЬКОЎ

79

Ці-ж у смутку сядзець прызямліўся Крылан?
Ён ідзе працаваць:
Ён наўчыўся араць
Ды з касой абхадзіць зеляніну-дыван,
Каб за ёю усьлед
Не забыцца сьпяваць.

80

Ён ідзе працаваць на гарод і на млын
І дае там прыклад
Згартаванай рукі;
Крылана не спазнае у ім селянін:
Сярод іх ён увесь,
Як усе весьнякі.

81

Толькі вочы яго крыху болей гараць
І нясуць аганькі
Зоразнаўчых глыбінь.
Прыглядзецца — дык сына блуканьня спазнаць
Па задумы сьлядох
Ценяватых маршчын…

82

Апрануцца любіў ён у колер сьнягоў,
Ды каб вузкі паяс
Чырванеў пасярод;
А свой твар аддаваў пацалункам вятроў,
Калі ставіў снапы
На сухі азярод.

83

І тады ад яго васільковы шоў пах,
Бо ён хрэсьнікам быў
Аржаных каласкоў;
І такую ён моц спачуваў у нагах,
Нібы ўрос у зямлю
Каранямі вякоў!

84

А навокал яго плюскаў водгульлем сьмех,
Шчокат тых галасоў,
Што як птушкі пяюць…
Ці-ж усход прывітаць шчакатухам тым грэх?
Ці-ж ад кветак ліпца
Вонках пчолкі лятуць?

85

Б‘е жыцьцё у вачох, б‘е жыцьцё у грудзёх,
У вачох — зараніц,
У грудзёх, як з крыніц.
Ці то копны складаць, ці раскідываць стог —
Сьмеху хопіць на ўсіх —
На дзяўчат, маладзіц.

86

А на іх хараство Ізяслаў пазіраў,
Як на хвалю ракі,
На галінкі бяроз;
Не драпежную страву у іх смакаваў,
Ня пужаў ён ваўком
Статак сарначак-коз.

87

Як мастак, ён глядзеў на дзявочу касу,
Ці як братка глядзіць
На сястрычак сваіх,
Калі з песьняй канчалі сваю паласу,
А той сьпеўнік жальбы
Як прасіўся за іх.

88

Ізяслаў падышоў, як раўня, да дзяўчат;
Яго жарты ніяк
Ня будзілі самца;
Жартаваў-працаваў паміж хустачак — брат,
Прызвычаў саміх
Так глядзець на хлапца.

89

— А паглянь-ка сюды, вунь ідзе наш Крылан!
Нешта цягне ў руцэ…
— Ці-ж ня бачыш: то сьцяг!
— А за ім-жа, сястрычкі, Грыгорка ды Ян!
— Кіньма, дзеўкі, сярпы,
Бо дажынкаў працяг!

90

Гуртаваўся тады моцны моладзі хор,
Вёсак некалькі тут
Пасхадзілася ўраз;
Ладзіў іх галасы доўгім водгульлем бор,
Ды жніўё навакол
Ім давала адказ.

91

І нясуцца-гучаць сьпевы новых сярпоў
На нядолю-бяду
Сумаваньня няма!
Ўжо даволі сярпы пазразалі снапоў,
Ўжо ідзе, ўжо гудзе
Сіла — Моладзь Сама!

92

Хто-ж ім словы даваў, хто-ж ім словы складаў?
І бяда, і прыгон,
І жаданьне жыцьця.
Песьняроў-дудароў голас моцны наддаў;
Ад спрадвечнага сну
Даў жывога піцьця!

93

Песьняроў расьсьпяваць сам вучыўся Крылан,
Часам песьні і сам
Ён для вёскі тварыў.
Моладзь хутка за ім прызвычаіла стан
Песьняра-вадыра
Гэтых вулак і ніў.

94

Вольны сьцяг у руцэ, а за сьцягам снапы,
Між снапоў, як квятнік,
Шэраг жвавых дзяўчат,
То-ж дажынкі ідуць ад капы да капы,
Не спазнаць у вачох
Дзедаў-хлопаў ўнучат!

95

Вочкі большасьці з іх — колер іхніх нябёс,
Хоць ня мала такіх,
Нібы поўдзень іх ксьціў;
Шмат каторы з хлапцоў тут знаходзіў свой лёс —
То чакаў-пагражаў,
То цярпеў, то прасіў.

