Раздзел ХLI. Новыя галасы ў хвалях Раздзел ХLІІ, у якім расказваецца аб давяральнай размове і аб няшчасным выпадку
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел ХLІІІ. Бяссонная ноч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХLІІ,

у якім расказваецца аб давяральнай размове і аб няшчасным выпадку.

Апрануты ў салідную карычневую ліўрэю, якая, дамагаючыся быць вельмі скромнай і прыстойнай, была, тым не менш, такой самазадаволенай і самаўпэўненай, што магла зрабіць гонар любому краўцу, Роб Тачыльшчык служыў цяпер свайму гаспадару містэру Каркеру.

Адмовіўшыся ад службы ў капітана, Роб у той-жа вечар, вызваліўшыся папярэдне ад сваіх галубоў і нават заключыўшы спяшаючыся нявыгадны торг, накіраваўся проста ў дом містэра Каркера і, разгарачаны, з'явіўся перад сваім новым гаспадаром з расчырванелым тварам, нібы чакаючы пахвальбы.

— Бяздзейнік! — сказаў містэр Каркер, зірнуўшы на клунак. — Вы кінулі сваю службу і прышлі да мяне?

— О, сэр, — замармытаў Роб, — вы, ведаеце, сказалі, калі я быў тут апошні раз…

— Я сказаў! — здзівіўся містэр Каркер. — Што я сказаў?

— Прабачце, сэр, вы нічога не сказалі, сэр, — адказаў Роб, які адчуў перасцярогу ў тоне містэра Каркера і вельмі-ж збянтэжыўся.

Яго апякун паглядзеў на яго, агаліўшы дзясны, і, пагражаючы ўказальным пальцам, сказаў:

— Прадчуваю, што вы дрэнна скончыце, сябра валацуга. Вас чакае бяда.

— Ох, калі ласка, не гаварыце так, сэр! — усклікнуў Роб, якога ногі не трымалі. — Дапраўды-ж, сэр, я хачу толькі працаваць на вас, сэр, служыць вам, сэр, і сумленна выконваць усё, што мне загадаюць.

— Раю сумленна выконваць усё, што вам загадаюць, калі вы маеце справу са мною, — адазваўся яго апякун.

— Так, я гэта ведаю, сэр, — адказаў пакорлівы Роб. — Я ў гэтым упэўнен, сэр. Калі-б толькі вы былі такім ласкавым і выпрабавалі мяне, сэр! А калі вы ўбачыце калі-небудзь, сэр, што я раблю насуперак вашаму жаданню, я вам дазваляю забіць мяне. — Шчанё! — сказаў містэр Каркер, адкідваючыся на спінку крэсла і спакойна яму ўсміхаючыся. — Гэта нішто ў параўнанні з тым, што я з вамі зраблю, калі вы захочаце ашукаць мяне.

— Так, сэр, — адказаў няшчасны Тачыльшчык, — я ўпэўнен, што вы жорстка са мною расправіцеся, сэр. Я і не спрабаваў-бы ашукваць вас, сэр, хоць за гэта мне абяцалі-б залатыя гінеі.

Ашукаўшыся ў сваіх надзеях на пахвальбу, спалоханы Тачыльшчык стаяў, пазіраючы на свайго апекуна і дарэмна стараючыся не глядзець на яго, у замяшанні, падобным да таго, якое часта бывае ў сабакі пры такіх акалічнасцях.

— Значыцца, вы адмовіліся ад ранейшага месца і прышлі сюды прасіць мяне, каб я ўзяў вас да сябе на службу, так? — сказаў містэр Каркер.

— О, прашу вас, сэр! — адказваў Роб, які па сутнасці рабіў згодна інструкцый самога апекуна, але цяпер не адважыўся нават намякнуць на гэта ў сваё апраўданне.

— Ну, што-ж! — сказаў містэр Каркер. — Вы мяне ведаеце?

— Прабачце, сэр, так, сэр, — адказаў Роб, перабіраючы ў руках капялюш; ён па-ранейшаму быў скованы позіркам містэра Каркера і дарэмна спрабаваў пазбавіцца ад гэтых ланцугоў.

Містэр Каркер кіўнуў галавой.

— У такім выпадку сцеражыцеся!

Мноствам паклонаў Роб выказаў вялікае разуменне гэтай перасцярогі і з паклонамі адступіўся да дзвярэй, вельмі абрадаваны перспектывай апынуцца за гэтымі дзвярыма, калі апякун спыніў яго.

— Ало! — крыкнуў ён, груба варочаючы яго назад. — Вы прывыклі… Зачыніце дзверы!

Роб паслухаўся, як быццам жыццё яго залежала ад яго жвавасці.

— Вы прывыклі слухаць ля шчыліны замка. Вам вядома, што гэта азначае?

— Падслухоўваць, сэр? — выказаў здагадку Роб пасля збянтэжанага раздум'я.

