Раздзел ХХХIII. Кантрасты Раздзел ХХХІV. Другая маці з дачкой
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел ХХХV. Шчаслівая пара

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXXIV

Другая маці з дачкой.

У брыдкім і панурым пакоі старая, таксама брыдкая і панурая, прыслухоўвалася да ветру і дажджу і, скурчыўшыся, грэлася каля мізэрнага ачага. Аддаючыся гэтаму апошняму занятку з большай упартасцю, чым першаму, яна не мяняла позы; толькі тады, калі выпадковыя дажджавыя кроплі падалі, шыпячы, на цёплы попел, яна падымала галаву, зноўку звяртаючы ўвагу на свіст ветру і шум дажджу, а пасля паступова апускала яе ўсё ніжэй, ніжэй і ніжэй, аддаючыся панурым развагам; начныя шумы зліваліся для яе ў аднастайны гул, які нагадвае гул мора, калі ён ледзь-ледзь дасягае слыху таго, хто сядзіць у задуменні на беразе.

У пакоі агню не было, апрача водбліску, што падаў ад ачага. Час ад часу злосна ўспыхваючы, нібы вочы задраманага лютага звера, агонь асвятляў рэчы, якія зусім не мелі патрэбы ў лепшым асвятленні. Куча лахманоў, куча касцей, убогая пасцель, два-тры скалечаныя крэслы або, больш правільна, табурэты, чорныя сцены і яшчэ больш чорная столь — вось усё, на што падаў дрыготкі водбліск.

Калі-б Фларэнс стаяла ў гэтым пакоі і глядзела на тую, якая, скурчыўшыся ля каміна, адкідала цень на сцяну і столь, яна з першага-ж позірку пазнала-б Добрую місіс Браун, не гледзячы на тое, што, магчыма, дзіцячы яе ўспамін аб гэтай страшнай старой быў такім-жа дзіўным і несуразмерным прадчуваннем ісціны, як цень на сцяне. Але Фларэнс тут не было, і Добрая місіс Браун аставалася непазнанай і сядзела, нікім не заўважаная, скіраваўшы позірк на агонь.

Схамянуўшыся ад шыпення, больш моцнага, чым звычайна — струменьчыкі дажджавой вады праніклі ў дымаход, — старая нецярпліва падняла галаву і зноў пачала прыслухоўвацца. На гэты раз яна не апусціла галавы, бо нехта піхнуў дзверы і нейчыя крокі пачуліся ў пакоі.

— Хто там, — запыталася яна.

— Я прынесла вам весткі, — пачуўся ў адказ жаночы голас.

— Весткі? Адкуль?

— З чужых краін.

— З-за акіяна? — усхапіўшыся, крыкнула старая.

— Так, з-за акіяна.

Старая паспешліва згрэбла ў кучу гарачыя вуглі і блізенька падышла да сваёй госці, якая ўвайшла, зачыніла за сабою дзверы і спынілася сярод пакоя; апусціўшы руку на яе прамоклы плашч, старая павярнула жанчыну так, каб святло падала проста на яе. Яна памылілася ў сваіх чаканнях, якія-б яны ні былі, таму што выпусціла з рук плашч і злосна крыкнула ад прыкрасці і засмучэння.

— У чым справа? — запыталася госця.

— Гэта не мая дачка! — усклікнула старая, пляснуўшы рукамі і ломячы іх над галавой. — Дзе мая Эліс? Дзе мая красуня-дачка? Яны давялі яе да смерці.

— Яны яшчэ не давялі яе да смерці, калі ваша прозвішча — Марвуд, — сказала госця.

— Значыцца, вы бачылі маю дачку? — закрычала старая. — Яна напісала мне?

— Яна сказала, што вы не ўмееце чытаць, — адказала тая.

— Так, не ўмею! — ломячы рукі, усклікнула старая.

— У вас тут няма свечкі? — запыталася госця, аглядаючы пакой.

