Дні вясны (1927)/Струны сонца/Песьня юнацтву

Ня шумі, бяроза! Песьня юнацтву
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1927 год
Мастак
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня юнацтву.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ ЮНАЦТВУ

Юнацтва, маё ты юнацтва,
ты вечна, як вечна й мастацтва!

Сягоньня цябе я праслаўлю,
бы радасьць за сонечнай дальлю.

Ты маеш гарачыя вусны, —
сыграю табе я на гусьлях.

Ірвуцца хай струны ў запале, —
акорды у сэрца запалі.

Душу аддаю ўсю дачыста, —
сьвяткую тваю урачыстасьць.

Хай ветры шалёныя веюць, —
люблю на душы я завею.

I

Пяшчотныя вусны душою сагрэты,
а погляд празрыста-упарты.
Ня воін Антоні, а юны поэта
схіліўся да ног Клеопатры:
пяштотныя вусны душою сагрэты.

Цалуе асмугла-ласкавыя персі
на шлюбна-бялёвай пасьцелі.
Апошнім ня будзе… ня быў як і першым…
Цалуе бясстыднае цела,
цалуе асмугла-ласкавыя персі.

О, гордасьць! О, чыстыя майскія росы!
З масьліны зьмятаў вас Горацый!
Расплецены гнеўныя чорныя косы, —
застыў пацалунак гарачы.
О, гордасьць! О чыстыя майскія росы!

Кусаюць уцехі ўсе чэрствую лусту,
і сэрцы крывавяцца болем.
Поэта юнацтва аддаў на распусту,
а песьні суровым пабоям:
кусаюць уцехі ўсе чэрствую лусту.

II

Ветры ласкавымі сталі, —
ня сыплюць імжою-слатою.
Ружа з пахіленым станам
пялёсткі ўмывае сьлязою.

Нехта каліткаю скрыпнуў
з запалам, з дакорным імпэтам.
Зоры губляюць іскрынкі
на сумныя кудры поэты.

Лёгка, нэрвова ступае,
ня чуе душэўнага болю.
Песьня — ня скнара скупая, —
гармоніі, грацыі болей!

Людзі ўсе сталі „багамі“.
Пачуцьці, дашчэнту ня стлейце!
Гукі, ў сугучнасьці, ў гамы!
Маё залатое сталецьце!!!

Роспач зайшлася на скрыпцы,
у віхры стыхійным плянэта.
Нехта каліткаю скрыпнуў, —
музыкі, ў літаўры — поэта!

III

О, вечар, мой вечар зялёны,
у слове хвалююцца хвалі!
Поэту тры стройныя клёны
пад шаты свае захавалі.

Залоцяць сутоньне лістамі,
краса іх з зарою асеньняй.
Як брацьця, плеч-поплеч пасталі, —
сягоньня ёсьць іх ўваскрасеньне.

Кастальскай крыніцы ня маем,
няма й златагрывых Пэгасаў, —
а песьні аквечаны маем,
а песьні ніколі ня гаснуць.

Жыцьцё іх — нядоля ліхая,
цярнёвы вянок Беларусі.
Ўсьміхаюцца зоры над гаем, —
бель-срэбныя ткуцца абрусы.

Плач струнны за сэрца хватае,
ліецца са струн Апалона, —
то лірнік поэту вітае,
заўсёды к яму ён з паклонам.

О, вечар, мой вечар зялёны,
у слове хвалююцца хвалі!
Поэту тры стройныя клёны
пад шаты свае захавалі.

IV

О, Беларусь!

Тваё мінулае ў мармурах не застыла
і медзьдзю-бронзай ня зьвініць.
Яно ня знае готыкі, антычных стыляў,
ня знае колераў сузорчатых зарніц.

Яно пахована ў глыбокія курганы, —
крывёй-бальзамам гоіць сны.
Твой гені, у мінулым паруганы,
да славы ўзьнімуць вольныя сыны.

Ты сілы траціла свае дазваньня;
цябе абплакаў на кургане клён.
Штогод тваё спраўлялі ўкрыжаваньне,
штогод гісторыі праклён.

Таму й мінулае ў мармурах не застыла
і медзьдзю-бронзай ня зьвініць.
Яно ня знае готыкі, антычных стыляў,
Ня знае колераў сузорчатых зарніц.

V

Прабіла зарніца дванаццаць гадзін, —
адчуў толькі гэта поэта адзін.

Прабіла яна яму сэрца наскрозь, —
успомніў Айчыну, у якой ён узрос.

Успомніў цярпеньні народу свайго, —
душу апаліў жыватворчы агонь.

Лісты залатыя ён з клёну трасе
і песьні складае адвечнай красе.

8-XI — 26 г.
Менск.