Яго апякун кіўнуў галавой.

— І падглядаць і іншае.

— Тут я не рабіў-бы гэтага, сэр, — адказаў, Роб, — далібог, сэр, памерці мне на гэтым месцы, я не рабіў-бы, сэр, колькі-б мне за гэта не абяцалі! Няхай мне прапануюць усе багацці на свеце, я не падумаю гэта рабіць, калі мне не загадана, сэр!

— Раю не рабіць. Вы прывыклі таксама балбатаць і разводзіць плёткі, — з вялікай спакойнасцю прадаўжаў яго апякун. — Асцерагайцеся тут гэтым займацца, інакш не здабраваць вам, нягоднік!

І ён зноў усміхнуўся і зноў прыгразіў яму ўказальным пальцам.

Ад жаху Тачыльшчык дыхаў перарывіста і хрыпла. Ён спрабаваў давесці чыстату сваіх намераў, але мог толькі пучыць вочы на ўсмешлівага джэнтльмена з тупой пакорлівасцю, якая, відавочна, задаволіла ўсмешлівага джэнтльмена, бо той загадаў яму ісці ўніз, пасля таго як некалькі секунд разглядаў яго моўчкі і даў яму зразумець, што прымае яго да сябе па службу.

Вось якім чынам Роб Тачыльшчых паступіў да містэра Каркера, і яго пачцівая адданасць гэтаму джэнтльмелу ўмацоўвалася і ўзрастала, калі толькі гэта магчыма, з кожнай хвілінай.

Ён служыў ужо некалькі месяцаў, калі аднойчы, рана досвіткам, ён расчыніў калітку перад містэрам Домбі, які прыехаў, як было дамоўлена, паснедаць з яго гаспадаром. У той-жа момант сам гаспадар імкліва кінуўся сустракаць важнага госця і вітаць яго ўсімі сваімі зубамі.

— Я ніколі не спадзяваўся бачыць вас тут, — сказаў Каркер, калі дапамог яму злезці з каня. — Гэта выключны дзень у маім календары! Ніякая падзея не з'яўляецца асабліва выдатнай для такога чалавека, як вы, якому даступна ўсё; але для такога чалавека, як я, справа зусім іншая.

— У вас тут зроблена з густам, Каркер, — сказаў містэр Домбі, спыніўшыся сярод палянкі і акінуўшы позіркам навакол.

— Вы хацелі гэта сказаць, — адазваўся Каркер. — Дзякую вам.

— Мне здаецца, кожны мог-бы гэта сказаць, — сказаў містэр Домбі з ганарыста-апякўнскім выглядам. — Наколькі гэта магчыма, месцейка вельмі выгаднае і надзвычай добра ўстроена… вельмі элегантнае!

— Наколькі гэта магчыма. Зусім правільна! — адказаў Каркер безуважліва. — Яно мае патрэбу ў гэтай агаворцы. Ну, мы ўжо дастаткова аб ім пагаварылі. Вы хацелі пахваліць яго, і я ўдзячан. Ці не зробіце ласку зайсці?

Увайшоўшы ў дом, містэр Домбі адзначыў — і для гэтага ў яго былі падставы — выкананую з густам аддзелку і камфартабельную абстаноўку. Містэр Каркер са сваёй паказной пакорлівасцю сустрэў гэту заўвагу ветлівай усмешкай і сказаў, што разумее далікатны яе сэнс і цэніць яе, але ў сапраўднасці катэдж, які ён ні бедны, досыць добры для чалавека ў яго становішчы — лепш, магчыма, чым належыць яму мець.

— Але вам, які так высока стаіць, магчыма, ён здаецца выгоднейшым, чым ёсць на самай справе, — прадаўжаў Каркер, расцягваючы да вушэй свой ілжывы рот. — Манархі бачаць прывабнасць у жыцці беднякоў.

Пры гэтым ён зырка паглядзеў на містэра Домбі і зырка ўсміхнуўся, паглядзеў яшчэ больш зырка і ўсміхнуўся яшчэ больш зырка, калі містэр Домбі, стаўшы перад камінам у позу, якую так часта пераймаў яго памочнік, паглядзеў на вісеўшыя на сценах карціны. Пакуль халодны позірк Домбі слізгаў па карцінах, пільны позірк Каркера накіроўваўся за яго позіркам і прыстасоўваўся да яго, нібы адзначаючы, куды ён накірован. Калі ён затрымаўся на адной карціне, Каркер, здавалася, затаіў дух — такім каціным і настарожаным было яго выследжванне, — але позірк яго апекуна слізгануўся па гэтай карціне таксама, як і па іншых, і, відавочна, яна зрабіла на яго ўражанне не большае, чым усе астатнія.

