Дзяўчына (апавяданьне)

Дзяўчына
Запісана А. Сержпутоўскім у в. Бохава Слуцкага павета ад Савіцкага.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гэта толькі цяпер так народу намножылася, што як толькі іх зямля паднімае. А даўней людзей было мала, а зямлі — колькі хочаш. Зямлю мала абраблялі, а больш жывіліся людзі каля лесу. Лясы былі такія, што й канца ім не было. Людзі сяліліся дзе-нідзе каля рэк да на ўзгорачках, расчышчалі каля хатак трохі зямельку да карпалі яе як-небудзь. А кругом шумеў божы гай да стаяў з веку такі густы да цёмны, што й носа не ваб’еш. Людзі хадзілі ў лес шукаць слепата да забіраць салодзенькі мядок. Ідзе чалавек у лес да ўсё залысвае дзераўлякі ці завязвае куклы, каб зрабіць прыкмету, кудою вярнуцца назад, бо без прыкметы ў такой нетры адразу заблудзіш і прападзеш у лесе за панюх табакі. Адны толькі разбойнікі не баяліся цёмнага лесу, але і тыя больш рабілі сабе куран ці буданы дзе-небудзь недалёка ад вёскі.

Яшчэ я быў падшпаркам гэтак гадоў можа дзесяці. От раз мы пасцілі гаўяда. Грыбоў было вельмі шмат, дак гаўяда й разбеглася па лесе. Бегалі мы, бегалі да й згубілі цяліцу. Пабеглі гэта мы, шукаючы цяліцу, цераз балотца на астравок да як пралезлі праз густы ельнік, дак і бачым, аж там стаіць маленькая хатка, а больш нічога. Улезлі мы ў хатку, аж там нікога няма, толькі бачна, што там хтось жыў. Спалохаліся мы — да наўцекача. Расказалі мы большым, от тыя аглядзелі да й кажуць, што там жылі разбойнікі, але, мабыць, іх палавілі ці дзе загіблі ўжо даўно, бо страва ў гаршках зацвіла, а каля парога зарасло зеллем. Тады яшчэ быў у жыццю мой дзед. От і прычапіліся мы к яму, каб ён расказаў нам пра разбойнікаў. Мой дзед вельмі добра расказваў казкі, толькі не любіў, калі яго не слухаюць. Бывала, пачне ён расказваць, а як толькі хто загаворыць або ўстане закурыць люльку, дак і кіне расказваць. Дак от які быў мой дзед. Эге ж. Дак от прычапіліся мы к дзеду, каб ён расказаў нам пра разбойнікаў. Перш не хацеў дзед расказваць нам — падшпаркам, думаў, што мы, ведама, дзеці, не будзем слухаць, але як мы забажыліся да закляліся, што будзем слухаць, дак ён згадзіўся, закурыў люльку да й пачаў расказваць. Гаварыў ён павольна: скажа два-тры слова, сплюне да й зноў скажа кольку слоў, пакуль закашляе. Дзед кашляе, а мы сядзімо і не варухнемся, а ўсё слухаем, — так ён цікава расказваў. Я так не ўмею да й забыўся, бо то было вельмі даўно. Бачыце, я ўжо зрабіўся сівы, а тады, бы й вы, лазіў на дзераўлякі да спорваў кубельца. Птушачкі пішчаць, б’юцца пад ногі, а мы, паганыя хлопцы, ловім да мучым бедных птушанятак. Дак от слухайце да не мяшайце, то я мо й успамяну да й раскажу вам адно здарэнне, якое было тут недалёка. Дзед нават казаў, дзе тое было, але я забыўся. От з галавы выскачыла, да й толькі. Але ўсё роўна.

Тут недалёка пасярод пугачы была маленькая вёска, гэтак мо дамоў пяць ці шэсць. Жылі сабе там людзі на лес гледзячы, ніхто іх не чапаў, ніхто ім ніякае бяды не рабіў, бо мо кругом на сарачню або копу вярстоў не было ні вёскі, ніводнае сялібы. Жылі там людзі вольна, як птушкі. Толькі вось раз пабеглі хлапчукі ў гушчэчу да й падгледзелі, што там хаваюцца разбойнікі. Сказалі яны аб тым бацькам. Тыя давай сачыць і дазналіся, што гэта там жывуць ліхія людзі. Падгледзелі яны, што тыя ліхія людзі нічога не робяць, не гадуюць і гаўяда, а ўсё маюць, бо ці крадуць у людзей, ці грабяць у дварах да на дарогах. От і думаюць сабе тыя людзі: трэба даць гасла панам да начальству. Тым часам разбойнікі закмецілі, што людзі з вёскі высачылі іх, але смела жывуць там на месцы, бо думаюць, што людзі не зробяць ім шкоды, бо няма за што рабіць ліха, калі яны ніколі ў вёсцы не рабілі нічога кепскага. Але зрабілі памылку, бо людзі заўжды робяць ліха другому ні за што, а так сабе. Жывуць разбойнікі ціха і не чакаюць ліха. А тут паны да начальства сагналі людзей са ўсяе акругі, прыгналі маскалёў да казакоў. Акружылі тыя ўвесь оступ да давай калаціць. Бачаць разбойнікі, што хочуць іх палавіць, от яны й схаваліся ў зямлянку да там і сядзяць ціхенька, быццам іх і няма. Бегаюць маскалі да казакі па ўсяму лесу, поруцца ў кустах, а ў лом да каладдзе, дзе была зямлянка, і не паглядзелі. Перапаролі яны немаль увесь лес — няма разбойнікаў, быццам яны ў зямлю праваліліся ці схаваліся ў воду. А яны вылезлі сабе з зямлянкі да пазіраюць праз лом, пазіраюць да матаюць на вус, што маскалёў да казакоў водзяць па лесу тыя людзі, што жывуць у маленькай вёсцы.

