Дзіўная (сучасная рэдакцыя)
Дзіўная Апавяданне Аўтар: Міхась Зарэцкі Крыніца: https://knihi.com/Michas_Zarecki/Dziunaja.html |
1
правіцьУзімку гэта было. Пасля дзянной сумятні Блонскі сядзеў у сваім кабінеце, атулены шэра-ваўнянымі згусткамі змроку. Вольна раскінуўся ў старасвецкім крэсле, погляд акунуў у аксамітную мякаць цёмнага кутка і з асалодай адчуваў ціхую нерухомасць.
Лёгка, не турбуючы, варушыліся думкі, гарэзна спляталіся ў зыбучую чараду. Было прыемна, вальготна. Адпачывала цела, адпачывала змардаваная галава. Так сядзеў нерухома, слухаў, як маятнік на сцяне ўпарта таўхае марудныя хвіліны.
У сумежным пакоі глуха раздаліся крокі, вывелі Блонскага з адзервянення. У кабінет, не папытаўшыся, увайшла жанчына. Ля парога спынілася, азірнула ўважна пакой. Угледзела Блонскага і падышла да яго рэзкім крокам.
- Вы старшыня выканкома? Добры вечар!..
На стол бесцырымонна партфель кінула, села насупраць. Блонскі не змяніў выгаднай позы.
- Я... Добры вечар!..
- Да вас прыехала, толькі што з чыгункі. Дзе прытуліцца?
Блонскаму не падабалася. Надакучылі гэткія. Мітусяцца, ламаюцца, быццам хочуць здзівіць.
- Чаго прыехалі?
- Камандзіравана на працу сярод жанчын... Ды што вы ў цемры? Свету няма?
- Ёсць. Там на сцяне выключацель.
Яна памацала, адкруціла. Балюча ўдарыў па вачах яркі свет электрычнасці, вымеў за акно мяккія цені змроку.
Блонскі зірнуў на жанчыну. Убачыў перш за ўсё вочы - яркія, вострыя, з шчырым вясёлым агеньчыкам. У іх - смелая, дапытлівая цікавасць. Упадабаліся. Міжвольна ўсміхнуўся, як спаткаліся поглядамі.
«Нішто», - падумаў.
Яна азірнула пакой.
- Вы заўсёды тут седзіцё?
- Не, часам не сяджу. Зараз пасяджэнне будзе, чакаю.
Глядзеў на яе з лёгкай усмешкай, чакаў, што далей.
- Я надта змарылася... Я працаваць люблю... ведаеце, так, з захапленнем, з запалам. Але я фізічна слабая і не магу вытрымаць. Дрэнна. Завідую вось гэткім, як вы...
Апошнія словы яна працягнула задуменна. Спыніла ўважны, сур’ёзны погляд на яго фігуры. Ён таксама зірнуў на свае дужыя члены. Быццам сам здзівіўся сіле сваёй дубовай, быццам засаромеўся за яе.
- Так. Я нішто сабе... так.
Яна раптам рассыпалася задорным іскрыстым смехам:
- Ха-ха-ха! Які вы смешны... вялікі які... Ха-ха!
І ўраз праглынула смех, затурбавалася.
- Добра. Як жа мне быць? Дзе пакуль што прытуліцца? Я да вас заўтра прыйду. Вы, здаецца, і сакратар укому? Я заўтра зранку, пагаворым аб усім. А цяпер... я сапраўды не ведаю, дзе прытуліцца. Парайце.
Блонскі расказаў, дзе гасцініца. Як выходзіла, чамусьці сказаў:
- Не зранку заўтра, а гадзіны ў чатыры зайдзіцеся. Тады вальней будзе пагутарыць.
- Добра! - кінула яна з дзвярэй.
Як выйшла, Блонскаму пуста стала ў пакоі. Заныла цягуча-едкая ціш старога каменнага дома, балюча напяла мазгі.
Нецярпліва чакаў, калі зноў пачуюцца крокі, на пасяджэнне пачнуць прыходзіць.
А ў галаве думкі тачыліся: старожкія, пудлівыя, як цішыня навокал пустога вялізнага дома. Думаў аб гэтай жанчыне. Хацеў уявіць яе ў сваіх думках, ды чамусьці не ўдавалася. Вобраз неяк пляміўся і развейваўся. Толькі вочы яскрава ўцяліся ў памяць. Здаровыя, ясныя, з шчырым агеньчыкам.