Каркер паглядзеў на карціну — гэта быў партрэт жанчыны, падобнай да Эдзіт, — як на жывое стварэнне, са злосным, бязгучным смехам, выкліканым, здавалося, ёю, але па сутнасці гэта было высмейванне вялікага чалавека, які, нічога не падазраючы, стаяў каля яго. Неўзабаве было падана снеданне, і, прапанаваўшы містэру Домбі крэсла, павернутае спінкай да карціны, ён сеў на сваё звычайнае месца тварам да яе.

Містэр Домбі быў нават больш паважным, чым звычайна, і надзвычай маўклівым. Папугай, гушкаючыся ў пазалочаным кальцы ў сваёй прыгожай клетцы, дарэмна стараўся прыцягнуць да сябе ўвагу, бо Каркер надта пільна наглядаў свайго госця, каб звяртаць увагу на птушку, а госць, паглыблены ў развагі, сядзеў з задуменнай, каб не сказаць — хмурнай, мінай, не адрываючы вачэй ад абруса. Што датычыцца Роба, які прыслугоўваў за сталом, то яму, прысвяціўшаму ўсе сілы і здольнасці назіранню за сваім гаспадаром, бадай ці прышло ў галаву, што госць быў тым самым вялікім джэнтльменам, да якога прывезлі яго ў маленстве, як сведчанне аб здароўі сям'і, і якому ён быў абавязан скуранымі штонікамі.

— Дазвольце запытацца, — сказаў нечакана Каркер, — як здароўе місіс Домбі?

Містэр Домбі пачырванеў, адказваючы:

— Місіс Домбі здарова. Вы мне напомнілі, Каркер, што я хацеў аб сім-тым пагутарыць з вамі.

— Робін, вы можаце пайсці, — загадаў гаспадар, чый мяккі голас прымусіў Робіна ўздрыгануцца і схавацца, прычым ён да апошняй хвіліны не спускаў вачэй са свайго апекуна. — Вы, вядома, не памятаеце гэтага хлопчыка? — дадаў Каркер, калі аблытаны сецямі Тачыльшчык пайшоў.

— Не, — сказаў містэр Домбі з велічным роўнадушшам.

— Малаверагодна, каб аб ім памятаў такі чалавек, як вы. Бадай ці гэта магчыма, — прамармытаў містэр Каркер. — Але ён належыць да той сям'і, дзе вы знайшлі карміліцу. Магчыма, вы прыпамінаеце, што велікадушна ўзялі на сябе клопаты аб яго адукацыі?

— Гэта той самы хлопчык? — нахмурыўшыся, запытаўся містэр Домбі. — Здаецца, ён не робіць гонару атрыманай адукацыі?

— Так, думаю, што гэта паскудны блазнюк, — паціскаючы плячыма, адказаў Каркер. — Такая ў яго рэпутацыя. Але справа вось у чым: я ўзяў яго да сябе на службу, бо ён, не маючы магчымасці знайсці сабе месца, уявіў (думаю, яму ўнушылі гэга дома), быццам мае нейкія правы на вас, і заўсёды дабіваўся выпадку звярнуцца да вас з просьбай. І хоць устаноўленыя і прызнаныя адносіны мае да вашага дома носяць выключна дзелавы характар, але я адчуваю такую адвольную цікавасць да ўсяго, што вас датычыць, што…

Ён зноў запнуўся, нібы стараючыся выявіць, ці дастаткова ён паспеў разварушыць містэра Домбі. І зноў, падтрымліваючы рукою падбародак, скоса паглядзеў на карціну.

— Каркер, — сказаў містэр Домбі, — я цаню тое, што вы не абмяжоўваеце вашай…

— Службы, — падказаў усміхаючыся гаспадар дома.

— Не, я лічу за лепшае сказаць — вашай увагі, — запярэчыў містэр Домбі, вельмі добра разумеючы, што робіць яму вельмі прыемны камплімент, — нашымі чыста дзелавымі адносінамі. Прыкладам таму служаць вашы клопаты пра мае пачуцці, надзеі і расчараванні, аб чым сведчыць гэты нязначны выпадак, які вы ўспомнілі. Я вам удзячны, Каркер.

Містэр Каркер павольна нахіліў галаву і вельмі асцярожна пацёр рукі, нібы баяўся якім-небудзь рухам перапыніць давяральную размову містэра Домбі.

— Ваша паведамленне вельмі своечасова, — прадаўжаў містэр Домбі пасля нядоўгіх ваганняў, — бо яно расчышчае шлях да тае тэмы, якую я маю намер закрануць, і напамінае мне, што мае словы зусім не ўстанаўляюць нейкіх новых дачыненняў паміж намі, хоць, магчыма, і сведчаць аб большай даверлівасці з майго боку, чым тая, якой я да гэтага часу…

— Удастойвалі мяне! — падказаў Каркер, зноў нахіляючы галаву. — Не буду гаварыць аб тым, наколькі я ўшанаваны гэтым. Такі чалавек, як вы, вельмі добра ведае, які вялікі гонар можа ён пры жаданні зрабіць.

