Добрая парада (Гейнэ/Таўбін)
Добрая парада Аўтар: Генрых Гейнэ |
Пераклад Юлі Таўбін Крыніца: Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. / Уклад. У. Мархель. — Мн.: Маст. літ., 1990. — С. 231—232. — 372 с. |
Скончы з горам, кінь свой сорам!
Лепей сьмела йдзі ў сваты,
А пасьля і ў божы хорам
І шчасьлівым будзеш ты.
Кідай золата на плошчу
Скрыпачом і жабраком,
Пацалуй лагодна цёшчу,
Хоць-бы у думках — зьеў жыўцом.
Паважай монарха стала,
Яго жонку і сынка;
Не шкадуй вяндлін і сала,
Як зарэжаш кабанка.
Як царква табе абрыдла
Дык хадзі туды штодня —
Поп ідзе — скінь шапку, быдла,
І прыйшлі яму віна.
А адчуеш сьверб вялікі —
Не пачухайся ані.
Калі ціснуць чаравікі —
Дык пантофлі нацягні.
Перасоліць жонка страву —
Не шалей, не дакарай.
«Лялечка», — скажы ласкава, —
«Ты як зварыш — чысты рай».
Як захоча шалік жонка —
Цэлых два ёй прэзэнтуй.
Шпулек, пацерак, пярсьцёнкаў,
Дыяментаў не шкадуй.
Будзеш жыць, як я параіў,
Дык набудзеш, дружа мой,
Там на небе — месца ў раі,
Тут — бяспеку і спакой.