Старая, шамкаючы, трасучы галавой, мармочучы штосьці пра сваю красуню-дачку, дастала з шафы, якая стаяла ў кутку, свечку і, сунуўшы яе дрыглівай рукой у камін, запаліла не без цяжкасці і паставіла на стол. Брудны кнот спачатку гарэў цмяна пад аплываючым тлушчам; калі-ж мутныя і аслабшыя вочы старой здолелі нешта разгледзець пры гэтым святле, госця ўжо сядзела, склаўшы накрыж рукі і апусціўшы вочы, а хустка, якая была завязана на галаве, ляжала каля яе на стале.

— Значыцца, яна, мая дачка Эліс, прасіла вас нешта перадаць? — прашамкала старая, пачакаўшы некалькі хвілін. — Што яна гаварыла?

— Паглядзіце, — сказала госця.

Старая паўтарыла гэта слова спалохана, недаверліва і, закрыўшы вочы ад святла, паглядзела на гаварыўшую, акінула позіркам пакой і зноў паглядзела на жанчыну.

— Эліс сказала: «Паглядзіце яшчэ раз, маці», — і жанчына скіравала на яе пільны погляд.

Зноў старая агледзела пакой, зірнула на госцю і яшчэ раз агледзела пакой. Паспешна схапіўшы свечку і падняўшыся з месца, яна паднесла яе да твара госці, моцна крыкнула і, паставіўшы свечку, кінулася на шыю прышоўшай.

— Гэта мая дачка! Гэта мая Эліс! Гэта мая красуня-дачка, яна жывая і вярнулася! — віскатала старая, гойдаючыся і прыціскаючыся да грудзей дачкі, якая холадна адказвала на яе абдымкі. — Гэта мая дачка! Гэта мая Эліс! Гэта мая красуня-дачка, яна жывая і вярнулася! — завіскатала яна зноў, кінуўшыся перад ёю на падлогу, абхапіўшы яе калені прыціскаючыся да іх галавой і па-ранейшаму гойдаючыся з боку на бок у нейкім утрапенстве.

— Так, матуля, — адазвалася Эліс, нахіляючыся, каб пацалаваць яе, але нават у гэты момант стараючыся вызваліцца з яе абдымкаў. — Нарэшце я тут! Пусціце, матуля, пусціце! Устаньце і сядзьце на крэсла. Што за карысць ад гэтага?

— Яна вярнулася яшчэ больш жорсткай, чым пайшла, — усклікнула маці, пазіраючы ёй у твар і ўсё яшчэ чапляючыся за яе калені. — Ёй няма да мяне справы! Пасля ўсіх гэтых год і ўсіх маіх пакут!

— Ну, што-ж, матуля! — сказала Эліс, патрасаючы свае парваныя спадніцы, каб вызваліцца ад старой. — Можна паглядзець на гэта і з другога боку. Гады прайшлі і для мяне таксама, як для вас, і пакутвала я таксама, як і вы. Устаньце, устаньце!

Маці ўстала з кален, заплакала і, ломячы рукі, стаяла воддаль, не спускаючы з яе позірку. Пасля яна зноў узяла свечку і, абышоўшы вакол дачкі, агледзела яе з галавы да ног, паціху хныкаючы. Пасля паставіла свечку, апусцілася на крэсла і, пляскаючы ў далоні, нібы у такт цягучай песні, і гойдаючыся з боку на бок, прадаўжала хныкаць і лемантаваць.

Эліс устала, скінула мокры плашч і паклала яго ў бок. Скончыўшы з гэтым, яна зноў села, склала накрыж рукі і, пазіраючы на агонь, моўчкі, з пагардлівай мінай слухала невыразныя скаргі сваёй старой маці.

— Няўжо вы думалі, матуля, што я вярнуся такою-ж маладой, якой паехала? — сказала яна, нарэшце, зірнуўшы на старую. — Няўжо вы думалі, што такое жыццё, якое пражыла я ў чужых краях, упрыгожвае чалавека? Дапраўды, можна гэта падумаць, слухаючы вас!

