Дзяўчына спіць у пакоі (Гейнэ/Таўбін)

*** Дзяўчына спіць у пакоі
Верш
Аўтар: Гайнрых Гайнэ
1823—1824, публікацыя: 1827 (пераклад ?)
Арыгінальная назва: Die Jungfrau schläft in der Kammer
Пераклад: Юлі Таўбін
Крыніца: Галасы з-за небакраю: Анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. / Скл. М. Скобла; Уст. арт. Е. Лявонавай; Навук. рэд. Л. Баршчэўскі. — Мінск: Лімарыус, 2008 — ст. 135-136

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дзяўчына спіць у пакоі
Пад маладзіковым святлом…
Мелодыя дзіўнага вальсу
Звініць пад яе вакном.

«Я толькі зірну ў ваконца, —
Хто мары парушыў мае…»
Шкілет пад вакном іграе
На скрыпцы і песні пяе.

«Ты танец мне абяцала,
Але танцавала з другім, —
На могілках сёння ігрышча —
Дык пойдзем паскачам на ім».

Захопленая дзяўчына
Ідзе за шкілетам услед.
Спявае і скача шалёна,
І грае на скрыпцы шкілет.

Спявае, іграе, і скача,
Выводзіць дзяўчыну з сяла,
І там рассыпаецца ў тло ён
Ад ранішняга святла.