Раздзел ХLІІІ. Бяссонная ноч Раздзел ХLІV. Разлука
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел ХLV. Давераная асоба

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХLIV

Разлука.

Рана, але не разам з сонцам, устала з пасцелі С'юзен Ніпер.

Яна прыняла рашэнне, дзёрзкае рашэнне, якое заключалася ў тым, каб… пранікнуць да містэра Домбі і пагаварыць з гэтым джэнтльменам сам-на-сам. «Я часта казала, што хацела-б гэта зрабіць, — грозна абвясціла яна ў тую раніцу самой сабе, некалькі разоў кіўнуўшы галавою, — а цяпер я гэта зраблю!»

Падбухторваючы сябе з уласцівай ёй імклівасцю да выканання гэтага адважнага замыслу, С'юзен Ніпер усю раніцу круцілася ў вестыбюлі і на лесвіцы, не знаходзячы зручнага выпадку для нападу. Зусім не збітая з панталыку гэтай няўдачай, якая па сутнасці толькі прышпорыла яе і паддала ёй запалу, яна не змяншала пільнасці і, нарэшце, пад вечар выявіла, што, закляты яе вораг, місіс Піпчын, нібы не спаўшая ўсю ноч, спіць у сваім пакоі і што містэр Домбі, пакінуты без догляду, ляжыць у сваім пакоі на канапе.

Не толькі страсянуўшы галавою, але на гэты раз страсянушыся целам, С'юзен на цыпках падышла да дзвярэй містэра Домбі і пастукала.

— Увайдзіце, — сказаў містэр Домбі.

С'юзен, устрасянуўшыся яшчэ раз, падбадзёрыла сябе і ўвайшла.

Містэр Домбі, які паглядаў на агонь у каміне, кінуў здзіўлены позірк на госцю і крыху прыпадняўся на локці.

Ніпер зрабіла рэверанс.

— Што вам патрэбна? — запытаўся містэр Домбі.

— Прабачце, сэр, я хачу пагаварыць з вамі, — сказала С'юзен.

Містэр Домбі паварушыў губамі, нібы паўтараючы гэтыя словы, але, здавалася, ён быў так здзіўлены дзёрзкасцю маладой жанчыны, што не мог выгаварыць іх уголас.

— Я знаходжуся ў вас на службе, сэр, — пачала С'юзен Ніпер са звычайнай сваёй імклівасцю, — вось ужо дванаццаць год пры міс Флой, маёй маладой гаспадыні, якая і гаварыць добра яшчэ не ўмела, калі я сюды паступіла, і я была старой служанкай у гэтым доме, калі місіс Рычардс была новай, — магчыма, я не Мафусаіл[1], але я і не грудное дзіця.

Містэр Домбі, прыпадымаючыся на локці і не зводзячы з яе вачэй, не зрабіў ніякіх заўваг адносна гэтага папярэдняга выкладання фактаў.

— Не было на свеце маладой лэдзі больш цудоўнай і больш мілай, чым мая маладая лэдзі, сэр, — сказала С'юзен, — я ведаю гэта лепш за ўсіх, бо я бачыла яе ў дні гора і бачыла яе ў дні радасці (іх было мала), я бачыла яе разам з яе братам і бачыла яе ў адзіноцтве, а сёй-той ніколі яе не бачыў, і я скажу сяму-таму і ўсім, так, скажу, — тут чорнавокая кіўнула галавой і паціхеньку тупнула нагой, — што міс Флой — самы цудоўны і самы мілы анёл!

Містэр Домбі, бледны пасля свайго падзення, пабляднеў яшчэ больш ад абурэння і здзіўлення і пазіраў на гаварыўшую такім позіркам, нібы абвінавачваў і зрок свой і слых у тым, што яны здрадзілі яму.