Назаўтрага Блонскаму мінуты здаваліся за гадзіны, а гадзіны за вечнасць. Чакаў чатырох. Не хацеў сам сабе ў гэтым прызнацца, не хацеў пагадзіцца з гэтым. Ахапляла дасада, злосць на самога сябе.
А як падышло да чатырох, зусім узбурыўся. Хадзіў з кутка ў куток, поўны прыкрай нецярплівасці. Часам спыняўся, аглядаў сам сябе, дзіваваўся:
«Што ж гэта такое? Нервы, ці што?.. Вось дык гісторыя».
Злаваў, абураўся і зноў хадзіў узад і ўперад.
Урэшце яна прыйшла. Паспешна прывіталася, села каля стала.
- Ну, давайце пагутарым, як тут у вас... З чаго пачынаць?..
Пачала гаварыць аб справе. Блонскі глядзеў на яе і дзівіўся яе сціслай сур’ёзнасці. Зусім не так, як учора. Ніводнага старонняга слова, быццам, апрача справы, нічога няма ва ўсім свеце. Нават аганькі ў вачах - сталёвыя нейкія, цвёрдыя.
Доўга гутарылі. Змрок разліў па пакоі безуважна-шэрую муць, згрудзіў у калматую масу прадметы. Электрычнасці не палілі, сядзелі ўпацёмку. І тады Блонскі неяк асабліва моцна, напружна стаў адчуваць гэту жанчыну. Затушаваная цьмяным валакном змроку, яна здавалася нейкай хваравіта-назойлівай плямай, якая ўпарта цягнула да сябе ўвагу. Ён пільна прыслухаўся да гуку яе голасу, напружна стараўся знайсці ў ім нешта, злавіць. Здавалася, што пад гэтым сухім, троху мітынговым тонам ёсць нешта схаванае, палахліва затоенае. Адчуваўся нейкі ледзь прыкметны фальш у гэтых цвёрдых, энергічных словах аб вызваленні жанчыны, аб змаганні з іржавымі путамі сям’і, аб рэвалюцыі быту і г. д. А часам Блонскі выяўна чуў у яе голасе мімалётныя ноткі няпэўнасці, нейкага сумнага неўразумення. Гэтыя ноткі чамусьці выклікалі сімпатыю да яе, спачуванне.
Блонскаму ўрэшце надакучыла гаварыць аб сур’ёзным. Ён раптам перапыніў яе:
- Слухайце... Я ж дасюль не ведаю вашага прозвішча... Зусім з думкі сышло.
Яна засмяялася.
- Бяда вялікая, падумаеш... прозвішча... Але ж і сапраўды, трэба як-небудзь зваць... Шумава - маё прозвішча... А ваша я ведаю, бо вы ж тут вядомы на ўвесь павет...
Нейкі час маўчалі. Цішыня раджала напружаную вострую блізкасць. Гэта цяжарыла. Здавалася, што даўно-даўно знаёмы і ўжо надакучылі адзін аднаму.
Блонскі ўстаў, запаліў электрычнасць. Зірнуў на яе. Яна сядзела ў задуменні. Аб нечым цяжкім думала, бо вочы атуліліся цьмянай, сталёвай глыбінёй. Потым яна нецярпліва траханула галавой, узнялася. Усміхнулася - ні то зморанай, ні то сумнай усмешкай.
Блонскі агарнуў яе ўсю ўважным поглядам. Залюбаваўся міжвольна. Яна вельмі прыгожай здалася яму.
Шумава быццам заўважыла гэта. Задорна кінула яму насустрач адкрыты вясёлы погляд. У вачах аганькі заблішчэлі, зайскрыліся. Загаварылі жвава, паспешна.
- Заседзелася я... Гадзін дзевяць, пэўна, ужо ёсць... Трэба ісці ў свой палац... Ну і ўдружылі вы мне, таварыш Блонскі! Высока-высока і брудна. Адзін толькі й быў вольны нумар. Сёння ўсю ноч ваявала з мышамі... Надта злосны вораг... Ну, я пайшла. Бывайце!
