Заўтра, заўтра, чым усьміхнешся нам —
сьпевам сьвятошным, сьлёзаў крышталямі?..
З месяцам рэчка, глянь, разьвіталася,
заўтра, заўтра, чым усьміхнешся нам?
Воблачкаў менш-бы, вачам каб відней было,
покі ня знаемся з болямі старасьці;
Ціхая радасьць хай усьміхнецца нам,
досыць умыліся сьлёзаў крышталямі.
Знаю, з разгону прыдзецца ўпасьці,
можа павіснуць на гольлейках вербаў…
Дык ня пужайце, буланыя ветры,
знаю, з разгону прыдзецца ўпасьці.
Долі, ой долі хоць-бы з напарстак,
покі вясна дыямэнтамі сьвеціць…
Ў бойцы за шчасьце ня шкода упасьці,
нават павіснуць на гольлейках вербаў.
Сёньня іскра — заўтра полымя,
ня тушы яе, мой любы!
Хай ня вераць яшчэ людзі, —
сёньня іскра — заўтра полымя.
Вось і вочы скаргай поўняцца,
скаргай ціхаю, балючай…
Сёньня іскра — заўтра полымя,
ня тушы яе, мой любы!
|