Домбі і сын/40
← Раздзел XXXIX. Далейшыя прыгоды капітана Эдуарда Катля, марака | Раздзел ХL. Сямейныя адносіны Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел ХLI. Новыя галасы ў хвалях → |
РАЗДЗЕЛ XL
Сямейныя адносіны.
Было-б ненатуральна, калі-б чалавек з такім характарам, як містэр Домбі, сустрэўшы супроцьдзеянне з боку такой энергічнай асобы, якую ён супроць сябе ўзняў, змякчыў уладны і суровы свой нораў або калі-б халодная, непранікальная броня ганарлівасці, якой ён пакрываўся, зрабілася болыш гнуткай ад няспынных сутычак з высокамернай пагардай і абурэннем.
У сваіх дачыненнях да першай жонкі містэр Домбі, халодны і велічна-ганарысты, трымаўся як нейкае вышэйшае стварэнне і бадай ці не лічыў сябе такім. Для яе ён быў «містэрам Домбі», калі яна ўпершыню яго ўбачыла, і астаўся «містэрам Домбі», калі яна памерла. Ён сцвярджаў сваю велічнасць на працягу ўсяго іх супольнага жыцця, і яна пакорна яго прызнавала. Ён захаваў за сабой сваё высокае становішча на троне, а яна — сваё скромнае месцечка на ніжняй яго ступеньцы, і добра было яму, які аддаўся ў рабства адзінай ідэі. Ён думаў, быццам ганарлівасць другой яго жонкі злучыцца з яго ганарлівасцю, увальецца ў яе і ўмацуе яго велічнасць. Ён лічыў сябе больш ганарыстым, чым калі-б то ні было, калі яму спрыяе ганарлівасць Эдзіт. Яму і ў галаву не прыходзіла, што яна можа паўстаць супроць яго. А цяпер, калі ён пераканаўся, што яна паўстае на яго шляху на кожным кроку яго штодзённага жыцця, паварочваючы да яго сваё халоднае, задзірыстае і пагардлівае аблічча, ганарлівасць яго, замест таго каб звянуць або схіліць галаву пад ударам, пусціла новыя парасткі, зрабілася больш сканцэнтраванай і напружанай, больш панурай, сумнай і непадатлівай, чым калі-небудзь раней.
Здавалася, лёс асудзіў яго быць заўсёды гордым і магутным, заўсёды зняважаным і бездапаможным, калі ён павінен быць асабліва моцным. Каму суджана было ажыццявіць гэту волю лёсу?
Каму? Каму ўдалося заваяваць любоў яго жонкі таксама, як любоў яго сына? Хто была тая, якая абвясціла яму аб гэтай новай перамозе, калі ён сядзеў у цёмным кутку? Хто была тая, чыё адзінае слова дасягала мэты, якой ён не мог дасягнуць пры ўсім напружанні сіл? Хто была тая, пазбаўленая яго любові, клопатаў і ўвагі, якая квітнела і рабіла бліскучыя поспехі, тады як паміралі тыя, каму ён дапамагаў? Кім яна магла быць, як не той самай дачкою, на якую ён часта паглядаў збянтэжана ў часе яе сіратлівага дзяцінства, апанаваны страхам, што можа яе зненавідзець, і ў адносінах да якой яго прадчуванне збылося, бо ён ненавідзеў яе?
Так, і ён хацеў яе ненавідзець і ўмацаваў гэту нянавісць, хоць на яе яшчэ падаў часамі водбліск таго святла, у якім яна з'явілася перад ім у памятны вечар яго звароту з маладой жонкай. Ён ведаў цяпер, што яна прыгожая; ён не аспрэчваў таго, што яна грацыёзная і чароўная і што ён быў здзіўлен, калі яна з'явілася перад ім ва ўсёй чароўнасці сваёй жаноцкасці. Але нават за гэта ён яе вінаваціў. Аддаючыся панураму і нездароваму раздум'ю, няшчасны чалавек, смутна разумеючы сваё адчужэнне ад усіх людзей і несвядома імкнучыся да таго, што ўсё жыццё ад сябе адштурхоўваў, стварыў адваротнае ўяўленне аб сваіх правах і крыўдах і дзякуючы гэтаму апраўдваў сябе перад ёй. Чым больш годнай за яго абяцала яна стаць, тым больш ён схіляўся дамагацца заднім чыслом яе паважання і пакорлівасці. Хіба выяўляла яна калі-небудзь сваё паважанне і пакорлівасць? Чыё жыццё ўпрыгожвала яна — яго ці Эдзіт? Каму першаму адкрыла сваю чароўнасць — яму ці Эдзіт? Ды адносіны-ж паміж імі, з самага яе нараджэння, не былі падобнымі да адносін паміж бацькам і дачкою! Яны заўсёды былі чужымі адзін аднаму. Яна заўсёды рабіла насуперакі яму. Цяпер яна ўдзельнічала ў змове супроць яго. Нават яе прыгажосць змякчала людзей, якія не схіліліся перад ім, і зневажала яго сваёй супроцьнатуральнай урачыстасцю.