«Пагадзіце ж, хварэць вашай матары, — думаюць разбойнікі. — Мы ж вам адрыгнемся, няхай толькі пойдуць адсюль маскалі да казакі».

Так і было. Пахадзілі, пахадзілі маскалі да казакі дармо па лесе, палазілі па гушчэчы да й пайшлі сабе далей, куды ім трэба. Абслухаліся разбойнікі, вылезлі з зямлянкі да й кінуліся на вёску. Яшчэ маскалі да казакі адышліся вярстоў пяць або шэсць, як разбойнікі спалілі тую вёску, а людзей усіх перабілі, апрыч малое дзевачкі, што тады ў лесе пасціла гаўяда. Варочаюцца разбойнікі к сабе ў лес да й сустракаюць тую дзевачку. А яна была хоць і малая, але такая гожая, што от глядзеў бы заўжды да й не нагледзішся. Ідуць разбойнікі к ёй, а яна сядзіць сабе на пяньку, пляце вянок з кветак да пяе песні. Яна пяе, гаўяда вушы развесіла, слухае, стаіць бы ўкопанае. Нават птушкі пазляталіся, сядзяць кругом на дзераве да слухаюць, як пяе дзяўчына. Паслухалі разбойнікі да й не могуць варухнуцца, быццам яна закалдавала іх сваёй песняю. Замоўкла дзяўчына да й пачала гнаць гаўяда дамоў. Пагнала яна гаўяда, а разбойнікі ідуць за ёю, бо не могуць ад яе адарваць вачэй. Прыгнала яна гаўяда на тое месца, дзе была вёска, да толькі спляснула рукамі. Няма вёскі, толькі яшчэ дагараюць галавешкі. Падышла яна туды, дзе была хатка, аж там валяюцца забітыя бацька з маткаю. Пачала яна плакаць да ўбівацца. Плача яна да прычытае:

— Ой, матачка ж мая зязюлечка, на каго ж ты мяне пакінула? Ці ж цябе звер задраў ці цябе ліхі чалавек загубіў? Ой, бацюхна родненькі, саколе мой ясны, чаму ж ты маўчыш, нічога не адмаўляеш, мяне, сірату, не прыгалубіш? На каго ж ты мяне пакінуў без ладу, без спосабаў? Ой, матачка родненькая, хто ж мне галоўку памые, хто ж мне кудзеркі расчэша, хто ж мне коску запляце?..

Так плакала да прычытала тая дзевачка, а разбойнікі стаялі да слухалі. І мо першы раз закалола ім у сэрцы: мо першы раз пакаяліся яны, што пабілі тых людзей. Выплакалася дзяўчына да быццам акамянела, сядзіць каля халоднае маткі да пазірае, бы непрытомная.

От разбойнікі пахавалі тых людзей, забралі дзяўчыну, занялі гаўяда да й пагналі ў лес. Доўга прадзіраліся яны праз гушчэчу, нарэшце атаўбаваліся на прагаліне, дзе ў іх была другая хата. Тут яны паслалі пасцель да й палажылі тую дзевачку спаць, а самі селі ціхенька каля хаткі да так моўчкі і прасядзелі цалюсенькую ноч. Прахапілася дзевачка, азірнулася да як успамянула пра матку да бацьку, так і зноў давай плакаць да прычытаць. Але як яна ні плакала, як ні ўбівалася, мусіла прывыкаць к жыццю ў разбойнікаў. А разбойнікі з тых часоў саўсім перамяніліся. Годзі яны красці да разбіваць. Давай яны лавіць звярыну да рыбу, давай пасці да даглядаць тое гаўяда. Нарэшце пачалі яны рабіць будоўлю да, як умелі, карпаць зямлю, каб зарабіць сабе хлеб. Расце тая дзяўчына да ўсё харашэе, і стала яна такая гожая, што мо такое няма на ўсім свеце. Слухаюць яе ўсе разбойнікі, робяць усё, што яна скажа, робяць затым, што не могуць не рабіць, не могуць не слухаць яе. От, здаецца, каб яна сказала лезці ў агонь, то б і ў агні б ім не горача, а так добра, як у раю. Толькі не доўга мелі разбойнікі такое шчасце, каб пазіраць на тую дзяўчыну.

Раз пайшла яна ў лес да й не вярнулася. Як ні шукалі разбойнікі, не маглі яе знайсці. Быццам зайшло ім сонейка, і сталі яны хадзіць не ўдзень, а ўначы, так ім маркотна было без дзяўчыны.

А яна тым часам выйшла к рацэ. Там людзі лавілі рыбу да як убачылі такую гожую дзяўчыну, дак забылі ўсё на свеце, толькі пазіраюць на яе. І здаецца ім, што варта мучыцца ўвесь век, каб толькі хоць раз зірнуць у тыя вочкі, што, бы сонейка, паляць сэрца, паляць, шчыпаюць, але такі даюць слодыч, якога больш няма на свеце. Пазірае дзяўчына, а людзям здаецца, што на свеце ўсё так гожа: так радасна свеціць сонейка, так добра жыць, што лепшага нічога і не трэба. От пакінулі рыбакі сваё нажэндзе, пасадзілі дзяўчыну ў човен да й павезлі яе ў вёску. Зірнулі людзі на дзяўчыну да й дзякуюць богу, што прывёў іх хоць раз у жыцці пазнаць слодыч шчасця, пазнаць, што на свеце ўсяго мілей нябескі погляд гожае дзяўчыны…