96

Вось запаліцца твар, як маланкі стажар,
Але ў вочках лядок,
Як над вірам масток.
Колькі-ж гэты лядок патрабуе ахвяр,
Калі гляне дзяцюк
Праз лядок у стажар!

97

Крывічанка, дачка гэных хвойных бароў!
У цябе і Літва
Захавалась ў вачох;
Праз пражылкі твае часам ляшская кроў
Загульліць, дадушы,
Як на тых берагох!

98

— У каханьні тваім украінку спазнаць,
Як маскоўскі дагляд
Ты частуеш гасьця;
А як здольна пяяць, а як здольна скакаць,
Не пазбыцца цябе
Аж да скону жыцьця!

99

Так казаў той Крылан і падтрымліваў сьцяг.
Ён уперад глядзеў,
Але бачыў наўкол.
Калі песьня ня йшла, ён даваў ёй працяг
І дажынкі нясьлісь,
Ім адказываў дол.

ДАЖЫНКАВЫЯ СЬПЕВЫ

(З народных)

100

Ой мы жалі, жалі!
Бабу павязалі
Хусткаю чырвонай,
З васількоў каронай!
Ой мы жалі, жалі!
Снопік прыкрашалі
Ў белую кашулю,
Нашую бабулю…


∗          ∗

Пойдзем, дзеўкі, ў вёску
Даплятаці коскі!
Кіньма нашу ніўку,
А на ніўцы грыўку…


∗          ∗

Гэта-ж козьзя барада,
А ўся мёдам уліта,
А ўся шоўкам увіта!
Ты-ж, дзяўчынка, не ляжы!
Ты бародачку вяжы!..
А ты, козьле, уцякай!
Рожкі ў грыўку захавай!


∗          ∗

Жытца, жытца, йдзі дадому!
Вечар добры, палявому!
Жнейкі літасьці ня маюць,
Мяне, жытца, падсякаюць…
Я-ж у полі настаялася
Долі жніва дачакалася:
Жыта жалі незьмярона,
Копы клалі нязьлічона.
Часты-густы зоркі ў небе,
Часьцей-гусьцей колас ў глебе;
Выйдзі, вёска, дружынаю,
Прымі вянкі з калінаю!
А для нашай працы-славы
Засьцілайце сталы-лавы,
Ды выходзьце на ганочак
Залаты спаткаць вяночак!
Хадзі, раю, раю, ў хатку!
Ў нашай хатцы ўсё ў парадку.
Ты-ж — пан нівак, жоўты раю,
Дык адведай караваю!..

101

Сьпевы жніўных пяшчот, што ідуць з глыбіні
Працавітых грудзей
Ад арыйскіх часоў
Праз народы, вякі, — ня спынуцца ані:
Беларуса душа
Ім зрабіла пакроў!

102

Перамёрлі багі — нарадзілісь багі,
Але воблік старых
Аж дагэтуль жыве.
Хай бясьсільны яны, хай ня маюць вагі,
Але слава аб іх
Сярод песьні плыве.

103

Праз дажынкавы лад гэтых белых русін
Трагэдыйны казёл,
Нібы фаўн, прабяжыць.
Адысэя уся як паўстане з руін:
Тым вясёлым багом
Мусіць хочацца жыць!

104

І вядзе гэты сьпеў у паганства вякі,
Калі воды, лясы
Мелі душы свае;
Карані тых часоў і дасюль глыбакі,
Бо й навука аб тым
Свой пагляд дадае…

105

Сьвечак новых агні запалілі людзём,
Катахізісы слоў
Вынасілі да іх.
Але вечны Пярун біў па догмах у гром,
Мусіць радасьць сьпяваць
Памагутней за кніг!

106

Вось дажынкі прайшлі, як усё на зямлі.
За сьпякотай — дажджы,
За дажджамі — сьнягі:
Зноў дзяўчынкі-вясны сьвежы сьлед па ральлі,
Зноў са сьмехам яна
Расквячае лагі…

107

Сонцабога дзіцё, кругам скончыўся год,
І Крылан-Ізяслаў
Шмат прадумаў, пражыў.
І душа перайшла, як і сонца, зварот,
А пад вокам цянёк
Той зварот палажыў.