Панураму, упартаму, хмурнаму дэману, якім ён быў апантаны, яго жонка супроцьпаставіла сваю — іншую — гордасць. Яны ніколі не маглі-б жыць шчасліва разам; але нішто не магло зрабіць іх жыццё больш няшчасным, чым гэта наўмысная і ўпартая барацьба такіх страсцей. Яго гордасць дамагалася захавання яго вярхоўнай улады і патрабавала ад яе прызнання гэтай улады. Яна згадзілася-б пайсці на смяротныя мукі, але да апошняй хвіліны не зводзіла-б з яго ганарыстага позірку, які выказваў спакой і няўмольную пагарду. Вось чаго ён дамогся ад Эдзіт! Ён не падазраваў аб тым, якія буры і барацьбу вытрымала яна, пакуль не заслужыла гонару насіць яго імя. Ён не падазраваў аб тым, на якія ўступкі, на яе думку, яна пайшла, калі дазволіла яму назваць яе сваёй жонкай.
Містэр Домбі вырашыў паказаць ёй, што ён — уладар. Няма і не можа быць іншай волі, апрача яго волі. Ён хацеў, каб яна была гордай, але яе гордасць павінна была служыць яго інтарэсам, а не шкодзіць ім. Калі ён сядзеў адзін, раз'юшаны, ён часта чуў, як яна ад'язджала і варочалася дадому, бываючы ў лонданскім грамадстве і ўдзяляючы столькі-ж увагі яго сімпатыям і антыпатыям, яго здавальненню і нездавальненню, колькі магла-б удзяляць, калі-б ён быў яе грумам. Яе халодная, велічная роўнадушнасць — яго ўласная неаспрэчная якасць, украдзеная ёю ў яго, — зневажала яго больш, чым маглі-б зневажыць любыя паводзіны. І ён вырашыў, што прымусіць яе скарыцца перад яго ганарлівай і моцнай воляй.
Ён даўно ўжо думаў аб гэтым і аднойчы, позна ўвечары, пачуўшы, што яна вярнулася дадому, накіраваўся да яе, у яе пакоі. Яна была адна, у надзвычай прыгожым убранні, і толькі што прышла ад сваёй маці. Выгляд у яе быў сумны і задуменны, калі ён з'явіўся перад ёю; але яна заўважыла яго яшчэ ў дзвярах, бо, глянуўшы ў люстра, перад якім яна сядзела, ён адразу-ж убачыў ссунутыя бровы і пануры выраз цудоўнага твара, які так добра яму вядомы.
— Місіс Домбі, — сказаў ён, уваходзячы, — дазвольце мне пагутарыць з вамі.
— Заўтра, — абазвалася яна.
— Цяпер самы зручны момант, пані, — засупярэчыў ён. — Вы заблуджаецеся адносна свайго становішча. Я прывык прызначаць час сам. Мне яго не прызначаюць. Мне здаецца, што вы бадай ці разумееце, місіс Домбі, хто я і што я.
— Мне здаецца, — адказала яна, — я вас вельмі добра разумею.
Пры гэтым яна паглядзела на яго і, злажыўшы на грудзях белыя рукі, якія ззялі золатам і каштоўнымі каменнямі, адвярнулася.
Каб яна была не такой прыгожай і не такой велічнай у сваім халодным спакоі, магчыма, яна не змагла-б унушыць яму думку аб нявыгадзе яго становішча — думку, якая пранікла праз броню ганарлівасці. Але гэта сіла ў яе была, і ён востра яе адчуў. Ён акінуў позіркам пакой; убачыў, што найлепшыя прылады туалета, што служылі для ўпрыгожання яе асобы, і раскошныя ўбранні валяюцца ўсюды і кінуты як папала — не толькі з-за капрызу і бесклапотнасці (ва ўсякім выпадку так здалося яму), але з прычыны ўпартага, высакамернага пагарджання дарагімі рэчамі. І тады ён яшчэ больш ясна зразумеў сваё становішча. Гірлянды кветак, пер'і, каштоўнасці, карункі, шоўк, атлас — куды-б ён ні зірнуў, усюды ён бачыў кінуты з пагардай скарб. Нават брыльянты — падарунак ў часе вяселля — нецярпліва падымаліся і апускаліся на яе грудзях, нібы хацелі разарваць ланцуг, які ахапляў яе шыю, і рассыпацца па падлозе, дзе яна магла-б таптаць іх нагамі.
Раздражнёны і нездаволены самім сабою, ён сеў і, астаючыся па-ранейшаму ў дрэнным настроі, прадаўжаў:
— Місіс Домбі, нам вельмі патрэбна прыйсці да нейкай згоды. Вашы паводзіны, пані, мне не падабаюцца.
Яна зноў кінула на яго позірк і зноў адвярнулася, але, калі-б яна гаварыла на працягу гадзіны, ёй не ўдалося-б выказаць больш.
— Паўтараю, місіс Домбі, вашы паводзіны мне не падабаюцца. Аднойчы я ўжо скарыстаў выпадак і папрасіў, каб вы іх змянілі. Цяпер я гэтага рашуча патрабую.
— Вы выбралі зручны выпадак для першай вашай вымовы, сэр, і вы знайшлі адпаведны тон і адпаведныя словы для другой. Вы патрабуеце! Ад мяне!
— Пані, — сказаў містэр Домбі са зняважліва-ганарыстым выглядам, — я вас зрабіў сваёй жонкай. Вы носіце маё імя. Вы звязаны з маім грамадскім становішчам і маёй рэпутацыяй. Не скажу, што свет, магчыма, схілен лічыць гэты саюз ганаровым для вас, але я скажу, што прывык прад'яўляць патрабаванні да маіх бліжніх і людзей, якія ад мяне залежаць.
— Да якой з гэтых груп вы можаце аднесці мяне? — запыталася яна.
— Бадай, місіс Домбі, я-б лічыў, што мая жонка павіна належаць — або належыць — да абодвух груп.
