Домбі і сын/56
← Раздзел LV. Роб Тачыльшчык пазбаўляецца месца | Раздзел LVI. Шмат хто ў захапленні, а Баявы Певень нездаволены Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел LVII. Яшчэ адно вяселле → |
РАЗДЗЕЛ LVI
Шмат хто ў захапленні, а Баявы Певень нездаволены.
Ля Мічмана было надта ажыўлена. Нарэшце такі з'явіўся містэр Тутс і С'юзен! С'юзен кінулася, як звар'яцелая, наверх, а містэр Тутс з Пеўнем прайшлі ў гасціную.
— Ох мая любая дарагая ненаглядная міс Флой! — закрычала Ніпер, урываючыся ў пакой Флой. — Падумаць толькі што справа дойдзе да гэтага і я знайду вас тут маю галубку і няма ў вас дома, які вы маглі-б назваць родным, але больш я ніколі, ніколі не пайду ад вас міс Флой!
Выказаўшы гэта без ніякіх намёкаў на знакі прыпынку, міс Ніпер апусцілася на калені перад сваёй гаспадыняй і моцна абняла яе.
— Дарагая мая! — прадаўжала С'юзен. — Я ведаю ўсё, што здарылася, усё ведаю, мая любачка, і я задыхаюся, дайце мне паветра!
— С'юзен, любая, добрая С'юзен! — сказала Фларэнс.
— Ды я-ж была пры ёй, калі яна была дзіцем! І няўжо яна сапраўды выходзіць замуж?
— Хто вам гэта сказаў? — Запыталася Фларэнс.
— Ах, божа мой! Гэты блажэнны Тутс! — істэрычна адказала С'юзен. — Я ведала, што ён не памыляецца, дарагая мая, надта ўжо блізка да сэрца ён гэта прыняў. Гэты Тутс — самае адданае і нявіннае дзіця! Няўжо-ж мая любачка, — прадаўжала С'юзен, моцна абняўшы яе і заліўшыся слязмі, — сапраўды выходзіць замуж?
— Годзе, годзе! — супакойваючым тонам, сказала, нарэшце, Фларэнс. — Ну, вось вы і апамяталіся, дарагая С'юзен.
Міс Ніпер, смеючыся і плачучы, сядзела на падлозе, ля ног сваёй гаспадыні, адной рукой прыціскала да вачэй насавую хустачку, а другой гладзіла Дыагена, які лізаў ёй твар. Яна прызналася, што пачынае супакойвацца, і ў доказ гэтага зноў засмяялася і заплакала.
— Я… я… я ніколі не бачыла такога стварэння, як гэты Тутс, — сказала С'юзен, — ніколі ў жыцці не бачыла!
— Ён такі добры, — заўважыла Фларэнс.
— І такі пацешны! — усхліпнула С'юзен. — Як ён размаўляў са мной, калі мы ехалі ў карэце, а гэты непрыстойны Певень сядзеў на козлах!
— Пра што, С'юзен? — нясмела запыталася Фларэнс.
— Пра лейтэнанта Уолтэрса, і капітана Джылса, і пра вас, дарагая міс Флой, і пра маўклівую магілу, — сказала С'юзен.
— Пра маўклівую магілу! — паўтарыла Фларэнс.
— Ён кажа, — тут С'юзен істэрычна зарагатала, — ён кажа, што цяпер сойдзе ў яе адразу-ж і з прыемнасцю, але будзьце спакойны, дарагая мая Флой, ён не сойдзе, бо надта вялікае для яго шчасце бачыць іншых людзей шчаслівымі, ён, магчыма, не Саламон[1], — скорагаворкай прадаўжала Ніпер, — ды я і не кажу, што ён — Саламон, але адно я павінна сказаць: больш бескарыслівага чалавека свет яшчэ не бачыў!
Пасля гэтай энергічнай заявы міс Ніпер, усё яшчэ будучы ў істэрычным стане, нястрымна зарагатала, а пасля сказала Фларэнс, што ён чакае ўнізе і хоча яе бачыць, што з'явіцца шчодрай узнагародай за ўсе яго клопаты.
Праз некалькі секунд С'юзен увяла ў пакой гэтага маладога джэнтльмена, які быў усё яшчэ вельмі растрапаны і вельмі заікаўся.
— Міс Домбі, — сказаў містэр Тутс, — атрымаць дазвол зноў… пазі… пазіраць на вас… або не пазіраць, а… я добра не ведаю, што я ха… ха… хацеў сказаць, але гэта не мае ні… ніякага значэння…
— Мне так часта даводзіцца вам дзякаваць, што ў мяне ўжо слоў не асталося і я не ведаю, як падзякаваць вам цяпер, — шчыра адазвалася Фларэнс, працягваючы яму абедзве рукі.
— Міс Домбі, — злавесным голасам сказаў містэр Тутс, — калі-б вы, не здраджваючы сваёй анёлскай прыродзе, маглі праклясці мяне, вы-б мне надалі — дазвольце так сказаць — менш збянтэжанасці, чым цяпер, гэтымі незаслужанымі мною добрымі словамі. Яны на мяне так дзейнічаюць… але, — рэзка абарваў містэр Тутс, — я адхіліўся ўбок, і гэта не мае абсалютна ніякага значэння.
З прычыны таго, што на гэта можна было адказаць толькі новымі словамі ўдзячнасці, то Фларэнс зноў яму падзякавала.
— Я хацеў-бы, міс Домбі, — сказаў містэр Тутс, — скарыстаць, калі можна, гэты выпадак і што-небудзь растлумачыць. Я меў-бы прыемнасць вяр… вярнуцца з С'юзен раней, але, па-першае, мы не ведалі прозвішча сваяка, да якога яна паехала, а, па-другое, ад гэтага сваяка яна пераехала ўжо да іншага, які жыве досыць далёка. Таму бадай ці знайшлі-б яе цяпер мы, калі-б не празорлівасць Пеўня.
Фларенс была ў гэтым упэўнена.