— Місіс Домбі і я, — сказаў містэр Домбі, з велічнай безуважлівасцю прапусціўшы міма вушэй гэты камплімент, — не прышлі да згоды па некаторых пытаннях. Мы як быццам яшчэ не разумеем адзін аднаго. Місіс Домбі павінна сяму-таму навучыцца.

— Місіс Домбі вызначаецца многімі рэдкімі і прывабнымі якасцямі і, бясспрэчна, прывыкла да таго, каб ёй курылі фіміям, — сказаў гэты ліслівы, хітры назіральнік, які заўважаў кожны яго позірк і змены ў голасе. — Але там, дзе ёсць любоў, пачуцці абавязку і пашаны, — там усе маленькія промахі будуць быстра загладжаны.

Містэру Домбі мімаволі ўявіўся твар, павернуты да яго ў будуары яго жонкі, калі ўладная рука паказвала на дзверы; і, успомніўшы, як адлюстроўваліся на ім любоў, пачуццё абавязку і пашаны, ён адчуў, што кроў прыліла да яго шчокаў, а гэта заўважылі зыркія вочы, якія пазіралі на яго.

— Місіс Домбі і я, — прадаўжаў ён, — гутарылі, незадоўга да смерці місіс Ск'ютон, аб прычынах маёй незадаволенасці. Аб ёй вы можаце мець некаторае ўяўленне, бо былі сведкам таго, што адбылося паміж місіс Домбі і мною, калі вы былі ў нас… у мяне ў доме.

— Калі я так шкадаваў, што прысутнічаў! — сказаў з усмешкай Каркер. — Я ганаруся вашай асаблівай увагай, як і належыць ганарыцца чалавеку ў маім становішчы, хоць я нічым яе не заслужыў. Вы можаце рабіць што хочаце, не ўніжаючы сябе, я-ж, заслужыўшы гонар быць пазнаёмленым з місіс Домбі, перш чым ёй быў дан высокі гонар насіць ваша імя, я, будзьце ўпэўнены, амаль шкадаваў у той вечар, што на маю долю выпала такое шчасце.

Тая акалічнасць, што хтосьці, заслужаны яго міласцей і апякунства, мог пры якіх-бы там ні было акалічнасцях аб гэтым шкадаваць, было незразумела містэру Домбі. Таму ён сказаў з вялікай годнасцю:

— Сапраўды? Але чаму-ж, Каркер?

— Думаю, што місіс Домбі, — адказваў памочнік, якому ён давяраў, — якая ніколі не мела прыхільнасці да мяне, думаю, што місіс Домбі бадай ці даруе за мой нявінны ўдзел у той размове. Ваша нездаволенне — справа сур'ёзная, вы гэта, зразумела, ведаеце. І выклікаць яго ў прысутнасці трэцяй асобы…

— Каркер, — ганарліва сказаў містэр Домбі, — адважуся думаць, што ў першую чаргу належыць лічыцца са мною?

— О! Ці могуць быць якія-небудзь сумненні? — адказаў той з нецярплівасцю, як чалавек, які пацвярджае ўсім вядомы і бясспрэчны факт.

— Думаю, што місіс Домбі займае другое месца, калі справа датычыць нас абодвух, — сказаў містэр Домбі. — Хіба не праўда?

— Ці не праўда? — паўтарыў Каркер. — Хіба вы не ведаеце лепш за ўсіх, што вам няма чаго пытацца?

— У такім выпадку я спадзяюся, Каркер, — сказаў містэр Домбі, — вашы шкадаванні аб нездаволенні місіс Домбі могуць быць амаль уроўнаважаны вашай задаволенасцю пры думцы аб тым, што вы захавалі маё давер'е і добрую пра вас думку.

— Бачу, што я меў няшчасце, — адказаў Каркер, — выклікаць яе нездаволенне. Місіс Домбі гаварыла вам аб гэтым?

— Місіс Домбі выказвала розныя погляды, — сказаў містэр Домбі з ганарыстай халоднасцю і абыякавасцю, — якіх я не падзяляю і якія не маю намеру абмяркоўваць або ўспамінаць. Як я ўжо казаў вам, не так даўно я прад'явіў місіс Домбі вядомыя патрабаванні адносна пачцівасці і пакорлівасці ў сямейным жыцці, якіх я лічыў патрэбным дамагацца. Мне не ўдалося пераканаць місіс Домбі ў неабходнасці зараз-жа змяніць яе паводзіны, дзеля яе ўласнага спакою і шчасця, а таксама маёй годнасці. І я сказаў місіс Домбі, што, калі мне патрэбна будзе зноў выказаць пратэст, я перадам ёй сваю думку праз вас, маю давераную асобу. А цяпер, Каркер, — прадаўжаў містэр Домбі, — я, ніколькі не вагаючыся, кажу вам, што даб'юся свайго. Са мною жартаваць нельга. Місіс Домбі павінна зразумець, што мая воля — закон і што я не маю намеру рабіць выключэнні з сваіх жыццёвых правіл. Будзьце ласкавы ўзяць на сябе гэта даручэнне, якое, спадзяюся, не з'яўляецца для вас непрыймальным, калі яно ад мяне, хоць-бы вы і выказвалі пачцівае шкадаванне — за яго я ад імя місіс Домбі. І, я ўпэўнены, вы зробіце ласку і выканаеце яго так старанна, як і ўсякі іншы абавязак.