Яна пільна паглядзела на яго і сціснула дрыжачыя губы. Ён бачыў, як закалаціліся яе грудзі, і бачыў, як твар яе загарэўся і пасля пабляднеў. Усё гэта ён мог бачыць і бачыў; але ён не мог ведаць, што ў тайніках яе сэрца адно шэптам праказанае слова прымушала яе захоўваць спакой, і гэта слова было — Фларэнс.
Сляпы вар'ят, які імкнецца да прорвы! Ён думаў, што яна стаіць у страху перад ім!
— Вы надта марнатраўная, пані, — сказаў містэр Домбі. — Вы не ведаеце меры. Вы траціце дарэмна вялікія грошы — або, больш правільна, гэта вялікія грошы для большасці джэнтльменаў, — падтрымліваючы знаёмствы, якія для мяне бескарысны і нават непрыемныя для мяне. Я прымушан настойваць на тым, каб вы гэта зусім змянілі. Ведаю, што, атрымаўшы нечакана дзесятую долю тых сродкаў, якія лёс аддаў у ваша карыстанне, лэдзі могуць кідацца ў крайнасці. І гэтых крайнасцей больш чым патрэбна. Мне-б хацелася, каб вопыт, набыты місіс Грэйнджэр, — вопыт зусім іншы, — даў цяпер карысць місіс Домбі.
Зноў пільны позірк, дрыжачыя губы, трапятлівыя грудзі, твар, то чырванеючы, то бялеючы; і зноў ціхі шэпт: «Фларэнс, Фларэнс», які чуўся ёй у біцці яе сэрца.
Яго дзёрзкая самаўпэўненасць вырасла, калі ён убачыў гэту змену ў ёй. Успалёная ранейшай яе пагардай да яго і такім нядаўнім яго адчуваннем нявыгады свайго становішча не менш, чым цяперашняй яе пакорлівасцю (так ён усё зразумеў), гэта самаўпэўненасць ужо не ведала межаў. Хто мог доўга супраціўляцца ганарыстай яго волі і жаданням? Ён вырашыў перамагчы яе, і вось, глядзіце!
— Далей, пані, — прадаўжаў містэр Домбі ўладным і загадным тонам, — будзьце ласкавы добра зразумець, што мяне належыць шанаваць і слухацца, што перад грамадой патрэбна аказваць мне поўную і яўную пашану, пані. Я да гэтага прывык. Я маю права гэтага патрабаваць. Карацей кажучы, я гэтага хачу. Я лічу гэта адпаведнай узнагародай за тое высокае становішча ў грамадстве, якое выпала вам на долю. І думаю, нікога не здзівіць, што гэта пашана ад вас патрабуецца, і вы яе аказваеце. Мне, мне! — дадаў ён выразна.
Яна маўчыць. Ніякай перамены ў ёй. Позірк накіраваны на яго.
— Я даведаўся ад вашай маці, місіс Домбі, — сказаў містэр Домбі з унушальнай важнасцю, — тое, што вам, бясспрэчна, вядома, а іменна: для папраўлення здароўя ёй раяць паехаць у Брайтон. Містэр Каркер быў такім ласкавым…
З ёй раптоўна адбылася перамена. Яе твар і шыя пачырванелі, нібы на яе ўпаў чырвоны водбліск сонечнага заходу. Не пакінуўшы без увагі гэтай змены і вытлумачыўшы яе па-свойму, містэр Домбі прадаўжаў:
— Містэр Каркер быў такім ласкавым, што з'ездзіў туды і на час зняў там дом. Пасля вашага звароту ў Лондан я прыму захады, якія лічу неабходнымі, для лепшага вядзення гаспадаркі. Адным з такіх захадаў будзе запрашэнне на месца эканомкі (калі гэта ўдасца ажыццявіць) пражываючай у Брайтоне вельмі паважанай асобы, якая знаходзіцца ў цяжкіх абставінах, нейкай місіс Піпчын, якая раней аказвала паслугі маёй сям'і і карысталася маім давер'ем. Гаспадарка ў гэтым доме, якая ўзначальваецца толькі намінальна місіс Домбі, патрабуе спрактыкаванага чалавека.
Перш чым ён сказаў гэтыя словы, яна змяніла позу і цяпер сядзела, па-ранейшаму пільна на яго паглядаючы, і круціла на руцэ браслет: пакручвала яго не з жаночнай асцярожнасцю, але націрала ім гладкую скуру, пакуль на белай руцэ не з'явілася чырвоная паласа.
— Я заўважыў, — сказаў містэр Домбі, — і гэтым я закончу тое, што лічу патрэбным сказаць вам сёння, місіс Домбі, — хвіліну таму назад я заўважыў, пані, што мой напамінак аб містэры Каркеры быў прынят вамі некалькі дзіўна. У той дзень, калі я пры гэтым давераным агенце заўважыў вам, што нездаволены вашай манерай прымаць маіх гасцей, вам захацелася пярэчыць супраць яго прысутнасці. Вам давядзецца ўстрымацца ад падобных супярэчанняў, пані, і, што вельмі магчыма, прывучыць сябе ў такіх выпадках да яго прысутнасці, калі вы не скарыстаеце сродку, які ў вас у руках, — іншымі словамі, калі вы не адберацё ў мяне падстаў для нездавальнення.