— Ні адзін чалавек не можа не быць верным і адданым міс Флой, сэр, — прадаўжала С'юзен, — і я не хвалюся сваёй дванаццацігадовай службай, бо я люблю міс Флой! Так, я магу гэта сказаць сяму-таму і ўсім! — тут чорнавокая зноў страсянула галавой і зноў тупнула паціхеньку нагой і ледзь было не ўсхліпнула, — але верная і адданая служба, спадзяюся, дае мне права гаварыць, а гаварыць я павінна і буду, дрэнна гэта ці добра.

— Чаго вы хочаце, жанчына? — запытаўся містэр Домбі, гнеўна на яе паглядаючы. — Як вы адважваецеся?

— Чаго я хачу, сэр? Я хачу толькі пагаварыць пачціва, не абражаючы, але адкрыта, а як я адважылася — гэтага я сама не ведаю, але адважылася! — сказала С'юзен. — Ах, вы не ведаеце маёй маладой лэдзі, сэр, дапраўды-ж, не ведаеце, і нічога вы пра яе не ведаеце.

Містэр Домбі ў шаленстве працягнуў руку да шнурка ад званочка, але яго не было з гэтага боку каміна, а ён не мог без дапамогі другіх устаць і абыйсці камін. Зыркае вока Ніпер адразу-ж выявіла бездапаможнае яго становішча, і цяпер, як сказала яна пасля, яна адчула, што ён яе не можа ўнікнуць.

— Міс Флой, — прадаўжала С'юзен Ніпер, — самая адданая, самая цярплівая, самая пачцівая і прыгожая з усіх дачок, і няма такога джэнтльмена, сэр, хоць-бы ён быў багаты і знатны, як усе самыя знатныя багацеі ў Англіі, складзеныя разам, які не мог-бы ёю ганарыцца, а ганарыцца ён павінен і будзе. Калі-б ён ведаў ёй сапраўдную цану, ён ахвотней-бы расстаўся са сваёю знатнасцю і багаццем і ў лахманах прасіў-бы міласціну ля дзвярэй, гэта я скажу сяму-таму і ўсім, — усклікнула С'юзен, расплакаўшыся, — толькі-б не засмучваць яе пяшчотнага сэрца, а я бачыла, як яно пакутвала ў гэтым доме!

— Жанчына, — крыкнуў містэр Домбі, — ідзіце вон!

— Прашу прабачэння, сэр, я не пайду, нават калі-б мне давялося пакінуць гэта месца, — адказвала ўпартая Ніпер, — якое я займаю столькі гадоў! Спадзяюся, у вас няхопіць духу прагнаць мяне з-за гэтага ад міс Флой! Так, я не пайду, пакуль усяго не скажу! Я, магчыма, і не індыйская ўдава, сэр, і не хацела-б ёю стаць, але, калі-б я вырашыла спаліць сябе жывою, я гэта зрабіла-б. А я вырашыла дагаварыць да канца.

Не лепш яскрава, чым словы, сведчыў аб гэтым выраз на твары С'юзен Ніпер.

— З усіх, хто ёсць у вас на службе, сэр, — прадаўжала чорнавокая, — няма нікога, хто-б калаціўся перад вамі больш, чым я, і вы мне паверыце, калі я адважуся сказаць, што сотні і сотні разоў збіралася пагаварыць з вамі і ніяк не магла адважыцца аж да ўчарайшага вечара, але ўчора вечарам я адважылася.

Містэр Домбі, у прыступе шаленства, яшчэ раз працягнуў руку да шнурка, якога тут не было, і, не знайшоўшы яго, тузянуў сябе за валасы.