— Між іншым, сутнасць справы не ў гэтым! — сказаў містэр Тутс. — Запэўняю вас, міс Домбі, таварыства С'юзен было для мяне радасцю і ўцяшэннем, калі прыняць пад увагу мой настрой, які лягчэй уявіць, чым апісаць. Падарожжа ўжо само па сабе з'яўлялася ўзнагародай. Між іншым, сутнасць справы зноў не ў гэтым! Міс Домбі, як я ўжо гаварыў раней, мне вядома, што я не з тых, каго лічаць кемлівым чалавекам. Я гэта вельмі добра ведаю. І я, міс Домбі, адгадваю, якія справы ў сувязі… У сувязі з лейтэнантам Уолтэрсам. Якіх-бы мучэнняў ні каштавала мне гэта становішча спраў (яны не маюць абсалютна ніякага значэння), я абавязан сказаць, што лейтэнант Уолтэрс — чалавек, як відаць, варты таго вялікага шчасця, якое ахінула яго… яго чало. Між іншым, сутнасць справы зноў не ў гэтым! Міс Домбі, капітан Джылс — мой сябра; і мне здаецца, ён быў-бы задаволеным, калі-б у гэты час я калі-ні-калі заходзіў сюды. Мне было-б вельмі прыемна сюды заходзіць. Але я не магу забыцца аб тым, што я аднойчы зрабіў на рагу пляца ў Брайтоне. І калі мая прысутнасць хоць колькі-небудзь вам непрыемна, прашу вас сказаць мне гэта зараз-жа, і будзьце ўпэўнены, што я вас вельмі добра разумею.
— Містэр Тутс, — адказала Фларэнс, — калі-б вы, такі стары і адданы мой сябра, не сталі прыходзіць цяпер сюды, я адчувала-б сябе надта няшчаснай. Мне заўсёды, заўсёды прыемна вас бачыць!
— Міс Домбі, — сказаў містэр Тутс, дастаючы насавую хустачку, — калі я праліваю цяпер слёзы, то гэта слёзы радасці. Гэта не мае ніякага значэння, і я вам вельмі дзякую. Дазвольце сказаць, што, пасля вашых ласкавых слоў, я не маю намеру больш грэбаваць сваёй асобай.
Фларэнс выслухала гэта паведамленне з чароўным здзіўленнем.
— Вось што я маю на ўвазе, — сказаў містэр Тутс: — як чалавек, які жыве з падобнымі да сябе, я буду лічыць сваім абавязкам, пакуль мяне не прызаве маўклівая магіла, клапаціцца аб сваім знешнім выглядзе і… насіць добра вычышчаныя чаравікі, паколькі… паколькі гэта дазваляюць абставіны. Я адчуваю, што цяпер я мог-бы найлепшым чынам выказаць свае пачуцці, калі-б… калі-б толькі ведаў, з чаго пачаць.
Пачакаўшы хвілінку, ці не пойдзе на натхненне, і, як відаць, пацярпеўшы няўдачу, містэр Тутс паспяшаўся развітацца і спусціцца ўніз да капітана, якога знайшоў у краме.
— Капітан Джылс, — звярнуўся да яго містэр Тутс, — мне здаецца, міс Домбі ў хуткім часе выходзіць замуж за лейтэнанта Уолтэрса?
— Правільна, прыяцель. Мы тут усе таварышы па плаванню… Уольр і Радасць Сэрца возьмуць шлюб, як толькі будзе скончана з агалашэннем, — шапнуў яму на вуха капітан Катль.
— З агалашэннем, капітан Джылс! — паўтарыў містэр Тутс.
— Вунь там, у той царкве, — сказаў капітан, паказваючы вялікім пальцам цераз плячо.
— Ах! Так! — адазваўся містэр Тутс.
— А што пасля будзе? — хрыплым шэптам прадаўжаў капітан, пахлопаўшы містэра Тутса па грудзях, адступіўшыся на крок і паглядаючы на яго з узрушальнай фізіяноміяй. — Пасля гэта мілае стварэнне, выпеставанае, як заморская птушка, адплыве разам з Уолтэрам у Кітай па хвалях бурлівага акіяна.
— Ах, божа мой, капітан Джылс! — сказаў містэр Тутс.
— Так! — кіўнуў галавой капітан. — Карабль, які яго падабраў, калі ён пацярпеў крушэнне ў часе ўрагана, і ў сваю чаргу аднесены гэтым ураганам у бок ад свайго курса, быў гандлёвым судном, што ішло ў Кітай, і Уольр на ім паплыў і заслужыў прыхільнасць да сябе як на барту, так і на сухазем'і, бо ён на дзіва растаропны і слаўны хлапец. І таму, што суперкарго[2] памёр у Кантоне (ён і раней служыў клеркам), а цяпер ён прызначаны суперкарго на другое судно, што належыць тым самым гаспадарам. І вось, як бачыце, — задуменна паўтарыў капітан, — мілае стварэнне адплывае разам з Уольрам у Кітай па хвалях бурлівага акіяна.
Містэр Тутс і капітан Катль дружна ўздыхнулі.
— Ну, што-ж! — сказаў капітан. — Яна моцна яго кахае. Ён моцна яе кахае. Тыя, хто-б павінен быў кахаць яе і песціць, зрабілі з ёй, як дзікія звяры. Калі яна, выкінутая з роднага дому, прышла сюды, да мяне, і павалілася вось тут, на падлогу, яе параненае сэрца разбілася. Я гэта ведаю. Я, Эдуард Катль, бачу гэта. І толькі шчырае, пяшчотнае, моцнае каханне можа яго вылечыць.
— Капітан Джылс, — сказаў Тутс, — зрабіце мне прыемнасць, дазвольце паціснуць вам руку. Вы ўмееце гаварыць так, што прыемная цеплыня разліваецца ў мяне па спіне. Вам вядома, капітан Джылс, што я таксама абажаў міс Домбі.
— Не сумуйце! — сказаў капітан, паклаўшы руку на плячо містэра Тутса. — Трымайцеся мацней, прыяцель!
— Я і сам, капітан Джылс, — адказаў, падбадзёрыўшыся, містэр Тутс, — я і сам маю намер не сумаваць і па меры сіл трымацца мацней. Калі адкрыецца маўклівая магіла, капітан Джылс, я буду гатоў да пахавання, але ўсё ў свой час. Аднак, у сучасны момант я не ўпэўнены ў сваёй здольнасці ўладаць сабою і хацеў-бы прасіць вас, як аб асаблівай ласцы, перадаць гэта лейтэнанту Уолтэрсу. Перадаць наступнае…
— Перадаць наступнае, — паўтарыў капітан.