— Містэр Каркер, — прадаўжаў містэр Домбі, які пасля адзначанага ім мятушэння лічыў істотным гэты сродак падначаліць гордую жонку і, магчыма, не супраць быў паказаць гэтаму джэнтльмену сваю ўладу ў новым аспекце, — містэр Каркер, карыстаючыся маім давер'ем, місіс Домбі, вельмі добра можа карыстацца і вашым давер'ем у гэтых межах. Спадзяюся, місіс Домбі, — дадаў ён праз некалькі секунд, на працягу якіх, у прыліве ганарлівасці, ён умацаваўся ў сваёй ідэі, — спадзяюся, я ніколі не палічу неабходным даручыць містэру Каркеру перадачу вам якой-небудзь заўвагі або ганьбавання, але з прычыны таго, што для мяне, прымаючы пад увагу маё становішча і рэпутацыю, былі-б зняважлівымі частыя спрэчкі праз глупства з лэдзі, якую я ўдастоіў найвышэйшага гонару, які па маёй сіле было зрабіць, я, не вагаючыся, выкарыстаю яго паслугі, калі ў мяне будуць для гэтага падставы.
«А цяпер, — падумаў ён, устаючы з усведамленнем уласнай маральнай велічы і больш непахісным і непранікальным, чым калі-б там ні было, — яна ведае мяне і ведае маё рашэнне».
Рука, што з такою сілаю націскала на браслет, цяжка ляжала цяпер на яе грудзях, але Эдзіт, пазіраючы на містэра Домбі ўсё з тым-жа нерухомым тварам, ціха сказала:
— Пачакайце! Будзьце ласкавы! Я павінна пагаварыць з вамі.
Чаму не загаварыла яна раней і якая адбывалася ў яе душы барацьба, што пазбаўляла яе сіл гаварыць на працягу некалькіх хвілін? Дзякуючы страшэннаму напружанню волі твар яе аставаўся зусім нерухомым, як твар статуі, — павернуты да яго, ён не выяўляў ні мяккасці, ні жорсткасці, ні прыязні, ні нянавісці, ні гордасці, ні пакорлівасці — нічога, апрача пільнай, дапытлівай увагі!
— Хіба я калі-небудзь спакушала вас з мэтай, каб вы шукалі маёй рукі? Хіба я калі-небудзь карысталася якімі-б там ні было хітрыкамі, каб завабіць вас? Хіба я калі-небудзь была больш прыхільнай да вас, калі вы да мяне заляцаліся, чым пасля нашага шлюбу? Ці была я калі-небудзь у адносінах да вас іншай, чым цяпер?
— Зусім няварта, пані, — сказаў містэр Домбі, — аб гэтым гаварыць.
— Ці думалі вы, што я вас кахаю? Ці было вам вядома, што я вас не кахаю? Ды хіба вы калі-небудзь задумваліся аб маім сэрцы або ставілі сабе мэтай заваяваць нічога не каштуючую рэч? Хіба быў хоць які-небудзь намёк на гэта пры заключэнні нашай здзелкі? З вашага боку або майго?
— Гэтыя пытанні, пані, — сказаў містэр Домбі, — не маюць ніякіх адносін да сутнасці справы.
Яна стала паміж ім і дзвярыма, каб перашкодзіць яму пайсці, і, выпрастаўшыся на ўвесь рост, прадаўжала пазіраць на яго ва ўпор.
— Вы адказваеце на кожнае з іх. Бачу, што вы адказваеце раней, чым я пытаюся. Ці можаце вы адказваць інакш — вы, якому нікчэмная праўда вядома не горш, чым мне? Цяпер скажыце: калі-б я кахала вас аддана, ці магла-б зрабіць я для вас больш, чым аддаць вам усю маю волю і сябе цалкам, як вы гэтага толькі што патрабавалі? Калі-б сэрца ў мяне было чыстае і неспакушанае і калі-б вы былі яго кумірам, маглі-б вы патрабаваць большага, маглі-б вы атрымаць больш?
— Магчыма, і не, пані, — адказаў ён холадна.
— Вы ведаеце, што я зусім іншая. І можаце адгадаць па маім твары пачуцці мае да вас. — Гордыя губы не здрыгануліся, цёмныя вочы не загарэліся, па-ранейшаму позірк быў пільны і выпрабавальны. — Вы ведаеце ў агульных рысах маё жыццё. Вы гаварылі пра маю маці. Няўжо вы думаеце, што можаце прынізіць, сагнуць, зламаць мяне, прымусіўшы да падначалення і паслухмянства?
Містэр Домбі ўсміхнуўся, як усміхнуўся-б ён, калі-б у яго запыталіся, ці можа ён дастаць дзесяць тысяч фунтаў.
— Калі і адбываецца штосьці незвычайнае тут, — прадаўжала яна, лёгка правёўшы рукой над вачыма, якія аставаліся такімі-ж нерухомымі, — і я ведаю, што незвычайныя пачуцці поўняцца вось тут, — яна прыпадняла руку, якую прыціскала да грудзей, і зноў цяжка апусціла яе на грудзі, — то зразумейце: ёсць нешта дзіўнае ў той просьбе, з якой я маю намер да вас звярнуцца. Так, — шпарка сказала яна, нібы адказваючы на мімалётную змену ў яго твары, — справа ў тым, што я хачу звярнуцца да вас з просьбай.
Містэр Домбі, з ласкавым выглядам апусціўшы злёгку падбародак, ад чаго затрашчаў яго туга накрухмалены каўнер, сеў на стаяўшую недалёка софу, каб выслухаць просьбу.