КАЛЯ ДЗЕТАК

108

Ўсё па вёсках ён жыў. Увосень дзеткам чытаў,
З імі ўзімку гуляў
Па лясох, па сьнягох.
Гэты жвавы народ Ізяслава ўжо знаў,
Як і ён пазнаваў
Тых сяброў па вачох…

109

— Дзядзька Слава, чаму ўвосень жоўкне лісток?
— А чаму дзень-у-дзень
Неба плача-дажджыць?
— А ці ёсьць паміж зор, нібы рай той — куток?
— А навошта ён нам?
І гурточак маўчыць.

110

Запытаньні ішлі, нібы сквіл птушанят,
Нібы дзюбкі-раты
Ўжо чакалі яды.
І давай ім адказ, ці ты рад, ці ня рад,
Але страву ў раток
Ім давай заўсягды!

111

Пэдагогам ня быў, але дзетак любіў,
Як вясёлку-зару,
Як маёвую рунь.
Ці-ж ня зерні яны перавораных ніў?
Ці-ж ня б‘ецца жыцьцё
Ў гэтых вочках угрунь?

112

І адказы даваў Ізяслаў, як умеў;
Ў чым праконаны быў, —
Ад малых не хаваў;
Што у кнігах знайшоў, ці што вецер напеў,
Калі там, угары,
Сам пытаньні даваў.

СПАТКАНЬНЕ

113

Каля вёскі аднэй быў маёнтак стары.
З каралеўскіх часоў
Там сядзелі паны.
Дачакалісь яны бураломнай пары, —
А цяпер там сядзяць
Пераменаў сыны.

114

Дзе-ж паны? — Той забіт, як звычайны жаўнер,
Той на Віслу уцёк,
Той на поўдзень пайшоў.
Хто застаўся, — гарцуе на новы манер,
Пахаваўшы папер
І гэрбы каралёў.

115

Падышла ўжо саха аж пад сад, пад гару;
Ўсе капцы, ўсе мяжы
Перарэзаў нарог.
Без паноў хтось пануе на панскім двары
І ануча, як бот,
Перайшла праз парог.

116

Ваяводам старым прытуліўся той дом;
Сумна дзіры глядзяць
Абмярцьвелых вакон.
Мусіць суджаны ён гістарычным судом
Адзінотна спаткаць
Сваю сьмерць праз балькон.

117

Чу, здаецца на стайні капытамі б‘юць
І засовы пяюць
І стаеньнікі ржуць…
То памылка! Прысады маўчаць, ды маўчаць —
То бялізну на рэчцы
У пранікі б‘юць.

118

Хто стаіць пад вакном? Гэта ты, аканом?
Ну, як справы твае?
Малатаркі гудуць!
Што маўчыш? Хто-ж цяпер там кіруе гумном? —
Ён маўчыць. Гэта куст.
То-ж вятры гэтак дзьмуць!

119

Часам, кінуўшы ўсіх, бо самоту любіў,
Забіраўся сюды
Пачытаць Ізяслаў;
Што ні кут, — задумленьня хтось нітку тут віў,
Нейкі дух-дамавік
Чалавека чакаў.

120

Сумна ліпы шумяць. Нешта бэлькі трашчаць.
Недзе скрыпнуў паркет.
Б‘ецца ў шыбіну птах.
Азірнуўся — зноў ціха. Паркеты маўчаць…
Між калёнаў сачыць
Поўднем бэзавы пах…

121

Зноў ён кніжку бярэ, вершы поўныя п‘е,
І за імі ляціць
Зноў на скрыдлах арла.
Але зноў хтось гукнуў. Ці то пчолка гула?
Раптам вочы падняў
І убачыў… Яе!

122

Між колёнаў, як здань, але ў хварбах быцьця,
Нібы Ляля-вясна,
Незнаёмка стаіць.
Як дзяўчынка, хавае жаданьне жыцьця,
Але ў вочы яму,
Счырванеўшы, глядзіць.

123

— Прабачайце… я тут… я заўсёды сама…
Гэты сумны куток…
Тут успомін жыве…
— Прабачайце, залішнія словы — дарма!
І чароўная здань
Адбалькону плыве…

124

Ізяслаў ачуняў, калі хруснуў пясок
Пад прысадамі ліп
За пахучым кустом.
Усьміхнуўся яму галубы паясок.
Але раптам ажыў
Гэты сад, гэты дом.