- Я таксама пайду. Пойдзем разам.
Дарогай яна лапатала аб розных драбніцах. Блонскі маўчаў, не хацелася гаварыць. Думкі цяжэрна, грузка перавальваліся, давілі мазгі.
На рагу вуліцы развіталіся.
2
правіцьЗ таго часу яны сустракаліся часта. Блонскі любіў глядзець, як працуе Шумава. Захапляў запал яе, упартасць у драбніцах, у будзённых, марудных справах, упартасць, якая пераходзіла ў азарт, ап’яненне. Гэтая ўпартасць часам хваравітай здавалася, але заўсёды захапляла, зараджала, абуджала і ў Блонскага нейкі востры апетыт да работы.
Праз два тыдні Шумава склікала з’езд жанчын-дэлегатак. На з’ездзе Блонскі сядзеў у прэзідыуме. Глядзеў на белыя, чырвоныя, чорныя хусцінкі, на задуменныя, застыглыя ў глыбокай сур’ёзнасці твары. І адчуваў, як усе гэтыя твары - маладыя й старыя, прыгожыя й непрыгожыя - зліваюцца для яго ў адзін твар жанчыны-работніцы: змораны, сумны.
Шумава рабіла даклад. Яна была ўзрушана, гарэла жарам шчырасці, веры ў тое, аб чым гаворыць. Яе словы зычэлі той непасрэднай, простай праўдзівасцю, якая бывае звычайна ў тых, хто не толькі ведае справу, але адчувае яе, хто звязаны з ёю арганічна, кроўна. Яе слухалі так, як рэдка калі дакладчыкаў слухаюць. Уся зала дыхала напружанай, глухой цішынёй.
А як скончыла, разгарэліся гарачыя, упартыя спрэчкі. Раскрыліся заледзянелыя ў горы грудзі жанчыны-работніцы, бурнымі павадкамі завіхрыліся, пырснулі крывавай пенай адвечнай пакуты.
Усё правільна Шумава выказала, толькі ў адным перабавіла, у нутро жаночае балюча ўрэзалася. Выступіла супраць ядынай уцехі, шчасця жаночага: сказала, што не трэба матцы дзяцей сваіх гадаваць, што зло ў гэтым нейкае ёсць. Прапанавала: адбіраць ад матак іхніх дзяцей і дамы выхавання наладжваць. Каб матка не знала сына свайго, а сын маткі, каб агульныя, усіхныя дзеці былі. Проці гэтага жанчыны-маткі агнём загарэліся. Казалі: жорстка гэта і крыўдна.
А Шумава на сваім стаяла, сваю думку з запалам адстойвала.
Потым, як пасля пасяджэння вярнуліся з Блонскім у двор, усё яшчэ гаварыла, узрушаная:
- Гэта злачынства... так, злачынства. Гэта псаванне дзяцей... І сабе нахаба... Слухайце, гэта ж ясна, як дзень. Нам трэба тварыць новых людзей, людзей калектыву, у якіх няма матак, бацькоў, у якіх бацькі - усё чалавецтва. Да гэтага трэба ісці. І гэта магчыма... у невялічкай мерцы, але і цяпер ужо магчыма... Ці ж няпраўда?..
Блонскі любаваўся яе захапленнем. Спрачацца не хацеў. Ды навошта? Лепей вось так слухаць і адчуваць моўчкі яе свежае сакавітае парыванне, чыстату яе думкі - простай і шчырай.
А яна далей гаварыла:
- Мы псуем іх. Мы з дзяцінства навальваем на іх лішнія прыхільнасці, прывычкі, якія шкодны, якія шмат для каго путамі будуць. Гэта ж несправядліва. За гэта яны клясці нас будуць.
Яна доўга яшчэ гаварыла, даводзіла, пакуль не заўважыла, што Блонскі маўчыць, адданы сваім думкам. Тады змоўкла.
Падышлі да таго месца, дзе трэба было развітацца, пайсці ў розныя бакі. Яна спынілася.
- Ну, бывайце!..
Але Блонскаму не хацелася ў двор. Ён наўмысля марудзіў. Часінку стаялі на рагу пад жорсткімі ўзмётамі сцюдзёнага ветру.