— Не ў гэтым справа! — усклікнула маці.

— Дык у чым-жа справа? — адазвалася дачка. — Лепш-бы вы хутчэй кінулі, матуля, бо пайсці адсюль мне лягчэй, чым прыйсці сюды.

— Вы толькі яе паслухайце! — закрычала старая. — Пасля ўсіх гэтых год яна пагражае зноў мяне пакінуць у тую самую хвіліну, калі толькі што вярнулася!

— Паўтараю вам, матуля, гады прайшлі і для мяне таксама, як для вас, — сказала Эліс. — Вярнулася яшчэ больш жорсткай? Вядома, вярнулася яшчэ больш жорсткай. Чаго-ж вы чакалі?

— Больш жорсткай да мяне! Да сваёй дарагой маці! — усклікнула старая.

— Не ведаю, хто пачаў мяне рабіць жорсткай, калі не мая дарагая маці, — адазвалася тая; яна сядзела, склаўшы накрыж рукі, нахмурыўшы бровы і сціснуўшы губы, нібы вырашыла што-б там ні было задушыць у сабе ўсе добрыя пачуцці. — Выслухайце некалькі слоў, матуля. Калі цяпер мы зразумеем адна другую, магчыма ў нас не будзе больш сварак. Я пайшла дзяўчынай, а вярнулася жанчынай. Не вельмі што я выконвала свой абавязак, калі пайшла адсюль, і — будзьце ўпэўнены — такою-ж я вярнулася. Але вы ці памяталі аб сваім абавязку ў адносінах да мяне?

— Я! — закрычала старая. — У адносінах да роднай дачкі! Абавязак маці ў адносінах да яе ўласнага дзіцяці!

— Гэта гучыць дзіўна, хіба няпраўда? — адазвалася дачка, холадна павярнуўшы да яе свой строгі, пагардлівы, суровы і цудоўны твар. — Але за гэтыя гады, якія я пражыла на адзіноце, я часамі аб гэтым думала, пакуль не прывыкла да гэтай думкі. Увогуле я чула нямала размоў пра абавязак, але заўсёды гутарка была аб маім абавязку ў адносінах да іншых. Іншы раз — не маючы чаго рабіць — я пыталася сама ў сябе: няўжо ні ў каго не было абавязку ў адносінах да мяне?

Маці шамкала, жавала губамі, трэсла галавою, але невядома, ці было гэта выказваннем гневу, раскаяння, адмаўлення або фізічнай слабасцю.

— Была дзяўчынка, якую звалі Эліс Марвуд, — са смехам сказала дачка, аглядаючы сябе з лютай насмешкай, — народжаная ў жабрацтве, закінутая і ўзгадаваная ў жабрацтве. Ніхто яе не вучыў, ніхто ёй не дапамог, ніхто аб ёй не клапаціўся.

— Ніхто! — паўтарыла маці, паказваючы на сябе і стукаючы сябе ў грудзі.

— Адзіныя клопаты, якія яна бачыла, прадаўжала дачка, — былі тыя, што часамі яе білі, марылі голадам і лаялі, а без гэтага яна, магчыма, была-б лепшай. Яна жыла вось у такіх дамах, як гэты, і на вуліцах, з такімі-ж беднымі дзецьмі, як яна сама, і, не гледзячы на такое дзяцінства, яна стала красуняй. Тым горш для яе! Лепш-бы яе праз ўсё жыццё труцілі і мучылі за ўродства!

— Гаварыце, гаварыце! — усклікнула маці.

— Я кажу, — адазвалася дачка. — Была дзяўчынка, якую звалі Эліс Марвуд. Яна была прыгожая. Яе вельмі позна пачалі вучыць і вучылі вельмі дрэнна. Аб ёй занадта клапаціліся, яе занадта муштравалі, ёй занадта дапамагалі, за ёй занадта сачылі. Вы яе вельмі любілі — у той час вы былі забяспечаны. Тое, што здарылася з гэтай дзяўчынай, здараецца кожны год з тысячамі. Гэта было толькі падзенне, і для яго яна нарадзілася.