125

Ён угрунь за Вясной аж да люстра вады,
А насустрач кусты
Пахам бэзавым кпяць.
Ня шукай, — гэта здань! Ты вярніся сюды!
Навучыся ізноў
Адзіноту вітаць!

126

Але не, не згарнуцца пялёстачкам зноў,
Калі глянуць на іх
У свой час касьнікі!
Але не, не згасіць запалёную кроў,
Калі зельля дала
Чараўніца з рукі!

ШУКАНЬНЕ

127

І пачаў ён шукаць, і пачаў ён пытаць.
Зноў рыхтуе Крылан
Сваяго Крылана,
Каб шырэй, каб вышэй кругавіды заняць.
Мо‘ убачыць яго
Калі-небудзь Яна!

128

І даведаўся ён, што дзяўчына адна
Прыхадзіла калісь
Панскі дом маляваць.
І празваў пра сябе ён маляршу — Вясна.
Зноў пачаў ён гарэць,
Зноў пачаў ён лятаць.

129

Як праз студню вада сьвідраваньнем заб‘е,
Так спатканьне Вясны
Моцы творчай дала.
І запеў Ізяслаў першы раз пра Яе
І ад воблак, ад хмар
Тая песьня гула.

130

А яму ў вышыні неяк стала цяплей;
Ён знаходзіў агонь,
Бо Вясьнянку шукаў.
І пайшлі гаманіць пра яго між людзей,
А ён верыў ў свой лёс
І спатканьня чакаў.

131

Адгукнулася здань на прызыўны той сьпеў:
Закаханай душой
Адгукнулась яму.
Багацьцём, пышнацьветам адроджаных дрэў
Крылану, Крылану
Адказала свайму!

132

Ня прызналася, не! Але хварбам жывым
На малюнках аб ім
Загадала казаць, —
Між чарніц не схавацца сунічкам лясным;
Між бялюткіх гусынь —
А лябёдку спазнаць!

133

Заспыніўся Крылан на аднэй між карцін,
Калі шэрагі іх
Ён па мурах глядзеў.
Ён па залях праходзіў ўжо колькі гадзін,
Бо да места затым
Ізяслаў прыляцеў.

134

Вось карціна яе: паміж ліпамі дом,
У вакне, у цяні
Хтось задумны стаіць.
Як у казцы, ўсё сьпіць счараваным тым сном,
Толькі воблік жывы
Між калёнаў ня сьпіць.

135

Адбудзіць гэны сад падышоў паясок,
Галубы паясок,
Што ля ножак блукаў.
І ажыў гэны дом, і на сьцежцы пясок;
І той воблік ў вакне
Ада сну ажываў.

136

А ўгары заспыніўся арол у небясох;
На той сад пазіраў
З вышыні галубой,
Як чакаў ён туды счараваных тых двох
І гукаў іх туды
Паляцець за сабой…

137

Хто-ж вясьнянка-маляр? Зваў і клікаў, блукаў
Нехта кажа: спаткаў
Ён яе над Дзьвіной,
А другі, што над Нёмнам яе сустракаў.
Але зноў тая здань
За прасторам-сьцяной.

138

І умовы пайшлі між Вясьнянкай ды ім:
Яна творыць з душы
Шэраг новых карцін.
Новы сьпеў ён дае. І цяплей абаім.
Так князёўны шукаў
Аблакоў паладзін.

139

Ад каханьня таго цэлы край як ажыў.
Песьні новыя йшлі —
Мовы роднай сыны;
А ў малюнках жывых кожны кут варажыў,
Кожны крыжык стары
Бачыў новыя сны.

140

Ўсю краіну сваю наглядаў Ізяслаў:
Па Надзьвіньню гудзеў,
Над Бярозай блукаў,
Гэродоту з Палесься вітаньні ён слаў;
Ён па хвалях ляцеў,
І ён хвалі шукаў.

141

Колькі часу прайшло? Хай падлічаць калі.
Хто надхненьнем жыве,
Таму дзень, як і год.
Не чакаюць нядзелі зярняты ральлі…
Як сталецьце жыве
Матылькоў карагод!

СЯБРА

142

Каля дому таго раз заснуў Ізяслаў,
Калі раптам яго
Моцны гук прабудзіў.
Чалавек незнаёмы за ліпай рыдаў,
А пад ліпай чарнеў
Рэвольвэр і курэў.