— Калі вы зразумееце, што і мне самой, — яму здалося, нібы на вачах у яе бліснулі слёзы, і ён падумаў аб гэтым не без самазадаволення, хоць ніводная слязінка не скацілася на яе шчаку і на яго яна пазірала ўсё тым-жа пільным поглядам, — мне самой здаецца амаль неверагодным маё рашэнне звярнуцца да чалавека, які стаў маім мужам, а ў асаблівасці да вас, — калі вы гэта зразумееце, магчыма, вы нададзіце большае значэнне маім словам. Цяжкая развязка, да якой мы ідзём і, магчыма, прыдзем, адаб'ецца не толькі на нас (гэта было-б не так важна), але і на іншых.
На іншых! Ён ведаў, каго тычылася гэтае слова, і сурова нахмурыўся.
— Я звяртаюся да вас дзеля іншых. А таксама дзеля вас і дзеля сябе самой. Пасля нашага вяселля вы трымаліся ганарліва ў адносінах да мяне, і я плаціла вам тым самым. Штодзённа і штогадзінна вы давалі зразумець мне і ўсім акружаючым, што, на вашу думку, саюз наш з'яўляецца для мяне высокім гонарам. Я думаю інакш і ў сваю чаргу давала гэта зразумець. Вы як быццам не разумееце або — паколькі гэта ў вашай сіле — не маеце намеру прызнаць, што кожны з нас павінен ісці сваёй дарогай. Замест гэтага, вы дамагаецеся ад мяне пакорлівасці, якой не дачакаецеся ніколі.
Хоць выраз яе твара не змяніўся, гэта «ніколі» было энергічна падкрэслена тым, як яна перавяла дух.
— Я не маю да вас ніякіх пяшчотных пачуццяў. Вы гэта ведаеце. Калі-б я іх адчувала ці магла адчуваць, вам гэта было-б усёроўна. Добра ведаю, што і вы ніякіх пяшчотных пачуццяў да мяне не адчуваеце. Але мы звязаны адно з адным, і, я ўжо сказала, сувязі, што нас злучаюць, аблытваюць таксама і іншых. Мы абодва рана ці позна павінны памерці. Мы абодва ўжо звязаны з памершымі, кожны з нас страціў дзіця. Будзем спагадлівымі.
Містэр Домбі глыбока ўздыхнуў, як быццам хацеў сказаць: «О! І гэта ўсё?»
— Ні за якія багацці ў свеце, — прадаўжала яна, сочачы за ім і бляднеючы, у той час як вочы яе яшчэ ярчэй заблішчэлі, — нельга было-б купіць у мяне гэтыя словы. Калі адмахнуцца ад іх, як ад пустой фразы, ніякія багацці і ніякая ўлада не могуць іх вярнуць. Я іх сказала. Я іх узважыла, і я выканаю тое, за што бяруся. Калі вы абяцаеце быць спагадлівым, я з свайго боку дам абяцанне быць спагадлівай. Мы з вамі — самая няшчасная пара, у якой, па розных прычынах, вырвана з коранем усё, што асвятаяе або апраўдвае шлюб. Але з часам мы можам дасягнуць сяброўскіх адносін або прыстасавацца адзін да аднаго. Я пастараюся прыстасавацца, калі і вы прыкладзёце намаганне. І я буду цешыць сябе надзеяй на больш вартае і шчаслівае жыццё, чым тое, якое ў мяне было ў маладосці і ў росквіце сіл.
— Пані, — з найвялікшай годнасцю сказаў містэр Домбі, — я не магу прыняць такія незвычайныя прапановы.
Яна прадаўжала пазіраць на яго ўсё так-жа пільна.
— Я не магу, — сказаў містэр Домбі, устаючы, — згадзіцца, місіс Домбі, або распачынаць з вамі перагаворы па пытанню, адносна якога мая думка і мае жаданні вам вядомы. Я прад'явіў вам ультыматум, пані, і мне астаецца толькі прасіць, каб вы звярнулі на яго сур'ёзную ўвагу.
Ён бачыў, як змяніўся яе твар і з'явіўся на ім ранейшы, але больш напружаны выраз. Ён бачыў, як апусціліся вочы, нібы яна не захацела глядзець на нейкі агідны і ненавісны прадмет. Ён бачыў, як засвяціўся ганарлівы лоб. Ён бачыў, як прарваліся на паверхню пагарда, гнеў, абурэнне і агіда, а бледная ціхая сур'ёзнасць рассеялася, як дым. Ён не мог не глядзець на яе, але глядзеў ён з жахам.
— Ідзіце, сэр! — сказала яна, велічна паказваючы рукой на дзверы. — Наша першая і апошняя шчырая размова скончана. З гэтага моманту нішто не можа зрабіць нас больш чужымі адзін аднаму, чым чужыя мы цяпер.
— Можаце быць упэўнены, пані, — сказаў містэр Домбі, — што я буду рабіць так, як лічу правільным, не зважаючы ні на якія гаворкі.
Яна адвярнулася да яго спіной і моўчкі села перад люстрам.
— Пані, я спадзяюся на тое, што вы больш правільна зразумееце абавязак, набудзеце адпаведныя пачуцці і большую разважлівасць, — сказаў містэр Домбі.
Яна не адказала ні слова. Па выразу яе твара, які быў відаць у люстры, ён зразумеў, што яна не звяртае на яго ніякай увагі, нібы ён быў незаўважаным ёю павуком на сцяне або жукам на падлозе, або, больш правільна, нібы ён быў павуком або жукам, заўважаным ёю і раздушаным, пасля чаго яна ад яго адвярнулася і забылася, як забываюць аб агідных мёртвых гадах.