— Пасля ўсіх гэтых год! — захныкала старая. — Вось з чаго пачынае мая дачка!

— Яна хутка скончыць, — сказала дачка. — Была злачынніца, якую называлі Эліс Марвуд, яшчэ маладая дзяўчына, але ўжо пакінутая і адвержаная. І яе судзілі і прыгаварылі. Ах, божа мой, як разважалі аб гэтым джэнтльмены на судзе! І як унушальна гаварыў суддзя пра яе абавязак і пра тое, што яна злоўжыла дарамі прыроды, нібы ён не ведаў лепш за іншых, што гэтыя дары былі для яе пракляццем! І як ён павучальна тлумачыў пра моцную руку закона! Так, вельмі моцнай аказалася гэта рука, каб выратаваць яе, калі яна была нявіннай і бездапможнай нікчэмнай малюткай! І як гэта ўсё было ўрачыста і дабрачэсна! Будзьце ўпэўнены, я часта думала аб гэтым з таго часу.

Яна мацней сціснула на грудзях рукі і засмяялася такім смехам, у параўнанні з якім выццё старой здалося музычным.

— Такім чынам, Эліс Марвуд саслалі за акіян, матуля, — прадаўжала яна,— і накіравалі навучацца абавязку працы туды, дзе ў дваццаць разоў менш памятаюць аб абавязку і ў дваццаць разоў больш зла, ганьбы і бясчэсця, чым тут. І Эліс Марвуд вярнулася жанчынай. Такой жанчынай, якой належала ёй зрабіцца пасля ўсяго гэтага. У свой час зноў прагучаць, напэўна, урачыстыя прамовы і красамоўныя словы, зноў з'явіцца моцная рука, і тады прыдзе канец Эліс Марвуд. Але джэнтльменам няма чаго баяцца, што яны астануцца без работы! Сотні бедных дзяцей, хлопчыкаў і дзяўчынак падрастаюць на кожнай з тых вуліц, дзе жывуць гэтыя джэнтльмены, і таму яны будуць рабіць сваю справу, пакуль не здабудуць сабе багацця.

Старая абаперлася локцямі аб стол і, прыкрыўшы твар абодвума рукамі, прытварылася вельмі засмучанай — або, можа, сапраўды была засмучана.

— Ну, вось! Я скончыла, матуля, — сказала дачка, кіўнуўшы галавой, нібы з мэтай спыніць гэту размову. — Я нагаварыла дастаткова! Што-б мы з вамі ні рабілі, але пра абавязак мы больш гаварыць не будзем. Думаю, што ў вас дзяцінства было такое самае, як у мяне. Тым горш для нас абодвух. Я не хачу вінаваціць вас і не хачу абараняць сябе, — навошта мне гэта рабіць? З гэтым скончана даўным-даўно. Але цяпер я жанчына — не дзяўчына, — і нам з вамі няма чаго выстаўляць напаказ сваё жыццё, як гэта зрабілі тыя джэнтльмены на судзе. Нам яно добра вядома.

Хоць яна была паўшай і зняслаўленай, але твар яе і постаць вызначаліся той прыгажосцю, якую, нават у хвіліны самыя для яе невыгодныя, не мог-бы не заўважыць і няўважлівы глядач.

Маці, якая назірала яе, моўчкі адважылася паціху працягнуць да яе цераз стол высахлую руку і, пераканаўшыся, што дачка гэта дазваляе, дакранулася да яе твара і пагладзіла па галаве. Адчуўшы, здаецца, што гэтыя пяшчоты старой былі шчырыя, Эліс не варушылася; і тая, асцярожна наблізіўшыся да дачкі, запляла ёй валасы, зняла з яе мокрыя чаравікі, калі толькі можна было назваць іх чаравікамі, накінула на плечы ёй нейкую сухую анучу і пакорна мітусілася вакол яе, мармычучы нешта сабе пад нос і ўспамінаючы ранейшыя яе рысы і погляд.