143

— „Хто ты, братка, скажы? І хто я для цябе?
„Мусіць скрыўдзіў душу,
„Калі з помстай прышоў?
— „Я знаёмства з табой захацеў праз яе,
„Але цяжкі сьвінец
„Міма сябра прайшоў!“

144

— „Прызвычаіўся я, што я ў сэрцы — арлом,
„Над прасторай-душой
„Валадарыў адзін.
— „А цяпер занясло сад каханы пяском.
„Як пустыня ён стаў,
„А я сам — бядуін!“

145

— „О, браток, навучыся ў пустыні блукаць!
„Можа выдмы пустынь
„І дадуць супакой.
— „І пачнем мы з табой пальмы разам шукаць,
„Бо атручаны мы
„Мусіць тэй-жа рукой!

146

— „Паглядзі, — зараз сонца ласкае язьмен,
„Праз гадзіну на бэз
„Упадуць касьнікі,
— „А ці-ж выпадзе ім зазлаваць з перамен,
„Калі заўтра з цяпла
„Ажывуць васількі?“

147

І той госьць зразумеў, што дарэмна страляў,
Што убачыў яе
Ізяслаў толькі раз;
Што як думку сваю, так Крылан той кахаў,
І нянавісьці дух
Ў смутным сэрцы загас.

148

І руку Ізяславу Антоні падаў,
Яны вышлі удвох
З-пад цяністых прысад.
Голас скаргі яшчэ ціха ў сэрцы рыдаў,
Але ў вочы глядзеў
Ізяславу, як брат…

149

Сьсябравалісь яны з тых часоў па-жывот,
Хоць і кожны сваім
Ўласным шляхам ішоў…
Антоні глядзеў на сяброўскі палёт,
Сам-жа справы зямлі,
Разважаючы, вёў.

150

А калі на зямлі Ізяслаў, то з сябром
Ён дзяліўся усім,
Што у думках гуло.
Ці часамі з душы грухацела, як гром,
Або сьлізка, як твань,
Ціхай рэчкай плыло.

151

Будаваўся тады ў гэтых гутарках плян,
Як навукаю жыць,
Як дабро засяваць,
Як падняць, пад‘араць гэты родны дзірван,
Прызвычаіць людзей
Сабе долю каваць.

152

Бо навокал было яшчэ шмат цемнаты:
Або зьвер пазіраў,
Або сон агартаў.
Сам сьляпы, яшчэ кпіў хтось з чужой сьлепаты,
А другі з сьлепаты
Для сябе карыстаў…

ПАЦАЛУНАК

153

Чаго доўга чакаў, то стыхійна прышло,
Ўжо бліжэй сваю здань
Распазнаць давялось.
Як паводка крыві, тое шчасьце прайшло,
Нібы сонца само
З жарам сэрца сплялось.

154

Ён зьнізіўся тады ля палянкі лясной,
Там, дзе Слуцкі бугор
У Палесьсе глядзеў.
А яна йшла каня напаіць нізіной,
Бо насіў конь яе
Па дарогах, як леў.

155

І сустрэлісь яны. І спазналісь яны,
Пабялелі, як сьнег,
І стаялі бяз слоў.
Піў са Случы ваду яе конь вараны,
А машыны мотор
Як прынік да лугоў.

156

І спазналісь яны, бо ўжо ліпень стаяў,
Бо вясьнянкі даўно
Адгучэлі кругом,
Бо над рэчкаю бор сьпевы поўдня пяяў;
Бо ў палёх каласы
Наліліся зярном…

157

І пабраліся тут і пайшлі пад вянец, —
Пад смалісты вянец,
На імшарны дыван.
Ім прызначыў пасаг бор — сівы іх айцец.
Запякаў каравай
Грэцкі радасны Пан…

158

Сам Ярыла прышоў частаваць іх віном,
Ды Купала сама
Віншавала дзяток.
Ад вачэй да вачэй бег агонь Пяруном;
Спазнаваліся тут
З васільком матылёк.

159

А над імі вісеў хвойным пахам палог;
Над палогам гарэў
Склеп празрыстых нябёс;
Па мурожнай траве бег шчасьлівы спалох;
Па травінках цяклі
Хвалі шоўкавых кос.

160

У злучэньні вачэй пацалунак замёр,
У злучэньні вачэй
Адгукнулісь вякі.
І вульканаў агонь, і правальлі між гор,
І задумнасьць вазёр,
І рашучасьць ракі!