— Міс Домбі была надта добрай, — прадаўжаў містэр Тутс са слязмі на вачах, — і сказала, што мая прысутнасць ёй не толькі не непрыемна, а якраз наадварот. І вы і ўсе тут былі не менш цярплівымі і ласкавымі ў адносінах да таго, хто… хто, дапраўды, нарадзіўся як быццам памылкова, — сказаў містэр Тутс, на хвілінку страціўшы бадзёрасць. — І… таму я буду заглядаць сюды па вечарах, не надоўга, калі мы можам пасядзець усе разам. Але вось аб чым я прашу. Калі раптам здарыцца так, што я не буду магчы бачыць вялікага шчасця лейтэнанта Уолтэрса і ўцяку з дому, спадзяюся, капітан Джылс, і вы і ён будзеце гэта разглядаць як маё няшчасце, а не як віну або нежаданне змагацца з самім сабою. Вы будзеце пераконаны ў тым, што я ні да каго не адчуваю благіх пачуццяў — менш за ўсё да самога лейтэнанта Уолтэрса, — і скажаце, між іншым, што я вышаў прагуляцца, магчыма, паглядзець, якая гадзіна па гадзінніку Каралеўскай біржы.
— Ні слова больш, прыяцель! — адказаў капітан. — Які-б сцяг вы ні паднялі, мы з Уольрам зразумеем сігнал і адкажам на яго.
— Капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, — я адчуваю найвялікшую палёгку. Я хачу, каб тут захавалася пра мяне добрая думка. Далібог, у… у мяне добрыя намеры, хоць-бы я і не ўмеў гэтага паказаць. Ці ведаеце, гэта якраз тое самае, што калі-б Берджэс і К° захацелі пашыць заказчыку надзвычайную пару штаноў і не маглі-б выкраіць іх па свайму жаданню.
Прывёўшы гэты ўдалы прыклад, які, здавалася, прымусіў яго крыху заганарыцца, містэр Тутс пажадаў капітану Катлю ўсяго найлепшага і пайшоў.
Сумленны капітан, бачачы ў сябе ў доме Радасць Сэрца і С'юзен, якая яе даглядала, радаваўся і быў самым шчаслівым чалавекам. Па меры таго, як ішлі дні, ён усё больш радаваўся і рабіўся ўсё больш шчаслівейшы. Пасля цэлага раду нарад з С'юзен ён прапанаваў Фларэнс, каб часова запрошаная для ўсякіх хатніх работ дачка пажылой лэдзі, якая звычайна садзілася пад сінім парасонікам на Лідэнхолскім рынку, была заменена, з разважлівасці і дзеля захавання таямніцы, якой-небудзь іншай знаёмай ім асобай, якой-бы яны маглі спакойна даверыцца. Тады С'юзен, што прысутнічала ў часе гэтай размовы, назвала місіс Рычардс, аб якой папярэдне ўжо намякала капітану. Пачуўшы гэта імя, Фларэнс абрадавалася. І ў той-жа дзень С'юзен накіравалася ў жыллё Тудляў, каб выведаць намеры місіс Рычардс, а вечарам вярнулася з трыумфам, у суправаджэнні Полі, такой самай румянай, з тварам, падобным да яблыка. Фларэнс аставалася яшчэ падрыхтаваць С'юзен да разлукі, якая мелася адбыцца. Гэта была значна больш цяжкая справа, бо міс Ніпер вызначалася непахісным характарам і цвёрда вырашыла, што вярнулася яна дзеля таго, каб ніколі не расставацца са сваёй гаспадыняй.
— Дарагая С'юзен, я накіроўваюся ў далёкае-далёкае падарожжа.
— Ну дык што-ж, міс Флой? Тым больш я магу вам спатрэбіцца. Для мяне адлегласць, дзякуй богу, не з'яўляецца перашкодай! — сказала палкая С'юзен Ніпер.
— Але я еду з Уолтэрам, С'юзен, і з Уолтэрам я паеду куды хочаце — усюды! Уолтэр бедны, і я надта бедная, і мне патрэбна навучыцца жыць так, каб абыходзіцца без пабочнай дапамогі і дапамагаць Уолтэру.
— Дарагая міс Флой, — зноў ускрыкнула С'юзен, энергічна страсянуўшы галавой, — вам няма чаго вучыцца таму, як абыходзіцца без пабочнай дапамогі і дапамагаць іншым і быць самых цярплівым, адданым і ўдзячным стварэннем, але дазвольце мне пагаварыць з містэрам Уолтэрам Гэем і вырашыць з ім гэта пытанне, бо я не магу згадзіцца, каб вы адна рушылі ў такое падарожжа. Не магу і не хачу.
— Адна, С'юзен? — запярэчыла Фларэнс. — Адна? Дык-жа Уолтэр бярэ мяне з сабою! — Ах, якая ясная, здзіўленая, захопленая ўсмешка асвятліла яе твар! Шкада, што ён яе не бачыў! — Я ўпэўнена, што вы не будзеце гаварыць з Уолтэрам, калі я папрашу вас не рабіць гэтага, — ласкава дадала яна. — Калі ласка, не гаварыце з ім, дарагая.
С'юзен усхліпнула:
— Чаму не гаварыць, міс Флой?
— Таму што я выходжу за яго замуж, каб аддаць яму сваё сэрца і жыць і памерці з ім! — адказала Фларэнс. — Калі вы яму скажаце, ён можа падумаць, што я баюся таго жыцця, якое мне мае быць, або што ў вас ёсць падставы баяцца за мяне. С'юзен, любая, ды я-ж кахаю яго!
Міс Ніпер была так расчулена гэтымі пяшчотнымі словамі, што магла толькі абняць яе, усклікнуўшы: няўжо яе маленькая гаспадыня сапраўды, сапраўды выходзіць замуж?! — і шкадаваць яе, і песціць, як рабіла гэта раней.
Але Ніпер, якой хоць і ўласцівы жаночыя слабасці, умела стрымаць сябе ледзь не з такім-жа поспехам, як атакаваць грозную Мак-Стынджэр. Пачынаючы з гэтага дня, яна больш ні разу не варочалася да гэтай тэмы і ўвесь час была вясёлай, энергічнай, заклапочанай і бадзёрай.