— Я бачу, што вы вельмі бедная, матуля, — сказала Эліс, якая сядзела так досыць доўга і, нарэшце, акінула позіркам пакой.

— Вельмі бедная, любачка, — адказала старая.

Яна зачароўвалася дачкою і баялася яе. Магчыма, яе зачараванне, якім-бы яно не было, зарадзілася даўно, калі ў разгар зняважлівай барацьбы за жыццё яна ўпершыню заўважыла прыгажосць дачкі. Магчыма, яе страх меў нейкія дачыненні да таго мінулага, пра якое яна толькі што чула. Ва ўсякім выпадку, яна стаяла пакорліва і пачціва перад дачкою і схіліла галаву, нібы жаласліва ўпрашаючы вызваліць яе ад новых дакораў.

— Чым вы жылі?

— Жабрацтвам, дарагая мая.

— І зладзействам?

— Часамі, Элі… патроху. Я старая і палахлівая. Іншы раз, любачка, я адбірала якую-небудзь дробязь у дзяцей, але не часта. Я цягалася па ваколіцах, любая, і ведаю тое, што ведаю. Я сачыла…

— Сачылі? — паўтарыла дачка, глянуўшы на яе.

— Я выгледжвала адну сям'ю, — сказала маці яшчэ больш спакойна і пакорліва.

— Якую сям'ю?

— Ціха, любачка! Не злуйцеся на мяне. Я гэта рабіла любячы вас. На ўспамін пра маю няшчасную дачку за акіянам!

Яна лісліва працягнула руку, пасля прыціснула яе да губ.

— Шмат гадоў назад, любачка, — прадаўжала яна, нясмела паглядаючы на ўважлівы і строгі твар, павернуты да яе, — я сустрэла выпадкова яго маленькую дачку.

— Чыю дачку?

— Не яго, Эліс, любая. Не пазірайце на мяне так. Не яго! Вы-ж ведаеце, у яго няма дзяцей.

— Дык чыю-ж, — запыталася дачка. — Вы сказалі — «яго».

— Ціха, Элі! Вы мяне палохаеце, любачка. Містэра Домбі — толькі містэра Домбі. З таго часу, дарагая, я іх часта бачыла. Я бачыла яго.

Праказаўшы гэта апошняе слова, старая скурчылася і адступілася, нібы спалохаўшыся, што дачка яе ўдарыць. Але хоць твар дачкі быў павернуты да яе і гарэў шалёным гневам, яна сядзела нерухома і толькі ўсё мацней і мацней прыціскала рукі да грудзей, нібы хацела іх стрымаць, каб не нарабіць шкоды сабе або іншым у сляпым парыве шаленства, якое раптам апанавала яе.

— А ён-жа і не падазраваў, хто я такая! — сказала старая, пагражаючы кулаком.

— Яму ніякай справы да гэтага не было, — праз зубы прамармытала дачка.

— Але сустрэліся мы тварам у твар, — сказала старая. — Я гаварыла з ім, і ён гаварыў са мною. Я сядзела і пазірала яму ўслед, калі ён ішоў па доўгай алеі; і з кожным яго крокам я праклінала яго душу і цела.

— Гэта не перашкодзіць яму шчасліва жыць, — пагардліва адазвалася дачка.

— Так, ён шчасліва жыве, — сказала маці.

Яна змоўкла, бо твар дачкі, якая сядзела перад ёю, быў пакарэжаны ад шаленства.

— Ён жанаты?

— Не, любачка, — сказала маці,

— Збіраецца жаніцца?

