Дзядзіна (Багушэвіч)

Дзядзіна
Апавяданне
Аўтар: Францішак Багушэвіч
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ну, і дзядзіна ў мяне была, а багатая дык багатая! Было ў яе сем маргоў зямлі, адна каза, сем хлявоў, тры гумны, а ўсе поўныя: у адным мак, у другім – так, а ў трэцім цапы віселі. А як пойдзе, бывала, дзядзіна казу даіць, дык покуль казу найдзе, аж у мозгі зайдзе, а як зачне яе даіць, так нясуць малако цабрамі, вядрамі, кадушкамі... А масла дык білі на гумнішчы цапамі і маслянку ў застрэнкі змяталі; бедныя людзі дык ішлі з мяшкамі і з гаршкамі і з разгінямі: хто з чым прыйшоў, той з тым пайшоў. А парсюкі кормныя ў дзядзіны дык такія былі, што праз парог не маглі пралезці; але пад парогам дзірачка была, дык туды лазілі! А грачыха ў маёй дзядзіны калі зарадзіла! Вот дару Божага было! Калі налажылі стог на слутте каля прыпечку, дык вот быў стог! Але зрабілася няшчасце: дзядзіна хусты прала, хтосьці дзвярмі стукнуў, стог перавярнуўся ў начоўкі – і ратуначку не было!

Вот тут мая дзядзіна і збяднела. А тут дзяцей з асьміна, а карміць няма чым.

Увідзеўшы гэта, панскі аліндар як прыстаў да дзядзіны: «Прадай казу ды прадай!» Ведаў, каб яго немач, што добрая каза. Дзядзіна думала, думала – глядзіць, што няма чым карміць, і прадала казу. Аліндар казу браць, а каза ў лес наўцёкі, а воўк ды з лесу, ды яе за горла! Покуль мы даляцелі, яна толькі крыкнула: «Мааа-гда!», і зарэзаў яе воўк. Не так дзядзіне шкода было той казы, як жаль было таго, што каза і імя яе ведала...