— Учора быў ужо позні час, калі я пайшла ад маёй мілай лэдзі, а яна яшчэ не лягла спаць, — прадаўжала С'юзен, нінавошта не звяртаючы ўвагі, — і я ведала, чаму! Таму што вы хворы, сэр, а яна не ведала, ці вельмі гэта сур'ёзна, і гэтага было дастаткова, каб зрабіць яе няшчаснай, і я бачыла, што яна няшчасная — я, магчыма, не пава, але ў мяне ёсць вочы, — і я сядзела ў сваім пакоі і думала, што, можа, яна адчувае сябе адзінокай і я ёй патрэбна. І тады я ўбачыла, як яна цішком спусцілася ўніз і падышла да гэтых дзвярэй, як быццам злачынства — пайсці паглядзець на роднага бацьку, а пасля яна цішком вярнулася назад і ўвайшла ў пустэльныя гасціныя і плакала так, што я не магла слухаць. Я не мела сіл слухаць, — сказала С'юзен Ніпер, выціраючы чорныя вочы і бясстрашна пазіраючы на пакарэжаны шаленствам твар містэра Домбі. — Не першы раз я гэта чула, а ўжо шмат, шмат разоў! Вы не ведаеце сваёй роднай дачкі, сэр, вы не ведаеце, што вы робіце, сэр, я скажу сяму-таму і ўсім, — усклікнула ў заключэнне С'юзен Ніпер, — што гэта сорамна і грэшна!

— Вось табе і на! — пачуўся голас місіс Піпчын. — Гэта яшчэ што такое?

С'юзен узнагародзіла місіс Піпчын позіркам, які вынайшла спецыяльна для яе, калі яны толькі-што пазнаёміліся, і прадаставіла адказаць містэру Домбі.

— Што гэта такое? — паўтарыў містэр Домбі амаль што з пенай у роце. — Што гэта такое? У вас сапраўды ёсць падставы аб гэтым пытацца, раз вы займаеце месца домаправіцелькі і абавязаны сачыць за парадкам. Вы ведаеце гэту жанчыну?

— Я ведаю пра яе вельмі мала добрага, сэр, — пракаркала місіс Піпчын. — Як вы адважыліся прыйсці сюды, дзеўка? Ідзіце вон!

Але непахісная Ніпер, узнагародзіўшы місіс Піпчын яшчэ адным позіркам, не кранулася з месца.

— Па-вашаму, гэта значыць кіраваць домам, пані, — сказаў містэр Домбі, — калі падобныя асобы адважваюцца прыходзіць і гаварыць са мною? Джэнтльмен, у сваім уласным доме, у сваім уласным пакоі, прымушан выслўхоўваць дзёрзкасці служанак!

— Сэр, — сказала місіс Піпчын, мсціва бліснуўшы жорсткімі шэрымі вачыма, — я надзвычай шкадую. Гэта зусім недапушчальна. Гэта парушае ўсе разумныя правілы. Але я на жаль павінна сказаць, сэр, што з гэтай маладой жанчынай зусім нельга справіцца. Яе распесціла міс Домбі, і яна нікога не хоча слухаць. Вы ведаеце, што гэта так, — рэзка сказала місіс Піпчын, звяртаючыся да С'юзен Ніпер і ківаючы галавой. — Саромцеся, дзеўка! Ідзіце вон!

— Калі ў мяне служаць людзі, з якімі нельга справіцца, місіс Піпчын, — сказаў, містэр Домбі, зноў паварочваючыся да каміна, — думаю, вы ведаеце, што з імі рабіць. Вы ведаеце, для чаго вы тут знаходзіцеся? Выведзіце яе!

— Сэр, я ведаю, як трэба рабіць, і, зразумела, так і зраблю, — адказала місіс Піпчын. — С'юзен Ніпер, — гэта было сказана надзвычай рэзка, — папярэджваю вас аб звальненні за месяц наперад.

— Я зараз-жа, пайду, можаце не сумнявацца ў гэтым, — сказала імклівая Ніпер. — Дванаццаць год я служыла тут і даглядала маю маладую гаспадыню, і я не затрымаюся ні на гадзіну пасля таго, як атрымала папярэджанне ад асобы, якая адзываецца на імя Піпчын. Будзьце ўпэўнены, місіс Піпчын!

— Нарэшце такі мы пазбавімся гэтай дрэні! — сказала разгневаная старая лэдзі. — Ідзіце вон, інакш я прыкажу вас вывесці!