Якім ні быў скромным і простым гардэроб Фларэнс, патрэбна было нямала паклапаціцца, каб усё падрыхтаваць, і С'юзен Ніпер працавала разам з Фларэнс з такой стараннасцю, што яе хапіла-б на пяцьдзесят швачак. Нямала месца заняў-бы пералік тых надзвычайных рэчаў, якімі капітан Катль хацеў — калі-б гэта яму было дазволена — дапоўніць гардэроб; у спіс ўваходзілі: ружовыя парасонікі, каляровыя шоўкавыя панчохі, сінія туфлі і іншыя прадметы, у такой-жа меры неабходныя на барту карабля. Аднак, рознымі хітрыкамі і ўгаворамі яго прымусілі абмежаваць свае паднашэнні рабочай шкатулкай і скрынкай з туалетнымі прыладамі, прычым ён купіў самыя вялікія экземпляры, якія толькі можна было дастаць за грошы. Пасля на працягу дзесяці дзён або двух тыдняў ён звычайна праседжваў большую частку дня, пазіраючы на гэтыя скрынкі, то аддаючыся надзвычайнаму зачараванню, то пакутуючы ад думкі, што яны недастаткова добрыя, і часта ўцякаў з дому, каб купіць яшчэ якую-небудзь рэч, якую лічыў неабходнай для папаўнення камплекта. Але самы ўдачны ход ён зрабіў аднойчы раніцай, калі раптам вынес абедзве скрынкі і загадаў выгравіраваць два словы: «Фларэнс Гэй» на бронзавым сэрцы, устаўленым у века. Пасля гэтага ён у абсалютнай самотнасці выкурыў запар чатыры люлькі ў маленькай гасцінай, а калі да яго прышлі, ён усё яшчэ ўсміхаўся.
— Уольтэр, дарагі мой, — сказала Фларэнс аднойчы вечарам, калі ўжо амаль сцямнела, — ведаеце, аб чым я думала сёння?
— Аб тым, як ляціць час, любая Фларэнс, і аб тым, што хутка мы ўжо рушым у плаванне?
— Я не гэта мела на ўвазе, Уолтэр, хоць я думаю таксама і аб гэтым. Я думала аб тым, якім я для вас з'яўляюся цяжарам.
— Дарагі, свяшчэнны цяжар, мая любая! Мне самому здараецца аб гэтым думаць.
— Вы смеяцеся, Уолтэр. Я ведаю, што вы аб гэтым думаеце значна больш, чым я. Але цяпер я кажу аб выдатках.
— Аб выдатках, дарагая мая?
— Так, аб грашовых выдатках. Усе гэтыя прыгатаванні, якімі мы займаемся з С'юзен… я надта мала магла купіць на свае сродкі. Вы і раней былі бедны, але я вас зраблю значна бяднейшым, Уолтэр!
— І значна-значна багацешым, Фларэнс!
Фларэнс засмяялася і паківала галавой.
— Апрача таго, дарагая мая, — прадаўжаў Уолтэр, — даўно-даўно, перад тым, як я выправіўся ў плаванне, я атрымаў у падарунак маленькі кашалёк, у якім былі грошы.
— Ах, іх было надта мала! — тужліва засмяяўшыся, запярэчыла Фларэнс. — Надта мала, Уолтэр! Але вы не думайце, — яна паклала сваю маленькую руку яму на плячо і паглядзела яму ў вочы, — не думайце, нібы я шкадую аб тым, што буду для вас цяжарам. Не, дарагі, я гэтаму радуюся. Для мяне гэта шчасце. Я нізавошта на свеце не хацела-б, каб здарылася інакш.
— І я не хацеў-бы, дарагая Фларэнс.
— Так, Уолтэр, але вы не можаце адчуць гэта так, як адчуваю я. Я так ганаруся вамі! Для мяне такая асалода разумець, што ўсе будуць гаварыць аб тым, як вы жаніліся на беднай, усімі адвергнутай дзяўчыне, якая знайшла тут прытулак, у якой не было ні дома, ні сяброў, не было нічога-нічога! О, Уолтэр, калі-б я магла прынесці вам мільёны, я не была-б такой шчаслівай за вас, як цяпер!
— А вы, дарагая Фларэнс? Хіба вы нічога няварты?
— Нічога, Уолтэр! Я толькі ваша жонка. — Маленькая ручка абвілася вакол яго шыі і голас загучэў зусім блізка. — Усё, што ў мяне ёсць — гэта вы! Усе мае надзеі звязаны з вамі. Апрача вас, у мяне няма нічога дарагога.
О, у той вечар у містэра Тутса і сапраўды былі падставы пакідаць маленькую кампанію і два разы хадзіць правяраць свой гадзіннік па гадзінніку Каралеўскай біржы!
Але аднаму з самых цяжкіх катаванняў містэр Тутс падвергнуўся па ўласнаму жаданню. Напярэдадні той нядзелі, калі ў царкве павінна было адбывацца апошняе «агалашэнне», аб якім гаварыў капітан, містэр Тутс у наступных словах выказаў свае пачуцці С'юзен Ніпер.
— С'юзен, — сказаў містэр Тутс, — мяне цягне ў тую царкву. Словы, якія навек адрываюць мяне ад міс Домбі, прагучаць, ведаеце, у маіх вушах, як пахавальны звон, але, клянуся, я адчуваю, што павінен іх пачуць. Таму, — сказаў містэр Тутс, — ці не згодзіцеся вы пайсці са мною заўтра ў гэты свяшчэнны будынак?
Міс Ніпер выказала згоду пайсці, каб зрабіць прыемнасць містэру Тутсу, але ўпрашала яго адмовіцца ад гэтай выдумкі.
— С'юзен! — урачыста запярэчыў містэр Тутс. — Яшчэ ў той час, калі маіх вусоў не заўважаў ніхто, апрача мяне, я абажаў міс Домбі. Яшчэ ў тыя часы, калі я быў у няволі ў Блімбера, я абажаў міс Домбі. Калі мяне па закону ўжо нельга было далей пазбавіць уладання маёй маёмасцю і… і я ўступіў ва ўладанне, я абажаў міс Домбі. Агалашэнне, якое аддае яе лейтэнанту Уолтэрсу, а мяне аддае, ведаеце, аддае… роспачы, — сказаў містэр Тутс, знайшоўшы моцныя словы, — можа падзейнічаць жахліва і падзейнічае жахліва, але я адчуваю, што мне хацелася-б яго паслухаць. Мне хацелася-б ведаць, што ў мяне сапраўды няма глебы пад нагамі і няма надзеі, якую-б я мог шанаваць і… і, карацей кажучы, няма нагі, на якой-бы я мог стаяць.
