Заціхаюць бубны,
Замаўчалі гусьлі,
Непагоды-ж стогны не заціхлі выць…
А ці стане сілы,
А ці ўберагуся,
Каб кален ня зьнізіць ды ніжэй травы?..
Я за новай доляй
Насустрэч бяздольлю
Вышаў ўчора ўгору на ўзьбярэжжы ніў.
Паспрачацца з крыўдай, мабыць, сёньня здолею,
Хоць апошні бубен ўсё яшчэ зьвініць.
Але заўтра, заўтра… мо‘ патухнуць вочы,
Валасы абеліць старасьці закон. Дык у вір жыцьцёвы,
Хвалі хай сакочуць:
Пакуль грае сэрца — крок за Рубікон.
Шлях прарэжуць прорвы ды варожых чараў,
Запляцецца дзікая на ногі дзераза;
Але з перамогай, з сінім птахам шчасьця
Прыплыву стамлёны ў родны кут назад.
Прыплыву назад я к беларускім гоням,
Прытулю да сэрца вербалозы куст…
О, ніхто адгэтуль мяне не прагоніць,
Пакуль ногі ходзяць па рудым пяску.
|