Для дзяцей (Талстой, 1928)/Байкі/Цар і сакол

Птушкі ў сетцы Цар і сакол
Байка
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Царь и сокол
Пераклад: Макар Краўцоў
Цар і слані

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЦАР і САКОЛ.

Адзін Цар на паляваньні пусьціў за зайцам свайго любага Сакала і паехаў конна за ім.

Сакол злавіў зайца. Цар адабраў зайца і пачаў шукаць вады напіцца. У ўзгорку Цар знайшоў ваду. Толькі яна па каплі капала. Вось Цар дастаў чашу з сядла і падставіў пад ваду. Вада цякла па каплі, і калі чаша набралася поўная, Цар падняў яе да рота і хацеў піць. Раптам Сакол задрыжаў на руцэ ў Цара, залапатаў крыльлямі і выплюснуў ваду. Цар ізноў падставіў чашу. Ён доўга чакаў, пакуль яна набярэцца роўна з берагамі, і ўзноў калі ён пачаў падносіць яе да рота, дык Сакол задрыжаў і разьліў ваду.

Калі трэці раз Цар набраў поўную чашу і пачаў падносіць яе да губоў, дык Сакол ізноў разьліў яе. Цар узлаваўся і, з усяго размаху ўдарыўшы Сакала аб камень, забіў яго. Тут пад‘ехалі царскія слугі адзін з іх пабег угару да крыніцы, каб знайсьці болей вады і хутчэй набраць поўную чашу. Толькі слуга і ня прынёс вады, ён вярнуўся з пустою чашкаю і сказаў: „гэтае вады нельга піць, у крыніцы зьмяя і яна выпусьціла свой яд у ваду. Добра, што Сакол разьліў ваду. Калі-б ты выпіў гэтае вады, дык ты памёр-бы.“

Цар сказаў: „Блага-ж я адплаціў Сакалу ён выратаваў мне жыцьцё, а я забіў яго.“