Для дзяцей (Талстой, 1928)/Байкі/Леў, воўк і лісіца
← Воўк і ягнятка | Леў, воўк і лісіца Байка Аўтар: Эзоп 1928 год Арыгінальная назва: Лев, волк и лисица Пераклад: Макар Краўцоў |
Леў, асёл і лісіца → |
Пераклад зьдзейсьнены з вольнага перакладу Льва Талстога. |
ЛЕЎ, ВОЎК і ЛІСІЦА.
Стары, хворы Леў ляжаў у пячуры. Прыходзілі ўсе зьвяры наведваць цара, толькі Лісіца ня бывала. Вось Воўк уцешыўся здарэньню і пачаў перад Львом абгаварваць Лісіцу.
„Яна, кажа, цябе за нішто лічыць: ніразу не зайшла цара адведаць“.
На гэтыя словы і прыбяжы Лісіца. Яна пачула, што Воўк кажа, і думае: „пачакай-жа ж, Воўча, я табе ад‘імшчу“.
Вось Леў зароў на Лісіцу, а яна кажа: „не кажы казьніць, кажы слова вымавіць. — Я таму ня бывала, што часу ня было, таму што па ўсім сьвеце бегала, у дактароў для цябе лякарства пыталася. Толькі цяпер знайшла, вось і прыбегла“.
Леў і кажа:
„Якое лякарства?“
„А вось якое: калі жывога Ваўка абдзярэш ды скуру яго цёпленькую апранеш…“
Як расьцягнуў Леў Ваўка, Лісіца засьмяялася і кажа:
„Во як, браце: паноў не на ліха, а на дабро наводзіць трэба“.