У дзвярах ён аглянуўся і акінуў позіркам ярка асветлены і раскошны пакой, прыгожыя рэчы, расстаўленыя ўсюды, фігуру Эдзіт, якая сядзела ў прыгожай сукенцы перад люстрам, і твар Эдзіт, што быў відаць у люстры, і ён пайшоў да сябе, у свой пакой, дзе здаўна аддаваўся развагам, і панёс з сабою яркі ўспамін аб усім бачаным і дзіўную, невыразную думку (іншы разв такія думкі прыходзяць у галаву) аб тым, якім будзе гэты пакой, калі ён убачыць яе ў наступны раз.
Містэр Домбі быў вельмі маўклівы, вельмі важны і вельмі ўпэўнены ў тым, што дасягне мэты.
Ён не меў намеру суправаджаць сваю сям'ю ў Брайтон, але ў часе снедання ў дзень ад'езду, гэта значыць дні праз два, ён ласкава апавясціў Клеапатру, што збіраецца хутка прыехаць туды. Нельга было марудзіць з адпраўкай Клеапатры ў такое месца, якое лічылася лячэбным, бо яна і сапраўды пагражала рассыпацца на пыл.
Яна яшчэ больш пахудзела і зморшчылася, яе слабасць на розум праяўлялася больш рэзка, а блытаніна ў думках і правалы здаваліся больш дзіўнымі. Апрача іншых сімптомаў, у яе з'явілася прывычка блытаць імёны яе двух зяцёў, жывога і памёршага, і звычайна называць містэра Домбі або «Грэйнджбі», або «Домбер», а іншы раз і так і гэтак.
Але яна была маладжавая, па-ранейшаму вельмі маладжавая; і маладжавай яна з'явілася ў дзень ад'езду на снеданне, у новым капялюшыку, спецыяльна для гэтага заказаным, і ў дарожнай сукенцы, якая была ўпрыгожана вышыўкай і абшыта шнурком, як сукеначка перастарэлага дзіцяці. Нялёгка было надзець гэты паветраны капялюшык, а калі ён ужо быў надзеты, нялёгка ўтрымаць яго на належным яму месцы на беднай дрыготкай галаве. Цяпер капялюшык не толькі ствараў дзіўнае ўражанне, упарта спаўзаючы на бок, але ўдадатак яго трэба было бесперастанку пастукваць па тульі, і абавязак гэты выконвала пакаёўка Флауэрс, якая прыслугоўвала на заднім плане ў часе снедання.
— Ну, дарагі мой Грэйнджбі, — сказала місіс Ск'ютон, — вы павінны абав абцаць, — некаторыя словы яна абсякала, а з іншых выкідала склады, — прыехаць хутчэй.
— Я толькі што сказаў, пані, — сказаў містэр Домбі моцна і выразна, — што прыеду дні праз два.
— Бог з вамі, Домбер!
Тут маёр, які прышоў развітацца з дамамі і з непахісным спакоем няўміручага стварэння выпучваў свае апаплексічныя вочы на місіс Ск'ютон, сказаў:
— Ах, божа мой, пані, вы не запрашаеце старога Джо!
— Самадзейнае стварэнне, хто ён такі? — прасюсюкала Клеапатра. Але Флауэрс, стукнуўшы па капялюшыку, як быццам асвяжыла яе памяць, пасля чаго яна дадала: — Ах, вы маеце на ўвазе самога сябе, нягоднік!
— Чорт як дзіўна, сэр! — шапнуў маёр містэру Домбі. — Справа дрэнь! Яна заўсёды апраналася надта лёгка. — Сам маёр быў захутаны да падбародка. — Але, гаворачы пра Джо, каго можа мець на ўвазе Дж. Б., калі не старога Джо Бегстока… Джозефа… вашага нявольніка… Джо, пані? Вось ён! Вось гэты чалавек! Вось сэрца Бегстока, пані! — усклікнуў маёр, моцна стукнуўшы сябе ў грудзі.
— Дарагая мая Эдзіт… Грэйнджбі… гэта надзвычайна дзіўна, — бурчліва сказала Клеапатра, — што маёр…
— Бегсток! Дж. Б.! — закрычаў маёр, бачачы, што яна стараецца ўспомніць яго прозвішча.
— Ну, гэта няважна, — сказала Клеапатра. — Эдзіт, любачка, як вам вядома, я заўсёды забывалася імёны… аб чым гэта я гаварыла?.. ах, так!.. надзвычай дзіўна, што столькі людзей хочуць мяне наведаць. Я еду не надоўга. Я вярнуся. Дапраўды-ж, яны могуць дачакацца майго звароту!
Пры гэтым Клеапатра паглядала на ўсіх, хто сядзеў за сталом, і мела вельмі ўстрывожаны выгляд.
— Я не хачу гасцей… дапраўды-ж, я не хачу гасцей, — сказала яна, — маленькі адпачынак… і ўсё такое… вось што мне патрэбна. Дзёрзкія нягоднікі не павінны набліж да мяне, пакуль я не скіну гэтай здрантвеласці.
І, уваскрашаючы свае какетлівыя манеры, яна паспрабавала злёгку ўдарыць маёра веерам, але замест гэтага перавярнула кубак містэра Домбі, які стаяў зусім з іншага боку.
