Дні вясны (1927)/Залатое пахмельле/Я стаю пахіліўшы чало

⁂ (Дзьвярэй больш рука не адчыніць…) Я стаю пахіліўшы чало
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1927 год
⁂ (Выгляд твой малажавы зблажэў…)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я СТАЮ ПАХІЛІЎШЫ ЧАЛО

I

Каханьне, залатое каханьне,
Я стаю пахіліўшы чало!
Не спаткаў я цябе пры кургане,
не спаткаў у завейных палёх.

Ты само да мяне маладога
прыгарнулася палам сваім.
Сонцавеялі далі, разлогі,
сонцавеяла радасьць у сінь.

А песьні, ветравейныя песьні
заліваліся хохатам хваль.
Яны з сэрца каханьне разьнесьлі,
яны з сэрца памчаліся ў даль.

У той вечар самоты ня песьціў, —
хваляваўся усплёскам надзей.
Ціха зоры сьмяяліся ў вецьці, —
я на іх задумённа глядзеў.

Разгадаць мне хацелася ўсьмешку
аднэй зоранькі яснай, як дзень.
Ружавела каліна на ўзьмежку,
я прыціснуў яе да грудзей.

Хай яснасьць, сьветлазорая яснасьць
перальлецца ў вачох дарагіх.
Болей вецер рукамі ня сплясьне,
застанёмся з табою ўдваіх.

Застанёмся, мая ты красуня!
Я ня ведаў уцехі ў жыцьці.
Мне расслухаць хацелася ў шуме,
аб чым ліст да ліста шапаціць.

Яна слоў мне тады не казала,
яе вусны палілі мой твар.
Ня было, ня было ў песьні жалю,
толькі кідала сэрца у жар.

А што далей… у ветра спытайся.
Пакахаў, як ніхто, пакахаў.
Ой, ты Стася, смуглявая Стася,
ўзгадаваў цябе Случчыны гай!

Ты расла там адна сіратою, —
вочы карымі сталі ад рос.
Вось кахаю цябе мо‘ за тое,
што і сам я ў самоце узрос.

II

Срэбны вечар упаў на калені.
Між далін-лугавін сьпіць юнак.
Заіскрыліся зоры з каменьняў,
заіскрыліся пунсам віна, —
каляровасьць сваю на туман,
на туман.

Цяжка шчасьце ў дарозе налучыць,
да яго скрозь імглістасьць ідуць.
Ой, бярозы над рэчкаю Случай
калаціліся ў сьне на ваду.
Заглядзеўся я тут на адну,
на адну.

Ціха хвалі крышталілі ў далі, —
ў пералівах іх чуўся напеў.
Моўчкі лісьця на дол ападалі, —
час красе адцьвітаньня насьпеў.
Спляміць смутак яе не пасьмеў,
не пасьмеў.

Чуткі-весьці хадзілі ў дуброве:
хто красуні касу завіе.
Падарыла ты мне чорнабровасьць,
падарыла і песьні свае.
Болей ім у палёх ня зьвінець,
ня зьвінець.

Мары сеялі сны над узвышшам,
мары цёплыя ў сінь паплылі.
Ты цьвіла каляровасьцю вішні,
У палёх вецер воўкам ня выў, —
калыхаў з сьмехам ён паплавы,
паплавы.

Змрок схаваўся пад лісьцямі клёну.
Мне хацелася ціш цалаваць.
Помню, ах помню хмялёвасьць:
пахілілася ўніз галава,
пахілілася ўніз, бы трава,
бы трава.

Як біліся сэрцы заўзята,
ня скажуць ніколі лісты.
На‘т Хрыстос ня ўстрымаўся б расьпяты
на парозе сьвятыні сьвятынь. —
Толькі целам, душою астыў,
ён астыў.

Просінь сыпала зор мігаценьне.
Пахіліўся у явара стан.
Я спаткаў у даліне дзьве цені,
а таксама таемнасьці здань…
Сонца жыцьця, па-над кручай устань,
гэй устань!

Цяжка шчасьце ў дарозе налучыць, —
да яго скрозь імглістасьць ідуць.
Ой, бярозы над рэчкаю Случай
калаціліся ў сьне на ваду.
Заглядзеўся я тут на адну,
на адну.

19-II — 26 г.