— Мяне цешыць тое, што сёння я сказала праўдзівае слова, — абвясціла С'юзен, кінуўшы позірк на містэра Домбі, — якое ўжо даўно патрэбна было сказаць і паўтараць часцей і ясней, і ніякія Піпчыны — спадзяюся, іх мала (тут місіс Піпчын вельмі рэзка крыкнула «выбірайцеся», а міс Ніпер зноў зірнула на яе) — не могуць абвергнуць тое, што я сказала!

З гэтымі словамі міс Ніпер вышла, суправаджаемая сваім ворагам, паднялася ў свой пакой з вялікай годнасцю, на вялікую прыкрасць Піпчын, якая аж задыхалася ад злосці, села сярод сваіх куфэркаў і расплакалася.

З гэтага слязлівага стану яе вывеў голас місіс Піпчын за дзвярыма, які зрабіў вельмі добратворнае і ажыўляльнае дзеянне.

— Ці мае намер гэтае наглае стварэнне, — сказала раз'юшаная Піпчын, — прыняць зробленае папярэджанне, ці не мае?

Міс Ніпер адказала з-за дзвярэй, што ўспамянутая асоба не жыве ў гэтай частцы дома, але што завуць яе Піпчын і яе можна знайсці ў пакоі эканомкі.

— Дзёрзкая дзеўка! — адрэзала місіс Піпчын, тузаючы ручку дзвярэй. — Зараз-жа ідзіце вон! Зараз-жа складайце свае рэчы! Як вы адважваецеся гаварыць такія словы благароднай жанчыне, якая бачыла лепшыя дні?

На гэта міс Ніпер адказала са сваёй крэпасці, што яна шкадуе гэтыя лепшыя дні, якія бачыла місіс Піпчын.

— Але вам няма чаго падымаць крыку ля маіх дзвярэй і пэцкаць сваім вокам замочную шчыліну. Я спакую свае рэчы і пайду, можаце паказаць гэта прысягаючы.

Пасля С'юзен Ніпер занялася парадкаваннем сваіх куфраў, каб зараз-жа пайсці з годнасцю, і ўвесь час тужліва ўсхліпвала, думаючы пра Фларэнс.

Прадмет яе шкадаванняў неўзабаве з'явіўся да яе, бо хутка па ўсім доме разышліся чуткі, што С'юзен Ніпер пасварылася з місіс Піпчын, што абедзве яны апеліравалі да містэра Домбі, што ў пакоі містэра Домбі мела месца бяспрыкладная сцэна і што С'юзен адыходзіць.

— С'юзен! — усклікнула Фларэнс. — Вы мяне пакідаеце! Вы!

— Ох, дзеля ўсяго святога, міс Флой, — плачучы, сказала С'юзен, — не гаварыцё мне ні слова, а не то я зняслаўлю сябе перад гэтымі Піпчын, а я не хачу, каб яны бачылі мяне ў слязах, міс Флой, нізавошта на свеце!

— С'юзен! — сказала Фларэнс. — Дарагая мая, мой стары сябра! Што я буду рабіць без вас? Няўжо вы можаце так пайсці?

— Н-н-не, мая любенькая, дарагая міс Флой, дапраўды-ж, не магу! — усхліпвала С'юзен. — Але гэтаму нельга дапамагчы, я выканала свой абавязак, міс, дапраўды-ж, выканала! Гэта не мая віна. Я падна-а-чалілася неўнікнёнаму. Я не магла заткнуць сабе рот, інакш-бы я ніколі не пайшла-б ад вас, дарагая мая, а, нарэшце, мне прыходзіцца пайсці, не гаварыце са мною, міс Флой, бо хоць я і вельмі ўстойлівая, але ўсё-такі, мая любачка, я — не мрамарны вушак дзвярэй.

— Што такое? У чым справа? — пыталася Фларэнс. — Няўжо вы мне не растлумачыце?

Але С'юзен толькі ківала галавой.

