Дзіця і маці
Дзіця і маці Верш Аўтар: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч |
Скажы, прашу, мне, мама дарагая,
Чаму і ўстаўшы й позняю парою
Штодзённа на каленях Бога мы благаем,
Гаворым пільна пацеркі з табою?
А дзе ж жыве той Бог, якога просім,
Каб нам здароўе даў усім і хлеба?
Чаго сустрэць Яго нам не прыйшлося?
Скажы мне, мама, бо мне ведаць трэба.
Ці Ён пабудаваў свет наш прыгожы,
Дзе ўсё жывое роскашшу абнята?
Ён кветкі тыя вырасціў, быць можа,
І гадаваў той лес высокі і кашлаты?
Ён сонца мо ўзняў на нябёс скляпенне
І зоркамі багата ўкрыў блакіты?
Ці праз Яго, прагнаўшы ночы цені,
Нам месяц шле свой бляск несамавіты?
На гэтыя дзяціны шчабятанні
Адкажа маці: «Вось у кніжцы новай,
Што дам табе, на ўсе свае пытанні
Адказ заўсёды знойдзеш ты гатовы.
Усё Бог сатварыў сваёй магутнай сілай,
Хто ў Бога верыць, той не ашуканы.
Душой я веру, бо мне верыць міла,
І верылі ж бацькі так пастаянна».
Мінск, мая 3 дня 1849 года
Глядзіце таксама
правіць- Dziecko i matka (Polski)