- А мо да мяне зойдземся? У мяне цёпла на новай кватэры.
Блонскі згадзіўся з ахвотай:
- Пойдзем.
Была завіруха. Вецер з шалёным выццём віўся па вуліцах. Падцікаўся з-за рога і ўраз налятаў, шкуматаў, сцёбаў па твары жменямі калючага снегу. Хацелася барзджэй перабегчы і схавацца ў цёмным прытульным пакоі.
Блонскі і Шумава ішлі шыбка-шыбка, часам застраваючы да кален у сумётах, спатыкаючыся. Хісталіся, быццам п’яныя, штурхалі адзін аднаго. Горача стала і весела.
Шумава смяялася звонка, раскаціста. Смех дзіўна, нязграбна сплятаўся з злосна-трывожнымі ўзвывамі ветру. Здаваўся дзікім, недарэчным.
Спыніліся на рагу адной з акрайных вуліц. Шумава паляпала ў акно, узбегла, тупаючы, на скрыпучы, адубелы ад марозу ганак.
Адчыніла нейкая бабулька. Усміхнулася ветла. На кухні густа агарнула цяплынь. Загарэліся шчокі з марозу.
У пакоі Шумавай Блонскі здзеў паліто, з асалодай сеў на канапу.
- Добра ў вас. Проста, але прытульна. Падабаецца мне...
- Глупства. Гэта - што цёпла, дык прыемна з марозу...
Яна стала поплеч. Уздыхнула глыбока-глыбока, адкінулася на спінку канапы.
- Замарылася. Не магу многа працаваць. А калі-небудзь зусім надарвуся. Дужа баюся гэтага. Тады ж пуста стане, жыццё будзе бясцветнае, нуднае, як змрок.
Яна задумалася. Блонскі ўсміхнуўся.
- Але ж гэта няўхільна. Прыйдзе старасць калі-небудзь...
- Старасць? Я чамусьці не думаю аб ёй. Гэта далёка... Дый наогул - ну яго к ліху!.. Хопіць нас... Сіл шкадаваць не варта. Пакуль ёсць - будзем жыць, будзем браць жыццё, усё, цалкам. Галоўнае - шырэй, глыбей, як мага глыбей. Ці праўда?..
Яна раптам змянілася. Згінула змора, загарэліся вочы бадзёрасцю, палкай энергіяй. Нешта бурлівае, смелае свяцілася ў іх. Цягнула магутнай магнэсавай сілай, як цягне да сябе бурнапеністае бяздонне глыбокае.
У Блонскага ў сэрцы нешта новае зарадзілася, нешта вострае, салодка-пякучае. Прыемна было глядзець у пераліўчаста-светлыя вочы, акунацца ў іх прамяністую чароўную глыбіню.
Гаварыць не хацелася: словы драўлянымі, карузлымі нейкімі здаваліся. Былі ўсе агідныя, брыдкія.
А яна дражніла гарэзнай, задорнай усмешкай, казытала нервы абураючым поглядам. Нахілілася да яго, абдала жаркім дыханнем.
- Мы будзем жыць... Праўда? Мы ж маладыя, вольныя... Жыццё наша... усё наша. Мы будзем працаваць і цешыцца жыццём... Акунацца глыбока ў яго, браць яго... усё, да дна... Праўда?..
Ён мармытаў нешта ў адказ. Адчуваў, як шумнай хваляй кроў к галаве прылівае, парыўчата б’е кляўцом у віскі. Уваччу спакусліва акругліліся мяккія абрысы жаночага цела, абяцалі палкую ўцеху. Салодкім туманам муць разлілася. Яшчэ момант - і схапіў яе, гарачую, слухмяную, сціснуў у моцных абдымках...
А пасля - сорамна чамусьці было і непрыемна. У галаве агідна скаўзанулася прыкрая думка:
«Як з прастытуткай...»
Адвярнуўся, не глядзеў на яе, баяўся глядзець. А калі скоса зірнуў, убачыў, што плача. У вачах рэзка мятнулася аголенае плячо, якое сударгава здрыганулася. Моцна застрала ў мазгах, прыкавала. Часінку толькі і бачыў, як дзівосна трасецца гэта назолліва белае плячо.