— Н-н-е, дарагая мая. Не пытайцеся ў мяне, бо я не павінна гаварыць, і што-б вы не рабілі, не спрабуйце закінуць за мяне слаўцо, каб я асталася, бо гэтага не можа быць, і вы толькі сабе пашкодзіце, і няхай благаславіць вас бог, маю ненаглядную, а вы прабачце мне за ўсё кепскае, што я рабіла, і ўсе мае ўспышкі гневу за ўсе гэтыя гады!

— Куды вы хочаце паехаць, С'юзен? — запыталася праз слёзы яе гаспадыня.

— У мяне ёсць брат, які жыве ў вёсцы, фермер у Эсексе, — сказала прыгнечаная горам Ніпер, — ён гадуе многа ка-а-ароў і свіней, і я паеду да яго ў паштовай карэце і астануся ў яго, і не турбуйцеся аба мне, бо ў мяне ёсць грошы ў ашчаднай касе, дарагая мая, і я нізавошта, нізавошта не магла-б паступіць цяпер на іншае месца, ненаглядная мая гаспадыня! — С'юзен скончыла сваю прамову горкім плачам, які, на шчасце, быў перапынен голасам місіс Піпчын, што пачуўся знізу, пасля чаго С'юзен выцерла свае чырвоныя і прыпухлыя вочы і зрабіла нікчэмную спробу весела паклікаць містэра Таулінсона, каб той наняў кэб і занёс уніз рэчы.

Фларэнс, бледная, устрывожаная і прыгнечаная, спусцілася ўніз, у будуар Эдзіт, куды пайшла развітацца Ніпер.

— Ну, вось і кэб, вось і куфры, ідзіце к ліху! — сказала місіс Піпчын, паяўляючыся ў тую-ж секунду. — Прашу прабачэння, пані, але містэр Домбі даў вельмі строгае распараджэнне.

Эдзіт захавала сваю пагардлівую міну і асталася зусім бестурботнай.

— Вось вашы грошы, — сказала місіс Піпчын:

У С'юзен нехапіла духу хоць-бы паглядзець на місіс Піпчын. Яна зрабіла рэверанс місіс Домбі (якая, не кажучы ні слова, нахіліла галаву і старалася не глядзець на каго-б там не было, апрача Фларэнс) і апошні раз абняла на развітанне сваю гаспадыню, якая ў сваю чаргу абняла яе.

— Прашу прабачэння, міс, — сказаў, звяртаючыся да Фларэнс, містэр Таулінсон, які стаяў з куфэркамі за дзвярыма, — але містэр Тутс знаходзіцца ў сталовай, пасылае свой паклон і хоча ведаць, як сябе адчуваюць Дыаген і містэр Домбі.

З шпаркасцю маланкі Фларэнс вышмыгнула з пакоя і хуценька збегла ўніз, дзе містэр Тутс, у прыгожым касцюме, вельмі цяжка дыхаў ад няўпэўненасці і ўзрушэння пры думцы аб магчымым яе з'яўленні.

— О, як маецеся, міс Домбі? — запытаўся містэр Тутс. — Госпадзі памілуй!

Гэты апошні выгук быў выклікан глыбокай трывогай містэра Тутса, калі ён убачыў засмучаны твар Фларэнс; ён зараз-жа кінуў хіхікаць і ператварыўся ва ўвасабленне роспачы.

— Дарагі містэр Тутс, — сказала Фларэнс, — вы такі добры да мяне, вы такі сумленны, што, мне здаецца, я магу прасіць вас пра адну паслугу.

— Міс Домбі, — адказаў містэр Тутс, — калі вы толькі скажаце, якая гэта паслуга, вы… вы вернеце мне апетыт, які, — з пачуццём сказаў містэр Тутс, — я даўно страціў.

— С'юзен, стары мой сябра, самы стары з усіх маіх сябраў, — сказала Фларэнс, — нечакана сабралася пакінуць гэты дом, зусім адна, бедная. Яна едзе да сябе дахаты, на вёску. Ці магу я вас папрасіць аб тым, каб вы пра яе паклапаціліся і пасадзілі яе ў паштовую карэту?