— Не, любачка, наколькі мне вядома. Але яго гаспадар і сябра ажаніўся. О, мы можам пажадаць яму шчасця! Мы можам ім усім пажадаць шчасця! — закрычала старая ў моцным узрушэнні. — Нам усім гэта жаніцьба дасць шчасце. Вось успомніце маё слова.

Дачка паглядзела на яе і чакала тлумачэнняў.

— Але вы прамоклі і стаміліся, вам хочацца есці і піць, — сказала старая, кандыбаючы да шафы. — А тут мала чаго знойдзецца, ды і тут таксама, — яна апусціла руку ў кішэню і выклала на стол некалькі поўпенсавікаў, — і тут мала. Эліс, любачка, у вас няма грошай?

Прагны, хітры, напружаны выраз, што з'явіўся на яе твары, калі яна пра гэта пыталася і сачыла за тым, як дачка дастае з-за пазухі нядаўна атрыманы падарунак, выявіў адносіны паміж маткай і дачкой бадай ці менш поўна, чым словы маці.

— Гэта ўсё? — запыталася маці.

— Больш у мяне няма нічога, і гэтага-б не было, калі-б мне не падалі міласціны.

— Калі-б не падалі міласціны, любачка? — паўтарыла старая, прагна нахіляючыся над сталом, каб паглядзець на грошы, нібы не давяраючы дачцэ, якая ўсё яшчэ трымала іх у руцэ. — Гм! Шэсць і шэсць — дванаццаць і шэсць — восемнаццаць… так… Трэба патраціць іх ашчадна. Пайду куплю чаго- колечы паесці і выпіць.

З большай жвавасцю, чым можна было чакаць ад яе, мяркуючы па выгляду, бо старасць і ўбоства, здавалася, зрабілі яе не менш слабой чым уродлівай, яна завязала дрыжачымі рукамі істужкі старога капялюша і захінулася ў парваны шаль, усё з тою-ж прагнасцю пазіраючы на грошы ў руцэ дачкі.

— Якое шчасце дасць нам гэта жаніцьба, матуля? — запыталася дачка. — Вы мне так і не сказалі.

— Шчасце для нас у тым, — адказала тая, слабымі рукамі папраўляючы шаль, — што кахання там зусім няма, мая любачка, але затое шмат ганарлівасці і нянавісці. Шчасце ў тым, што між імі нелады і барацьба, і ім пагражае небяспека — небяспека, Эліс!

— Якая небяспека?

— Я бачыла тое, што бачыла! Я ведаю тое, што ведаю! — захіхікала маці. — Няхай хто-небудзь глядзіць больш пільна! Няхай сёй-той сцеражэцца. Мая дачка, магчыма, яшчэ трапіць у добрую грамаду.

Пасля, бачачы, што дачка, якая пазірала на яе сур'ёзна і неўразумёна, мімаволі сціснула руку, у якой былі грошы, старая замітусілася, каб як мага хутчэй іх атрымаць, і паспешна дадала:

— Але я пайду куплю чаго-небудзь. Пайду куплю чаго-небудзь. — Пакуль яна стаяла з працягнутай рукой перад дачкою, тая, зірнуўшы яшчэ раз на грошы, пацалавала іх, перш чым з імі расстацца.

— Як Элі! Вы іх цалуеце? — хіхікнула старая. — Вось гэта накшталт мяне! Я гэта часта раблю. О, яны нам даюць столькі дабра! — і яна прыціснула да абвіслых грудзей паблякшыя поўпенсавікі, — колькі ўсялякага дабра яны нам даюць! Шкада толькі, што яны не цякуць да нас патокам!

— Я іх цалую цяпер, матуля, — сказала дачка, — бадай ці рабіла гэта я калі-небудзь раней, — дзеля той, якая мне іх дала.

— Дзеля той, якая іх дала, любачка? — паўтарыла старая, чые цмяныя вочы загарэліся, калі яна ўзяла грошы. — Я таксама іх цалую дзеля таго, хто дае, калі гэта прымусіць яго раскашэліцца. Але я пайду патрачу іх, любачка. Я зараз вярнуся.