Потым раптам нешта растала ўсярэдзіне, разлілося цёплым, добрым такім. Шкада стала. Такой любай, дарагой здалася яна. Захацелася прыгалубіць, суцешыць. Падышоў да яе, сеў поплеч. Хацеў сказаць нешта, многа сказаць - ласкавага, прыветнага, але слоў такіх не было; не знаў ці забыўся на гэту часіну. Злёгку прыткнуўся к яе галаве, пагладзіў пяшчотна, як дзіцё.
- Нашто ты, слухай... Ну, кінь... не трэба...
Яна схапянулася, узняла галаву. Зірнулі на Блонскага распаленыя вочы з іскрыстымі расінкамі слёз, у самую душу праніклі. У іх - разам з глыбокай журбой ціхая дзіцячая радасць. Яна скрозь слёзы ўсміхнулася.
- Любы, ты не думай... мне добра... Ты не зважай... гэта глупства... Бывае часам ні з таго ні з сяго... Я такая... дзіўная, недарэчная... Ты не глядзі...
Яна сударгава прытулілася да яго, схавала галаву ў яго на грудзях... Ён чуў, што плача яшчэ, і не знаў, што рабіць. Раптам яна зноў ажывілася, загаварыла парыўчата, горача.
- Любы! Як добра так... як добра! Мы вольныя, нічым не звязаныя... Шчасця як многа - глыбокага, поўнага, нічым-нічым не абмежаванага! Ты адчуваеш, як гэта проста, натуральна... як гэта моцна!.. Ты згодзен, так? Ну, скажы, любы... добра так? Ты таксама шчаслівы?
Блонскі не разумеў яе хваравітага, бурнага захаплення. Глядзеў на яе з ласкавым неўразуменнем, моўчкі абдымаў яшчэ ахінутыя нервовай дрыготаю плечы.
Так сышліся яны. З таго часу ў Блонскага было шмат вечароў гарачай уцехі, шмат бяссонных начэй, шмат гадзін глыбокай развагі. Ён усёй істотай аддаўся каханню, упіваўся ім. І каханне яго асвяжыла, зрабіла маладым, уліло ў кроў моцнае бушаванне, аквяціла жыццё.
К Шумавай ён прывязаўся, прывык. Бачыў у ёй жанчыну і таварыша. Але не разумеў яе. Дзівілі яе раптоўныя ўзбурэнні, рэзкія пераходы ад незразумелай журбы да парыўчата-бурнага захаплення. Чулася ў гэтым загадка, і многа гадзін Блонскі ламаў галаву над яе развязаннем.
Аднаго разу ён заспеў Шумаву ў глыбокай развазе. Ён колькі дзён перад гэтым не бачыўся з ёй, і за гэты час яна страшэнна змянілася. Блонскі падумаў адразу, што хворая: схудзела, змарнела, вочы глыбока-глыбока схаваліся, хваравіта завастрыліся.
Як убачыла яго, усміхнулася нейкай пакутнай нервовай усмешкай.
- Я якраз аб табе думала. І аб сабе... Я паехаць надумала. Хутка, можа, заўтра...
- Зусім?
- Так, зусім.
- Чаму?
- Гэта трэба. Я растлумачу табе... Я моцна, глыбока к табе прывязалася... Ты ведаеш гэта. Больш, чымся трэба... І вось - я баюся... Сама сябе баюся... Ува мне можа абудзіцца жанчына... Не наогул жанчына, а такая... ну, слабая, адданая, бязвольная... Жанчына-раба, такая, якой не павінна быць, якая - знявага для чалавека... Я спалохалася гэтага і пастанавіла паехаць.
Блонскі маўчаў. А яна адвярнулася і гаварыла далей нейкім вінаватым прыдушаным голасам:
- А потым... Яшчэ ёсць прычына... Але гэтага не скажу, не магу... Ты даруй мне... Я не хачу, каб ты знаў... Я хацела б і сама не знаць гэтага, бо гэта маё слабае месца, ахілесава пята...
Блонскі няўцямна зірнуў на яе. Пастанова Шумавай не здзівіла яго. Чамусьці здавалася гэта простым, звычайным. Але што ж гэта яшчэ за прычына? Што за загадка?..