— Міс Домбі, — адказаў містэр Тутс, — сапраўды вы мне робіце гонар і ласку. Гэта доказ вашай даверлівасці, пасля таго, як я быў такой жывёлай там, у Брайтоне…

— Так, — шпарка перапыніла Фларэнс, — не… не думайце пра гэта. Значыцца, вы будзеце так ласкавы і паедзеце? І сустрэнеце яе, калі яна выйдзе з кэба? Дзякую вам, тысячу разоў дзякую! Як вы мяне супакоілі! Яна не будзе адчуваць сябе такой адзінокай. Калі-б вы ведалі, як я вам удзячна і якім добрым сябрам я вас лічу!

У Фларэнс нехапіла духу выйсці, калі яна ўбачыла бледную С'юзен у вестыбюлі, адкуль місіс Піпчын спяшалася яе прагнаць, і дзе Дыаген скакаў каля яе і, вельмі палохаючы місіс Піпчын, стараўся ўчапіцца зубамі ў яе бамбазінавыя спадніцы і тужліва завываў чуючы яе голас.

Містэр Тутс, адданая і сумленная душа, у момант спыніў кабрыялет і абвясціў С'юзен Ніпер аб дадзеным яму даручэнні; у адказ на гэта паведамленне тая расплакалася яшчэ мацней.

— Клянуся душой і целам, — сказаў містэр Тутс, садзячыся побач з ёй, — я вам спачуваю! Дапраўды, мне здаецца, што вы бадай ці разумееце свае пачуцці лепш, чым я. Я не магу ўявіць нічога больш жахлівага, чым неабходнасць расстацца з міс Домбі.

Цяпер С'юзен аддалася свайму гору, і сапраўды шкада было пазіраць на яе.

— Прашу вас, — сказаў містэр Тутс, — не патрэбна! Я ведаю, што цяпер рабіць.

— Што, містэр Тутс? — запыталася С'юзен.

— Паедзем да мяне і паабедаем перад вашым ад'ездам, — сказаў містэр Тутс. — Мая кухарка — вельмі шаноўная жанчына, дабрэйшая душа, і яна з радасцю аб вас паклапоціцца.

С'юзен прыняла гэта прыязнае запрашэнне, і містэр Тутс адвёз яе да сябе на кватэру, дзе іх сустрэлі спамянутая матрона, якая зусім апраўдала яго рэкамендацыю, і Певень, які ў першую хвіліну, убачыўшы лэдзі ў экіпажы, падумаў, што нарэшце па яго парадзе містэр Домбі збіты з ног ударам, а міс Домбі шчасліва ўкрадзена.

Пасля сытнага абеду, прапанаванага з вялікай гасціннасцю, С'юзен у другім кабрыялеце накіравалася ў кантору паштовых карэт; побач з ёй па-ранейшаму сядзеў містэр Тутс, а на козлах — Певень.

Начная карэта, у якой павінна была ехаць С'юзен, ужо была запрэжана і павінна была вось-вось рушыць у дарогу.

Містэр Тутс, пасадзіўшы яе, забавіўся ў нерашучасці ля акна, пакуль фурман збіраўся ўзлезці на козлы; пасля, стаўшы на падножку, ён адрывіста сказаў:

— Паслухайце, С'юзен! Міс Домбі, ведаеце…

— Так, сэр?

— Як вы думаеце, яна магла-б… ведаеце… а?

— Прабачце, містэр Тутс, — сказала Сюзен, — я вас не разумею.

— Як вы думаеце, яна магла-б, ведаеце… не цяпер, а з часам… калі-небудзь… пака-а-ахаць мяне? Ну, вось! — сказаў няшчасны містэр Тутс.

— О, не! — адказала С'юзен, ківаючы галавой, — я сказала-б, што ніколі. Ні-колі!

— Дзякую вам! — сказаў містэр Тутс. — Гэта не мае ніякага значэння. Спакойнай ночы! Гэта не мае ніякага значэння, дзякую вам!

  1. Мафусаіл — стары (у біблейскай гісторыі), які дажыў амаль да тысячы гадоў; інасказальна — вельмі стары.