Для дзяцей (Талстой, 1928)/Байкі/Сьляпы і малако
← Вадзянік і жомчуг | Сьляпы і малако Байка Аўтар: Леў Талстой 1928 год Арыгінальная назва: Слепой и молоко Пераклад: Макар Краўцоў |
Воўк і лук → |
СЬЛЯПЫ і МАЛАКО.
Адзін сьляпы ад нараджэньня спытаўся ў несьляпога:
„Якога колеру малако?“
Несьляпы сказаў: „колер малака гэткі, як папера, белая.“
Сьляпы спытаўся: „а што, гэты колер гэтак-жа сама шарахціць пад рукамі, як папера?“
Несьляпы сказаў: „не, ён белы, як мука белая.“
Сьляпы спытаўся: „а што, ён гэткі-ж мягкі і сыпкі, як мука?“
Несьляпы сказаў: „не, ён проста белы, як заяц-бяляк.“
Сьляпы спытаўся: „што-ж, ён шарсьцісты і мягкі, як заяц?“
Несьляпы сказаў: „не, белы колер якраз гэткі, як сьнег“.
Сьляпы спытаўся: „што-ж, ён халодны, як сьнег?“
І колькі прыкладаў несьляпы ні казаў, Сьляпы ня мог зразумець, які бывае белы колер малака.