— Вы, здаецца, сказалі, што шмат ведаеце, матуля, — заўважыла дачка, праводзячы яе позіркам да дзвярэй. — Вы вельмі паразумнелі з таго часу, як мы рассталіся.

— Ведаю! — пракаркала старая, адступаючы на крок ад дзвярэй. — Я ведаю больш, чым вы думаеце. Я ведаю больш, чым ён думае, любачка, і пра гэта я вам хутка раскажу падрабязна. Я ўсё пра яго ведаю.

Дачка недаверліва ўсміхнулася.

— Я ведаю яго брата, Эліс, — сказала старая, выцягнуўшы шыю з сапраўды страшэннай злараднасцю, — які мог бы апынуцца там, дзе былі вы, за пакражу грошай. Ён жыве са сваёй сястрой на паўночнай дарозе за Лонданам.

— Дзе?

— На паўночнай дарозе за Лонданам, любачка. Калі хочаце, можаце ўбачыць іх дом. Пахваліцца няма чым, хоць у таго, другога, дом дасканалы… Не, не! — усклікнула старая, ківаючы галавой і смеючыся, бо яе дачка ўсхапілася з крэсла. — Не цяпер! Гэта надта далёка, гэта ля прыдарожнага слупа, дзе звалена ў кучу каменне… Заўтра, любачка, калі надвор'е будзе добрае і вам захочацца паглядзець. Але пайду патрачу…

— Пачакайце! — Дачка кінулася да яе з шаленствам, якое зноў успыхнула, як агонь. — Сястра — прыгожая чартоўка з каштанавымі валасамі?

Старая, здзіўленая і перапалоханая, моўчкі кіўнула.

— У яе твары ёсць штосьці ад яго! Гэта чырвоны дом… Ён стаіць у баку ад дарогі. Перад дзвярыма зялёненькі ганачак…

Зноў старая кіўнула.

— На якім я сёння сядзела! Аддайце мне назад грошы.

— Эліс! Любачка!

— Аддайце мне назад грошы, інакш вам не паздаровіцца!

Сказаўшы гэтае яна рэзка вырвала грошы з рук старой і, зусім роўнадушная да яе скаргаў і просьбаў, накінула свой плашч і імкліва выбегла з дома.

Маці, пакульгваючы, пайшла за ёю, стараючыся не адставаць і ўгаварваючы яе, але гэтыя ўгаворы рабілі на яе не больш уражання, чым вецер, дождж і змрок, які ахутаў іх.

Была дванаццатая гадзіна ночы, калі яны пакінулі ззаду гарадскія вуліцы і ўвайшлі ў тую больш цёмную нейтральную паласу, дзе быў дом. Горад разлёгся паводдаль, зданнёвы і хмурны; халодны вецер выў на прасторы; усё вакол было чорна, дзіка, пустэльна.

— Гэта зручнае месца для мяне! — сказала дачка, спыняючыся, каб азірнуцца. — Я падумала ўжо аб гэтым, калі была тут сёння.

— Эліс, любачка! — усклікнула маці, паціху сморгаючы яе за спадніцу. — Эліс!

— Ну, што яшчэ, матуля?

— Не аддавайце грошай, любая. Калі ласка, не аддавайце. Мы не можам гэта рабіць. Нам трэба павячэраць, любачка. Грошы — гэта грошы, хто-б іх не даў. Скажыце ім усё, што хочаце, але грошы пакіньце сабе.

— Глядзіце! — сказала ў адказ дачка. — Вось дом, пра які я гаварыла. Гэта ён?

Старая сцвярджальна кіўнула галавою, і, прайшоўшы яшчэ некалькі крокаў, яны падышлі да дзвярэй. Пакой, дзе Эліс сушыла плацце, быў ярка асветлены палаючым камінам і свечкай, а калі Эліс пастукала ў дзверы, з гэтага пакоя вышаў Джон Каркер.