С'юзен Ніпер магла толькі паспачуваць сумнаму становішчу містэра Тутса, і, пры такіх акалічнасцях, згадзілася яго суправаджаць, што яна і зрабіла ў наступную раніцу.
Царква, якую Уолтэр выбраў для гэтай мэты, была заплеснявелай, старой царквой, якая знаходзілася ў тупіку сярод лабірынта глухіх вуліц і двароў і была акружана маленькімі могілкамі.
Дзве авечкі, якія заблудзіліся, былі загнаны бідлем. Бідль пасадзіў іх на выгодную лаўку, і, з прычыны таго, што было яшчэ рана, яны сядзелі і лічылі прыхажан, прыслухоўваліся да звону, які нудна гудзеў высока на званіцы, і паглядалі на бедна апранутага старэнькага, што стаяў у порціку за загародкай і біў у звон. Містэр Тутс, пасля доўгага разглядання вялікіх кніг на пюпітры, прашаптаў міс Ніпер, што яму хацелася-б ведаць, дзе захоўваюцца агалашэнні, але на гэта маладая лэдзі толькі паківала галавой і нахмурылася.
Аднак, містэр Тутс, якога, здавалася, не магла пакінуць думка аб агалашэнні, яўна шукаў яго вачыма, пакуль ішла першая частка службы. Калі-ж надышоў час прачытаць агалашэнне, небарака малады джэнтльмен выявіў адзнакі надзвычайнай трывогі і перапалоху, якія ніколькі не аслабелі ад нечаканага з'яўлення капітана ў першым радзе на галерэі. Калі клерк падаў свяшчэнніку спіс, містэр Тутс, што сядзеў у тую хвіліну на лаўцы, учапіўся рукамі за лаўку; калі-ж былі гучна прачытаны імёны Уолтэра Гэя і Фларэнс Домбі, містэр Тутс да такой ступені страціў самаўладанне, што выбег з царквы без капялюша, а за ім пабег бідль, прыслужніца і два джэнтльмены з медычнай адукацыяй, якія выпадкова тут прысутнічалі; першы з іх хутка вярнуўся па капялюш і шэптам паведаміў міс Ніпер, што яна можа быць спакойнай адносна джэнтльмена, бо джэнтльмен сказаў, што яго нездароўе не мае ніякага значэння.
Хутка ляцеў цяпер час, і надышоў апошні вечар перад вяселлем. Ва ўладаннях Мічмана ўсе сабраліся ў пакоі наверсе і не баяліся, што іх хто-небудзь патрывожыць, бо ў доме не было іншых жыхароў і ён знаходзіўся ў поўным распараджэнні Мічмана. Фларэнс, каля якой сядзеў Уолтэр, заканчвала вышыванне — развітальны падарунак капітану. Капітан гуляў з містэрам Тутсам у крыбідж[3]. Містэр Тутс раіўся адносна сваіх ходаў з С'юзен Ніпер. Міс Ніпер давала яму парады з належнай таямнічасцю і асцярожнасцю. Дыаген да нечага прыслухоўваўся і час ад часу пачынаў хрыпла, прыглушана брахаць, чаго ён пасля і сам, здавалася, крыху, сароміўся, нібы сумняваючыся, ці была ў яго прычына брахаць.
— Ціха, ціха! — сказаў капітан Дыагену. — Што з вамі здарылася? Сёння вы як быццам устрывожаны чымсьці, прыяцель!
Дыаген завіляў хвастом, але адразу-ж настаражыўся і яшчэ раз адрывіста гаўкнуў, пасля чаго папрасіў прабачэння перад капітанам, зноў завіляўшы хвастом.
— Мне здаецца, Ды, — сказаў капітан, задуменна разглядаючы свае карты і гладзячы падбародак кручком, — мне здаецца, вы крыху не давяраеце місіс Рычардс. Але калі вы іменна такі сабака, якім я вас лічу, вы змяніце сваю думку, бо яе твар служыць ёй парукай. Ну, браток, — звярнуўся ён да містэра Тутса, — калі вы гатовы, адчальвайце!
Капітан гаварыў з надзвычайным спакоем, аддаючы ўсю ўвагу гульні, але раптам карты вываліліся ў яго з рук, рот і вочы шырока раскрыліся, ногі адарваліся ад падлогі і выцягнуліся, як палкі, перад крэслам, і ён застыў, у бясконцым здзіўленні пазіраючы на дзверы. Акінуўшы позіркам прысутных і пераканаўшыся, што ніхто з іх не глядзіць на яго і не заўважае прычыны яго паводзін, капітан, моцна ўздыхнуўшы, апамятаўся, на ўсю сілу стукнуў кулаком па стале, крыкнуў грымотным голасам: «Соль Джылс, эхой!» і паваліўся ў абдымкі патрапанага непагодай паліто гарохавага колеру, якое з'явілася ў пакоі разам з Полі.
Яшчэ момант — і Уолтэр апынуўся ў абдымках патрапанага непагодай паліто гарохавага колеру. Яшчэ момант — і Фларэнс апынулася ў абдымках патрапанага непагодай паліто гарохавага колеру. Яшчэ момант — і капітан Катль абняў місіс Рычардс і міс Ніпер і, размахваючы над галавой кручком, з запалам паціскаў руку містэру Тутсу, выкрыкваючы: «Ура, прыяцель, ура!», на гэта містэр Тутс, зусім не разумеючы, што-ж гэта такое робіцца, адказваў надта пачціва: «Вядома, капітан Джылс, усё, што вы палічыце патрэбным!»