161

Ад пачатку жыцьця пацалунак драмаў,
Каб у лесе тады
Прабудзіцца зусім.
Ён аб гэтым у вочках яе прачытаў.
Так адвечны закон
Прысудзіў абаім…

162

— Дзе я, дзе я?
Запыталася.
— Фея, Фея
Тут была!
Усьміхалась, адбівалася
Зноў у мора паплыла…


∗     ∗

Зноў глядзеў Крылан у вочкі,
Зноў, як мора, бор шумеў.
„Васілёчкі, вугалёчкі!“ —
Распазнаць ён ня умеў!


∗     ∗

Ды навошта знаць сягоньня
Колер хвалі у ваччу?
Чырвань — майскае улоньне,
Іншы колер — уначчу…


∗     ∗

Углядзіся ў колер мора,
Як па хвалях ён плыве,
Колер ветру, ці прастору,
Ён жыве, і ня жыве!


∗     ∗

Колер вочак не спазнаеш, —
Ён мяняецца ўвесь час,
Калі вочкі ты кахаеш,
Вугалёк пакуль ня згас!


∗     ∗

Дрэмле саколік у сьне,
Досыць, саколка, каханьня!
Сьні, ненаглядка, мяне,
Сьні пацалунак спатканьня!


∗     ∗

Сядзеш ты зноў на каня,
Пусьціш угрунь варанога,
Зноў да Вялікага дня,
Зноў да спатканьня сьвятога!

ХВОЙНЫЯ НАПЕВЫ

Хвоі магутныя
Вабяць удзень,
Еліны смутныя
Цягнуць у пень…
Сьцежкі наўкольныя,
Папараць, мох;
Сховы ігольныя,
Схованы бог!
Царства чароўнае,
Думак чарод.
Мова бязмоўная
З году у год;
Збожжа нясейнае,
Волатаў шэпт;
Ласка надзейная
Дзедавы лепт!


∗     ∗

Хадзі сюды, хадзі
Ў гэны кут хваёвы!
Паслухай, прабудзі
Той сьпеў адвечна новы!
Той сьпеў з глухіх вякоў,
Нячулых чалавекам,
Жыцьця святы намоў
Падслухай, няумека!
Той голас зразумей,
Што кожная галінка
Ад шчырасьці грудзей
Дае у пушчу-скрынку!
Зьдзяцінься, пагадай
Па водгульлі зязюлі,
Няўхільна наглядай
За ўзьлётам птаха-кулі!
Паглянь, як дзятлаў дзюб
За смоўжам смачна смыча.
Пугач засеў на дуб,
І дню сканаці зычыць…
Па каранёх глушы,
Як гандляры, салдаты,
Вандруюць мурашы,
Штодзеннасьцю заняты;
Багата тут жыцьця,
І працы, і каханьня,
І крыкаў забіцьця,
І сьмертнага спатканьня!


∗     ∗

— Уду-ду! Уду-ду!
Я тут пан, я тут пан!
— Счараваў на бяду
Мяне мшарны дзірван…
Закахаў, закахаў
Гэты смутак іглін!
Я блукаў, я блукаў
Сярод зельля хваін…
Я знайшоў, я знайшоў
Гэты дзедавы кут!
Ля смалістых грудзёў
Я пазбыўся пакут!
— Гамані, гамані
Нада мной, для мяне!
Смутак дум разгані,
Не клянуць хай мяне!
— Калышы, калышы,
Паглядзі, я дзіцё!
Сярод пушчы глушы
Мне ня здрадзіць жыцьцё!
— Хто я быў? Хто я тут?
— Уду-ду — уду-ду!
Гэты бор, гэты кут
Счараваў на бяду!

163

І прачнулісь яны, разьвіталісь яны,
Каб на век захаваць
Пацалунак душы…
Бо абое былі над сабой паны!
Ці пабачыць іх зноў
Той куточак глушы?

164

Разьляцеліся зноў, захаваўшы ўспамін,
І свабоду сваю,
І душы чыстату.
Той успомін стаў жыць паміж імі, як сын.
Так мінулі яны
Будніх дзён маркату.

ДАРУЙ!

165

У надвор‘і стаяў, як чарнец, лістапад,
Але зранку пайшоў
Першавесьнікам сьнег.
Пасьвятлелі і змоўклі прасекі прысад,
Прыпыніла рака
Свой халодны разьбег.

