Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы з фізыкі/Шкоднае паветра

Крышталы Шкоднае паветра
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Вредный воздух
Пераклад: Макар Краўцоў
Як робяць паветраныя балёны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШКОДНАЕ ПАВЕТРА

У сяле Нікольскім у сьвята народ пайшоў на абедню. На панскім двары засталася быдлярка, стараста і канюх. Быдлярка пайшла да калодзежа па ваду. Калодзеж быў на самым падворку. Яна выцягнула цэбар, але ня ўтрымала. Цэбар сарваўся, стукнуўся аб сьцяну калодзежа, і адарваў вяроўку. Быдлярка вярнулася ў хату і кажа старасьце:

— Аляксандар! лезь, браце, ў калодзеж — я цэбар упусьціла.

Аляксандар сказаў:

— Ты ўпусьціла, ты і даставай.

Быдлярка сказала, што яна мо‘ і сама палезе, толькі каб ён спушчаў яе.

Стараста пасьмяяўся і сказаў ёй.

— Ну, пойдзем. Ты цяпер ня еўшы, дык я ўтрымаю; а, пасьля абеду і ня ўтрымаць.

Стараста прывязаў палку да вяроўкі, і баба конна села на яе, узялася за вяроўку і пачала злазіць у калодзеж, а стараста за кола пачаў спушчаць яе. У калодзежы было ўсяго шэсьць аршын глыбіні і толькі на аршын стаяла вада. Стараста спушчаў за кола памаленьку і ўсё пытаўся: „яшчэ, ці што?“ Быдлярка крычала адтуль: „яшчэ крыху!“

Раптам стараста пачуў, што вяроўка аслабела, ён гукнуў да быдляркі, але яна не адказвала. Стараста паглядзеў у калодзеж і ўбачыў, што баба ляжыць у вадзе галавою дагары нагамі. Стараста пачаў крычаць і клікаць народ, але нікога ня было. Прыйшоў толькі адзін канюх. Стараста загадаў яму трымаць кола, а сам выцягнуў вяроўку, сеў на палку і палез у калодзеж.

Толькі што канюх спусьціў старасту да вады, і з старастаю зрабілася тое самае. Ён кінуў вяроўку і ўпаў галавою ўніз на бабу. Канюх пачаў крычаць, пасьля пабег у цэркву па народ. Абедня прайшла, і народ ішоў з царквы. Усе мужыкі і бабы пабеглі да калодзежа. Усе стоўпіліся каля калодзежа, кожны крычаў сваё, але ніхто ня ведаў, што рабіць. Малады цесьля Іван прабіўся праз натоўп да калодзежа, схапіў вяроўку, сеў на палку і казаў сябе спушчаць. Іван толькі прывязаў сябе да вяроўкі поясам. Двох спушчалі яго, а іншыя ўсе глядзелі ў калодзеж, што будзе з Іванам. Як толькі ён пачаў даходзіць да вады, ён кінуў вяроўку рукамі і ўпаў-бы галавою, але пояс трымаў яго. Усе закрычалі „цягні яго назад!“ і Івана выцягнулі.

Ён, як няжывы, вісеў на поясе, галава яго таксама вісела і білася аб сьцены калодзежа. Твар быў сіні. Яго вынялі, зьнялі з вяроўкі і паклалі на зямлю. Думалі, што ён няжывы, але ён раптам цяжка дыхнуў, пачаў перхаць і ажыў.

Тады хацелі лезьдь яшчэ, але адзін стары мужык сказаў, што лезьці нельга, таму што ў калодзежы благое паветра і што гэтае благое паветра забівае людзей. Тады мужыкі пабеглі па басакі і пачалі выцягваць старасту і бабу. Старастава жонка і маці галасілі каля калодзежа, іншыя іх супакойвалі, а мужыкі чаплялі ў калодзежы басакамі і стараліся выцягнуць няжывых. Разоў два яны дацягвалі старасту да палавіны калодзежа за яго вопратку; але ён быў цяжкі, вопратка дралася, і ён зрываўся. Нарэшце захапілі яго двама басакамі і выцягнулі і быдлярку. Абое ўжо былі зусім мёртвыя і не ажылі.

Пасьля, калі пачалі разглядаць калодзеж, дык даведаліся, што сапраўды ўнізе ў калодзежы было благое паветра.

Паветра гэтае бывае гэткае цяжкае, што ў ім ні чалавек і ніякая жывёла жыць ня можа. Спусьцілі ў калодзеж котку, і як яна дайшла да таго меcца, дзе стаяла благое паветра, дык яна зараз-жа памёрла. Мала таго, што жывёла жыць ня можа, — сьвечка там ня можа гарэць. Спусьцілі сьвечку, і як яна дайшла да таго месца, дык зараз-жа пагасла.

Бываюць месцы пад зямлёю, дзе гэтае паветра зьбіраецца, і калі пападзеш у гэткае месца, дык зараз-жа паміраеш. Дзеля гэтага ў руднікох робяць лямпы і раней, чымся чалавеку ісьці ў гэткае месца, спушчаюць туды лямпу. Калі лямпа тухне, дык і чалавеку нельга ісьці, тады пушчаюць туды чыстага паветра да таго часу, пакуль можа агонь гарэць.

Каля места Нэаполь ёсьць адна гэткая пячура. У ёй благое паветра заўсёды ўнізе на аршын ад зямлі, а вышэй добрае паветра. Чалавек будзе хадзіць па гэтай пячуры і яму нічога ня зробіцца, а сабака як увайдзе, дык і задыхнецца.

Адкуль бярэцца гэтае благое паветра? — Яно робіцца з таго самага добрага паветра, якім мы дыхаем. Калі сабраць шмат людзей у адно месца і зачыніць усе дзьверы і вокны так, каб не праходзіла сьвежае паветра, дык зробіцца гэткае-ж самае паветра, як у калодзежы, і людзі памруць.

Сто гадоў таму назад на вайне індыйцы ўзялі ў палон 146 ангельцаў і зачынілі іх у пад‘земную пячуру, куды не магло праходзіць паветра.

Напханыя ангельцы, калі пабылі там некалькі гадзін, дык пачалі душыцца, і пад канец ночы з іх 123 памёрла, а рэшта — выйшлі ледзь жывыя і хворыя. Спачатку ў пячуры паветра было добрае, але калі палонныя выдыхалі ўсё добрае паветра, а новага ня прыходзіла, — зрабілася благое паветра, падобнае да таго, што было ў калодзежы, і яны памёрлі. Чаму робіцца благое паветра з добрага, калі зьбярэцца шмат людзей? Таму, што людзі, калі дыхаюць, дык забіраюць у сябе добрае паветра, а выдыхаюць благое.