I Дзёгаць
II
Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі
Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Harecki/Dziohac.html
III

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Шляхціц Пухальскі жыў у горадзе і пісаўся мешчанінам, але, маючы за горадам кавалак зямлі, ён, як звычайны земляроб, капаўся ў зямлі, жыў з зямлі і, хоць хадзіў у ботах, нічым не розніўся ад акалічнае лапцёвае шляхты і заможных мужыкоў.

Па жонцы ён меў заможную радню. І Юльку сваю пачаў вучыць, што дужа таго хацела і троху памагала фельчарыха, родная сястра яго жонкі, і што не даў бог хлапцоў. Яна ж, тая цётка, і хрысціла Юлю.

У суботу па абедзе ў поле ён не паехаў. Пусціўшы каня па атаву за садам, ён пачаў рыхтаваць калёсы. Выцягнуў іх з-пад павеці, завярнуў, заслаў саломкаю.

— Вось сёння яшчэ пасеяў бы што, дык час дарма трачу дзеля твае круцелькі, — казаў ён жонцы, шукаючы пад павеццю мазніцу.

Жонка навыбірала бярэмца трэсак, пякла багатай сястры розныя пампушкі на гасцінец, і прыстоела.

— Такая мая круцелька, як і твая. Было не аддаваць дзеўку ў навуку. Таму што не дзявоцкая заняція... Вось і мне помач бы ўжо была, а то гэткія выдаткі на яе, і ўсё мы адны, старыя, мардуемся. Мне яшчэ трэба яе абмыць, абшыць, пакуль з той навукі якая карысць выйдзе.

— Ну, засакатала. А чаму хлопца не радзіла, а падаравала лялю, як сама.

Пухальчыха пабегла ў хату падкідаць трэскі, каб не спусціць у печы, а сам пан Пухальскі падсунуў пад перад жэрдзь, падпёр яе дугою і пачаў выцягваць загваздку. Ён ужо быў даволі стары чалавек, і паднімаць калёсы рукою без такой прыснады было яму цяжка.

Загваздка прыкарэла ў каланіцы і не вылазіла. Пухальскі пашукаў лычка, зачапіў яе лычкам, сагнуўся і пацягнуў. Загваздка раптам выскачыла, дуга завалілася і падняты перад калёс стаў на зямлю — стары ледзь паспеў адхінуць галаву.

Ён пачухаў патыліцу і паклікаў жонку.

Тады паня паднімала калёсы, а пан знімаў каток і шпарка вазёкаў па восі дзёгцевым квачам, каб не сцякло многа дзёгцю без карысці на зямлю.

Так старыя падмазалі калёсы, пракацілі іх троху па падворку, каб дзёгаць разышоўся па трубцы і не капаў.

Дарога мелася не блізкая, вёрст з паўсотні.

Пакарміўшы каня і справіўшыся па двары, прыйшоў Пухальскі ў хату, пасварыўся троху з жонкаю за муку, пагаліўся, памыўся з мылам, надзеў белую кашулю і даматканую суконную тройку, папалуднаваў і, паказаўшы жонцы, як і што ў двары, падвечар выехаў на сваім сіўчыку па дачку.