Патрапанае непагодай паліто гарохавага колеру і не менш патрапаныя непагодай шапка і шарф адарваліся ад капітана і Фларэнс, каб зноў вярнуцца да Уолтэра, і ад патрапаных непагодай паліто гарохавага колеру, шапкі і шарфа пачуліся нейкія гукі, якія нагадвалі плач старога, а калматыя рукавы моцна абхапілі Уолтэра. Тады наступіла поўная цішыня, і капітан з вялікай стараннасцю пачаў паліраваць сабе нос. Але калі паліто гарохавага колеру, шапка і шарф адарваліся ад Уолтэра, Фларэнс ціхенька наблізілася да іх. І, калі яна з Уолтэрам іх знялі, перад імі аказаўся стары інструментальны майстар, крыху схудзелы і больш заклапочаны, чым у ранейшыя часы, у старым сваім валійскім парыку, у старым карычневага колеру сурдуце з вялікімі гузікамі і са старым непагрэшным сваім хранометрам, што цікаў у кішэні.
— Начынены па горла навукамі, як і ў ранейшыя часы! — усклікнуў ззяючы капітан. — Соль Джылс, Соль Джылс, дзе-ж гэта вы вандравалі столькі дзён, стары прыяцель?
— Я ледзь не аслеп, Нэд, і амаль аглух і анямеў ад радасці, — сказаў стары.
— Яго ўласны голас, — усклікнуў капітан, аглядаючыся навокал з такім захапленнем, якога, напэўна, не магла выказаць нават яго фізіяномія. — Яго ўласны голас, начынены навукамі, як і ў ранейшыя часы!
Капітан сеў з такім выглядам, нібы яму ўдалося выказаць думку ўсіх прысутных, але адразу-ж усхапіўся, каб пазнаёміць містэра Тутса, які быў зусім збіты з панталыку з'яўленнем чалавека, што дамагаўся, як відаць, правоў на прозвішча Джылс.
— Хоць, — заікаючыся, пачаў містэр Тутс, — хоць я не меў п… прыемнасці быць з… з… знаёмым з вамі, сэр, да т… т… таго, як вы… вы…
— Зніклі з выгляду, але асталіся ў памяці, — ціхенька падказаў капітан.
— Правільна, капітан Джылс! — згадзіўся містэр Тутс. — Хоць я не меў прыемнасці быць знаёмым з вамі, містэр… містэр Солс, — сказаў Тутс, у парыве натхнення выдумліваючы прозвішча, — перш чым гэта здарылася, я — адважуся вас запэўніць — адчуваю, ведаеце, найвялікшую прыемнасць, пазнаёміўшыся з вамі цяпер. Спадзяюся, — сказаў містэр Тутс, — вы адчуваеце сябе добра, паколькі можна на гэта разлічваць.
Праказаўшы гэтыя пачцівыя словы, містэр Тутс сеў на сваё месца, чырванеючы і хіхікаючы.
Стары інструментальны майстар, прытуліўшыся ў кутку, паміж Уолтэрам і Фларэнс, і ківаючы галавой Полі, якая пазірала на іх з зачараванай усмешкай, звярнуўся да капітана Катля.
— Нэд Катль, стары сябра! Хоць я сёе-тое ўжо чуў аб здарыўшыхся тут пераменах ад маей добрай прыяцелькі… Які мілы ў яе твар і як прыемна вандраўніку ўбачыць яго пасля звароту ў свой дом! — сказаў стары, перапыняючы сваю гутарку і паціраючы рукі з уласцівай яму няўважлівасцю.
— Слухайце яго! — урачыста запрапанаваў капітан. — Вось жанчына, якая спакушае ўсіх мужчын!
— Хоць я ўжо чуў ад яе аб пераменах, якія тут здарыліся, — прадаўжаў інструментальны майстар, дастаючы з кішэні свае старыя акуляры і па старой прывычцы надзяючы іх на лоб, — але яны такія вялікія і нечаканыя, і я перажыў такое ўзрушэнне, убачыўшы дарагога майго хлопчыка і… — ён кінуў позірк на панураныя вочы Фларэнс і ўжо не спрабаваў скончыць фразу, — … што бадай ці многа сёння я раскажу. Але, дарагі мой Нэд Катль, чаму вы мне не пісалі?
Здзіўленне, што адлюстравалася на твары капітана, не на жарты спалохала містэра Тутса, які ўтаропіўся ў яго вачыма і ніяк не мог ад яго адарвацца.
— Не пісаў! — паўтарыў капітан. — Не пісаў, Соль Джылс!
— Ну, так! — пацвердзіў стары. — На Барбадос, на Ямайку або ў Дэмерару. Аб гэтым-жа я прасіў.
— Аб гэтым вы прасілі, Соль Джылс! — паўтарыў капітан.
— Ну, зразумела! — сказаў стары. — Хіба вы гэтага не ведаеце, Нэд? Прасіў у кожным пісьме.
Капітан зняў глянцавіты капялюш, павесіў яго на свой кручок, правёў рукою па галаве ад патыліцы да макаўкі і паглядзеў на ўсіх прысутных: сапраўды ён увасабляў сабою неразуменне і скарэнне лёсу.
— Вы як быццам не разумееце мяне, Нэд? — заўважыў стары Соль.
— Соль Джылс, — сказаў капітан, які доўга і маўкліва паглядаў на яго і на ўсіх астатніх, — я страціў напрамак і плыву па волі ветру. Магчыма, вы скажаце некалькі слоў аб сваіх прыгодах? Няўжо мне не ўдасца кінуць якар? Няўжо не ўдасца? — У задуменні сказаў капітан, аглядаючыся навокал.
— Вам вядома, Нэд, чаму я адсюль паехаў, — сказаў Соль. — Вы ўскрылі мой пакет, Нэд?
— Так, — сказаў капітан. — Вядома, я ўскрыў пакет.
— І прачыталі тое, што было ў яго ўкладзена? — запытаўся стары.
— І прачытаў, — адказаў капітан, пільна паглядаючы на яго і пачынаючы цытаваць на памяць: — «Мой дарагі Нэд Катль. Пакідаючы радзіму, каб накіравацца ў Вест-Індыю з дарэмнай надзеяй атрымаць весткі аб маім любімым хлопчыку…» Вось ён сядзіць! Вось Уольр! — усклікнуў капітан, як быццам яму было палёгкай ухапіцца за нешта рэальнае і неаспрэчнае.
— Так, так, Нэд! Пачакайце хвілінку! — сказаў стары. — У першым пісьме — яно было паслана з Барбадоса — я пісаў, што, хоць яно будзе атрымана задоўга да гадовага тэрміну, я хацеў-бы, каб вы ўскрылі пакет, бо ў ім растлумачваецца прычына майго ад'езду. Вельмі добра, Нэд. У другім, трэцім і, здаецца, чацвертым пісьмах — яны былі пасланы з Ямайкі — я пісаў, што знаходжуся ў тым самым становішчы, не магу супакоіцца і не магу паехаць з тых краёў, пакуль не даведаюся, загінуў ці выратаваўся мой хлопчык. У наступным пісьме — мне здаецца, яно было паслана з Дэмерары, праўда?
