Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы з ботанікі/Чаромха

Стары топаль Чаромха
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Черемуха
Пераклад: Макар Краўцоў
Як ходзяць дрэвы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАРОМХА

Адна чаромха вырасла на дарожцы ляшчыны і заглушала ляшчыновыя кусты. Доўга думаў я — сячы, ці не сячы яе: мне шкада было. Чаромха гэтая расла ня кустом, а дзеравам, вяршкоў тры ў камлі і сажняў з 4 ў вышыню, уся разьвілістая, кудравая і ўся абсыпаная ясным, белым, пахнючым цьветам. Здалёку чутно было яе пах. Я і ня сьсёк-бы яе, але адзін з работнікаў (я яму раней сказаў высячы ўсю чаромху) без мяне пачаў сячы яе. Калі я прыйшоў, дык ён ужо падсёк яе вяршкоў на паўтара, і сок так і хлюпацеў пад сякераю, калі яна пападала ў ранейшы ўдар. „Нічога ня зробіш, мусі лёс“, падумаў я, узяў сам сякеру і пачаў сячы разам з мужыком.

Кожную работу весела рабіць: весела сячы. Весела наўсукась усадзіць сякеру і пасьля нацянькі падцяць пасечанае і далей і далей урубацца ў дзерава.

Я зусім запомніў аб чаромсе і толькі думаў аб тым, каб хутчэй зваліць яе. Калі я задыхаўся, я паклаў сякеру, упёрся з мужыком у дзерава і папрабаваў зваліць яго. Мы хістанулі: дзерава задрыжала лісьцьцём, і на нас закапала з яго расою і пасыпаліся белыя, пахнючыя лапінкі цьвету.

У той-жа самы час быццам ойкнула нешта, — храснула ў сярэдзіне дзерава; мы паляглі, і як быццам заплакала, затрашчала ў сярэдзіне, і дзерава звалілася. Яно разадралася ў камлі і, хістаючыся, лягло сукамі і цьветам на траву. Падрыжэлі галінкі і цьвет пасьля гэтага і затрымаліся.

„Эх, штука вось важная! — сказаў мужык. — Жывое, шкада!“ А мне гэтак было шкада, што я чым хутчэй адыйшоў да іншых работнікаў.