Адна толькі Эдзіт ні разу не ўзняла вачэй ні на каго з сядзеўшых за сталом, і яе як быццам не здзіўляла тое, што гаварыла і рабіла яе маці. Яна прыслухоўвалася да бязладнай гаворкі або, ва ўсякім выпадку, паварочвалася да маці, калі тая яе звала; паціху кідала ў адказ некалькі слоў, калі гэта было неабходна, а іншы раз перапыняла яе, калі тая пачынала гаварыць няскладна, або адным словам накіроўвала яе думку на той шлях, з якога яна збілася. Маці, якой-бы не была яна няўстойлівай ва ўсіх адносінах, аставалася пастаяннай у адным: яна ўвесь час сачыла за дачкой. Яна пазірала на цудоўны твар, нерухомы і строгі, нібы высечаны з мрамару, то з баязлівым зачараваннем, то з недарэчным хіхіканнем, стараючыся выклікаць усмешку або капрызна праліваючы слёзы і рэўніва ківаючы галавой, нібы яна ўяўляла, што дачка гідзілася ёю, але ўвесь час адчуваючы прыцягваючую яго сілу, — гэта адчуванне аставалася нязменным у адрозненне ад іншых яе адчуванняў.
З Эдзіт яна іншы раз пераводзіла позірк на Фларэнс і зноў палахліва звяртала яго на Эдзіт, а іншы раз старалася глядзець у іншы бок, каб не бачыць твара дачкі; але зноў ён нібы прыцягваў яе, хоць Эдзіт не паварачвалася да яе, калі тая на яе не пазірала, і не бянтэжыла яе ніводным позіркам.
Пасля снедання місіс Ск'ютон зрабіла выгляд, быццам з дзявоцкай грацыяй абапіраецца на руку маёра, але ў сапраўднасці яе падтрымлівала з другога боку пакаёўка Флауэрс, а ззаду падпіраў паж Уітэрс, і такім чынам яе давялі да карэты, у якой ёй патрэбна было ехаць разам з Фларэнс і Эдзіт у Брайтон.
— Няўжо Джозеф канчаткова прагнаны? — запытаўся маёр, прасоўваючы ў дзверцы сваю пурпуравую фізіяномію. — Чорт пабяры, пані, няўжо Клеапатра такая бязлітасная, што забараняе свайму вернаму Антонію Бегстоку з'явіцца перад тварам яе?
— Пайшлі адсюль! — сказала Клеапатра. — Я вас цярпець не магу. Калі будзеце разумным, можаце наведаць мяне, калі я вярнуся.
— Скажыце Джозефу, пані, што ён можа жыць гэтай надзеяй, — адказаў маёр, — інакш ён памрэ ад роспачы.
Клеапатра ўздрыганулася і адкінулася назад.
— Эдзіт, дарагая мая, — усклікнула яна, — скажыце яму…
— Што?
— Такія жахлівыя словы! — сказала Клеапатра. — Ён гаворыць такія жахлівыя словы!
Эдзіт паказала яму знакам пайсці, загадала ехаць і пакінула нясцерпнага маёра містэру Домбі.
Клеапатра, папераменна бурчлівая, самазадаволеная, незасынаючая і засынаючая, але нязменна маладжавая, прыбыла ў той-жа вечар у Брайтон, рассыпалася як звычайна на кавалкі і была пакладзена ў пасцель.
На вышэйшым совеце медычных знаўцаў было пастаноўлена, што яна павінна штодзённа выязджаць на прагулку і штодзённа, калі сілы ёй дазволяць, выходзіць з экіпажа і прагульвацца пехатою. Эдзіт гатова была суправаджаць яе, па-ранейшаму безудзельна ўважлівая і спакойна цудоўная, — і яны выязджалі ўдваіх. З таго часу, як матцы зрабілася горш, Эдзіт у прысутнасці Фларэнс адчувала сябе няёмка і, пацалаваўшы Фларэнс, гаварыла ёй, што лічыць за лепшае быць адной з маткай.
Аднойчы місіс Ск'ютон была ў раздражнёным і сварлівым настроі, які нагадваў яе стан у перыяд папраўкі пасля першага ўдару. Спачатку яна моўчкі сядзела ў экіпажы, паглядаючы на Эдзіт, пасля ўзяла яе руку і горача пацалавала. Дачка не забірала ад яе рукі і не супраціўлялася, калі тая падняла яе і гэта рука, калі яе выпусцілі, зноў упала. Тады місіс Ск'ютон пачала хныкаць і лямантаваць, гаварыць аб тым, якой яна была цудоўнай маткай і як ёю пагарджалі. Час ад часу яна пачынала капрызна паўтараць аб гэтым, калі яны ўжо вышлі з экіпажа, і яна, пакульгваючы, цягнулася, абапіраючыся на Уітэрса і на кіёк; Эдзіт ішла збоку, а экіпаж памалу ехаў за імі на некаторай адлегласці.
Быў халодны, хмурны, ветраны дзень; яны былі на крэйдавых узгорках, і між імі і небам не было нічога, апрача бясплоднай прасторы. Маці, бурчліва цешачыся з сваёй манатоннай скаргі, усё яшчэ паўтарала яе паціху, а дачка з ганарлівым выглядам павольна ішла каля яе, калі над цёмным грэбенем узгорка паказаліся дзве набліжаючыяся да іх фігуры, якія здалёку былі так падобны да карыкатурнага паўтарэння іх саміх, што Эдзіт спынілася.
