Допіс у газету «Вольная Беларусь» (Рак-Міхайлоўскі)

Допіс у газету «Вольная Беларусь»
Артыкул
Аўтар: Сымон Рак-Міхайлоўскі
1918 год
Крыніца: Вольная Беларусь, 1918. - №5. - с. 37-38

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пагарэльцы, Навагруд. павету. Давялося мне быць на фронці, кіруючыся на Баранавічы. Ад станцыі Пагарэльцы (апошняя станцыя перад Баранавічамі) да нямецкіх акопаў 12 верст. На гэтым працягу стрэў толькі двух вартуючых салдатаў, якія нясуць варту на разбуранай чугунцы. Акром іх, узброеных салдатаў нідзе не відаць. Калі і сустрачаліся, дык толькі тыя, што варочаюцца ад нямецкіх акопаў.

Беларусы, з занятых немцамі абшараў, аслабаніўшыся ад ваеншчыны, сьпяшаюцца на свае сялібы, але немяц нікога ні пускае. І таўкуцца гэтыя людзі каля станцыі Пагарэльцы, вымысьляючы, як-бы прабрацца да дому. Адзін аднаго вучыць, прабуюць ісьці ізноў, але у немца строгія парадкі – і прыходзіцца бедакам марнець.

Антось Пракарына, селянін з вёскі Пагарэльцы, што вёз мяне, паказваў пукаўьём на адзінокія дрэўцы на полі, каторыя адзначалі быўшыя там вёскі. Лесу нідзе ані звання. Увесь высячан на зямлянкі і акопы, як немцамі, так і нашымі. Вёскі папалены. На палавіні дарогі ад Пагарэльцаў да нямецкіх акопаў астаўся вялікі сад. Пытаюся – чый ён – і чую ў адказ: “Гэта ксяндза. Тут было мястэчко Крошыно”. – “А дзе ж стаяло само мястэчко?” – “А вось тут!” і паказвае Пракарына на голае поле, дзе і цэгліны не відаць. І успомніўся мне “малады беларускі поэт с Крошына”, якога нават прозьвішча ні захавалося, як ні асталося цяпер ані звання ад самога Крошына. Сумна стало на душы… Так, Маці Беларусь, гінуць твае сыны, нішчацца вёскі, мястэчкі!

Дарагая Крывіччына! Цяжкі лёс выпаў табе с прэдвеку і да нашых дзён. Параскіданы цяпер твае дзеці, блудзяць па сьвеці і ні маюць прытулку. Калі утварыўся конгрэс тваіх сыноў-дэпутатаў у Мінску, ім ні далі магчымасьці заступіцца за цябе. І цяпер, калі ідзе торг у Брэсьці і спраўляецца трызна над часткаю тваіх абшараў, тваіх прэдстаўнікоў адмоўляюцца пусьціць туды, бо мусіць сумленне ні пазваляе на вачох сыноў тваіх пры сьведках, кроіць землю тваю на часткі. Мусіць Троцкаму і Радэку, што прыехалі ў Брэст з жанкамі, як на баль, ні хочацца, каб беларускія прэдстаўнікі крыкам болі псавалі яму настрой. Завязаўшы вусны беларусам на зьездзі у Мінску, петраградзкі урад баіцца, каб беларус ні загаманіў на увесь сьвет у Брэсьці.

А нямецкія салдаты сьмяюцца і пацешаюцца, што 4-х дзюймовую гармату разам с шасьцярыком каней пры поўнай запражцы, можна купіць у расійскіх салдатаў за 150 рублёў. А расійскія салдаты купляюць у іх заміж гарэлкі тую брыду, якою яны труцяць мышэй…

Пустое поле, поле нябошчыкаў. Усюды дрот калючы. Нідзе ні лясочка, толькі дзе-ні-дзе тырчаць пні. Відаць немяц на варці, каля яго другі. Той лічыць грошы, расійскія грошы за мышыную атруту. Здалёк чуваць пьяная песьня “Маруся отравилась»…

Сумна… А вось і Пагарэльцы. Повян вакзал салдатаў… І адкуль яны узяліся? Лужуць семячкі… “Праўды”, “Звязды”… Піск блудзячай маладзіцы… Сумна!