Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы з зоолёгіі/Шаўкавічны чарвяк

Вошчуп і зрок Шаўкавічны чарвяк
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Шелковичный червь
Пераклад: Макар Краўцоў
Яблыні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШАЎКАВІЧНЫ ЧАРВЯК

У мяне былі старыя тутавыя дрэвы ў садзе. Яшчэ дзед мой пасадзіў іх. Мне далі ўвосень. залатнік насеньня шаўкавічных чарвей і парадзілі выводзіць чэрві і рабіць шоўк. Насеньне гэта цёмна-шэрае і гэткае маленечкае, што ў маім залатніку я налічыў яго 5835 штук. Яны меншыя за самую маленечкую шпілечную галоўку. Яны зусім няжывыя; толькі, калі раздушыш, дык яны пстрыкнуць.

Насеньне валялася ў мяне на стале, і я ўжо нават забыў аб ім.

Але раз вяcною я пайшоў у сад і заўважыў, што почка на тутавіку пачала раcпускацца, і на прыпары сонечным ужо быў ліст. Я ўспомніў аб насеньні чарвей і ў хаце пачаў прабіраць яго і рассыпаў прастарней. Большая часьць насеньня была ўжо ня цёмна-шэрая, як раней, а адно было сьветла-шэрае, а іншае яшчэ сьвятлейшае, з малочным адлівам.

На другую раніцу я рана паглядзеў яечкі і ўбачыў, што з іх чарвячкі ўжо выйшлі, а іншыя набрынялі і наліліся. Яны, відаць, пачулі ў сваіх скарупінках, што корм іхні пасьпеў.

Чарвячкі былі чорныя, касматыя і гэткія маленечкія, што трудна іх было разглядзець. Я паглядзеў у павялічвальнае шкло на іх і ўбачыў, што яны ў яечку ляжаць скуленыя колачкам і як выходзяць, дык выпростваюцца. Я пайшоў у сад па тутавыя лісты, набраў прыгаршчаў з чатыры, палажыў сабе на стол і ўзяўся рыхтаваць для чарвей месца так, як мяне вучылі.

Пакуль я рыхтаваў паперу, дык чарвячкі зьнюхалі на стале свой корм і папаўзьлі да яго. Я адсунуў і пачаў вабіць чэрві на ліст, і яны як сабакі за кавалкам мяса, паўзьлі за лістом па сукне стала праз алавікі, ножніцы і паперу. Тады я парэзаў паперы і папратыкаў яе ножыкам, на паперу наклаў лісьцьця і зусім з лістом палажыў паперу на чарвякі. Чэрві пралезьлі ў дзірачкі, усе залезьлі на ліст і зараз жа пачалі есьці.

На іншыя чэрві, калі яны вывеліся, я таксама налажыў паперу з лістом, і ўсе пралезьлі ў дзірачкі і пачалі есьці. На кожным аркушы паперы ўсе чарвячкі сабраліся разам і з краёў аб‘ядалі ліст. Пасьля, калі зьелі ўсё, дык поўзалі па паперы і шукалі новага корму. Тады я накладаў на іх новыя аркушы дзіравае паперы з тутавым лістом і яны пералазілі на новы корм.

Яны ляжалі ў мяне на паліцы, прыпаўзалі да самага краю, але ніколі не спадалі ўніз, дарма што яны сьляпыя. Як толькі чарвяк падайдзе да абрыву, ён перш чым спушчацца, з рога выпусьціць павуценьне і на ім прыклеіцца да краю, спусьціцца, павісіць, паглядзіць і калі хоча спусьціцца, — спусьціцца, а калі хоча вярнуцца назад, дык уцягнецца назад на сваім павуценьні.

Цэлую пару чарвякі толькі й рабілі, што елі. І лісту ўсё ім трэ‘ было падаваць больш і больш. Калі ім прынясеш сьвежы ліст і яны перабяруцца на яго, дык робіцца шум, быццам дождж па лістох: гэта яны пачынаюць есьці сьвежы ліст.

Гэтак старэйшыя чэрві жылі пяць дзён. Ужо яны вельмі вырасьлі і пачалі есьць у дзесяць разоў больш як раней. На пяты дзень, я ведаў што ім трэба засыпаць, і ўсё чакаў, калі гэта будзе. Пад вечар на пяты дзень, якраз, адзін старэйшы чарвяк прыліп да паперы і пакінуў есьць і варушыцца.

На другую пару я доўга пільнаваў яго. Я ведаў, што чэрві некалькі разоў ліняюць, таму што вырастаюць і ім цесна ў ранейшай скуры і яны апранаюць новую.