Як толькі яна спынілася, спыніліся і гэтыя дзве фігуры; і тая, хто, на думку Эдзіт, была скажоным падабенствам яе маці, з запалам сказала штосьці другой, паказваючы на іх рукою. Яна, здавалася, не супраць была павярнуць назад, але другая, у якой Эдзіт заўважыла такое падабенства з сабой, што яе ахапіла дзіўнае пачуццё, падобнае да страху, пайшла ўперад.
Большую частку гэтых назіранняў Эдзіт зрабіла, ідучы ім насустрач, бо яна прыпынілася толькі на секунду. Падышоўшы да іх бліжэй, яна ўбачыла, што яны апрануты бедна, як падарожнікі, што прабіраюцца пехатою па дарогах, і маладая жанчына нясе нейкае вязанне і яшчэ нейкія рэчы, прызначаныя для продажу, а старая цягнецца з пустымі рукамі.
І, аднак, якой ні была вялікай розніца ў вопратцы, выглядзе, прыгажосці, Эдзіт усё яшчэ мімаволі параўноўвала маладую жанчыну з сабою. Магчыма, яна бачыла на яе твары сляды таго, што захоўвалася і ў яе на душы, але не прарвалася яшчэ на паверхню. А калі жанчына наблізілася і, у адказ на яе позірк, пільна паглядзела на яе ззяючымі вачыма, бясспрэчна нагадваючы яе самую абліччам і выглядам і нібы думаючы аб тым самым, — тады Эдзіт адчула, што дрыжыкі прабеглі ў яе па спіне, нібы дзень стаў больш хмурным і вецер халаднейшым.
Цяпер яны параўняліся. Старая, абрыдліва працягваючы руку, спынілася папрасіць міласціну ў місіс Ск'ютон. Маладая жанчына таксама спынілася, і яна і Эдзіт паглядзелі адна другой у вочы.
— Што вас ёсць для продажу? — запыталася Эдзіт.
— Толькі вось гэта, — адказала жанчына, паказваючы свой тавар, але не пазіраючы на яго. — Сябе я ўжо даўно прадала.
— Мілэдзі, не верце ей, — закаркала старая, звяртаючыся да місіс Ск'ютон. — Не верце таму, што яна гаворыць! Ёй падабаецца балбатаць дарэмна. Гэта мая непачцівая красуня-дачка. За ўсё, што я для яе зрабіла, яна толькі і ведае, што дакарае мяне, мілэдзі. Вось зірніце, мілэдзі, як яна глядзіць на сваю бедную, старую маці.
Калі місіс Ск'ютон выняла дрыжачай рукой партманет і спехам намацвала манеты, а старая сачыла за ёй з прагнасцю — нецярплівыя і састарэлыя, яны амаль дакраналіся адна да другой галовамі, — Эдзіт умяшалася.
— Я вас бачыла раней, звярнулася яна да старой. — Так, мілэдзі, — прысядаючы, сказала старая. — Там, у Уорыкшыры, раніцой у гаі. Калі вы нічога не хацелі мне даць. Ну, а джэнтльмен — той даў мне! Ды благаславіць яго бог, ды благаславіць яго бог! — прашамкала старая, падымаючы кастлявую руку да неба і агідна ўсміхаючыся сваёй дачцы.
— Не пераконвайце мяне, Эдзіт! — злосна сказала місіс Ск'ютон, папярэджваючы супярэчанне з яе боку. — Вы нічога ў гэтым не разумееце. Я не хачу, каб мяне пераконвалі. Я ўпэўнена, што гэта надзвычайная жанчына і добрая маці.
— Так, так, мілэдзі, — затарабаніла старая, прагна працягваючы руку. — Дзякую вам, мілэдзі! Ды благаславіць вас бог, мілэдзі! Дабаўце яшчэ шэсць пенсаў, дарагая лэдзі, вы-ж самі добрая і пяшчотная маці.
— Запэўняю вас, мая слаўная старэнькая, са мною таксама абыходзяцца іншы раз вельмі непачціва, — захныкала місіс Ск'ютон. — Вось, вазьміце! Паціснем адна другой руку. Вы добрая старэнькая, у вас столькі гэтага… як яно там называецца… і ўсяго такога. Вы поўны любові і так далей, хіба не праўда?
— О, так, мілэдзі!
— Я ўпэўнена, што вы такая; такі і гэты сапраўдны джэнтльмен, Грэйнджбі. Я павінна яшчэ раз паціснуць вам руку. А цяпер ідзіце! І я спадзяюся, — звярнулася яна да яе дачкі, — што вы праявіце больш удзячнасці і натуральнага, як яно там называецца, і ўсяго такога — я ніколі не магла запомніць гэтыя назвы, — бо не было на свеце лепшай маці, чым гэта добрая старэнькая. Ідзем, Эдзіт!
Калі разваліны Клеапатры, хныкаючы, пацягліся назад і, памятаючы аб румянах, асцярожна выціралі слёзы, старая пакандыбала ў другі бок, шамкаючы і пералічваючы грошы. Больш ніводным словам не абмяняліся Эдзіт і маладая жакчына, не зрабілі ніводнага жэста, але абедзве ні на секунду не зводзілі вачэй адна з другой. Так стаялі яны тварам да твара, пакуль Эдзіт, нібы прачнуўшыся, не прайшла павольна ўперад.
— Вы прыгожая жанчына, — прамармытаў яе цень, пазіраючы ёй услед, — але прыгажосць нас не выратоўвае. І вы гордая жанчына, але гордасць нас не выратоўвае. Мы павінны пазнаць адна другую, калі сустрэнемся зноў.