Хацеў спытацца, дабіцца адказу. Але стрымаўся. Сказаў проста, спакойна:
- Ну, што ж, едзь сабе...
Назаўтрага Шумава паехала.
3
правіцьУсміхнулася вясна гулліва, сонечна. Так усміхнулася, што сівавалосая бабулька-зямля зусім растала, захлібнулася з радасці. Недалужна заслязілася цурочкамі спрытнымі, кроплямі звонкімі слюнява хліпнула. Зашамкала вуснамі старчымі, голасам шопатным, ціхім.
А потым зарумзала. Ды так зарумзала, так загаласіла, што ўвесь горад шумам напоўніла, патокай слёз заліла.
А як наплакалася даволі, салодка ўсміхнулася мокрымі, бляскам аблітымі вуліцамі, пачала выцірацца шаўковымі коскамі сонейка.
І пачулася тады, што зямля не такая ўжо бабулька старая. Толькі гэткай прыкінулася, а сапраўды - вунь яна: смяецца задорна, молада, звініць птушкамі шустрымі, пярэстай, гаварлівай грамадой людзей разліваецца. Зусім маладуха!
У гэту пару Блонскі адчуваў бурлівае трапятанне ў грудзях. Вясна бунтоўна распаліла кроў неспакойнымі жаданнямі. Чакалася нешта - турботна, настойліва: нечага хацелася - яскравага, моцнага. Душа рвалася некуды, разгарнуцца хацела.
У гэту пару Блонскі Шумаву ўспомніў. Ды так ярка, выразна, быццам - во яна, перад вачмі. Варухнулася ў сэрцы знаёмае, салодкае, агарнула душным жаданнем. Засумаваў Блонскі. Не то што засумаваў, а адчуваў заўсёды назойліва-абураючую патрэбу, не мог пазбыцца яе. Тыдні два змагаўся з сабой, а потым не вытрымаў - пабачыцца ўздумаў.
Знаў, што Шумава ў N. Скарыстаўшы вольны час, паехаў туды.
Вясна ўжо зусім разгарнулася. Пукалі почкі на дрэвах, у свежым арамаце нараджалася першая зеляніна.
Дарогай, у цягніку, Блонскі не адрываўся ад акна. Смагла глядзеў, як парыцца ў сонцы тлустае поле, як лес кучаравіцца кволым, празрыстым лісцем.
А ў N прыехаў - акунуўся ў сумятлівы рух, у ліхаманку напружанага жыцця. Ішоў сярод гурмы шумлівай і адчуваў, як у грудзях расце непакой нейкі, турбота. Паўставала пытанне:
- Нашто?
Хацелася вярнуцца, паехаць назад. Але ішоў, бо нязмога была пакіраваць сабой.
Шумава спаткала радасна. Моцна, па-прыяцельску руку паціснула.
- На доўгі час прыехаў?
- Дні на два.
- Толькі?.. Ну, як жывеш, як там у вас? Што нашы робяць?
Блонскі безуважна адказваў. Упарта разглядаў яе, шукаў у ёй змены. Але яна была такая, як і тады, паўгода назад. Толькі загарэць ужо справілася. Стала ад гэтага прасцей і прыгажэй. Ён зазначыў з усмешкай:
- Ты на цыганку стала падобна.
- О, куды там!.. Я цяпер - маладзец... Моцная такая, здаровая...
- Працуеш, як і раней?
- Больш. Я ж люблю працаваць. А часам трэба яшчэ, каб забыцца, забавіцца. Вось тады... як ад вас паехала... тады цяжка было, многа нутраной барацьбы...
- А цяпер?
- Цяпер добра. Вымелася ўсё. Час памагае... Вось толькі цябе я зусім не чакала. Мо гэта дрэнна, што ты прыехаў?..
Яны выйшлі на вуліцу, пайшлі па тлуста-бліскучай ад сонца панелі. Паветра абдавала тамлівай спякотай, было душна, млява. Твар у Шумавай разгарэўся, зардзеўся гарачай чырванню.
Блонскі глядзеў на яе, адчуваў яе свежасць, здароўе і захапляўся. Чамусьці не падабаліся, цяжэрнымі былі яе бадзёрыя, простыя словы. Хацелася нечага іншага, хацелася інтымнасці.