— Вы ведаеце, — сказаў містэр Каркер, — што вам дастаткова загадаць мне.

— Ведаю, — сказаў містэр Домбі, велічна выказваючы сваю згоду, — што мне дастаткова вам загадаць. Я лічу неабходным зрабіць захады да далейшых крокаў. Місіс Домбі — лэдзі, вядома, надзеленая высокімі годнасцямі, каб…

— Каб зрабіць гонар нават вашаму выбару, — падказаў Каркер з ліслівай усмешкай.

— Так, калі вы хочаце скарыстаць гэты выраз, — унушальным тонам сказаў містэр Домбі. — У сучасны момант я не заўважаю, каб місіс Домбі аказвала яму належны гонар. Ёсць дух супроцьдзеяння ў місіс Домбі, які патрэбна знішчыць, які патрэбна зламаць. Місіс Домбі, як відаць, не разумее, — энергічна сказаў містэр Домбі, — што сама думка аб супроцьдзеянні здаецца мне страшэннай і недарэчнай.

— Мы, у Сіці, ведаем вас лепш, — адазваўся Каркер, усміхаючыся і расцягваючы рот да вушэй.

— Вы ведаеце мяне лепш, — паўтарыў містэр Домбі. — Спадзяюся. Такім чынам, я хачу, Каркер, каб вы патурбаваліся паведаміць місіс Домбі ад майго імя, што я павінен напомніць ёй аб нашай размове і некалькі здзіўлен, чаму яна яшчэ не падзейнічала. Што я павінен настойваць на ўзгадненні ёю сваіх учынкаў з патрабаваннямі, якія былі прад'яўлены ёй у гэтай размове. Што я нездаволены яе паводзінамі. Што я вельмі імі нездаволены. І што я вымушан буду, як гэта ні сумна, перадаць праз вас яшчэ больш непрыемныя і дакладныя прадпісанні, калі разважлівы розум і належная кемлівасць не прымусяць яе падначаліцца маім жаданням, як гэта зрабіла першая місіс Домбі і — думаю, я магу дадаць — як зрабіла-б усякая іншая лэдзі на яе месцы.

— Першая місіс Домбі была вельмі шчасліва, — сказаў Каркер.

— Першая місіс Домбі вызначалася разважлівым розумам, — сказаў містэр Домбі з благароднай спагадай да памёршай, — і я не мог ёй адмовіць у тонкай кемлівасці.

— Як вы думаеце, міс Домбі падобна да сваёй маткі? — запытаўся Каркер.

Твар містэра Домбі ў момант зрабіўся злавесным. Памочнік, якому ён давяраў, сачыў за ім пільна.

— Я закрануў балючую тэму, — сказаў ён з украдчывым шкадаваннем, якое супярэчыла выразу яго загарэўшыхся вачэй. — Прашу вас, прабачце мне. Прашу вас, прабачце.

— Каркер, — сказаў містэр Домбі з пабялелымі губамі, шмыгаючы позіркам па стале і гаворачы злёгку змяніўшымся голасам і таропка, — няма за што прасіць прабачэння. Я не хвалю паводзін місіс Домбі ў адносінах да маёй дачкі.

— Прабачце, — сказаў містэр Каркер, — я не зусім разумею.

— У такім выпадку пастарайцеся зразумець, — прадаўжаў Домбі. — Вы можаце — не, вы павінны — перадаць місіс Домбі мой пратэст адносна гэтага пункта. Будзьце ласкавы перадаць ёй, што яе адкрытая прывязанасць да маёй дачкі для мяне непрыемна. На гэту прывязанасць могуць звярнуць увагу. Яна можа прывесці да таго, што людзі паспрабуюць параўноўваць адносіны місіс Домбі да маёй дачкі з адносінамі місіс Домбі да мяне. Будзьце ласкавы давесці да ведама місіс Домбі, што я супраць гэтага супярэчу і чакаю, каб яна неадкладна прыняла пад увагу маё супярэчанне. Магчыма, місіс Домбі ставіцца да гэтага сур'ёзна, магчыма, гэта толькі яе дзівацтва, а магчыма, яна паўстае супраць мяне, але як-бы там ні было я супраць гэтага пратэстую. Каркер, — сказаў містэр Домбі, стрымліваючы незвычайнае хваляванне і варочаючыся да ўласцівай яму манеры, з якой ён прывык сцвярджаць сваю велічнасць, — будзьце ласкавы, Каркер, не забудзьцеся аб гэтым пункце і не змяншайце яго значэння, але лічыце яго вельмі істотным у атрыманых вамі інструкцыях.