— Яму, здаецца, што яно было паслана з Дэмерары, хіба не праўда? — скаваў капітан, з безнадзейным выглядам азіраючася навокал.
— … я пісаў, — прадаўжаў стары Соль, — што ўсё яшчэ не маю ніякіх пэўных вестак. Пісаў, што ў гэтай частцы свету я сустрэўся з капітанамі і іншымі асобамі, якія ведаюць мяне ўжо шмат гадоў, і яны дапамагалі мне перабірацца з месца на месца, а я, у сваю чаргу, мог іншы раз рабіць ім маленькія паслугі па сваёй спецыялынасці. Я пісаў, што ўсе мяне шкадуюць і як быццам ставяцца з спачуваннем да маіх вандраванняў і што я пачаў думаць аб тым, ці не суджана мне да канца дзён маіх плаваць па морах у пошуках вестак аб маім хлопчыку.
— Пачаў думаць аб тым, ці не ператварыўся ён у вучонага Лятучага Галандца! — сказаў капітан з тым самым безнадзейным выглядам і з надзвычайнай сур'ёзнасцю.
— Але калі аднойчы, Нэд, прышла вестка — гэта было на Барбадосе, куды я вярнуўся, — што мой хлопчык знаходзіцца на барту судна, які робіць рэйсы ў Кітай, тады, Нэд, я сеў на першы карабль, прыехаў на радзіму, і сёння вечарам вярнуўся дадому і пераканаўся, што вестка аказалася правільнай.
Капітан абвёў позіркам усіх прысутных, пачынаючы з містэра Тутса і канчаючы інструментальным майстрам, і ўрачыста сказаў:
— Соль Джылс! Заява, якую я маю намер цяпер зрабіць, сарве ўсе парусы з усіх вашых мачт і прымусіць вас пахіліцца на бок. Ні адно з гэтых пісем не было дастаўлена Эдуарду Катлю. Ні адно з гэтых пісем, — паўтарыў капітан, жадаючы надаць заяве большую ўрачыстасць і ўнушальнасць, — не было дастаўлена Эдуарду Катлю, англійскаму мараку, які мірна пражывае на радзіме і робіць поспехі з кожнай гадзінай.
— А я ўласнай рукой здаў іх на пошту! І ўласнай рукой пісаў адрасы: дзевяты нумар на Брыг-плейс! — са здзіўленнем усклікнуў дзядзька Соль.
Чырвань знікла з твара капітана, а пасля ён увесь пачырванеў.
— Соль Джылс, сябра мой, што вы маеце на ўвазе, гаворачы аб дзевятым нумары на Брыг-плейс? — запытаўся капітан.
— Што я маю на ўвазе? Вашу кватэру, Нэд, — адказаў стары. — У місіс… Як яе там завуць! Хутка я забудуся сваё ўласнае прозвішча, але я адстаю ад веку — калі вы памятаеце, я заўсёды адставаў, а цяпер зусім збянтэжыўся. Місіс…
— Соль Джылс, — праказаў капітан такім тонам, нібы выказваў самае неверагоднае меркаванне, — ці не прозвішча Мак-Стынджэр вы стараецеся ўспомніць?
— Ну, вядома! — усклікнуў, інструментальны майстар. — Зусім правільна, Нэд! Місіс Мак-Стынджэр!
Капітан Катль, у якога вочы расшырыліся да апошніх межаў, а гузякі на твары пачалі літаральна свяціцца, свіснуў працягла, прарэзліва і ў вышэйшай ступені меланхалічна. І, страціўшы здольнасць гаварыць, ён стаяў, паглядаючы на прысутных.
— Будзьце ласкавы, Соль Джылс, паўтарыце гэта яшчэ раз! — прагаварыў ён, нарэшце.
— Усе гэтыя пісьмы, — сказаў дзядзька Соль, адбіваючы такт указальным пальцам правай рукі на далоні левай з дакладчасцю і выразнасцю, якія зрабілі-б нават гонар непагрэшнаму хранометру, што быў у яго ў кішэні, — усе гэтыя пісьмы я ўласнай рукой здаваў на пошту і ўласнай рукой надпісваў адрас — капітану Катлю, які пражывае ў Мак-Стынджэр, дзевяты нумар на Брыг-плейс.
Капітан зняў са свайго кручка глянцавіты капялюш, зазірнуў у яго, надзеў яго на галаву і сеў на крэсла.
— Сябры мае, — аглядаючыся навокал, сказаў надзвычай расстроены капітан, — ды я-ж адтуль уцёк!
— І ніхто не ведаў, куды вы пайшлі, капітан Катль? — падхапіў Уолтэр.
— Бог з вамі, Уольр! — сказаў капітан, ківаючы галавою. — Ды яна-ж бы нізавошта не згадзілася, каб я ўзяў на сябе клопаты аб гэтым доме. Мне нічога іншага не аставалася, як уцячы. Злітуйся над вамі бог, Уольр, — сказаў капітан. — Вы яе бачылі толькі ў штыль! Але паглядзіце на яе, калі разбушуюцца страсці, і пастарайцеся запамятаць!
— Я паказала-б ёй! — паціху прагаварыла міс Ніпер.
— Вы думаеце, што вы-б ёй паказалі, дарагая мая? — адазваўся капітан у некаторым захапленні. — Ну што-ж, мая любая, гэта робіць вам гонар. Але што датычыцца мяне, то я палічыў-бы за лепшае сустрэцца тварам у твар з якім хочаце дзікім зверам. Мой куфар мне ўдалося забраць адтуль толькі пры дапамозе сябра, якому няма роўнага на свеце. Што толку было пасылаць туды пісьмы? Так, пры такіх акалічнасцях яна не прыняла-б ніводнага пісьма! — сказаў капітан. — Паштальёну няварта было турбавацца.
— Такім чынам, капітан Катль, — сказаў Уолтэр, — зусім ясна, што ўсе мы, і вы, і ў асаблівасці дзядзя Соль, можам падзякаваць місіс Мак-Стынджэр за перажытыя намі хваляванні.
