Дмітро Дарашэнка: К 25-летняму юбілею яго працы

Дмітро Дарашэнка: К 25-летняму юбілею яго працы
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1925
Крыніца: Новы Шлях, 1925

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




16 сьнежня ў Празе адбылося ўрачыстае сьвяткаваньне — 25-лецьця літаратурнае і навуковае працы Дмітра Іванавіча Дарашэнкі, украінскага прафэсара і былага міністра Ўкраінскае Народнае Рэспублікі.

Ня нам ацэньваць ягоную працу і заслугі перад роднай яму Ўкраінай: гэта ўжо зрабіла само ўкраінскае грамадзянства. Мы хочам тут адзначыць толькі адзін мамэнт у працы юбіляра: ягоныя адносіны да беларусаў.

Сярод украінскага грамадзянства, ад моманту першых праяваў нацыянальнага адраджэньня ў беларусаў, выяўлялася вялікая цікавасьць і спогад да беларускае справы. Яшчэ ў [18]80-ых гадох вядомы ўкраінскі рэвалюцыянэр Драгаманіў перакладае і друкуе па-беларуску першую беларускую рэвалюцыйную брашуру («Пра беднась ды багацтва», Жэнева, 1881 г.). А ў меру таго, як наш адраджэнскі рух крапчэе і набірае больш арганізованасьці, у ўкраінскіх часопісях зьяўляюцца ўсё часьцей стацьці аб беларусах, ды ўрэшце выходзяць асобныя кніжачкі. Блізу адначасна і зусім незалежна адна ад аднае ў 1908 годзе выходзядь дзьве ўкраінскія кніжкі аб беларускім руху: адна — у Львове («Відроженє білоруського письменства»), другая — у Кіеве («Білорусы і іх національне відроженє»). Першую напісаў д-р Іларыён Сьвятыцкі, другую — паважаны юбіляр.

Кніжка Дарашэнкі прадстаўляе кароткі нарыс гісторыі беларускага народу і імкнецца вытлумачыць прычыны і абставіны, прабудзіўшыя беларусаў зосну. Яна дае невялікі агляд творчасьці некаторых нашых старэйшых паэтаў — Марцінкевіча, ВярыгіДарэўскага, а з маладзейшых — толькі што йшчэ выступіўшага тады на беларускую арэну Янкі Купалы.

Сваей кніжкай Дарашэнка шмат дапамог пашырэньню цікавасьці да братняга беларускага народу сярод украінцаў, а асабістымі зносінамі зь беларускімі дзеячамі падчас сваіх летніх прыездаў у Вільню (перад сусьветнай вайной) асабіста замацаваў шчырыя адносіны паміж правадырамі абодвух народаў. І ня раз голас Дмітра Іванавіча можна было спаткаць у розных часопісях — у абароне беларусаў.

Ажно прыйшоў час, калі Ўкраіна вызвалілася з-пад улады маскоўскіх цароў і распачала самастойнае дзяржаўнае будаўніцтва, шмат апярэдзіўшы у гэтым Беларусь. І вось, мы сустракаемся з Дмітром Іванавічам ужо як зь міністрам загранічных справаў Украінскае Народнае Рэспублікі. І тутака ён на дзеле выяўляе ўсю сваю прыхільнасьць да беларусаў, чым мага стараючыся падтрымаць беларускае дзяржаўнае будаўніцтва. Калі ж — зь пераменай палітычнага палажэньня — Дарашэнка апынуўся на эміграцыі (у Празе), беларуская моладзь і тут сустрэла ў ім шчырага прыяцеля.

Шчыры прывет шлем мы паважанаму юбіляру, давёўшаму сваімі паступкамі, што на такіх прыяцеляў беларусы могуць заўсёды спадзявацца.