Містэр Каркер пакланіўся, устаў з-за стала, і, задуменна стоячы перад камінам і падтрымліваючы рукой свой гладка выбрыты падбародак, паглядзеў зверху ўніз на містэра Домбі.

— Прабачце, — сказаў Каркер пасля нядоўгага маўчання, нечакана прысунуўшы сваё крэсла і садзячыся супроць містэра Домбі, — але я хацеў-бы ведаць: ці вядома місіс Домбі, што вы, магчыма, скарыстаеце мяне, каб праз мяне выказаць сваё нездавальненне?

— Так, — адказаў містэр Домбі. — Я гэта сказаў.

— Так? — шпарка падхапіў Каркер. — Але чаму?

— Чаму? — паўтарыў містэр Домбі з некаторай збянтэжанасцю. — Таму што я ёй гэта паведаміў.

— Ну! — усклікнуў Каркер. — Чаму вы ёй паведамілі? Бачыце, — прадаўжаў ён з усмешкай, мякка дакранаючыся сваёй аксамітнай рукой да рукі містэра Домбі, як дакрануўся-б да яе кот, схаваўшы свае кіпцюры, — чым лепш я зразумею тое, што вы думаеце, тым большую паслугу я буду мець шчасце вам зрабіць. Мне здаецца, я разумею. Я не заслужыў у місіс Домбі прыхільнасці. У мяне няма падстаў разлічваць на яе; але мне-б хацелася ведаць, ці так гэта?

— Магчыма і так, — сказаў містэр Домбі.

— Значыцца, — прадаўжаў Каркер, — гэтыя распараджэнні, пераданыя вамі місіс Домбі праз мяне, з'яўляюцца для гэтай лэдзі тым больш непрыемнымі?

— Мне здаецца, — сказаў містэр Домбі з ганарлівым спакоем і, аднак, у некаторай замяшанасці, — што погляд місіс Домбі на гэты прадмет не мае адносін да справы, як уяўляецца вам і мне, Каркер. Але, магчыма, вы не памыляецеся.











425;

— Прабачце, ці правільна я вас разумею, — сказаў Каркер, — думаючы, што вы бачыце ў гэтым зручны спосаб прымірыць ганарлівасць місіс Домбі — гэтым словам я азначаю якасць, якая, калі яна належным чынам абмежавана, упрыгожвае і робіць гонар лэдзі, якая вызначаецца такой прыгажосцю і талентамі, — прымірыць і не скажу — пакараць яе, але дамагчыся ад яе пакорлівасці, якой вы натуральна і па праву патрабуеце?

— Як вам вядома, Каркер, — адказаў містэр Домбі, — я не прывык даваць такіх падрабязных тлумачэнняў сваім учынкам, якія лічу правільнымі, але я не стану абвяргаць вашы меркаванні. Калі у вас ёсць якія-небудзь супярэчанні, вам досыць будзе заявіць аб іх. Але, прызнаюся, я не думаў, што даручэнне, якое-б яно ні было, можа вас прынізіць…

— О! Прынізіць мяне! — закрычаў Каркер. — Калі я служу вам!

— Або паставіць вас, — прадаўжаў містэр Домбі, — у фальшывае становішча.

Мяне ў фальшывае становішча! — усклікнуў Каркер. — Я буду горды, шчаслівы апраўдаць ваша давер'е! Больш ніякіх распараджэнняў? — запытаўся Каркер, адсоўваючы сваё крэсла на ранейшае месца, бо да гэтага часу яны ледзь дакрануліся да яды, і астаючыся стаяць чакаючы адказу.

— Толькі яшчэ адно, — адказаў містэр Домбі. — Будзьце ласкавы, Каркер, паведаміць, што ні адно з даручэнняў да місіс Домбі, якое вы выконваеце або будзеце выконваць, не патрабуе адказу. Будзьце ласкавы не перадаваць мне ніякага адказу. Місіс Домбі ведае аб тым, што не належыць мне ісці на згоду або распачынаць перагаворы па пытанню, якое выклікала рознагалоссі паміж намі, і тое, што я гавару, з'яўляецца немінучым.

Містэр Каркер даў зразумець, што ўцяміў гэта даручэнне, і яны пачалі снедаць — бадай ці з вялікім апетытам. У патрэбную хвіліну вярнуўся Тачыльшчык, які ні на секунду не адрываў позірку ад свайго гаспадара і аддаваўся летуценню, поўнаму, пачцівага жаху. Пасля снедання загадана было прывесці каня містэра Домбі, містэр Каркер сеў на свайго каня, і яны разам паехалі ў Сіці.

