Допіс у газету «Вольная Беларусь» (Жылуновіч)

Допіс у газету «Вольная Беларусь»
артыкул
Аўтар: Цішка Гартны
1918
Крыніца: Вольная Беларусь, 1918. - №5. - с. 38

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Петраград. У першы раз, на III зьездзі Радаў Раб. Салд. І Сел. Дэпутатаў, паміж іншымі фракцыямі была згуртована грамадка беларусаў-соцыялістаў, якая зайняла мейсцо на зьездзі між большэвікамі і інтэрнацыяналістамі. Праўда, грамадка беларусаў была нівялічкая у параўнанні з другімі фракцыямі, - усяго с 15-і чалавек, але гоману нарабіла аб сабе многа. Расійская дэмакратыя бадай што ніколі аб беларускіх соцыялістах гэтулькі ні гаманіла. Другі інтэрас, - у які бок хілілася гэтая гаворка. Большэвікі і левыя эс.-эры крычалі, што беларусаў-соцыялістаў німа, што гэта самазванцы, трасьлі на іх кулакамі і пагражалі пабіць, але нічога ні памагало. Не, не – ды і загаворыць хто небудзь з грамадкі беларусаў. Яны скардзіліся і даводзілі пра хвальшывую палітыку большэвікоў у нацыянальным пытанню, напаміналі аб разгоні усебеларускаго зьезду і – крык і пратэсты былі ім адказам. На беларусаў сыпаліся мянюшкі: каледзінцы, згоднікі з буржуазіяй і т.п. Ні досыць таго, - мабыць, беларусы-соцыялісты дужа рэзалі вочы камісарам “заходн. Вобласьці” з Міхайловым на чале. І яны, гэтыя паны з дэмакратыі, павялі боляй адважную барацьбу, хоць і ніпачэсную для дэмакратыі, за тое рашучую. Матэрыялам яны запасьліся раней, перад зьездам. Ні важны гэта быў матэрыял, - с хлусу і плётак зложаны, але падпёрты “рэальнаю сілаю”. Едучы на зьезд, камісары захапілі с сабою тузін “бѣлоруссов” с Слуцкаго павету, каторыя катэгорычна запратэставалі супроць аддзелу Беларусі. Гэтаго, казалі яны, дамагаюцца толькі паны, а з імі падкупленыя беларусы-соцыялісты. Вось гэты тузін цёмных вырадкоў с Случчыны, да пяць-шэсць “сьведомых” камісараў “Западной области”, да два-тры чужынцы соцыялісты з Віцябшчыны, - на агульны лік чалавек з дваццаць, - зрабілі сход наперакор беларусам-соцыялістам і доўга спрэчаліся аб тое, як ім назвацца: ці проста соц.-дэмакратамі, ці соц.-дэмакратамі “так званай Беларусі”. Нарэсьці, ухвалілі протэст, назваўшы яго “Протестъ соціалистовъ съ Бѣлоруссіи».

У гэтым протэсьці, прачытаным на зьездзі і потым выдрукованым у “Правдѣ”, гаварылося, што Мінскі зьезд беларускі складаўся з адных памешчыкаў і згоднікоў-соцыялістаў, што ўсе цяперашнія беларускія вайсковыя і іншыя рады – гэта контр-рэвалюцыйныя гнезды, што яны іх пастанавілі разагнаць і шм. др. Частка зьезду надарыла протэстантаў вопляскамі. Беларусам-соцыялістам адказаць на гэтую хлусьню ні дазволілі.

Нацыянальнае пытанне яшчэ дужа нізразумело для расійскай дэмакратыі. Ды і якое ім дзело да нацыянальнаго пытання? Яны належуць да расійскай інтэрнацыянальнасьці і – баста. І стоючы на гэтым грунці, яны лічаць усякі нацыянальны рух буржуазным. Каб ні даць мейсца беларусам у Цэнтр. Выкан. Камітэці, яны апратэставалі сем мандатаў, выданых прэдстаўніком рады без жаднае мотывіроўкі.

- “Што-ж? – падумалі беларусы-соцыялісты: - іх сіла – іх воля”.

Толькі трэба навучыцца трохі, каб ведаць самых сябе, каб ні сароміць сябе потым, а з расійскай дэмакратыей беларускім соцыялістам бадай што спаткацца яшчэ давядзецца.