Мы пільнавалі на зьмену з маім таварышам. Увечары таварыш закрычаў: „распранацца пачаў, хадзеце!“ Я прыйшоў і ўбачыў, што запраўды — гэты чарвяк прычапіўся старою скураю да паперы, перарваў каля рота дзіру, высунуў галаву і тужыцца, круціцца — каб як вылезьці, але старая сарочка не выпушчае яго. Доўга я глядзеў на яго, як ён бічкаваўея і ня мог вылезьці, і захацеў памагчы яму. Я калупнуў чуць-чуць нагцём, але зараз-жа ўбачыў, што зрабіў глупства. Пад нагцём было нешта рэдкае, і чарвяк замёр. Я думаў, што гэта кроў, але пасьля я даведаўся, што ў чарвяка пад скураю ёсьць рэдкі сок — на тое, каб па змазцы лягчэй сходзіла яго сарочка. Нагцём я мусі папсаваў новую сарочку, таму што чарвяк хоць і вылез, але хутка памёр.

Іншых я ўжо не чапаў, а яны ўсе гэтак сама вылазілі з сваіх сарочак; толькі некаторыя прападалі, а блізка што ўсе, хоць і доўга мучыліся, але выпаўзалі такі з старое сарочкі.

Пераліняўшы, чарвякі мацней пачалі есьць, і лісту пайшло яшчэ больш. Праз 4 дні яны ізноў заснулі ды ізноў пачалі вылазіць з скураў. Лісту пашло яшчэ больш, і яны ўжо былі ростам у адну восьмую вяршка. Пасьля праз шэсьць дзён ізноў заснулі і выйшлі ізноў у новых скурах з старых і зрабіліся ўжо вельмі вялікія і таўстыя, і мы ледзь пасьпявалі гатовіць ім ліст.

На 9-ты дзень старэйшыя чарвякі зусім пакінулі есьці і папаўзьлі ўгару па паліцах і па стаўпох. Я сабраў іх і палажыў ім сьвежага лісьцьця, яле яны адварочвалі галовы ад лісьцьця і паўзьлі проч. Я ўспомніў тады, што чарвякі, калі рыхтуюцца завівацца ў лялькі, дык пакінуць зусім есьці і паўзуць угару.

Я пакінуў іх і пачаў глядзець, што яны будуць рабіць. Старэйшыя залезьлі на столь, разыйшліся хто куды, папаўзьлі і пачалі працягваць па аднэй павуцінцы ў розныя бакі. Я глядзеў за адным. Ён залез у куток, працягнуў нітак з шэсьць на вяршок ад сябе ўва ўсе бакі, павіс на іх, перагнуўся падковаю ўдвая і пачаў круціць галавою і выпушчаць шаўковае павуценьне, так што нітачка абмотвалася навокал яго. Пад вечар ён ужо быў як у тумане ў сваёй павуціне, ледзь відаць было яго, а на другую раніцу ўжо яго і зусім ня відаць было за павуценьнем, — ён увесь абматаўся шоўкам і ўсё матаў.

Праз тры дні ён скончыў матаць і замёр.

Пасьля я даведаўся, колькі ён вынушчае ў даўжыню павуценьня за гэтыя тры дні. Калі разматаць усё яго павуценьне, дык выйдзе іншы раз больш як вярста, а рэдка менш. І калі падлічыць колькі разоў трэба матнуць чарвяку галавою ў гэтыя тры дні, каб пусьціць павуціну, дык выйдзе, што ён павернецца вакол сябе за гэтыя тры дні 300.000 разоў. Значыцца, ён, ня сьціхаючы, кожную сэкунду робіць абарот. Затое ўжо пасьля гэтае работы, калі мы зьнялі некалькі лялечак і разламалі іх, дык мы знайшлі ў лялечках чарвякі зусім высахшыя, белыя, быццам васковыя.

Я ведаў, што з гэтых лялечак з белымі васковымі мрацамі ў сярэдзіне павінны выйсьці матылькі, але, гледзячы на іх, ня мог гэтаму

верыць. Аднак-жа ўсё такі я на 20 дзень пачаў глядзець, што будзе з тымі, якія я пакінуў.

На 20-ты дзень, я ведаў, што павінна быць зьмена. Нічога ня было відаць, і я ўжо думаў — што-нібудзь ня так, як раптам заўважыў — на аднэй лялечцы кончык пацямнеў і намок. Я падумаў ужо, ці не папсаваўся, і хацеў выкінуць. Але пасьля падумаў: ці ня гэтак пачнецца? і пачаў глядзець, што будзе. І праўда, з мокрага месца нешта кранулася. Я доўга ня мог разабраць, што гэта такое. Але пасьля паказалася нешта падобнае на галаву з вусікамі. Вусікі варушыліся. Пасьля я заўважыў, што лапка, прасунулася ў дзірку, пасьля другая, і лапкі чапляліся і вырабляліся з лялечкі. Усё далей і далей выдзіралася нешта, і я разабраў — мокрага матылька. Калі вылезьлі ўсе шэсьць лапак, задок выскачыў, ён вылез і тут-жа сеў. Калі матылёк абсох, ён зрабіўся белым, распасьцёр крыльля, палятаў, пакруціўся і сеў на вакно.

Праз два дні матылёк на шалёўцы радком наклаў яечак і прыклеіў іх. Яечкі былі жоўтыя. 25 матылькоў паклалі яечкі. І я набраў 5000 яечак.

На другі год я выкарміў ужо больш чарвей і больш выматаў шоўку.