Паслуга, зробленая ў даным выпадку рашучай удавой памёршага містэра Мак-Стынджэра, была такой відавочнай, што капітан, не пачаў яе аспрэчваць. Але, будучы да пэўнай ступені прысаромленым, хоць ніхто не закранаў гэтага прадмета, а Уолтэр, памятаючы аб апошняй сваёй размове з ім на гэту тэму, з асаблівай страннасцю яго ўнікаў, капітана апанаваў смутак на добрых пяць хвілін — тэрмін надзвычай вялікі для яго, — пасля чаго яго твар, падобны да сонца, зноў заззяў, асвятліўшы ўсіх прысутных, і ён пачаў паціскаць рукі ўсім і кожнаму.
Было яшчэ не позна, — дзядзька Соль і Уолтэр паспелі ўжо нагаварыцца аб сваім плаванні і звязаных з ім небяспеках, — калі ўсе, за выключэннем Уолтэра, вышлі з пакоя Фларэнс і спусціліся ў гасціную. Тут да іх неўзабазе далучыўся Уолтэр, які паведаміў, што Фларэнс засумавала, што ў яе цяжка на сэрцы, і яна лягла спаць. Хоць галасы іх не маглі яе патрывожыць, усе пачалі гаварыць пасля гэтага шэптам.
— Містэр Тутс, — сказаў Уолтэр, пры развітанні з ім у дзвярах, — заўтра раніцой мы ўбачымся?
— Лейтэнант Уолтэрс, — адказаў містэр Тутс, горача паціскаючы яму руку, — я абавязкова з'яўлюся.
— Сёнешні вечар — вечар перад доўгай разлукай, — магчыма, разлукай назаўсёды, — сказаў Уолтэр, — спадзяюся, вы разумееце, як глыбока я вам ўдзячан?
— Уолтэрс! — адказаў містэр Тутс, глыбока расчулены. — Я быў-бы рад, калі-б у вас былі падставы для гэтага.
— Фларэнс, — прадаўжаў Уолтэр, — якая астатні дзень носіць сваё ранейшае прозвішча, узяла з мяне слова — гэта было некалькі хвілін назад, калі мы асталіся ўдваіх, — што я перадам вам яе запэўненні ў шчырай любві…
Містэр Тутс ухапіўся рукою за вушак дзвярэй і скіраваў позірк на сваю руку.
— … шчырай любві, — прадаўжаў Уолтэр, — а таксама і ў тым, што ў яе ніколі не было сябра, якім-бы яна даражыла больш, чым вамі. Яна просіць перадаць, што памятае аб вашай нязменнай увазе да яе і ніколі гэтага не забудзецца. Што мне ёй перадаць ад вас?
— Уолтэрс, — невыразна прамармытаў містэр Тутс, — я буду ўспамінаць аб ёй кожны дзень, але заўсёды буду радавацца, бо яна вышла замуж за чалавека, якога кахае і які кахае яе. Перадайце ёй таксама аб маёй упэўненасці ў тым, што яе муж варты яе — нават яе! — і што я рад яе выбару.
Пад канец містэр Тутс пачаў гаварыць больш выразна і, адвёўшы вочы ад вушака дзвярэй, цвёрда праказаў апошнія словы. Пасля ён зноў горача паціснуў руку Уолтэру, на што Уолтэр не зацягваў з адказам, і накіраваўся дадому.
Містэра Тутса суправаджаў Певень, якога ён апошні час прыводзіў з сабою кожны вечар і пакідаў у магазіне. У той дзень Певень, здавалася, быў у дрэнным настроі. Правёўшы містэра Тутса дадому, ён замест таго, каб развітацца, спыніўся перад ім.
Яго апякун, заняты сваімі ўласнымі думкамі, не пазіраў на яго да таго часу, пакуль Певень, не жадаючы аставацца незаўважаным, не пачаў прышчоўкваць на ўсе лады языком, каб звярнуць на сябе ўвагу.
— Паслухайце, гаспадар, — з панурым выглядам сказаў Певень, злавіўшы, нарэшце, позірк містэра Тутса, — я хачу ведаць: справа — дрэнь ці вы маеце намер выйграць гульню?
— Певень, — адазваўся містэр Тутс, — растлумачце сэнс вашых слоў.
— Гаспадар, — сказаў Певень, — справа — дрэнь ці перамога? Што? — Певень, — адказаў містэр Тутс, — словы вашы грубыя, а сэнс іх незразумелы.
— Ну, дык вось што я вам скажу, гаспадар, — сказаў Певень. — Гэта агідна!
— Што агідна, Певень? — запытаўся містэр Тутс.
— Так, агідна! — паўтарыў Певень, застрашальным чынам зморшчыўшы свой зламаны нос. — Гаспадар! Што-ж гэта такое? Вы можаце пайсці і данесці аб вяселлі гэтаму надутаму хлапцу, — меркавалася, што гэта зняважлівае азначэнне Баявога Пеўня тычылася містэра Домбі, — вы можаце збіць з ног пераможцу і ўсю гэту кампанію, а замест гэтага вы здаецеся? Здаецеся? — пагардліва паўтарыў Певень. — Гэта агідна!
— Певень, — сказаў містэр Тутс, — вы мне непрыемны.
— Гаспадар, — адказаў Певень, надзяючы капялюш, — і вы мне таксама. Паслухайце! Вось якая мая прапанова! Дайце мне заўтра пяцьдзесят фунтаў, і я пайду.
— Певень, — адказаў містэр Тутс, — пасля таго, як вы выказалі такія брыдкія пачуцці, я з ахвотай расстануся з вамі на такіх умовах.
— Значыцца, вырашана! Дагавор заключаны! Вашы паводзіны, гаспадар, мне не да густу, яны агідныя, — сказаў Певень, які, як відаць, не мог пераварыць гэты пункт і скончыць з ім. — Так, у тым-жа і справа! Яны агідныя!
Такім чынам, містэр Тутс і Певень згадзіліся расстацца па непадабенству маральных прынцыпаў, і містэр Тутс лёг спаць і соладка марыў аб Фларэнс, якая ў апошні вечар свайго дзявочага жыцця думала аб ім, як аб сябры і прасіла перадаць яму запэўненне ў шчырай яе любві.