Містэр Каркер быў у надзвычай добрым настроі і шмат гаварыў. Містэр Домбі слухаў яго гутарку з велічным выглядам чалавека, які меў права патрабаваць, каб яго забаўлялі гутаркай, і калі-нікалі прагаварваў спагадліва некалькі слоў з мэтай падтрымаць размову. Так ехала гэта выдатная пара. Але містэр Домбі з уласцівай яму годнасцю ехаў, надта адпусціўшы страмёны, надта безуважліва трымаючы павады і надта рэдка паглядаючы, куды ступае яго конь. У выніку здарылася так, што конь містэра Домбі спатыкнуўся аб каменні, скінуў яго з сядла, паваліўся сам, паспрабаваў падняцца і, брыкаючыся, выцяў яго падкаваным капытом.

Містэр Каркер, надзвычайны коннік, надзелены зыркім вокам і цвёрдай рукой, спешыўся і прымусіў жывёлу, якая калацілася на зямлі, падняцца на ногі. У адваротным выпадку канфідэнцыяльная гутарка гэтай раніцы была-б для містэра Домбі апошняй гутаркай.

Пад кіраўніцтвам Каркера містэр Домбі, які страціў прытомнасць, з акрываўленымі галавой і тварам, быў перанесен рабочымі, якія папраўлялі дарогу, у бліжэйшую харчэўню, што была непадалёку, куды да яго з'явіліся дактары, якія хутка прыімчаліся адусюль і як быццам кіраваліся нейкім таямнічым інстынктам, нібы каршуны, пра якіх гавораць, быццам яны злятаюцца да вярблюда, які здыхае ў пустыні. Не без цяжкасцей вярнуўшы яму прытомнасць, гэтыя джэнтльмены пачалі даследаваць раны. Адзін доктар, што жыў па суседству, настойваў на складаным пераломе нагі, і думку гэту падзяляў таксама і гаспадар харчэўні, але два дактары, якія жылі ў іншай мясцовасці і толькі выпадкова трапілі ў гэтыя краі, з вялікай бескарыслівасцю абвяргалі гэту думку, і, нарэшце, было вырашана, што пацярпеўшы хоць і жорстка разбіўся, але не зламаў касцей, калі не лічыць якога-небудзь рабра, і к начы можна будзе перавезці яго асцярожна дадому. Калі раны яго былі перавязаны, што заняло нямала часу, і яго пакінулі, нарэшце, у спакоі, містэр Каркер зноў ускочыў у сядло і паехаў паведаміць дамашніх аб здарэнні.

Ён пад'ехаў да дома містэра Домбі, спешыўся ля дзвярэй і папрасіў дазволу бачыць місіс Домбі па важнай справе. Слуга, які правёў яго ў пакой самога містэра Домбі, неўзабаве вярнуўся і сказаў, што у гэту гадзіну місіс Домбі не прымае наведвальнікаў, і папрасіў прабачэння за тое, што не напомніў аб гэтым раней.

Містэр Каркер, зусім гатовы да халоднага прыёму, напісаў на візітнай картцы, што паняволі бярэ на сябе смеласць настойваць на спатканні, і ніколі не адважыўся-б зрабіць гэта ў другі раз, калі-б падзея, што здарылася, не з'яўлялася для яго дастатковым апраўданнем. Праз нядоўгі час з'явілася служанка місіс Домбі і правяла яго наверх у будуар, дзе сядзелі ўдваіх Эдзіт і Фларэнс.

Ніколі яшчэ не здавалася яму Эдзіт такой прыгожай. Як не зачароўваўся ён яе тварам і фігурай і як ні былі яны яркія ў пачуццёвых яго ўспамінах, — ніколі яшчэ не здавалася яна яму такой прыгожай.

Яе позірк ганарліва паў на яго, стаяўшага ў дзвярах. Але ён пазіраў на Фларэнс — між іншым, толькі ў той момант, калі пакланіўся, увайшоўшы Ў пакой, — усім выглядам сваім падкрэсліваючы здабытую над ёю ўладу. Як ён узрадаваўся, убачыўшы, што яна збянтэжана спусціла вочы, а Эдзіт прыпаднялася яму насустрач.

Ён вельмі шкадаваў, ён быў глыбока засмучаны, яму нехапала слоў, каб растлумачыць, з якой неахвотай ён узяўся падрыхтаваць яе да весткі аб маленькім здарэнні. Ён упрашаў місіс Домбі не хвалявацца. Кляўся гонарам, што няма ніякіх падстаў трывожыцца. Але містэр Домбі…

Фларэнс раптам закрычала. Ён пазіраў не на яе, а на Эдзіт. Эдзіт супакойвала і ўсцяшала яе. Яна не крыкнула ад спалоху. Не.

У часе паездкі конна здарыўся сумны выпадак. Конь містэра Домбі спатыкнуўся, і ён быў выкінуты з сядла.