Ён здзівіўся, убачыўшы такіх наведвальнікаў у такі позні час, і запытаўся ў Эліс, што ёй патрэбна.

— Мне патрэбна ваша сястра, — сказала яна. — Жанчына, якая дала мне сёння грошы.

Пачуўшы гучны яе голас, вышла Херыет.

— О! — усклікнула Эліс. — Вы тут! Вы мяне, вядома, памятаеце?

— Так, — у здзіўленні адказала тая.

Твар, які быў пакорліва звернуты да яе раней, дыхаў цяпер такой нястрымнай нянавісцю і пагардай, і рука, якая мякка дакраналася да яе пляча, сціснулася ў кулак у такой злосці, нібы гатова была яе ўдарыць, што Херыет, шукаючы абароны, прыціснулася да брата.

— Як магла я гаварыць з вамі і вас не пазнаць! Як магла я наблізіцца да вас і не адчуць пажару ў маёй крыві, чыя кроў цячэ ў вашых жылах! — усклікнула Эліс, робячы пагрозлівы жэст.

— Што вы хочаце сказаць? Што я зрабіла?

— Што вы зрабілі? — адазвалася тая. — Вы пасадзілі мяне да свайго ачага. Вы накармілі мяне і далі мне грошы. Вы падаравалі мне сваё спачуванне! Вы, на чыё імя я плюю!

Старая ў нейкай зларадаснасці, якая рабіла яе агідны твар сапраўды страшным, пагразіла брату і сястры высахлай рукою ў пацверджанне слоў дачкі, але ў той-жа час зноў пацягнула яе за спадніцу, упрашаючы пакінуць у сябе грошы.

— Калі я выпусціла слязу на вашу руку, няхай яна яе высушыць! Калі я сказала вам ласкавае слова, няхай яно вас аглушыць! Калі я дакранулася да вас губамі, няхай гэты дотык будзе для вас ядам! Пракляцце на гэты дом, дзе мяне прытулілі! Гора і ганьба на вашу галаву! Няхай загінуць усе вашы блізкія!

Праказаўшы гэтыя словы, яна кінула на зямлю грошы і адпіхнула іх нагой.

— Я тапчу іх зусім! Я іх не ўзяла-б, нават калі-б яны пракладалі мне дарогу да неба! О, лепш-бы акрываўленая нага, з-за якой я прышла сюды сёння, згніла, перш чым прывяла мяне ў ваш дом!

Херыет, бледная і дрыжачая, трымала брата і не перапыняла яе.

— А вышла так, што мяне пашкадавалі і даравалі мне вы, якая носіць гэта імя, у першую гадзіну майго звароту! Вышла так, што вы абышліся са мною, як мілая, добрая лэдзі! Я вам падзякую, калі буду паміраць. Я памалюся за вас і за ўвесь ваш род, можаце быць у гэтым упэўнены!

Маці, якая дарэмна тузала яе за спадніцу і ў ненасытнай прагнасці пазірала на ляжаўшыя ля парога грошы, якія, здавалася, паглыналі ўсю яе ўвагу, гатова была сланяцца вакол, пакуль патухнуць у доме агні, а пасля навобмацак шукаць грошы ў гразі, спадзеючыся зноў заўладаць імі. Але дачка павяла яе за сабою, і яны адразу-ж пайшлі назад, дадому; па дарозе старая хныкала і аплаквала згубу і з горыччу наракала, наколькі было ў яе адвагі, на сваю красуню-дачку, якая не лічыцца з абавязкам, якая пакінула яе без вячэры ў першую-ж ноч пасля сустрэчы.

І спаць яна лягла без вячэры, калі не лічыць нейкіх нікчэмных аб'едкаў, і гэтыя аб'едкі яна, мармычучы, перажоўвала, седзячы над патухаючымі вугалямі, калі яе дачка, якая не лічылася з абавязкам, даўно ўжо спала.