Дзяўчыне (Трус)
Дзяўчыне Аўтар: Паўлюк Трус 1929 Крыніца: http://vershy.ru/content/dzya%D1%9Echyne-0 |
Яшчэ зіма…
Мярэжы-строі
Ўраніла зорнасць
за акном.
Якая ноч…
Ў маім пакоі
Сон-цішыня
даўно, даўно.
Сяджу адзін…
А на стальніцы
Букет юнацтва
з веаргінь.
І просіць сэрца
навальніцы, —
Сімфоній радасці
й тугі…
Пішу… Гадзіннік
адзінока
Прабіў дванаццаць
на сцяне.
О, як шкада,
што мы далёка:
Я — ад цябе,
ты — ад мяне.
І што сказаць?
Ну, што, Марына?
Сказань адно,
адно ўсяго:
Жыву сягоння
успамінам,
Што падарыла
мне яго.
Я помню дні
сваіх вакацый:
Была вясна…
Сады ў імгле…
Я сустракаў
цябе за працай
У сельсовеце
на сяле.
Цвілі сады…
Я помню вечар…
І ў гэны вечар —
май вясны —
З табой апошняя
сустрэча
Была на мітынгу
адным…
Ты ўся жыла,
Ліліся словы;
Як лебедзь,
плавала рука.
Ты захаплялася
прамовай,
Лістом-адноснікам
ЦК.
Ты гаварыла
аб комуне,
Аб тым, як жыць,
як будаваць.
А свежы вецер
на трыбуне
Тваё аблічча
цалаваў.
Жывым агнём
гарэлі вочы,
Віталі яркую
світань.
Табе не раз,
не раз, а двойчы
Іграла музыка —
«Паўстань…»
Я сам гарэў
агнём трывогі,
Парывам шчасця
ў барацьбе.
Ты верыш сёння
ў перамогу,
Як моцна верыла
ў сябе.
Бывай… Гадзіннік
адзінока
Прабіў чатыры
на сцяне.
А ўсё-ж шкада,
што мы далёка:
Я — ад цябе,
ты — ад мяне…
1929