Фларэнс з адчаем крыкнула, што, напэўна, ён жорстка разбіўся, што ён забіты!

Не. Ён гонарам пакляўся, што хоць містэр Домбі і быў спачатку аглушаны, але неўзабаве ачуняў; зразумела, ён церпіць боль ад ушыбаў, але ніякай небяспекі няма. Каб не здарылася гэта, ён, злашчасны вястун, ніколі-б не адважыўся з'явіцца перад місс Домбі. Але гэта шчырая праўда, запэўніў ён яе.

Усё гэта ён гаварыў, нібы даючы адказы Эдзіт, а не Фларэнс, і позірк яго і ўсмешка прызначаліся для Эдзіт.

Пасля ён сказаў ёй, дзе знаходзіцца містэр Домбі, і папрасіў даць у яго карыстанне карэту, каб перавезці містэра Домбі дадому.

— Мама, — ледзь выгаварыла праз слёзы Фларэнс, — калі-б я магла паехаць!

Пачуўшы гэтыя словы, містэр Каркер, які глядзеў на Эдзіт, употайку кінуў на яе многазначны позірк і злёгку паківаў галавою. Ён бачыў, як яна стрымлівалася, перш чым яе прыгожыя вочы адказалі яму, але ён вырваў у яе адказ — ён даў ёй зразумець, што даб'ецца адказу або загаворыць і жорстка раніць сэрца Фларэнс, — і яна адказала яму. Калі яна адвяла ад яго вочы, ён зірнуў на яе так, як пазіраў у тую раніцу на карціну.

— Мне даручана перадаць, — сказаў ён, — што новая эканомка — здаецца яе завуць місіс Піпчын…

Нішто не магло ўнікнуць ад яго. Ён адразу зразумеў, што запрашэнне Піпчын было новай знявагай, нанесенай містэрам Домбі сваёй жонцы.

— … павінна распарадзіцца, каб, па жаданню містэра Домбі, пасцель прыгатавалі яму ўнізе, дзе яго пакоі, бо гэтыя пакоі ён любіць больш за ўсе астатнія. Я хутка вярнуся да містэра Домбі. Няварта казаць вам, пані, што прыняты ўсе меры, каб толькі забяспечыць яму спакой, і што яго вельмі добра даглядаюць. Дазвольце паўтарыць яшчэ раз: няма ніякіх падстаў трывожыцца. Нават вы можаце быць зусім спакойны, паверце мне.

Ён пакланіўся вельмі пачціва і падлізліва, вярнуўся ў пакой містэра Домбі і, распарадзіўшыся, каб карэта была паслана ўслед за ім, зноў сеў на каня і паехаў у Сіці. Ён быў вельмі задуменны, пакуль ехаў туды, вельмі задуменны там і вельмі задуменны ў карэце па дарозе назад у харчэўню, дзе астаўся містэр Домбі. І толькі ля пасцелі гэтага джэнтльмена ён зноў стаў самім сабою і ўспомніў пра свае зубы.

Містэра Домбі, змучанага болем, пасадзілі пад вечар у карэту і з аднаго боку абклалі падушкамі, а з другога — сеў яго памочнік, якому ён давяраў. З прычыны таго, што патрэбна было старацца каб не трэсла, яны ехалі амаль што ступою, і было ўжо зусім цёмна, калі яго прывезлі дадому. Місіс Піпчын, кіслая і панурая і трымаўшая ў памяці Перуанскія капальні, у чым мела падставу пераканацца ўсё насельніцтва дома, сустрэла яго ля дзвярэй і расшавяліла слуг, некалькі разоў апырснуўшы іх слоўным воцатам, пакуль яны пераносілі яго ў пакой. Містэр Каркер не пакідаў містэра Домбі, пакуль яго не паклалі ў пасцель, а пасля той не захацеў бачыць асоб жаночага полу, за выключэннем надзвычайнай Людаедкі, і містэр Каркер яшчэ раз наведаў місіс Домбі, каб расказаць пра становішча яе мужа.

Ён зноў застаў Эдзіт разам з Фларэнс і зноў звярнуўся з заспакойваючымі словамі да Эдзіт, нібы яна была афярай неспакою. З такім запалам выказваў ён сваё спачуванне, што, на развітанне, адважыўся, зірнуўшы папярэдне яшчэ адзін раз у бок Фларэнс, узяць яе руку і, схіліўшыся, паднесці да губ.

Эдзіт не забрала руку і не выцяла яго гэтай рукой па бледным твары, хоць румянец заліў яе шчокі, яркі агеньчык загарэўся ў вачах і яна выпрасталася ўсім станам. Але, астаўшыся адна ў сваім пакоі, яна стукнула па каміннай паліцы так, што ад аднаго ўдару на руцэ паказалася кроў, і працягнула яе да агню, які палаў у каміне, як быццам хацела сунуць яе ў агонь і спаліць.