Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы з фізыкі/Гальванізм

Як робяць паветраныя балёны Гальванізм
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Гальванизм
Пераклад: Макар Краўцоў
Сонца — цяплыня

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГАЛЬВАНІЗМ

Быў адзін вучоны італьянец Гальвані. У яго была электрычная машына, і ён паказваў сваім вучням, што такое электрычнасьць. Ён націраў моцна шкло шоўкам з масьцяй і пасьля да шкла падводзіў медную шышачку, умацованую ў шкле, і з шкла выскаквала іскра ў медную шышачку. Ён тлумачыў ім, што бывае гэткая самая іскра і ад сюргучу і ад бурштыну. Паказваў, як пярынкі і паперкі іншы раз прыцягваюцца электрычнасьцю, іншы раз адпіхаюцца, і чаму гэта бывае. Ён шмат рабіў розных досьледаў з электрычнасьцю і ўсё гэта паказваў вучням.

Аднойчы ў яго захварэла жонка. Ён паклікаў доктара, і спытаўся, чым яе лячыць. Доктар загадаў зрабіць ёй суп з жабаў. Гальвані казаў налавіць такіх жабаў, якія ядуць. Яму налавілі, забілі іх і паклалі яму на стол.

Пакуль кухарка ня прыходзіла па жабы, Гальвані далей паказваў вучням электрычную машыну і пушчаў іскры.

Раптам ён убачыў, што няжывыя жабы на стале дрыгаюць нагамі. Ён пачаў прыглядацца і заўважыў, што кожны раз, як ён пусьціць іскру з электрычнае машыны, дык жабы дрыгнуць нагамі. Гальвані набраў яшчэ жабаў і пачаў над імі рабіць досьледы. Кожны раз выходзіла так, што як пусьціць іскру, дык няжывыя жабы пачнуць, як жывыя, варушаць нагамі.

Гальвані і падумаў, што жывыя жабы ці не таму варушаць нагамі, што ў іх праходзіць электрычнасьць. А Гальвані ведаў, што электрычнасьць ёсьць і ў паветры, што ў сюргучы, бурштыне і шкле яна заметнейшая, але што яна ёсьць у паветры, і што грымот і маланка бывае ад паветранае электрычнасьці.

Вось ён і пачаў прабаваць, ці ня будуць няжывыя жабы варушыць нагамі і ад паветранае электрычнасьці. Дзеля гэтага ён узяў жабаў, зьняў з іх скуру, адрэзаў галовы і пярэднія лапы і падвесіў іх меднымі кручкамі да страхі пад жалезны жолаб. Ён думаў, што як надыйдзе гром і ў паветры будзе шмат электрычнасьці, дык цераз медны дрот электрычнасьць прайдзе ў жабы і яны пачнуць варушыцца.

Толькі гром праходзіў некалькі разоў, а жабы не варушыліся. Гальвані пачаў ужо зьнімаць іх, ды зьнімаючы дакрануўся жабячай нагою да жолаба — і нага дрыгнула. Гальвані зьняў жабы і пачаў прабаваць гэтак: ён прывязаў да меднага кручка жалезны дрот і дротам чапаў жабячую лапу — і лапа дрыгала.

Вось Гальвані і рашыў, што ўсе жывёлы жывыя толькі таму, што ў іх электрычнасьць, і што электрычнасьць пераскаквае ад мазгоў у мяса, і ад гэтага жывёлы рухаюцца. Ніхто тады яшчэ не прабаваў добра гэтае справы і ня ведаў, і ўсе паверылі Гальвані, Але ў гэты час іншы вучоны, Вольта, пачаў прабаваць пасвойму і паказаў усім, што Гальвані памыліўся. Ён папрабаваў чапаць жабу ня так, як Гальвані, — ня медным кручком з жалезным дротам, а альбо медным дротам з медным кручком, або жалезным — з жалезным кручком, — і жабы не варушыліся. Жабы варушыліся толькі тады, калі Вольта чапаў іх жалезным дротам, зьвязаным з медным.

Вольта і падумаў, што электрычнасьць ня ў мёртвай жабе, а ў жалезе і ў медзі. Ён пачаў прабаваць, і запраўды: як толькі зьвядзеш разам жалеза і медзь, дык і робіцца электрычнасьць, а ад электрычнасьці ўжо і дрыгае нагамі няжывая жаба. Вольта і пачаў прабаваць — каб як гэта рабіць электрычнасьць ня так, як раней яе рабілі... Раней электрычнасьць рабілі тым, што націралі шкло або сюргуч. А Вольта пачаў яго рабіць тым, што жалеза і медзь зводзіў разам. Ён прабаваў зводзіць разам жалеза і медзь і іншыя мэталі, і дайшоў да таго, што з аднаго злучэньня мэталяў — серабра, плятыны, цыну, волава, жалеза — ён вытвараў электрычныя іскры.

Пасьля Вольты, прыдумалі яшчэ ўзмацніць электрычнасьць тым, што паміж мэталяў пачалі наліваць розныя жыжкі — ваду і кіслоты. Ад гэтых жыжкаў электрычнасьць зрабілася яшчэ мацнейшая, так што ўжо ня трэба, як раней рабілі, цёрці, каб была электрычнасьць, а варта толькі пакласьці ў адну чашку кавалкаў рознага мэталю і наліць жыжкаў — і ў гэтай чашцы будзе электрычнасьць і будзе выходзіць іскра з дроту.

Калі прыдумана была гэтая электрычнасьць, дык пачалі яе ужываць: прыдумалі залаціць і серабрыць электрычнасьцяй, прыдумалі сьвятло электрычнае і прыдумалі электрычнасьцю на далёкай адлежнасьці з месца на месца перадаваць знакі.

Дзеля гэтага кладуць кавалкі розных мэталяў у шкляначкі; у іх наліваюць жыжкі. У шкляначках набіраецца электрычнасьць, і гэту электрычнасьць праводзяць па дроце ў тое месца, куды хочуць, а з таго месца дрот праводзяць у зямлю. Электрычнасьць у зямлі бяжыць ізноў да шкляначак і паднімаецца да іх з зямлі па іншым дроце; так гэтая электрычнасьць ня сьціхаючы ходзіць навакола, як у кальцы — па дроце ў зямлю і назад па зямлі, і ізноў па зямлі. Электрычнасьць можа хадзіць у адзін і ў другі бок, як захочам пусьціць яе: яна можа ісьці спачатку па дроце і вяртацца па зямлі, або спачатку па зямлі і вяртацца па дроце. Над дротам — у тым месцы, куды падаюць знакі — прыроблена магнітная стрэлка, і стрэлка гэтая пакручваецца ў адзін бок калі электрычнасьць пусціць туды па дроце і назад па зямлі, і ў другі — калі электрычнасьць пусьціць туды па зямлі і назад па дроце. На гэтай стрэлцы ўгавораны знакі, і па гэтых знакох на тэлеграфах пішуць з аднаго месца ў другое.