166

Сёньня зранку было неяк сумна ўвесь дзень;
Як на вырай, нясьлісь
Успаміны яе.
Хтось за ёю хадзіў, даражэнькі, як цень,
І гукаў паляцець,
Браў на скрыдлы свае.

167

Склаўшы хварбы, альбом, яна вышла зірнуць
На сузор‘і агнёў,
На малочны той шлях.
Ёй прышлося знаёмы палац абагнуць, —
І на сэрца упаў
Прадчуваньня зноў жах.

168

І пачулася ёй, што машына гудзіць:
Так, з палудня ішоў
Той знаёмы ёй гук.
Так, то рыцар-Крылан да Саколкі ляціць.
Ці пропэлер гудзе?
Ці ад сэрца той стук?

169

Толькі што-ж гэта, што? мэтэор ці болід?
Ці то ў небе стажар?
Ці то ў небе пажар?
Мо! камэта хвастом так сьвятліць кругавід? —
Не… Ляцеў да яе
І згарэў Уладар!

170

І бягуць на пажар, дзе Ікар той упаў;
Ўсе сяляне бягуць
З роднай вёскі яго.
Але дзе-ж той Крылан? Дзе іх брат Ізяслаў?
Вецер вольны разьдзьмуў
Попел брата свайго!

171

Запаліўся з чаго? Хто дазнаецца тут?!
Там два сэрцы было:
У яго ды арла.
Дык якое наперш свой апошні салют
Адаслала зямлі?..
Тайна ночы была…

172

Птах той хутка згарэў. Пасхадзіўся народ.
Тут Антоні стаяў,
І Прадслава, як здань,
Як падмесячны цень, без сьлязінных маркот,
Ўсё глядзела ўгару,
Хоць там цёмна, як твань.

173

І Антоні сабраў попел скрыдлаў арла,
І заместа труны
Ён насыпаў урну,
І паставіў яе там, дзе рэчка гула,
На магільны курган,
Паміж крыжаў — адну!..

174

Прыхадзіла Прадслава сюды сумаваць.
Тут шукаў і Крылан
Над Дняпром забыцьця…
Што рабіць — ці гукаць? ці яго ўспамінаць?
Ці пад сэрцам пачуць
Дамаганьні жыцьця?..

СЬПЕВЫ МОГІЛАК

175

Шэпча з лістам вецярочак…
Сьпі, саколік, сьпі, сыночак!
Я з табою, маці я —
Глеба родная зямля!


∗     ∗

Над табою сьпяць бярозкі,
Сыплюць лісьцем. Гэта-ж сьлёзкі!
Чуеш: ціхі, сумны звон? —
Сьні, саколік, новы сон.


∗     ∗

Нехта ціхі сумна плача,
Бо жывы яшчэ, бядача.
Ты-ж, шчасьлівы, адпачынь —
Чуеш бомы: дзілінь-дзінь!
Гэта енчыць там капліца
Ці сястрыца, ці ўдавіца…
Але сьпяць наўкол крыжы.
Сьні, сыночак, варажы!
Сьні ўсё тое, чым жылося,
Што зрабіць не давялося!
Пяруны, сьні, ды агні!
Кветкі маю вечна сьні!
Над табою коўдрай глеба,
А над ёй куполы неба.
Ў глебе збожжа карані,
Ў небе зорныя агні.


∗     ∗

За крыжамі шнур з-пад грэчкі,
Пад крыжамі плюскат рэчкі,
Плюскат роднае вады,
Што забылась пра гады.


∗     ∗

Зьліўся з ёю, зьліўся з ветрам!
Перадайся грунтам-нетрам!
Сокам выйдзі у сьцябло,
Каб ня сохла, а цьвіло!


∗     ∗

Часам неба засьцяць хмары,
Людцаў мучаць думкі-мары,
Ноччу носіцца кажан,
Ў неба просіцца Крылан.
Час мінае, слабнуць крылы.
Сеў саколік ля магілы,
Сеў на крыжык адпачыць,
Вёска могілак маўчыць…
Байкі бае вецярочак,
Сыпле жоўкленькі лісточак.
Сьпі, саколік! Гэта я —
Глеба, родная зямля!



  1. Кайсак — казак-стэпняк, вандроўшчык.