А яна з запалам апавядала аб жыцці сваім, рабоце, аб новых планах, задачах. Упарта ўнікала таго, што магло напамянуць аб мінулым.
Яны прайшлі колькі шумлівых кварталаў і потым неўзаметку для саміх сябе збочылі ў бязлюдную ціхую вуліцу. Там яны стрэлі купку дзяцей, якія весела гулялі на панелі. Як падышлі да іх, Блонскі заўважыў, што раптам па твары Шумавай праслізнула нервовая бледнасць. Вочы сумятліва забегалі па баках, працятыя непакоем. Яна загаварыла шыбка-шыбка, у відавочным замяшанні:
- Гэта дзіцячы дом наш, самым лепшым лічыцца. Гуляюць зараз... на сонейку...
Блонскі зірнуў на дзяцей. Свежыя, чысценькія. Жвава пераклікаюцца вясёлымі галасамі-званочкамі.
А з Шумавай тварылася нешта незразумелае. Яна паспешна прыбавіла ходу, быццам хацела хутчэй уцячы ад дзяцей. Потым раптам спынілася, вярнулася назад і парыўчата схапіла аднаго з хлопчыкаў - беленькага, з блакітнымі вочкамі-зорачкамі. Дзіцёнак трапятаўся, нецярпліва адмахваўся, як ад дакучнае мухі, з усіх сіл вырываўся. Злаваў, што яго адарвалі ад цікавай гульні. А яна горача песціла яго, цалавала.
Блонскі глядзеў, нічога не разумеючы. Потым кінуўся ў вочы твар Шумавай: на ім адбітак глыбокай агнёвай мукі, журбы. Маланкай бліснула думка:
«Дык вось дзе разгадка! Вось тое «слабае месца»!»
Як пайшлі далей, Шумава маўчала. Блонскі асцярожна спытаўся:
- Што гэта значыць?
Яна паглядзела дапытліва на яго.
- Ты дагадаўся. Ты знаеш ужо...
- Гэта твой дзіцёнак?
- Так. Толькі не кажы нічога, не трэба. Так павінна быць, я знаю.
Яна зноў замоўкла. У Блонскага гарэла, прасілася на язык пытанне. Ён не стрымаў.
- А ён ведае сваю матку?
- Не, не ведае. Забыўся ўжо, адвык. Ён не павінен знаць, яму не трэба гэта. Нашто? Ён павінен вырасці чалавекам вольным. Нашто звязваць яго лішнімі прывязанасцямі? Не патрэбна гэта, шкодна.
- Але ж табе як? Цяжка гэта, ты ж ламаеш сябе.
Яна нібы раззлавалася.
- Не, няпраўда, няцяжка мне! Часамі толькі. Гэта мінуты слабасці. Але кінем аб гэтым, не будзем гаварыць... я прашу цябе. Гэта расстройвае толькі, раскалупвае рану. І потым... ведаеш, Блонскі, едзь ты лепей. Мне цяжка з табой. Ты расслабляеш мяне. У мяне родзяцца нядобрыя пачуцці. Я не хачу быць жанчынай, толькі жанчынай. Я хачу быць чалавекам.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
На другі дзень Блонскі вярнуўся ў двор. Пад аднамернае калыханне вагона ў галаве бесканцовай чарадой перавальваліся думкі. То цяклі плаўна, спакойна, то раптам спляталіся ў грамоздны клубок, сціскалі мазгі цяжкім неўразуменнем.
Ён думаў:
«Што ж гэта, нарэшце? Фанатызм, вар’яцтва? А мо сапраўды так лепей? Мо гэта натуральна, мо так і павінна быць? Мо гэта адзіны правільны шлях?»
Яму ўспомніўся беленькі свежы тварык дзіцёнка, які з нецярплівасцю вырываўся з матчыных абдымкаў - незнаёмых, непатрэбных. І поплеч - другі твар, поўны вострай мукі, матчынай тугі.
Успомнілася і тое, што было даўней у першы вечар іхняга збліжэння. Успомніўся той дзівосны настрой яе, тыя незразумелыя слёзы.
«Дзіўная яна... Усё-такі дзіўная».
1924-1925?